— Прымроілася табе гэта, князь.
— Не. I яе не баюся, няхай ужо забірае да маіх бацькоў i дзядоў. Час...
— Яшчэ не час, князь.
— Час, слаўны ваявода i мілы мне чалавек. Нялёгка табе будзе без мяне, але толькі табе ўручаю лес нашага Вялікага княства Навагародскага. Ужо з сённяшняга дня гэты цяжар, што мы валаклі разам, ляжа найперш на твае плечы.
Усяслаў узяў лёгкую, худую i халодную Князеву руку i, пацалаваўшы яе, паўтарыў сваю ранейшую клятву:
— Што не будзе пагражаць мне, князь, але я ніколі i ні перад нікім не адступлюся ад таго, што ты наказваеш нам...
— Ведаю, таму i паміраць мне не страшна. Такой бяды, што мяне хутка забудуць.
— Не забудуць, княжа.
— Забудуць. Помняць доўга таго, хто пачаў, выйграў ці прайграў вайну, праліў мора чалавечай крыві. Хто не толькі адбіваўся ад ворагаў, але i нападаў на суседзяў, дадаваў да сваіх зямель чужыя. Такія ціхія, памяркоўныя, як я, у людской памяці доўга не застаюцца.
— Не гавары так пра сябе, князь,— папрасіў Усяслаў.— Ты развагай, мірам, дбайнай гаспадарлівасцю ды мудрай палітыкай з дружнымі i хіжымі суседзямі зрабіў тое, чаго не ўдалося б дабіцца мячом. Ты спрытна спажыў зацішны шанец, што выпаў нам адзін раз за стагоддзі.
— Я не пра сябе думаю, Усяслаў. Пра іншую памяць...
Ён аж здзівіўся i ад цяперашняй свядомасці i розуму князя Ізяслава.
— Спажыць шанец — яшчэ не ўсё. Гэты шанец яшчэ трэба спраўдзіць, адстояць. I ўжо, непазбежна, мячом. Хутка, можа, нават i вельмі хутка пасля маёй смерці наш зацішак, мір сярод войнаў, што палыхаюць вакол, закончыцца i сюды таксама прыйдзе вайна. Каб забіць наш шанец...
— Што ж, прыйдуць да нас з мячом — возьмем у рукі мячы i мы.
— Дык вось калi будзе памяць пра слаўнае былое i прага лепшага новага, то ворагу будзе нялёгка скарыць вас. Устоіце, будзеце гаспадарамі на нашай зямлі, дзяржаваю сярод дзяржаў — усцешыце нас там, на тым свеце. Мы не будзем плакаць, адракацца ад нашчадкаў, што не занядбалі нас, наш запавет, сябе, будзем спрыяць адтуль. Калі ж, не дай Бог, нашчадкі змаладушнічаюць, забудуць нас, зганьбуюць сябе, то іхні род пачне выміраць... I заўладараць чужыя. I завядуць свой лад, дзе ўсё будзе неправеднае, хіжае, нявечнае, абы ўхапіць сваё ды дзень гэты пражыць... Толькі той край блаславенны ў Бога, дзе шануюцца продкі i іхняе далей доўжаць нашчадкі. Калі ж гэтая повязь абарваная, дык нашчадкі няшчасцяць свой край, сябе, сваіх дзяцей i ўнукаў, a ўрэшце выраджаюцца i на гэтай зямлі прарастае наноснае семя... А там не толькі калоссе, але i пустазелле... Не табе, Усяслаў, гэта гавару. Баярам нашым, дружынам, чэлядзі, смердам — усяму нашаму люду. А ты скажаш гэтыя мае словы на Радзе i на вечы...
— Скажу, светлы княжа. Усё, што i як ты наказваеш.
— Абапірайся на сілу, на дружыны. Яны памогуць.
— Добра, княжа.
— Я , ж...— князь пачаў задыхацца.— Смерць... Хадзем... Хавайце не ў даспехах... Я не баявы, мірны князь... Я не ліў кроў...
Князь Ізяслаў i яшчэ штосьці гаварыў ці, лепш сказаць, спрабаваў вымавіць, але ягонага голасу не было чутно, угадвалася толькі мармытанне, а за ім пайшлі хрыпы. Нечакана ён напружыўся, аж уздрыгнула яго рука ва Усяславай далоні, шырэй, але неяк зусім не па-зямному адплюшчыў вочы, абвёў імі сваю спальню, а пасля запыніў позірк на куце, дзе вісеў вялікі абраз. Уставіўся, нібы анямеў, а потым увесь торгнуўся, нібы апошні раз выдыхнуў усё цяжкое з сябе i з палёгкай адкінуў убок галаву...
Усе яны перавялі вочы на старога лекара — той узяў ад Усяслава Князеву руку, прыклаў вялікі палец да запясця, паслухаў, а затым вымавіў са скрухаю:
— Преставился наш князь.
— Добры быў чалавек, дык лёгкая смерць,— перажагнаўся верны княскі лёкай.
Услед за ім перажагналіся i астатнія. Ніхто з ix, мужчын, не закрычаў, не заплакаў наўзрыд, толькі па-мужчынску ўсе зацяліся. Усяслаў ведаў, што князь памрэ калі не сёння, дык заўтра, добра ўсвядомліваў, што гэта не проста смерць князя i чалавека, але агромністае выпрабаванне для Навагародка i ўсяго Вялікага княства Навагародскага i не толькі на сёння ці заўтра, але, можа, i на стагоддзі. Цяпер, убачыўшы, што гэта адбылося, адчуў, што нібы ад яго адвалілася сцяна ці нейкая агромністая падпора, што ён нібы адзін з тым, што паслала ім воля неба i зямлі i што цяпер ужо ўвасабляецца ў выпрабаванн е!.. Яно пачалося! Хутка набярэ разгон, i адзін Творца, Усявышні ведае, ці будзе ў гэтым выпрабаванні выйсце,ці яно завядзе ў тупік!.. Вось такое жыццё: учора жыў i рабіў тое, што трэба, спакойна, радаваўся, зноў пазнаваў таінства i ўцехі кахання, а то, мабыць, даў пачатак яшчэ аднаму новаму жыццю, а сёння...
— Падымайся на ногі, сын мой,— паклаў яму руку на плячук біскуп Кірыла ды прамовіў шматзначна: — Спаўняй ужо Князеву волю, загадвай, каму што i як рабіць...
Ужо на світанні, калі ажыў Навагародак, бадай, усе ведалі сённяшнюю жалобную навіну.
Смерць нават простага смерда, лёкая, дружынніка, не кажучы ўжо пра знатнага воя альбо баярына,— гэта свежая, уражлівая падзея, што змушае неяк іначай, разважлівей i глыбей падумаць пра нябожчыка, пра жыццё, пра сябе, пазбавіцца ад усякай нечысці, паспачуваць, памагчы іншаму, згуртавацца ў бядзе i горы, каб пасля гэтага камусьці, праўда, толькі нямногім, жыць болей праведней, a камусьці, лепш сказаць, усім астатнім, існаваць па-свойму далей, да іншай нечай ці сваёй смерці. Жыццё, што не намі заведзена, мае свае законы, i не нам пры ўсіх нашых намаганнях, а на самай справе, можа, толькі маленечкіх спробах у ім разабрацца ды яго змяніць...
Але тут — смерць князя! Старога! Апошняга са свайго роду! Hi дзядзька, ні сын альбо сынавец — ніхто са сваіх, аднакрэўных, яго не заменіць! Значыць, тут рана-позна сядзе чужы князь, які, канечне ж, завядзе свой лад, а потым i свой род! Хто ж будзе гэты новы князь? Якія яго характар, звычкі? Як ён будзе паводзіцца i са знатнымі, i з простымі? З суседзямі? Чаго чакаць далей? Міру? Звадаў i вайны? Такія думкі затурбавалі, выбілі са спакою i баяраў, i чэлядзь, што злучылі свае спогляды на Усяслава, ведаючы i прадчуваючы, што цяпер ён тут галава. Ды Усяслаў нібы знік з Навагародка.
Радцы, пачуўшы жалобную вестку, наведалі ўжо абмытага i ўбранага ў велічна-святочна-тужлівую княскую апратку нябожчыка, а пасля разам сабраліся ў радніцы, паселі на сваіх месцах i пачалі паціху перамаўляцца. ТольKi адзін таўсцюк Расціслаў — у цёплых ботах, у расхінутым сабаліным футры, з узлахмачанай шапкай у руцэ — нервова выкрочваў туды-сюды па пакоі, а потым запыніўся i незадаволена запытаў ва ўсіх:
— Раніца, трэба нешта рабіць, а дзе Усяслаў? Дзе малодшы ваявода Бялян? Дзе Усяславаў зяць, Васілёк?