— Не спяць жа...— нібы сказаў тое, што ёсць, а на самай справе падбухторыў Расціслава стары Звеніслаў.— Дзеюць...
— Што?
— Тое, што ім трэба...
— I біскупа Кірылы няма!— не супыняўся i не супакойваўся Расціслаў.— Абодва, Усяслаў i Кірыла, не спяшаюцца аб'явіць нам ранейшы i сённяшні наказ князя Ізяслава.
Канечне, усе хацелі ведаць: што ў грамаце князя Ізяслава, якую ён перадаў біскупу Кірылу. Але Расціслаў хацеў ведаць пра ўсё найбольш. I, канечне ж, не толькі таму, што быў навагародскі дворскі.
— Усяслаў, можа, ужо спаўняе Князеву волю...— зноў ні за, ні супраць Усяслава-ваяводы сказаў Звеніслаў, але ў агонь Расціслававага гневу падкінуў паленца.
— Як гэта спаўняе? Адзін? Без рады з намі? — выпаліў Расціслаў, запыніўся, абстраляў усіх незадаволеным позіркам.— Дык хто мы? Радцы ці не? Давайце вось раіцца, з чаго i як нам пачынаць пахаванне?
— Без Усяслава? — хітра ўхмыльнуўся, зноў ціснучы Расціславу на болькі мазоль Звеніслаў. Добра ведаў характар, намеры Расціслава i ягонай Раксаны. Часта піў, шушукаўся з тымі, ставіў петлі для Усяслава, нацкоўваў на таго князя, хоць, трэба сказаць, няшмат яны дабіліся: князь верыў свайму ваяводзе i нават любіў яго, як малодшага брата.— Ты не баішся, што верныя Усяславу воі палічаць нас за крамольнікаў? Ды ў такі час, калі нам усім трэба быць заадно!
— Не разумею!— ускіпеў Расціслаў.— Ці ты, канцлер, пакепліваеш з мяне, ці асцерагаешся сам ступіць лішні крок?
— Я думаю,— ухіліста адказаў той.
— Цяпер мала думаць, цяпер трэба i штосьці рабіць! I не штосьці, а тое, што трэба!
— Прыйдуць біскуп Кірыла i Усяслаў — дык, канечне ж, адразу скажуць нам князеў наказ, а тады ўжо разам параімся прa ўсё... Найперш пра тое, каму ў нас сесці на пасад...— пры ўсіх намёкам на намёк адказаў захавальнік навагародскай пячаткі.
— Што тут надта мудрагеліць? — не мог саўладаць з тым, што яго турбавала, Расціслаў.— Трэба спешна слаць ганца ў Холм, да князя Данілы. Няхай ці сам зробіць ласку прыехаць у Навагародак, ці прышле свайго дворскага Андрэя. Вось з імі нам трэба як след параіцца...— А пасля, спахапіўшыся, недагаварыў запаветнае, толькі дадаў: — Пра ўсё...
Усе добра зразумелі ягоны празрысты намёк, усё, пра што ён затаіўся: Расціслава не проста захвалявала тое, хто i калі сядзе ў Навагародку на княскі пасад. Яму не цярпелася, ажно гарэла, каб яму i яго сям'і жылося лепей пры новым князі, чым пры старым. Праўда, ён нікому, нават каму верыў, не прызнаўся, што ён своечасова пачуў ад Усяслававага дружынніка, Любаміра, пра ранні выклік Усяслава ў княскі хорам, пра Князеву смерць. Як i не прызнаўся, што ўпотай паслаў ужо ганца ў Холм, каб там ведалі пра ўсё i каб не спалі ў шапку, a панамагаліся яшчэ не выпусціць Навагародка з-пад сваёй волі, каб ён, Усяслаў, быў тут у моцы i ў дастатку. Тады, калі выйдзе ўсё так, як хоча князь Даніла Галіцкі, як жадае ён, прыйдзе яго час i ён будзе зусім іначай гаварыць, паводзіцца з усімі, а то i прыбярэ некаторых з дарогі. I, канечне ж, найпершы ўдар будзе па Усяславу... Абы толькі Холм не правароніў, мігам умяшаўся ў навагародскія мітрэнгі, павёў усё далей пасвойму, як было да таго, пакуль не аслабілі, а то i спустошылі Галіцка-Валынскую зямлю манголы i міжволі не набралі тут моц, сілу князь Ізяслаў з Усяславам... Канечне, ні князь Даніла, як ні журбоціцца па жонцы-нябожчыцы, ні дворскі Андрэй, якога тут называюць «холмскім сваячком», маючы на ўвазе, што той — Раксаніна радня, не павінны ўпусціць тут тое, што мелі раней...
Расціслаў верыў, што цяпер ажыве яго мара, узыдзе i будзе яркай ягоная зорка, але глыбока ў душы i трывожыўся, што з таго часу, калі князь Даніла змушаў Навагародак слухацца, спаўняць яго волю, сплыло ўжо нямала вады, што ўжо ёсць, дужэе, пра што непакояцца ў Холме, Вялікае княства Навагародскае i што ўрэшце ёсць тайная грамата князя Ізяслава. Усяслаў — не з тых, хто разгубіцца ў цяжкую хвіліну альбо кагосьці збаіцца. Наадварот, пры напасцях Усяслаў надзіва разважлівы i мужны, мае добрае знаёмства, падмогу на Літве — i не толькі ў Міндоўгавай,— здаецца, паразумеўся i з непрымірымым супернікам раней Кіева, а цяпер Холма, Полацакам. Навагародскія дружыны за Усяслава гарой. Ён — іхні любімец i пястун, бацька альбо старэйшы брат. A іхнія дружыны — сіла, з ёй лічацца ўсе суседнія землі, князь Даніла таксама. Летась, калі той адбіваў наступ раці караля Бэлы i сынаўца Расціслава, проста мусіў праглынуць, як бобку перца, тое, што на гэты раз Усяслаў не кінуўся яму на падмогу з палкамі, a прывёў маладую дружыну пад канец бою не столькі памагчы, колькі даць дзецюкам прагуляцца, пабыць у баявым паходзе... Ясна, што i цяпер Усяслаў з дружынамі, найперш ім расказвае пра княскі наказ, падмацоўвае сабе падпірышча. А без яго біскуп Кірыла наўмысна сюды не ідзе. Таму хоць i не заміналі князь Даніла, мітрапаліт Кірыла стаць тут біскупам, хоць канстанцінопальскі патрыярх яшчэ не пацвердзіў гэтага біскупства, але ён памагаў князю Ізяславу i ваяводзе Усяславу весці навагародскую палітыку. Пакуль што няма тут сілы супрацьстаяць ім. Нават яго, Расціславаў, зяць-соцкі, калі быў жывы i марыў стаць тысяцкім, шчыра служыў не яму, а Усяславу.
...Усяслаў заявіўся ў горадзе, а пасля ў радніцы пад полудзень. Па тым, як быў апырсканы мокрай зямлёю на ботах i на полах плашча, было відаць: быў у дарозе, сам аб'ехаў прыстанкі бліжэйшых баявых дружын. Але i ўслед за ім біскуп Кірыла не прыйшоў.
— Трэба паслаць па біскупа,— адразу ж задзірыста сказаў Усяславу Расціслаў.
— Чаго?— нібы не зразумеў, пахмурна запытаў той. Сеў на сваім, вярхоўным, месцы, што займаў пасля таго, як злёг князь Ізяслаў, стомлена абцёр далонню высокі лоб, роўны важкі нос, густыя, трошкі ўжо сівыя вусы i бараду.
— Няхай аб'явіць нам князеў наказ, каб мы ведалі, што i як рабіць далей,— прамовіў Расціслаў. Раней, нават да нядаўняй паездкі ў Холм, дзе пабачыўся з князем Данілам, які вярнуўся з Іціля, ад Батыя, Расціслаў так смела i фанабэрыста не размаўляў са сваім супернікам, але, адчуўшы новую падмогу ў Галіцка-Валынскай зямлі, дазваляў сабе дзёрзкасць.
— Біскупу, святарам мы не павінны замінаць шчыра маліцца за душу нашага дарагога князя,— непарушна адказаў Усяслаў.— Наказ Гаспадара зямлі нашай пачуем на днях.
— Калі, па-твойму, трэба аб'явіць нябожчыкаву волю нават нам? — напаў Расціслаў.— Можа, толькі пасля пахавання?
— Можа.
— Але ж на пахаванне прыедуць князі, баяры з усіх бліжэйшых зямель. Першае, што яны запытаюць у нас, будзе пра тое, як мы самі бачым далейшы лес сваёй зямлі? Чыйго, якога князя хочам мець на пасадзе ў Навагародку? Але што мы ім адкажам, калі не будзем ведаць нават князевай граматы?
Усяслаў не проста зірнуў, a абпаліў яго варам жывых, іскрыстых вачэй: ён жа ведае князеў наказ, тое-сёе ўжо робіць у тым духу, але не хоча нават намёкам прачыніць уваход да таямніцы, злуе, што хтосьці рвецца туды.
— Не глядзі як воўк на брахлівага сабаку!— пахрабрыўся Расціслаў.— Не ты адзін павінен ведаць i рашаць усё па-свойму! Ты такі ж радца, як i я! Роўныя мы! I род наш баярскі гэткі ж даўні!
— Князева цела яшчэ не астыла, а ты ўчыніў ужо валтузню! — зморшчыўся Усяслаў.
— Князя мы не падымем ужо. А мы, жывыя, дзяржаўныя мужы, павінны думаць i дбаць пра жывое, дзяржаўнае...
Усе астатнія да гэтай спрэчкі даўніх супернікаў, адзін з якіх трымаўся за князя Данілу Галіцкага, a другі — за князя Ізяслава, не далучаліся, слухалі i назіралі за ўсім.
— Думалі, дбалі i будзем думаць ды дбаць пра дзяржаўнае,— Усяслаў упарта не падпускаў нікога да сваіх сакрэтаў.— А пачнём з таго, што зараз жа пашлём ганцоў у Полацак, Ноўгарад, ІТскоў, Смаленск, Чарнігаў, Жамойць, Булевічы, Дзяволту, Рушкавічы, Дайнову, Нальшаны, Яцвязію, Куявію, Мазовію, у нашы Ваўкавыеск, Слонім, Гарадзен, у Пінеск, Бярэсце, у Літву да Міндоўга...
— A ў Холм, да князя Данілы? — скрывіўся Расціслаў, што Усяслаў так i не назваў сталіцы таго, каго ён назваў бы першым.