Увесь час насядала паліцыя. Многа разоў таварышы ля труны мянялі забітых, покуль яе — зрашэчаную кулямі і пасечаную шаблямі — данеслі да могілак. Там раз'юшаныя людзі павырывалі з магіл жалезныя крыжы, прэнты, адагналі паліцыянтаў і пахавалі падзіраўлены кулямі труп.
У гэты дзень у Львове паліцыя забіла і параніла каля паўтысячы чалавек.
Выпадак ускалыхнуў Польшчу. Мяне цягнула акунуцца ў віхор падзей. Нават згарэць пры гэтым здавалася вялікім шчасцем. Я з дня на дзень чакаў — у краіне вось-вось успыхне рэвалюцыя.
Праходзіў тыдзень, другі...
Але ў Польшчы зноў стала спакойна.
10
Рэспубліканская Іспанія памірала.
Камінтэрн сапраўды распусціў Кампартыю Заходняй Беларусі і камсамол з крыўдным абвінавачаннем. Зрабілася нечага шкада, нібы памёр хтосьці родны. Заставалася цяжкая праца на гаспадарцы. Жыць стала нецікава.
Да таго часу і Валодзька скончыў школу. Яго душа таксама рвалася далей ад капання торфу, свіней — на гаспадарцы спраўляліся мы ўдваіх з бацькам.
Пайшоў брат з Сашкам і Рыгоравым Косцем карчаваць дзялянку для пасадак. Работы хапіла на два з палавінай дні.
Атрымаў Валодзька першую ў жыцці палучку, сеў на веласіпед і купіў у Беластоку лупу. Бацька злаваў і пляваўся. Мама і радавалася і таксама шкадавала грошай. Валодзька займеў забаву. Разглядаў праз лупу мух, пясчынкі, травы... Яго таксама мучыла трывога — што рабіць далей?
Бацькі жахнуліся — гаспадарка, здаецца, і вялікая, аднак адзін сын на ёй — лішні. Вырашылі паслаць старэйшага вучыцца — няхай шукае сваёй дарогі ў горадзе.
— У Вільню еду, вучыцца,— аб'явіў я Веры, падпільнаваўшы яе на дарозе.
Вера таксама пахвалілася:
— І я еду, Алёшка, у горад! Мама пасылаюць мяне ў Беласток служыць!
Я не зразумеў, пра што яна гаворыць.
— За служанку быць!.. Мама ў гэтых паноў служылі яшчэ да вайны, калі дзеўкай былі! — як бы супакоіла яна мяне.— Багатыя надта. Фабрыкі маюць свае, на куро-орты ездзяць...
Мяне кальнула якаясьці рэўнасць. Не ведаў, пра што і гаварыць.
— Пасажыркай паедзеш?
— Дзядзька Марцін вязуць бульбу ў Беласток і мяне забіраюць.
— Фурманкай?..
— Ну і што? Накрыюса ад дажджу, дабяруса, а цётка Галена мяне завядуць да іх!
Яе радасць раздражняла яшчэ больш.
— Во, будзеш цяпер беластоцкая пані...
— Ну...— ахвотна згадзілася яна і шчасліва ўсміхнулася.
Веры не да мяне: ад радасці не магла ўстаяць на месцы.
— Паедзеш...
Я чуў пра паводзіны служанак у горадзе, пра прастытутак. Зноў укалола якаясьці рэўнасць. Ад неспакою і трывогі аж павяло ў галаве.
— Купіш сабе рыдыкюль і будзеш шпацыраваць па Ліповай вечарамі...
— Мама сво-ой даю-уць, яшчэ зусім добры, толькі замок не зачыняецца! Каб хто адрамантаваў?..