Падпільнаваў я Верку пад вечар у нашым хвойніку.
Паказалася знаёмая постаць. Верка несла бутэльку і насцярожана азіралася.
— Рукі ўверхі — не прыдумаў я нічога лепшага, як выскачыць з-за куста і напалохаць браўнінгам,
— Ду-урань! — з перапуду Верка аж прысела, але, каб не пакрыўдзіцца, сілілася ўсміхнуцца.
— Чаго ноччу швэндаешся па лесе?
— Цётцы Кірылісе...
— Чаго лазіш тут?!
— Цётцы Кірылісе малако...
— Пытаю, чаго ходзіш ноччу па нашым полі? Штраф атрымаць хочаш, га?!
— Цётцы Кірылісе малако носім за паліто...
Мне здавалася, што я надта вялікі, дужы і жартую вельмі арыгінальна.
— А-а, малако-о?!
— Яшчэ засталоса на два тыдні...— трамовіла яна даверліва, нібы тыдні гэтыя я лічыў, нібы мяне супакойвала, што ўжо так іх мала засталося.
— А-а, малако-о?! — працягваў я сваё.
І страціў розум да рэшты.
Толькі цьмяна разумеў, адчуваў, што бессэнсоўна балбачу ды нязграбна, бокам, набліжаюся да Веры. Яна насцярожылася. Яе расшыраныя вочы глядзелі ўжо з дзіцячай пакорай і здзіўленнем, плечы ўзняліся, бытта я меўся яе ўдарыць па галава
Я апамятаўся, калі сядзеў на зямлі і трымаў Веру ў абдымках. Яна нязграбна сядзела на маіх выцягнутых нагах. Вера баялася, што аддушыць мне ногі, падперлася ззаду рукамі, таму перахілілася назад. Седзячы гэтак невыгодна, старалася мяне супакоіць:
— Ну, хо-опіць, Алёшка, навошта ты так?! — гаварыла Вера, як гавораць п'янаму ці малому — з мяккім папрокам, цярпліва, аднастайна.
Перад маім носам — пацеркі, няроўныя і патрэсканыя, зблізку жаўтаватыя. У рэштках дзённага святла я ўбачыў, што кофта яе звязана са звычайных нітак: неаднолькавай таўшчыні, грубых, месцамі парваных. Аднак кожная пацерка, кожная складка і нітачка мелі для мяне дзіўны сэнс і зманлівую чароўнасць.
Я ўспомніў, што павінен цалавацца. Зблізку яе твар паказаўся худым, бледным, і ці таму, ці па іншай прычыне мне ўжо цалавацца не хацелася. Я дакрануўся рукой да яе нагі. Верына нага была халодная, цвёрдая і непрыемная.
І вось не стала ў мяне ўжо ні ўзбуджанасці, ні дрыготкі, ні ўпартасці, з якой я пачынаў прыставаць. Я нібы прачнуўся. Нібы ў мяне раптам адлажыла ў вушах, і я пачаў нармальна чуць. Ужо зрабілася няёмка, сорамна за свае ўчынкі і за тое, што нязручна, ненатуральна сядзім — бытта кагосьці малпуем.
Адчуўшы гэта, Вера лёгка вызвалілася з маіх абдымкаў, ускочыла на ногі і пачала папраўляць косы.
— Уставай!..— кінула мне з ласкавай заклапочанасцю.— Не валяйся, як пан Шастаковіч!
Хоць я быў расчараваны, але не злаваў. Наадварот, за тое, што Вера не крыўдзілася, нічым мяне не абразіла і менавіта яна не дала зрабіць нейкае глупства, я адчуваў да яе ўдзячнасць. Расчараваны быў не Верай, а тым, што ад нас не залежала. Тое прыйдзе пасля...
Першы раз я сам сабе прызнаўся ў пачуццях да дзяўчыны, і нічога дрэннага не здарылася. Наадварот! Я пераадолеў нейкі псіхалагічны бар'ер. На душы зрабілася лёгка, святочна, сам я стаў дужы, дарослы...
Ух. як я ўзрадаваўся!
4
Я любіў сваё Страшава, поле, гэты хвойнічак, увесь свет, мы з імі мелі таямніцу — яны трымалі для мяне ў запасе шчасце.
Захацелася падскочыць да хмар.
Пабі-ілі, эх...— засмучаная Вера падняла з зямлі шыйку ад літроўкі з драўляным коркам.