У брамцы з адкляпанай касой у руках чакаў мяне ашалелы ад злосці бацька.
— Дзе ты валэндаецца цэлую ноч? Ты што — Шастаковічаў сын?!
— Дай яму добра, Сцяпан, няхай другі раз ведае, валацуга! — ад калодзежа азвалася маці.
Я не паспеў адскочыць, і бацька мяне нечым перацягнуў па плячах.
7
Зімой, як гром з яснага неба, уразіла ўсіх вестка.
У Віленскім акруговым судзе, калі Стральчук зноў сведчыў супроць камуністаў, з залы выйшаў хлопец і стрэліў у правакатара. Не забіў яго толькі таму, што Стральчук насіў пад пінжаком панцыр. Зваць героя — Сяргей. Паліцыя ўсадзіла ў яго шэсць куль — пяць у ногі, адну ў жывот,— але хлапец яшчэ жыве.
— Дахтары вылечаць, нічо-ога! — з надзеяй гаварылі сяляне,
— Ты ж яго ведаеш, Алёшка! — спахапілася мама.— Далібог, той высокі Сяргей, якога бацька раз прыводзіў, а я давала есці. Захацелася яму заціркі на малацэ, яшчэ бегала да Грушэўскіх мукі пазычаць!..
Мама ўзрадавалася, што хоць нешта добрае зрабіла для такога чалавека.
Прыгадаў і я хударлявага, у шэрым плашчы, хлопца. Наўрад ці быў гэта той самы Сяргей — падпольшчыкі ўжывалі псеўданімы.
Цяпер хлопца трэба было ратаваць, яму пагражала шыбеніца.
Выразна я ўжо бачыў, як мы з Верай забіраемся ў поезд, хаваемся ў тармазную будку, едзем у Вільню...
Газеты пісалі — Сяргей сядзіць у Лукішках, дзе некалі трымалі Кастуся Каліноўскага перад павешаннем. Нічога, гэтага выбавім! Столькі ёсць спосабаў! Можна пераапрануцца — я за паліцыянта, Верка за манашку...
Стражнікі на смуглую манашку загледзяцца, пачнуць з ёю вытанцоўваць, я тым часам з ключамі... Стражнікі спахопяцца — позна! Дастаю пісталеты — бэнц! бэнц! бэнц! — усе трое вылятаем з турмы ў поле, адтуль — у лес.
А можна зрабіць падкоп...
Можна і па вераўчанай лесвіцы.
Там побач з турмой — касцёл. У цёмную ноч залажу на касцельную вежу, адтуль кідаю лесвіцу на дах турмы. Вера ля брамы загаворвае вартаўнікам зубы, я гэтым часам — дахам, дахам дабіраюся да коміна. Вузкая гарлавіна, не праціснуцца. Разбіраю цэглу — во, далей чалавек пралазіць!.. Апускаю вяроўку...
Фантазіі мае былі лішнія.
На Польшчы пракаціліся дэманстрацыі. У Варшаву пасыпаліся пратэсты з усёй Еўропы. Прэзідэнт Масціцкі замяніў Сяргею смяротны прыгавор на турму.
8
Выбухнула грамадзянская вайна ў Іспаніі.
Набіралі добраахвотнікаў у інтэрнацыянальную брыгаду. З Гарадка за Пірэнеі ўжо адправілася некалькі чалавек. Як даведацца, хто вярбоўшчык? Што няма семнаццаці, яшчэ нічога не значыць: я ўжо дарослы, можна мне верыць!
Пакуль знайду вярбоўшчыка, трэба рыхтавацца.
Бацька завёў пасеку. Пчолы ўзятку на хутары мелі добрую, мёду насілі многа. Пакрыху стаў я насіць у Гарадок на продаж мёд. Купляў пістоны, майстраваў патроны, вучыўся страляць з рэвальвера.
Цэліў у бутэлькі, банкі, а потым нават трапляў у варон на ляту. Пачынаў страляць, калі на мяне глядзелі з Наступнага падворка.
У «Газеце беластоцкай» змясцілі рэпартаж з Іспаніі. Карэспандэнт апісваў, як франкісты збілі савецкі самалёт і ў штаб прывялі русавалосага лётчыка са звязанымі рукамі.
— Хто ты і адкуль? — праз перакладчыка прыстаў да яго фашыст.
Лётчык толькі хмыкаў і пераступаў з нагі на нагу.
Афіцэр ударыў лётчыка па твары, збіў з яго фуражку: