Праца на гаспадарцы не задавальняла. Асалода здабывання плёну зямлі, творчасць селекцыянера прыходзіць да вяскоўца разам з яго сталасцю, калі чалавек здольны на цярплівае і мудрае чаканне. Паэзія і смак земляроба паспытваў мой бацька, а для мяне, нецярплівага верхагляда, работа на гаспадарцы была нуднай.
Капай бульбу, вазі ў склеп, кармі жывёлу, а вясной цягай мяшкі на поле, зноў садзі бульбу.
Цэлы май капай торф, каб за зіму спаліць і ў наступным годзе брацца капаць зноў.
Не было рамантычнага занятку, зніклі кіраўнікі, аўтарытэты, не хапала рызыкі, не было з-за чаго хвалявацца, не было чаго выглядаць.
У мае гады ўвагу можна хутка пераключыць з аднаго на другое.
Зрабіў дэтэктарны прыёмнік.
Ноччу чытаў кніжкі, покуль бацькі дазвалялі.
Фантазіраваў. То з лютасцю варочаў віламі карычневыя пласты гною з-пад кароў, кідаючы іх на воз, паспытваў ап'яняльную мускульную радасць.
Але чым бы я ні займаўся, усё думаў, думаў і думаў пра Настусіну Верку.
2
Цёплай вясной на нашым падворку адбылася нязначная размова, якая для мяне абярнулася цэлай падзеяй.
Аднаго разу адчыніла брамку будачнікава жонка — Шпітонава Гандзя — і, як надзвычайную навіну,
паведаміла:
— Цётко Маруся, ці вы бачылі, якой красуняй стала Настусіна дачка?.. Я ад пераезда ішла за ёю. Ах, бо-ожа,— што карціна! І, скажыце вы,— адразу!
Покуль адказаць суседцы, мама толькі разгублена і з трывогай азірнулася на мяне і Валодзьку.
Тым часам Гандзя аж захлёбвалася:
— Вочы — бы ў цыганкі — карыя, вялікія, як каштаны! А зу-убы, а бро-овы! І стройная якая, а хале-ра!.. Нават мой мужык казаў, што рэдка бачыў такую красуню, якой Верка расце!.. Я ёй сёння нават шаль падаравала, што з Расеі прывезлі. Дачок у мяне няма, сынам — не трэба, ужо і так моль дзірак нарабіў... Нічога, яшчэ файная: зацыруе сабе і будзе насіць!.. От шчаслівая Настуся, такую красуню выгадаваўшы.
— Гандзя, але што ў яе ў галаве? — непрыязна, як бы маму пакрыўдзілі, азвалася яна праз хвіліну.
— Я не прыглядаласа, што там,— насцярожылася суседка.— Але, здаецца, галава чы-ыстая...
— Не пра гэта я! Ці ты падумала, якія мыслі ў ёй?.. Пуста ў галаве, во што я хацела сказаць!
Да Гандзі толькі цяпер дайшоў сэнс мамінай варожасці: яна ўважліва прыгледзелася да мамы, зыркнула вачыма на мяне і Валодзьку.
— А вы чаго сланяецеся без работы! — накінулася на нас маці.
Расчараваная Гандзя яшчэ пагутарыла пра тое-сёе ды, пакінуўшы маму ўстрывожанай, пайшла да Грушэўскіх шукаць разумення ў Марцінавай жонкі.
Усё, пра што гаварыла Гандзя, я ведаў.
У Верцы ў апошні час раптоўна абудзілася жанчына, Верка не ведала, што рабіць. Прычасаная і апранутая ў святочнае, са смешнай сарамлівай сур'ёзнасцю яна ўжо некалькі дзён пахаджвала па дарозе — ад сваёй хаты да пераезда, нібы напаказ. Калі ж хто трапляўся насустрач, Верка бянтэжылася і паварочвала назад. Я цераз плот усё бачыў.
Узрадаваная Настуся нават вызваліла Верку ад работы. Цяпер зычны Настусін голас далятаў аж да нашага падворка.
У мяне было штосьці карыслівае да Веркі. Яшчэ і сам не ўяўляў сабе дакладна, чаго хачу ад Веркі. Толькі часамі выразна бачыў, як са звярынай лютасцю сціскаю яе, цалую і мну, як воск,— мну, мну, покуль не заплача. Ад гэтага жадання нельга было нікуды падзецца, яно зацьмяла жаласць, развагу і сумленне. Здавалася, авалодаю ёю, падпарадкую сабе — і ўсе іншыя справы вырашацца самі сабой.
Гандзя мяне як бы падштурхнула.
Цяпер я ваўкавата, з дзікай настойлівасцю і энергіяй стаў вартаваць Верку. Адлучыцца з хутара было не проста. То бацькі, то Валодзька глядзелі на мяне, і здавалася, яны добра ведаюць, куды я рвуся.
3