-- Дурны ты нейкі, вось што. Шалёныя думкі табе ў голаву лезуць.
Я змаўкаў і рашэньне задачы адкладваў.
І вось зараз я стаю на каленях. І так блізка ля мяне поп. І радзілася думка: а што, калі паглядзець, як апранаецца ён? Калі так, як і ўсе, дык ён такі самы, як і мы.
У гэты час поп нешта запісваў у кнігу. Курылка корпаўся ў шафе. Вучні чыталі Евангельле. Я ціханька нагнуўся да вуха Мацьвея і сказаў яму сваю думку. Той зараз-жа бясшумна падсунуўся трохі бліжэй да благачыннага й пачаў паднімаць пальцамі падрасьнік. Я -- у другім мейсцы. Спачатку паказалася валёнка, потым -- пад каленам чорныя суконныя штаны. Раптам я заўважыў, як Коля хіхікнуў. Благачынны крануўся, зірнуў на нас і адразу-ж ускочыў, як падпалены. Невядома, што падумаў ён у гэты час.
Усё зьмянілася ў клясе. Дзеці замерлі. Настаўнік трымаў нас за вушы. Благачынны, як відаць, ня ведаў, у чым справа. Ён думаў, што падрабілі яму нейкую іншую штуку. Ён кружыўся ваўчком па клясе, махаў рукамі -- парусам надзімаўся яго падрасьнік.
-- Ах!.. ах... ах... -- ахкаў ён.
Твар перакрыўлены. Вочы блішчаць. Нос раздуты, дрыжыць, зрабіўся сінім. Мы прапалі! Нас білі пасьля, як ніколі. Коля строіў нам рожы.
Мацьвею абвясьцілі, што вучыцца ён ня можа. Мой учынак занесьлі ў школьную кнігу.
А як выйшлі дамоў, Мацьвей крыкнуў на Колю:
-- Абдзірала!
Ніна ў адказ:
-- Пастух!
Я за Мацьвея:
-- Хапунка!
-- Пастух!
Мы памянулі жывых і мёртвых. Потым узяліся за каменьне...
Вучыўся я лёгка і ніколі не сядзеў над кніжкамі доўга. Але затое ня раз маўчаў на ўроку. І не таму маўчаў, што ня ведаў яго. Не. Я быў настолькі нясмелым і забітым, што, бывала, дрыжэў перад Курылкам. А вось ды ня тое, ды ня так, што тады будзе? Ну й дасьць...
Аднаго разу, неяк перад вольным днём, Курылка загадаў кожнаму вучню трэцяй групы напісаць свой асабісты твор. Кожны павінен быў апісаць якое-небудзь здарэньне.
У той дзень я ішоў са школы ў задуменьні. Жартачкі -- напісаць твор. Увечары на камінку трашчэлі смольныя карчы. Бацька плёў лапці. Маці прала кудзелю. Я сядзеў перад сшыткам на ўслончыку. Часьцяком я падымаў галаву, глядзеў на палаючы агонь і запісваў свае думкі. Так радзіўся мой твор.
Назаўтра Курылка прыйшоў у школу кульгаючы.
Трэба сказаць, што Курылка любіў гуляць. Бывала, перад сьвятам пойдзе ён у мястэчка, дзе была воласьць, двукласная школа, і загуляе. Дзень няма, другі няма, на трэці -- прыходзіць зь сіняком пад вачамі, зь перабітай рукой, рассечанымі губамі ці яшчэ зь якой-небудзь адзнакай. У такія дні быў ён маўклівы й вельмі сярдзіты. Часьцяком без аніякай віны ён тады забіваў вучня да страты прытомнасьці.
Сёньня Курылка быў такім самым. Пачаліся заняткі. Ён сядзеў ля свайго стала, паклаўшы нагу на нагу. Адна была ў боце, а другая ў галошы й тоўстай суконнай панчосе. Спачатку была арыфмэтыка, потым чытанка ў другой групе, потым гісторыя ў нашай групе і, усьлед за тым, Курылка пазяхнуў і патрабаваў сшыткі па пісаньню. Мы падалі. Мусіць, у кожнага з нас, як і ў мяне, трапятала ў гэты момант пад лыжачкай. Я адчуваў, што твор напісаў я складна й добра, і яшчэ больш хваляваўся. Хутка Курылка паклікаў мяне. Я падышоў.
-- Ты пісаў? -- запытаў ён, гледзячы ў мой сшытак.
Я заўважыў у яго вачах нейкія нядобрыя агеньчыкі й ціха, заікаючыся, сказаў:
-- Яяя...
Настаўнік зірнуў мне ў твар. Я схаваў вочы.
-- Адкуль ты пісаў?
-- Ніадкуль.
Я бачыў, як па твары Курылкі распаўзалася чырвань.
-- Ніадкуль?