Першыя немцы былі добра дагледжаныя, рашучыя і фарсістыя юнакі. Яны нагадвалі рамантычных, ап'янелых ад поспеху спартсменаў. З рысоўкай, з ледзь стрыманым здавальненнем і спартыўнай лёгкасцю салдаты насілі сталёвыя каскі, падагнаныя да фігуры новенькія мундзіры і з гэткай жа свабоднай лёгкасцю трымалі бліскучую ад лаку зброю ды рабілі выгляд, што нас не заўважаюць.
На пярэднім матацыкле з салдатамі ў зялёных касках тырчаў хлопец у мундзіры ні то швейцара, ні то цыркавога клоўна. Нешта як бы знаёмае — і раптам я здагадаўся: Лукашоў Іван!
Мяне здзівіла: калі ён паспеў? Нядаўна ж толькі быў дома, забіў бязвіннага паляка.
За матацыкламі павалілі разведчыкі на сытых і вялізных конях і — таксама юнакі — салдаты першага эшалона. Затым пайшлі тылы. Гэтыя салдаты былі ўжо самавітыя і падцягнутыя бюргеры, рабочыя і крамнікі, узятыя па мабілізацыі. Яны сталі падыходзіць да нас,
ціснуць нам рукі:
— Вайсрусіш?.. О-оу, Москаў гу-ут!
— Нікс крыг!
— Гітлер унд Шталін — оу!
— Фрондшафт!
— Дрюжба!
І паказвалі газеты і фатаграфіі, на якіх новы нарком замежных спраў Молатаў зняты ў час гутаркі з Рыбентропам.
Тады падаставалі фота сваіх жонак, дзяцей...
Цяпер ужо звярнулі сваю ўвагу на нас і маладыя. Яны падлабуньваліся да Веркі — так жа, як гэта рабілі нашы хлопцы.
Але чаму з імі Лукашоў Іван?..
А крывавая расправа з рэспубліканскай Іспаніяй?!
Няма чаго ім верыць! Во, з такімі я меўся спаткацца за Пірэнеямі. Яны прыйшлі сюды...
Буржуазнай Польшчы не стала. Для Страшава адышла яна неяк лёгка, без болю і ўспаміналася ўжо, нібы сон. Але што будзе далей?
Дзесьці па-геройску яшчэ змагалася абкружаная Варшава. Паранены, які прыехаў адтуль, бачыў Кірылішынага Валодзьку з падпольшчыкамі. Выйшаўшы з турмы, хлопцы добраахвотна засталіся бараніць польскую сталіцу ад фашыстаў...
Вярнуўшыся з Гарадка, мы з Валодзькам адправіліся ў Ліпнікі збіраць польскія вінтоўкі.
Семнаццатага верасня рушылі з усходу да нас савецкія войскі. Паляцела чутка, што Чырвоная Армія заадно ўдарыла і па гітлераўцах, вызваліла блакіраваную Варшаву, маршыруе на Берлін. Мы згаварыліся ноччу напасці на нямецкі гарнізон у Гарадку.
Нарэшце нехта здагадаўся ўключыць радыё на Мінск. Дыктар пералічваў, дзе адбылася мірная сустрэча нашых войск з нямецкімі: у раёнах Брэста, Беластока, Гродна...
3
Праз тыдзень немцы спакавалі свае абозы, паздымалі кулямёты з агнявых пазіцый і адышлі.
Яшчэ пасля іх не абсеў у Валілах пыл, як на маленькіх і шустрых мангольскіх конях выскачылі з Ліпнікаў насцярожаныя і пранырлівыя разведчыкі Чырвонай Арміі.
Следам за разведкай павалілі бранявікі, танкеткі і танкі, машыны — грузавыя і легкавыя. Мы з Валодзькам пабеглі да страшаўскай дарогі, ва ўсе вочы прыглядаліся да іх, хацелі знайсці сляды куль з-пад возера Хасан, Халхін-Гола. Машыны былі новенькія, пакрытыя свежай зялёнай фарбай. Так жа пафарбаваны гарматы на прычэпе ў машын і ствалы счацвяроных кулямётаў у кузавах.
Неба запоўнілі незлічоныя эскадрыллі самалётаў.
Цяпер ехала на машынах матарызаваная пяхота. За бартамі ў кузавах у строгіх цесных радочках — тысячы шэрых шынялёў і будзёнавак, адкрытых і запыленых, ды як бы даўно знаёмых, славянскіх твараў, маладых і сталых мужчын.
Разбягаліся вочы, не ведаў, на чым спыніць увагу.
Самае галоўнае ў маім жыцці адбылося!.. Вось Чырвоная Армія!.. На пілотках, фуражках, папругах, самалётах — пяцікутныя зоркі, серп і молат.
На душы рабілася лёгка, утульна і бяспечна.