Курылку, як відаць, мой адказ паказаўся абразай. Яго вочы павісьлі на мне. Рукі дрыжэлі. Кульгавая нага калыхалася, як калода. Як так? Колькі біў ён мяне за тое, каб я адказаў яму ўрок, біў за пісаньне, за няскладнасьць пры пераказе прачытаных твораў, а тут... Сам пісаў? Хлусіць! Так, відаць, думаў настаўнік. Сьпісаў аднекуль! Але адкуль сьпісаў, Курылка ня мог давесьці.
-- Хлусіш ты, ты хлусіш! Чуеш, сьпісаў? -- крыкнуў на ўсю школу.
Я маўчаў і стаяў перад ім, як на агні. Я ня ведаў, што сказаць. Усе думкі вылецелі ў мяне з галавы.
Курылка схапіў за вуха, моцна, як нажом, сьціснуў пазногцямі. Я зморшчыўся, але не заплакаў. Я ведаў, што будзе горш. Курылка ірвануў вуха да сябе, сагнуў маю галаву.
-- Глядзі, як дрэнна перапісаў! Дзьве памылкі зрабіў на старонцы. Ну, гавары! Пень, пень! -- гавары.
Закруціў маё вуха, зноў нахіліў галаву й стукнуў ілбом у тое мейсца стала, дзе ляжаў мой сшытак.
-- Лапаць, лапаць! Сьпісаў, лапаць ты! Адкуль сьпісаў?..
Я зрабіў крок назад.
-- Дык ты так!
Курылка схапіў лінейку, стукнуў ёю аб стол. З-пад лінейкі ад удара, здавалася, пасыпаўся пыл. Аловак, што ляжаў на стале, падскочыў і бразнуў на падлогу. Вучні ўздрыгануліся. Коля хіхікнуў. Я сьцяў зубы і яшчэ адступіў, адступіў інстынктыўна. Гэта, як відаць, яшчэ больш раззлавала Курылку.
-- Дык ты так!
Я спалохаўся й рашыў зманіць. Хай ня я напісаў, абы цэлым застацца.
І я ціха прашаптаў:
-- Я-я-я, пан настаўнік, сьпісаў...
-- Ага, сьпісаў, лапаць! Адкуль сьпісаў?..
Я папаўся. Адкуль сьпісаў? Сэрца, я чуў, разрывалася. Слёзы душылі мяне. Адкуль я сьпісаў? Хто паможа сказаць, адкуль-бы я мог сьпісваць? Што рабіць? У вачах пацямнела. У галаве зрабілася пуста. Толькі рукі Курылкі, яго твар, яго чырвоныя, недаспаўшыя вочы я бачу да падрабязнасьці.
-- З кніжкі сьпісаў, пан настаўнік! З кніжкі.
-- З кніжкі!? Зь якой кніжкі!?. -- чую я, быццам скрозь сон. -- З кніжкі! Ах ты, падлюка!.. Ах ты!..
Курылка стукнуў лінейкай па маёй галаве. У вушох зазьвінела, пацямнела ў вачох. Я захістаўся. Курылка ірвануў мяне да сябе, тармасіў мае вушы, але я ўжо нічога ня чуў.
-- Усё роўна! -- мільганула адзіная думка. -- Хай б’е.
Ногі аслабелі, гнуліся ў каленках. Курылка крычаў:
-- Ах ты!.. ах вы... сьвіньні, сьвіньні! У сьвінушнік вас, а ня вучыць...
Праз гадзіну я йшоў дамоў. Вушы гарэлі. Было нудна й сорамна -- неяк сорамна самому за сябе. Мацьвей сустрэў мяне ля сваёй хаты.
-- Прыходзь увечары, будзем пускаць ваўчка.
Мацьвей выняў з кішэні й паказаў мне гэтую цацку.
-- Сам зрабіў?
-- Сам!
Я зьдзівіўся і згадзіўся прыйсці.
Назаўтра ўставаць не хацелася. Ламала ўсё цела. Я сядзеў на зачынку й памалу абкручваў ногі, абуваўся ў лапці. Матка пякла бульбу на сьнеданьне, бацька зьбіраўся ў лес.
-- Ты што -- так позна? -- спытаўся бацька.