— ...І маляваць вусны бу-удзеш...
— Яшчэ няху-утка... Алёшка, а мама казалі, у гэтых паноў сабака проста ў пакоях жыве!
— Во, во. Будзеш яго выводзіць на двор кожны дзень!.. І неараных жабаў есці, салёных вустрыц...
Вера зноў шчасліва засмяялася.
Я яе дакараў, падкусваў, здзекаваўся і ведаў — паедзе яна на мяшках бульбы, ухутаная дзяругай, якой Марцін у Беластоку накрые каня. У горадзе чакае яе ганебная работа служанкі, а яна, дурніца, яшчэ радуецца. І радасць шчырая, ніякія словы да яе цяпер не дойдуць.
Я злаваў, пагарджаў ёю — і шкадаваў.
РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ
1
Над Польшчай навісла пагроза агрэсіі. Другі раз у Вільню збірацца не было чаго і думаць.
У жніўні 1939 года польскі ўрад аб'явіў мабілізацыю. Мужчыны павалілі на прызыўныя пункты. Кожны страшаўскі дом атрымаў разнарадку на бульбу, фасолю, гарох... І нам прыйшла папера везці харчы ў гродзенскую казарму.
Ладавалі мы з бацькам мяшкі на фурманку і ўпершыню не лаялі распараджэнняў ненавіснага ўрада. Успаміналі, як збіралі харчы для Іспаніі.
Урэшце надышло фатальнае першае верасня 1939 года. Прыпала яно на пятніцу.
У гэты дзень ля палудня над нашым полем праляцела тры дзіўныя самалёты. Імчалі яны незвычайна хутка, упэўнена і на крыллях замест чырвона-белых шашачак мелі чамусьці чорныя крыжыкі. Нямецкія? У Гітлера, здаецца, эмблема — свастыка?
Яшчэ не паспеў я астынуць ад трывожнага здзіўлення, калі ўваліўся да нас Марцін і прымусіў мяне наладзіць дэтэктар.
Немцы перайшлі польскую граніцу...
Праз пару дзён вярнуўся з Гарадка бацька і стаў плявацца. У мястэчку не было ўжо ні войта, ні паліцыянтаў, а крамнікі пазачынялі крамы. Працавала адна пошта, ды ў ёй ніхто нічога не ведаў.
Яшчэ праз некалькі дзён з Захаду хлынулі ўцекачы. Пастушкі прынеслі навіну — з турмы з'явіўся Лукашоў сын і застрэліў у Ліпніках паляка.
Выслухаўшы пастушкоў, мы з Валодзькам кінуліся ў Ліпнікі. Месца расправы знайшлі самі.
Рассыпаныя і ўтаптаныя ў лясны чарназём папяросы...
Каляіны дарожкі здратаваны глыбокімі слядамі ботаў, быццам мужчыны тут піхалі воз з каменнем.
Выразны адбітак пратэктара вузенькай шыны і — ямка, выбітыя рулём, калі падаў веласіпед.
— Алёшка, глядзі! — перапалоханы брат паказаў у лес.
Між сосен нібы прылёг на ягадніку якісьці мужчына ў адной бялізне. Малады, чарнявы, з інтэлігентным тварам. Аслупянелыя, стаялі мы хвіліну, дзве, чалавек усё не варушыўся — і толькі тады да нас дайшло, што ён нежывы.
Хто гэта — студэнт, настаўнік? Жанаты, кавалер? Як яго прозвішча?
Асцярожна падышлі мы бліжэй.
Цёмныя і густыя валасы ў чалавека рассыпаліся на два крылы, і аж не верылася, што яны — у нежывога. Пад носам забітага закрэп чырвоны згустак. Над вухам ля скроні цямнела дзірачка. Не такая, як у Юліка. Круглая, з акуратнымі краямі і маленькая, што кузурка, якая паўзла па твары.
Другі раз за свой кароткі век бачыў я ахвяру нашай вясковай цемры.
2
Неўзабаве ля Гарадка з'явіліся нямецкія салдаты. З Веркай, Сашкам, Косцем і Валодзькам пабеглі мы ў мястэчка.
У наш Гарадок уязджалі перадавыя часці генерала фон Бока.