-- Пасьпею! -- адказаў я.
Я ўзяў некалькі бульбін у кішэню й выйшаў.
Быў нейкі чорны пахмурны дзень. У стрэхах сьвістаў і выў вецер. Слупы сьнежнага пылу курэлі па вуліцы. Нейдзе выў галодны сабака.
Хадзіць у школу мне зараз здавалася нейкім нудным заняткам. Перад вачыма паўставалі малюнкі ўчарашняга, і ў тумане гэтых малюнкаў выплываў і мільгаў чырвоны твар п’янюжкі Курылкі.
Вось і школа. Адчыніўшы чутачку дзьверы, я заглянуў у дзірачку й прыслухаўся. Заняткі йшлі. Вучні сядзелі, як мёртвыя цені, над партамі. Перад імі кавыляў храмы Курылка. Я зноў прычыніў дзверы і ўспомніў словы Мацьвея, зь якім я ўчора правёў вечар.
-- Не хадзі больш у школу.
-- Бацька будзе біць, -- адказаў я.
-- Эт, бацька... Мой дык -- ані! Каб ты не хадзіў, мы-б насеклі дроў, завезьлі-б у мястэчка й прадалі-б.
-- Не! Я ня буду хадзіць у школу, -- рашыў я.
І страх, учарашні страх, зноў усяліўся ў маё цела, скаваў мне мазгі, затуманіў сьвядомасьць. Мне здавалася, як толькі пераступлю парог, Курылка зноў накінецца на мяне, пачне біць і крычаць.
Але, разам з гэтым, уьзнікла пытаньне: а куды-ж мне ісьці? Вярнуцца дамоў? Немагчыма! Расказаць шчыра бацьку -- той наўрад ці пашкадуе. Пайсьці да Мацьвея? Усё роўна ўведаюць. Куды-ж мне дзецца?
Я выйшаў са школы, прытуліўся да сьцяны й доўга стаяў у задуменьні, паглядаючы ў чорную далячынь... Вецер сварыўся пад страхой, нейдзе ляпаў адарванымі дошкамі.
Раптам у школе затрашчэў званок. Гэта на перапынак. Я скочыў зь мейсца й пабег сьцежкай па сьнезе да кузьні.
Кузьня была на замку. Я сеў на мяліньне, прытуліўшыся плячамі да сьцяны. Доўга й бяз мэты я ўглядаўся ў цёмны небасхіл. Потым выняў з торбы кніжку, паклаў яе на калені й пачаў чытаць. Па сьнежнай корцы сьцелецца пыл. У небе плывуць чорныя воблакі. Вецер шчыпле за рукі, за твар, кідае сьнегам у вочы.
Мне стала холадна. Я паставіў каўнер сьвіткі. Але вецер, здавалася, заходзіў з другога боку, забіраўся пад сьвітку, пад сарочку, як іголкамі, калоў маё цела.
Я далей залазіў у сьвітку й плакаў. Усьлед за тым мне захацелася спаць. Па целе пабегла нейкая млявасьць. Стала цёпла. Сыпучы сьнег мітусіцца перад вачмі, віхрам падымаецца ўгору, сіпіць, паўзе ўсё бліжай і бліжай да мяне, закрываючы ногі. Але мне ня хочацца крануцца. І скрозь сон я бачу, як у віхры разам са сьнегам кружыцца Курылка, ён танцуе, усьміхаецца, ківае пальцам, пагражае. Але я не баюся. Мне прыемна.
-- Ты пісаў! Ты пісаў! -- сіпіць настаўнік, як сьнег. -- Ты адкуль сьпісаў?
-- Я ня сьпісаў. Ня сьпісаў я! -- крычу. -- Сам шмат думаў. Сам шмат працаваў. Рад быў... Быў рад, што напісаў...
І яшчэ горш заліваюся сьлязмі. Яны, сьветлыя і цёплыя, коцяцца па твары, пападаюць у рот. Я не страсаю іх. Мне прыемна, салодкая млявасьць разьлілася ў целе. А на сэрцы радасьць і спакой.
Раптам я бачу, Курылка спыніўся. Віхры сьнегу завылі каля ног. А Курылка ўсё бліжай і бліжай плыве да мяне.
-- Хадзем! Хадзем у школу! Ты добра вучыўся... Старанны...
Мне прыемна ад гэтага, я больш плачу й крычу...
-- Не пайду! Не пайду... я-я-я... сам напісаў...
Мне хочацца адпомсьціць настаўніку...
Прачнуўся я ўжо дома. Ля мяне стаяў каваль Іцка і матка. Твар гарэў агнём. Балюча стукала ў віскох. Ногі й рукі закручаны ў анучы. Яны тоўстыя, як бярозавыя калоды, і баляць. Матка кажа:
-- А мае дзетачкі! Што гэта такое з табой?
-- Не чапайце яго! -- кажа Іцка. -- Не чапайце! Зьмёрз трохі... Хлопец зьмёрз... Хай пасьпіць.
Назаўтра ў мяне гарэла ўсё цела. Ламала рукі й ногі. Галава, здавалася, была наліта волавам, нацягнута абручамі. Матка давала нешта цёплае піць. Яно было горкае й жоўтае. Бацька злаваў і лаяўся.
-- Каўзель! Каўзель усё гэта! І-і-іх! Лапцей не набрацца.
Я рашыў маўчаць да канца.