— Будзеш гаварыць?
Палонны паўзіраўся ў фашыста прыжмуранымі вачыма.
— Не хочаш — не трэба. Няма часу з табой важдацца.
Афіцэр кінуў паставому:
— Завядзі яго за скалы і шлёпні!
Лётчыка павялі.
Праз мінуту за акном прагучаў стрэл. У штабе фашыст заняўся абедам. Ля яго ног валялася перавернутая вайсковая фуражка. На шоўкавай падшэўцы віднеўся авальны штамп з надпісам:
«Фабрика «Спартак» Ленинградского военторга».
Газету з рэпартажам зачыталі ў Страшаве да дзірак.
Я доўга не мог знайсці сабе месца. На фоне выпаленых сонцам скал стаяў перад вачыма савецкі лётчык. Трэба было зараз жа дабірацца да Іспаніі, там б'юць нашых!..
Вярбоўшчык — які-небудзь падпольшчык. Няўжо нас не прыме? Мусіць паслаць, калі мы самі хочам. Верка згодзіцца, чаго яна тут не бачыла? Трэба пагаварыць...
Некалькі выпешчаных амерыканскіх паненак засыпалі абісінскага пасла ў Вашынгтоне заявамі, каб той стварыў з іх батальён амазонак і паслаў на барацьбу з фашыстамі. Бедны пасол доўга ламаў сабе галаву, як адчапіцца ад шукальніц прыгод. Нарэшце знайшоў спосаб. Аб'явіў, што толькі тых прыме ў батальён, якія па прыкладу амазонак апошняга караля Дагамеі згодзяцца адрэзаць сабе правыя грудзі[6]. Паненкі адразу перасталі дакучаць паслу.
Я гатовы быў адсячы сабе палец, каб мяне толькі узялі на такую гераічную справу.
Не зможам з Веркай паехаць па вярбоўцы, дабяромся «на зайца». Газеты друкавалі інфармацыі з Германіі, Францыі, Італіі, як там паліцыя выцягвала з вугалю на паравозах, з карабельных трумаў згаладалых і брудных хлопцаў і дзяўчат, якія ехалі памагаць чырвоным. А калі не трапіць паліцыі ў лапы?..
Каля нашага хутара на платформах павезлі з Масквы ў Парыж на сусветную выстаўку велізарны брус нержавеючай сталі і скульптуру Мухінай — рабочага і сялянку. Набяры толькі ежы, вады, схавайся на станцыі ў такі вагон і праз пару дзён даедзеш ледзь не да самых Пірэнеяў!
З'яўляемся ў Іспаніі. Смуглявую Веру прымаюць за мясцовую сялянку, пры ёй і я не кідаюся ў вочы. Нібы пытаемся пра работу, ідзём на захад шукаем інтэрнацыянальную брыгаду. Я станаўлюся кулямётчыкам, Вера — медсястрой...
— ...Прыйшлі аднойчы Саша Кандрусік з Ванем Кулешам і Толем Пятэльскім. Сашу і Ваню, гэтак як і мяне, брала дэфензіва, і хлопцы таксама не прызналіся, хоць Кулешу паліцыянты адбілі печань, ён толькі што выйшаў з бальніцы. Наогул я ўжо іх з год не бачыў.
Сябры ўзмужнелі, выцягнуліся, басілі, і ў кожнага пад носам чарнелі смешныя вусікі. Хлопцы прынеслі навіну: працуе зноў падпольны цэнтр і ад яго ёсць загад збіраць сродкі для іспанскіх рэспубліканцаў.
Ледзь дачакаўшыся вечара, пайшоў я з мяшком па хатах. Шкода — не паклічаш на зборы Верку. Яна, мажліва, і не чула пра вайну ў Іспаніі!..
...Нарэшце ўдалося высачыць чалавека.
Добраахвотнікаў у нашай акрузе вербаваў мамін брат, дзядзька Мікалай з Бялявіч.
Прыстаў я да дзядзькі з просьбай. Ён расказаў пра намер пляменніка бацькам, і ўсе мае старанні скончыліся сямейным скандалам.
9
У Польшчы мелася нешта здарыцца.
Забаставалі рабочыя фабрыкі гумовых вырабаў «Сэмперыт» у Кракаве. Іх з кулямётаў расстраляла паліцыя. Праз два дні ў Кракаў хлынулі сяляне. На пахаванне ахвяр выйшлі сто тысяч чалавек. Нават да труны Пілсудскага не прыходзіла столькі.
Усе чакалі грандыёзнага выбуху, але хітрая паліцыя пахавалася, аддала горад у распараджэнне рабочых. А тым запалу хапіла на паўдня. Памітынгавалі, паспявалі рэвалюцыйныя песні, пахавалі таварышаў і разышліся.
Схітраваў і ўрад. Ён зняў з пасады ваяводу Свірскага і каменданта паліцыі і гэтым супакоіў народ.
Толькі ўляглося ў Кракаве — выбухнула на ўсходзе.
У Львове камуністы арганізавалі мітынг. Разганяючы яго, паліцыя застрэліла рабочага Уладзіміра Казака. Прафсаюзы арганізавалі пахаванне. Выстраіліся калоны і з жалобнымі сцягамі панеслі труну на Яноўскія могілкі.
Працэсію перапыніла паліцыя і адкрыла па натоўпе агонь. Пападалі мёртвыя і параненыя, труна грымнулася аб брук. Яе падхапілі жывыя. Адны адбіваліся ад паліцыі камянямі, другія бегма неслі Казака на могілкі.
[6] Амазос — па-грэчаску бязгрудая