Злётаць цяпер да каморы, узяць такую самую бутэльку і зноў прыбегчы сюды — немагчыма, адразу дома мяне разгадаюць. Але цяпер не было для мяне перашкод. Ап'янелы ад шчасця, я запрапанаваў:
— Хочаш, прынясу з хаты літар цэлы, хочаш?
— Не, не трэ-эба. Мама заўважыць, што мяне так доўга няма,— уздыхнула Вера.— Скажу — упала... Толькі шкло трэба пазбіраць са сцежкі, напорацца хто...
— Давай мне, схаваю!.. На корак, згодзіцца...
Падышлі мы да ямы, якую бацька некалі выкапаў
на дзікоў, пакідалі шкло. Як не хацелася, але трэба
было разыходзіцца.
— На Купала прыйдзеш? — успомніў я.
— Калі мама пусціць...
— Прыхо-одзь! — запрашаў я шчыра, нібы шмат чаго абяцаў.
З часоў паганства дайшло да нас свята Купалы.
Яшчэ з вясны сушылі мы карчы і дровы. У ноч на Яна, 24 чэрвеня, як звычайна, на гары ля рэчкі хлопцы і дзяўчаты раскладвалі вогнішча. Дурэлі, спявалі, пускалі па рэчцы вянкі... Апоўначы ішлі шукаць папараць-кветку, якая ў гэты момант бытта бы толькі і цвіла. Той, хто кветку знойдзе, мог быць навекі шчаслівы.
У легенду верылі ўсе.
Цётка Кірыліха расказвала, як тая кветка цвіце і свеціць усімі фарбамі вясёлкі. Цётка вучыла, як шукаць гэты цуд, як да яго падысці, каб не спужаць. Апавядала, як будзе табе добра, калі яго знойдзеш.
Шчыра верыў у легенду Кірылічыхін Валодзька, сакратар нашай ячэйкі; ён так і сеў у турму з гэтай верай.
Верыла мая мама, суседзі...
Свята Купала існавала і для другога: хлопцы заляцаліся да дзяўчат.
То было публічнае, узаконенае шматвяковай традыцыяй спаборніцтва: хто спраўнейшы, хто лепшы, галаснейшы і больш здольны.
На вольным паветры, у цёплую пару, ноччу чакала цябе зманлівае шчасце з любай пад руку блукаць па лесе ў пошуках папараць-кветкі, якая дзесьці ззяла промнямі незямнога святла ў жудасна-таямнічым гушчары побач з ваўкамі, зубрамі і вужакамі.
Ці знайшоў хто гэты цуд, назаўтра нікога не цікавіла: увесь смак быў у зборах, вечары і шуканні.
5
Пасля размовы з будачнікавай Гандзяй Настусіну дачку мая мама нават не пускала на свой падворак, а гордая ўдава забараніла дачцэ са мной размаўляць. Але што значыць пры каханні забарона бацькоў?..
Надыходзіла першае маё Купала. І ў мяне была ўжо дзяўчына, з якой я мог шукаць папараць-кветку.
На Купалу Веру вадзіла за сабой старая дзеўка — «Пушка з Бялявіч,— былая нявеста Вінцака Грабцэвіча; Лушка такім чынам старалася прывабіць да сябе хлопцаў, бо яе кавалер, уцёкшы тады з-над арышту, перабраўся ў Чэхаславакію.
Не бяда, што Вера з Лушкай.
Поўны дапытлівай цікавасці позірк Веры і на адлегласці хваляваў мяне, будзіў надзеі, рабіў мяне апантаным.
Ля вогнішча я цэлы вечар быў у руху.
То па-змоўніцку шаптаўся з былымі камсамольцамі, то так скакаў цераз полымя, што асмаліў бровы і задымілася вопратка.
Пад самы канец свята я зразумеў сваю нікчэмнасць. Многія хлопцы скакалі за мяне і вышэй і далей.
Адчуваючы на сабе пару цёмных і гарэзлівых вачэй, я сеў зводдаль і стаў прыкідвацца маўклівым і задуманым. Нашы позіркі сустракаліся, я бачыў у яе заахвочванне, прыхільнасць і яшчэ нешта няяснае і хвалюючае.