Увечары зноў прыйшоў Іцка.
-- Ну, як малы? -- спытаў у бацькі.
Умяшалася матка.
-- От, дзякаваць добраму чалавеку. Прынёс хлопца на руках, выратаваў. А мой ты Іцачка! А мае вы дзетачкі!
Далей Іцка расказваў:
-- Іду гэта ў кузьню, бачу: сядзіць хлопец, кніжку чытае. Думаю: што-б гэта значыла? Падыходжу. «Ты што?» -- кажу. Маўчыць і не шавяльнуўся. «Што такое?» Падыходжу бліжэй, рукі на кніжцы й белыя нейкія, нібы косткі; на твары -- ручаёчкамі замерзьлі сьлёзы. Тармаснуў -- рукі аж зьвіняць! А сэрца, чую, яшчэ трапечацца. Тармаснуў другі раз. «Не пайду. Не пайду. Я пісаў...» -- крычыць. Ды так неразборчыва, нібы праз сьлёзы, што я сам ледзь не заплакаў. «Э-э-э! Справа кепская!» Я за яго -- ды праз агароды, нацянькі. Бягу й баюся: хаця-б хутчэй! А тут ужо матка, вось яно як...
Іцка падумаў і дадаў:
-- Кепскі пан настаўнік. Ах, які кепскі...
Бацька замаргаў вачыма.
Я хварэў аж да вясны.
Курылка ўвесь час рыхтаваўся паступаць вучыцца далей. Увесну ён паехаў у Вільню. У вёсцы казалі: «Пайшоў наш настаўнік у афіцэры». На самай-жа справе, як потым казала настаўніца, ён паступіў у юнкеры.
Настаўніца прыехала позна. Гэта была маладая, але ўжо худаватая, нібы пажылая, жанчына.
З першага-ж дня яна загадала называць яе ня йначай, як Вера Аляксандраўна. Апрача таго, вывела з школы жарству, як метад выхаваньня, і менш білася лінейкай. Усё-ж білася.
Праўда, каб баяліся й добра вучыліся, яна праз дзень пасылала Колю, сына млынара, на балота па розгі. Пучок гнуткіх лазовых пруцікаў заўсёды ляжаў у яе на стале.
Але ўсё-ж было вальней, чым пры Курылцы. Што датычыць да пруцікаў, дык мы іх, як выходзіла настаўніца з клясы, хавалі ці проста кідалі ў печ. Усё-ж вучыліся лепш, чым раней, і некалькі вучняў, у тым ліку і я, у гэтым годзе рыхтаваліся да экзаменаў.
Апрача заняткаў з дзецьмі, Вера Аляксандраўна імкнулася наладзіць нейкую працу і з дарослымі, з бацькамі вучняў.
Аднаго разу, неяк увечары, яна сабрала ў школу нас і бацькоў і чытала нейкую кніжку, здаецца, «Вечера на хуторе бліз Діканькі» Гогаля.
Мужчыны, мусіць, не разумелі і дрэнна слухалі. Настаўніца сказала:
-- Вось вы ня слухаеце, а жывеце, як сьвіньні. Вучыцеся жыць. Жыць трэба лепш!
Бацькі крануліся. Пасыпаліся пытаньні. Школа загула.
-- Як лепш жыць?
-- Навучы!
-- Гаворка!..
Адзін навет сказаў:
-- Лепш жыць?! Зямля наша ў пана. Скажы нам, парай, як зямлю атабраць?
Настаўніца спалохалася. І «сход» разагнала.
Як відаць, пра гэта здарэнне пранюхаў поп. У хуткасьці ён прыехаў у школу. Пакуль поп злазіў з вазка і йшоў, Вера Аляксандраўна мітусілася ў класе.
Поп пачаў экзаменаваць нас па гісторыі. У нашай трэцяй групе спытаў:
-- Ад чаго на Русі была «смута»?
Усе маўчалі. Кожны баяўся сказаць, каб не памыліцца. Я задумаўся.