— I туды пашлём.
— Зрабіў нарэшце ласку князю Даніле! Уважыў!
Усяслаў на гэты раз змоўчаў, адвярнуўся. Як ад нада-
кучлівай мухі.
— Мне ўсё стала ясна! Ты не хочаш запрашаць сюды князя Данілу! Не хочаш весці з ім ніякіх перамоў!
— Не пахмяліўся, дык пілуе, грызе душу зло? — ухмыльнуўся Усяслаў.— Ці нейкая пошасць i на мазгі перакінулася?
— Мае мазгі як мазгі, а вось у твае пошасць закралася! — не здаўся Расціслаў.— Калі мы жадаем дабра Навагародскай зямлі ці, як вы з гонарам вялікім кажаце, Вялікаму княству Навагародскаму, дык мы павінны нічога не таіць адзін ад аднаго! Верыць, памагаць адзін адному! А вось ты штосьці замышляет тое, што тоіш ад нас! Чаму? Для чаго? Дзеля сваёй карысці?
— Я сказаў князю Ізяславу сваё слова, прыйдзе час — скажу яго i вам усім,— прамовіў той.— А рашаць усё будзем разам. На Радзе i на вечы.
— Не разумею гэтых тваіх таемнасцей! — Расціслаў падаўся з радніцы, а потым услед за сабой так бухнуў дзвярыма, што ажно затрэсліся сцены.
Усяслаў добра ведаў Расціслава, як аблугіленага, дык разумеў, чаго той гэтак мітусіцца i шалее, хоча як мага раней уведаць таямніцу граматы князя Ізяслава. Расціслаў, хочучы дабіцца свайго, ужо спрабаваў паслаць у далёкі Холм ганца з весткай пра Князеву смерць (ганца за горадам перахапіла яго засада, i той, калі добра ўвалілі па рэбрах i задніцы, прызнаўся, хто яго накіраваў i з чым), а цяпер, канечне ж, хоча паслаць упагон i яшчэ аднаго чалавека, каб той пераказаў Андрэю-дворскаму запавет князя Ізяслава i тое, што збіраюцца рабіць у Навагародку.
Як ён i прадчуваў, Расціслаў не толькі хутка вярнуўся са слотнага двара, а проста ўварваўся ў радніцу. Палахлівец у душы, раней не раз біты Усяславам за розныя правіны, ён аднак цяпер быў раз'юшаны, з перакошаным ад гневу i дакукі тварам.
— Цяпер я разумею! Усё!..— ажно пырснуў слінай, пазіраючы з нянавісцю заплытымі ад тлушчу i частых выпівак вочкамі. Круглы мясісты твар чырвоны, як бурак.
— Што ўжо да цябе дайшло? — нібы ў хлапчука спакойна i ў той жа час з насмешкай запытаў Усяслаў. Заадно прыкінуўся прасцяком.
— Ты абкружыў Навагародак дружынамі, увёў ix у горад! — задыхаўся Расціслаў.— Самадумам! Без нашай згоды!
— Дык што цябе гэтак напалохала? Мой, ваяводскі, клопат пра лад?
— Які лад? Ты паланіў нас, хочаш змусіць усіх скакаць пад тваю дудку! Ты спажываеш давераную табе сілу ў сваю карысць!
— Астудзіся i адсапіся. Сядзь i больш надумай, чым плявузгаць абы-што.
— Ты перахапіў майго ганца ў Холм i без літасці дапытаў яго!
— А хто табе, дабрадзей ты наш, дазволіў такое рабіць без згоды ці волі Рады? — нахмурыў бровы Усяслаў.— Дзееш такое дабрачынна, без карысці для сябе?
— Я проста хацеў перадаць у Холм жалобную вестку,— пацішэў, але не супакоіўся Расціслаў.
— Не толькі.
— Толькі! — Расціслаў не садзіўся. Паклаўшы руку на стол, тупаў на адным месцы.
— Кінь,— Усяслаў, ведаючы, што нішто яму не пагражае, ад Расціслава ён i сам легка абароніцца, без ценю сполаху паставіў локаць на стол, падпёр далонню падбародак.— Кажы такія казкі дзецям, а не мне. Як i пра тое, чаму гэтак прагнеш чым раней уведаць князеў наказ. Для цябе гэта не проста цікавасць, а твая жыццёвая патрэба. Ты хацеў бы бачыць тут не нашы, a Данілавы дружыны!
— Хацеў бы! — Расціслаў перастаў ужо таіцца, нават зазухарыўся.— I яны рана-позна будуць тут, прывядуць i пасадзяць у нас таго маладога князя, якога прышле Даніла!
— А ты будзеш яму наюджваць на вуха! Рабіць усё, што загадае твая подлая душа!
— Буду! I ўсе вы, ты таксама, будзеце ў мяне пад кіпцем!
— Не спакушай сам сябе, бо не будзе па-твойму!
— Будзе! — Расціслаў, стоячы, пастукаў тоўстым сагнутым сярэднім пальцам па стале.— Ты, нават усе вы можаце цешыцца абы-чым, але князем у Навагародку будзе нейкі Данілаў сын! Мсціслаў, Раман ці Шварн — не важна, хто, але з Данілавага роду i дому! Так мне сказаў сам Даніла. А ён ад свайго слова не адрачэцца. Калі наша Рада i веча пойдуць за табою, не згодзяцца на гэта самаахвотна, дык ён узвядзе сына тут на пасад сілаю!
— Ты лічыш, што яе ў твайго апекуна i заступніка хопіць на гэта?
— Калі не хопіць сваёй, дык яе дададуць яму маншлы-саюзнікі!