Пасля вячэры быў святочны канцэрт: Сяргей Ракіта чытаў раздзелы з рэвалюцыйных паэм Маякоўскага, я дэкламаваў «Смерть пионерки» Багрыцкага, потым спявалі «Вяршавянку», «Наш паравоз, вперед лети», «Широка страна моя родная». Асабліва натхнёна гучалі радкі: «Я другой такой страны не знаю, где так вольно дышит человек».
Прайшло свята, і нашы спадзяванні на амністыю канчаткова рухнулі. Спахмурнеў і замоўк Коўтун. Змрочны, ён сядзеў, падкурчыўшы ногі, на ржавым жалезным ложку, падзываў субяседнікаў, але ўсе абміналі яго, нібыта ён адмяніў абяцаную амністыю. У абед адчыніліся дзверы, на парозе чалавек гадоў трыццаці пяці падняў рукі і закрычаў: «Ура! Таварышы! Я жыву. Я самы шчаслівы чалавек!» Да яго падбеглі «заготзярноўцы» Радкевіч і Фрэнкель, абдымалі, цалавалі, выціраючы слёзы, павялі толькі што памілаванага ад пакарання смерцю свайго таварыша Дамброўскага. Гэта ён быў так рады, што расстрэл замянілі на 25 гадоў катаргі. Выходзіць, катарзе можна радавацца.
Як толькі акрыяў, Дамброўскі расказваў пра свае пакутныя ночы: днём смертнікі спакойныя — спяць, шнуруюць па камеры, а з набліжэннем вечара расце трывога, пасля адбою апаноўвае страх, што здаецца, вось-вось выскачыць сэрца: насцярожвае кожны стук, кожны крок, кожны шолах, здаецца, вось твая апошняя хвіліна, а зарыпіць у замку ключ, кроў адлівае ад галавы і ад сэрца, траціцца прытомнасць і згінаюцца саслабелыя ногі. Некаторыя наглядчыкі заходзілі ў камеру без патрэбы, распытвалі пра здароўе, самаадчуванне, груба жартавалі, а для смертнікаў гэта былі страшэнныя пакуты. Калі зачыняліся дзверы, апаноўвала радасць, што яшчэ не вядуць туды, адкуль няма звароту, і вярталася надзея на літасць. Часта да Дамброўскага падсаджваўся Шашалевіч і далікатна распытваў пра адчуванні і думкі чалавека ў самай страшнай камеры.
У канцы лістапада пачалі па некалькі чалавек высмыкваць на этап. Адзін за адным знікалі таварышы. Былі кароткія развітанні, абдымкі, запаміналі адрасы родзічаў, каб потым спісацца. Наіўныя мы былі летуценнікі — так ніхто нікога і не знайшоў, ніхто не адгукнуўся. Хутка зніклі Баранавых, Шашалевіч, Багун, Мікуліч, Астапенка, Скрыган і Хадыка. На парозе мы абняліся з Васілём Антонавічам. «Трымайся. Ты ж малады. Можа, пашанцуе вырвацца жывым. Бывай». Мы абняліся. Так я з ім ніколі больш і не спаткаўся, а расказаць пра трагічны лёс гэтага чалавека выключнай дабраты, таленту і сумлення па праву памяці, па абавязку апошняга сведкі я павінен.
Нас з Магілёва апошнімі адпраўлялі на этап у снежні 1937 года. Усё злачыннае і ганебнае робіцца ноччу. I нас вялі глухой поўначчу ў далёкі ад вакзала тупік і загналі ў «цялятнік» з суцэльнымі нарамі, дзіркаю ў падлозе і жалезнаю печчу з дзежкі. Везлі некалькі крымінальнікаў і нас, даўніх сяброў і знаёмых, некуды на ўсход. Часта наш састаў заганялі на суткі, а то і на двое ў тупікі, не дазвалялі вытыркацца ў закратаваныя вокны, крычаць і гучна гаварыць. Па далёкім голасе дыктара з рэпрадуктара здагадваліся, што стаім у Оршы, потым у Смаленску. Маскву пазналі па адпраўленні электрычак, а калі крануліся, праз заплеценыя калючым дротам і кратамі акенцы ўбачылі, як праплылі рубінавыя зоркі. Як яны былі блізка і як недасяжна далёка!
У вагоне мы трымаліся незалежна і дружна, не далі крымінальнікам узяць над сабою верх. З намі быў і Валодзя Мяжэвіч. I тут ён усіх скарыў сваімі «романамі».
Так мы і прыехалі ў сцюдзёную заснежаную тайгу на пакуты і на пагібель.
Трагічнае адступленне
У 1939 годзе запаўняць лагеры пачалі вызваленымі з-пад прыгнёту пілсудчыкаў сынамі і дочкамі Польшчы. Некалькі эшалонаў іх прывезлі ў Томасінлаг, а з яго айчынных нявольнікаў развезлі па іншых лагерах. Трапілі томасінлагаўцы і да нас.
У новых этапнікаў заўсёды распытваюць, як там ім жылося, як кармілі, ці не сустракалі каго знаёмага. Аднойчы былы ўкраінскі настаўнік сказаў мне, што быў разам з беларускім пісьменнікам Шашалевічам, але яго пагналі не то на 27, не то на 28 лагпункт. Колькі я ні стараўся праз экспедытараў адшукаць Васіля Антонавіча, усё было дарэмна. Крыўдна, што недзе непадалёк жыве блізкі табе чалавек, а звязацца ніяк не ўдаецца. Я распытваў у таго былога настаўніка ўсё, што той ведаў пра Шашалевіча. Ён расказаў, што спачатку Васіля Антонавіча везлі на Калыму. Восем месяцаў ён прасядзеў ва Уладзівастоку на перасылцы і так дайшоў, што камісія вярнула яго на мацярык, і ён трапіў у Томасінлаг. Працаваў там то ў бухгалтэрыі, то ў санчасці рэгістратарам. Часта выступаў у канцэртах, пісаў вясёлыя частушкі і скетчы. Бясспрэчна, гэта быў ён, але з ім не звязацца.
У часе вайны адных пакідалі ў зоне да «заканчэння вайсковых дзеянняў», а некаторых выпускалі без права выезду з тэрыторыі лагера. Яны лічыліся вольнанаёмнымі, туляліся недзе на кватэрах і былі паслухмянымі папіхачамі ў начальства. Такі «абмежаванец» па прозвішчы Балясны прыбыў да нас на пасаду майстра лесу. Я даведаўся, што ён прыехаў з 27 лагпункта, і пацікавіўся, ці не сустракаўся яму часам Васіль Антонавіч Шашалевіч. Ён даволі доўга моўчкі глядзеў на мяне і запытаў: «А кім ён табе даводзіўся?» — «Таварыш. Па адной справе праходзілі». Балясны пачаў павольна: «Па стане здароўя ён не мог працаваць на павале. Прыстроілі статыстыкам у санчасць. Работа лёгкая, ды і перападала трохі з бальнічнай кухні. Аднойчы ён напісаў вясёлую гумарыстычную п’еску з лагернага жыцця. Яе паставілі аматары на лагернай сцэне. Апладзіравалі, дзякавалі аўтару. А ноччу яго выклікаў упаўнаважаны оперчэкісцкага аддзела і зрабіў разнос, мудрэйшы за самы жорсткі допыт: абвінаваціў у паклёпе на выхаваўчую сістэму ў лагеры, у кампраметацыі кіраўніцтва, у працягванні варожай ідэалогіі. Новую справу на яго заводзіць не стаў, а загадаў адправіць у лес, «а там ты і сам загнешся», — сказаў на развітанне.
Упаўнаважаны стрымаў слова. Шашалевіча пагналі ў лес, але ні пілаваць, ні грузіць ён не мог — даўнія сухоты абвастраліся часцей і часцей. Яго пасадзілі на складзе каля кастра адзначаць, колькі хто з возчыкаў вывез драўніны. Лес ад складу валяць далёка, а тут, на колішніх дзялянках, пакідаюць некалькі дзесяткаў адборных дрэў-семеннікоў. Пройдзе час, і высечаны квартал зарасце самасейкамі.
Шашалевіч сядзеў каля вогнішча і на фанернай дошцы адзначаў, колькі кубаметраў вывез кожны возчык. I раптам невядома хто непадалёк ад вогнішча падпілаваў семянную бярозку і спусціў прама на Шашалевіча. Яна прыціснула яго да палаючага кастра. Возчыкі пачулі гул зваленай бярозы і раздзіраючы душу крык. Падбеглі, а ў вогнішчы жыўцом гарэў патрушчаны і прыціснуты дрэвам учотчык. Падняць бярозу не падужалі. Пабеглі на лесасеку па пілу. Распілавалі тоўстую дзеравіну і выцяглі з-пад яе абгарэлага, з выцекшымі вачыма ўчотчыка. Толькі пад вечар яшчэ ледзьве жывога Шашалевіча прывезлі ў санчасць. Урач, медсястра і санітаркі плакалі, як па самым родным чалавеку. Усе разумелі, хто вынес такі страшны прысуд на пакутніцкую смерць гэтаму сумленнаму і таленавітаму чалавеку, а сказаць ніхто не адважваўся.
Калі, дзе і з кім разам пахавалі Васіля Антонавіча Шашалевіча, ніхто не ведае і не дазнаецца ніколі. Там цяпер шуміць у адвечнай жалобе тайга.
Трагічная пакутніцкая смерць і незабыўны вобраз гэтага светлага, таленавітага і чыстага, як самое сумленне, пісьменніка і старэйшага таварыша — мой незагойны боль.
Але гэта яшчэ не ўсё. На гэтым трагедыя не канчаецца. Думаючы пра Васіля Антонавіча, я часта ўспамінаў яго беленькую негаваркую Веру з іх першым сыночкам. Дзе яна апынулася ў часе вайны, ці жывая, ці дазнаецца калі пра лёс свайго Васіля?
Ішлі гады. Жыццё мяне круціла і матала на ўсе бакі: было кароткае вызваленне, новы арышт, следства, турмы, перасылкі і вечная ссылка ў Сібір. Нарэшце — рэабілітацыя. У 1956 годзе я вярнуўся ў Мінск на ранейшую працу ў радыёкамітэце. Згаладалы па творчай рабоце, я часта выступаў перад мікрафонам і ў друку. Аднойчы вераснёвым днём у рэдакцыйны пакойчык зайшла жанчына з абветраным тварам, пасмамі сівізны, у старой злінялай кофце. Павіталася і маўчыць. Гляджу на яе і нічога знаёмага ў твары не знаходжу. «Няўжо не пазнаеце?» — сарамліва спытала яна. Маўчу і разводжу рукамі. «Я — Вера Шашалевіч». — «Божачка, адкуль?» — я ухапіў яе шурпатую руку, запрасіў садзіцца і пачаў распытваць. Яна расказала, што да вайны зрэдку прыходзілі ад Васіля лісты то з Уладзівастока, то з Томска, а потым з Горкаўскай вобласці. А пасля вайны куды ні стукалася, нічога дазнацца не магла. Толькі нядаўна паведамілі, што пасмяротна рэабілітаваны. А калі, ад чаго памёр і дзе пахаваны, невядома. Каб неяк пракарміцца і зберагчы адзіную ўцеху — сына, з’ехала з горада ў вёску Волма Дзяржынскага раёна. Сына выгадавала. Ён другі год служыць у Савецкай Арміі.
У калгасе цяпер самая гарачая пара — усе на бульбе, і яна ледзьве выпрасілася ў старшыні на дзень з’ездзіць у Мінск, каб што-небудзь даведацца пра Васіля. У мяне закалацілася сэрца, і я ледзьве стрымаўся, каб не расказаць страшную праўду і не дабіваць гэтую няшчасную пакутніцу. Яна спытала, можа, я што ведаю. Я моўчкі пакруціў галавою. Каб перавесці гаворку, сказаў, што яна можа за рэабілітаванага мужа атрымаць у Літфондзе грашовую кампенсацыю. (Чым жа можна кампенсаваць загубленае жыццё чалавека?) Я павёў Веру Сымонаўну на вуліцу Энгельса ў колішні Дом пісьменнікаў. Дырэктар Літфонда хутка аформіла дакументы аб выплаце кампенсацыі ў памеры дарэформенных шасці тысяч рублёў. Але ў касе не знайшлося ў наяўнасці такой сумы. Паабяцалі выплаціць праз два дні. Вера сказала, што старшыня калгаса яе нізавошта больш не адпусціць, пакінула свой адрас, каб пераслалі грошы па пошце.
Мы паабедалі з Вераю ў прывакзальным кафэ, развіталіся каля аўтобуса, а праз два дні мне сказалі, што грошы адпраўлены, і я супакоіўся, заняты сваімі клопатамі.
Мінулі восень і зіма, увесну выпадкова разгаварыўся са знаёмым крытыкам. Ён расказваў пра свае паездкі з лекцыямі пра беларускую літаратуру. Ужо развітваючыся, спытаў, ці ведаю я, што здарылася з удавою Шашалевіча, і расказаў мне жахлівую гісторыю. Вера кватаравала ў рэдка цвярозага калгасніка Міхася Крыловіча. Пасля яе прыезду з Мінска па сяле пакацілася погаласка, што Шашалевічыха за мужа атрымала аж шэсць тысяч. У той час на працадзень плацілі капейкі, а такая сума ўяўлялася неверагодным багаццем. Не давала гэта спакою і кватэрнаму гаспадару. Відаць, у прыпадку ачмурэння, калі Вера нагнулася да прыпечка, ён адным ударам засек яе. Ператрос куфэрак, але замест грошай знайшоў новенькую ашчадную кніжку. Працверазеўшы ад замарачэння, ён пайшоў у пуню і павесіўся.
Так трагедыя, пачатая ў 1936 годзе, прынесла яшчэ тры жахлівыя смерці. Пра ўсё гэта я даведаўся пасля вызвалення і мусіў расказаць, парушыўшы храналогію апавядання. А ў лагеры я пакутаваў яшчэ доўга.
У шалмане
Каб трохі супакоіць народ і неяк апраўдаць свае злачынствы, у 1939 годзе даволі глуха загаварылі аб «перагібах у рабоце Наркамата ўнутраных спраў». Вясною саракавога года амаль усім «нацдэмам» абвясцілі, што прысуды па нашых справах адменены і яны накіраваны на даследаванне. Неўзабаве выклікалі на этап Мяжэвіча, Такарчука, былога артыста Антона Згіроўскага і выкладчыка Платона Жарскага. Усе былі ўпэўнены, што яны хутка будуць на волі, давалі ім адрасы сваякоў, прасілі напісаць нам, і кожны чакаў свае чаргі, калі паклічуць «на вахту з рэчамі».
Усё валілася з рук, а дні цягнуліся марудна, хацелася хутчэй вырвацца з гэтай пякельнай работы, давесці сваю невінаватасць людзям, якія разбяруцца і павераць табе, строілі самыя светлыя планы і зайздросцілі сябрам, выкліканым на даследаванне. А лёс нашых сяброў склаўся трагічна. На «даследаванні» іх пратрымалі да самай вайны. Калі запалаў і пачаў рассыпацца пад фашысцкімі бомбамі Мінск, частку арыштантаў пагрузілі ў таварныя саставы і без харчоў і вады павезлі на ўсход. Каго не паспелі вывезці, пад бамбёжкамі вялізнаю калонаю пагналі па Магілёўскай шашы. Каля Чэрвеня канвой дачуўся, што магістраль перарэзана нямецкім дэсантам, што трэба ратавацца самім. Начальнік канвою загадаў бытавікам заставацца на месцы, «палітычным» адысці ўбок. Сумленныя і наіўныя людзі паслухмяна адышліся. Бытавікам загадалі разыходзіцца. Тыя рванулі хто куды, а па «контрыках» далі залп. У гэтай калоне разам з усімі загінуў выдатны акцёр Антон Згіроўскі і яўрэйскі паэт Зэлік Аксельрод, счакаўшы, з-пад трупаў выпаўз лёгка паранены крытык Рыгор Бярозкін. Ён прабіўся да Магілёўскага ваенкамата, схлусіў, што выскачыў без дакументаў з палаючага Мінска, стаў салдатам і ўсю вайну праваяваў на вогненных рубяжах ад Волгі да Берліна, стаў капітанам, а пасля Перамогі… даседжваў у лагеры неадбыты тэрмін.
Мяжэвіча з Такарчуком цэлы месяц везлі ў Сібір. Па дарозе выкідалі мерцвякоў, на нейкім паўстанку давалі па селядцу, але не было вады, людзі раставалі, як свечкі. Ледзьве рухомых прывезлі ў табольскую турму. Пачалася павальная цынга і пелагра. Што гэта за хвароба, ведае не кожны ўрач. Мабыць, у самой назве ёсць лагерная аснова. Пры пелагры на жывым целе разбураецца тканка, вылазяць рэбры, відно, як дыхаюць лёгкія, арганізм не засвойвае страву, чалавек разлагаецца жыўцом пры поўнай свядомасці. Ад пелагры ў Табольску памёр Юрка Такарчук, сумленнейшы і таленавіцейшы журналіст, якіх я толькі сустракаў.
А Валодзю Мяжэвіча выратавала санітарка турэмнай бальніцы чарнічным адварам. Ён выжыў, вярнуўся, быў рэабілітаваны, адноўлены ў партыі толькі пасля XX з’езда КПСС, а тады ніхто даследаваннем і пераглядам спраў не займаўся. Іх трымалі ў турмах да пелагры, потым спісвалі, а хто выжываў, адпраўлялі ў далёкія і больш суровыя лагеры, а групе выкладчыкаў Віцебскага і Магілёўскага педінстытутаў у два разы павялічылі тэрмін. Такі быў «перагляд», такое чарговае ашуканства.
А мы зайздросцілі сваім сябрам, выкліканым па пратэсце пракурора, спадзяваліся да самай вайны і нічога не ведалі пра іх жахлівы лёс.
На шостым лагпункце нас, даўніх сяброў, засталося толькі трое — Розна, Пальчэўскі і я. Ад гарачыні і непасільнай працы ў мяне часта ногі распухалі, як налівачы. Націснеш пальцам, ямка і праз паўгадзіны не выпростваецца, на яе месцы астаецца сіняк, ледзь згінаюцца калені, перасоўваешся, як на шкляных хадулях. У такім стане мяне на некалькі дзён вызваляў ад работы колішні земскі фельчар, спагадлівы Ізот Іванавіч Цымбалюк. У лагеры быў дэвіз: «Дзень кантоўкі — месяц жыцця». I кожны марыў праўдамі ці няпраўдамі «закасіць» вызваленне і хоць дзень «пракантавацца» ў зоне. Адны ішлі на кухню качаць ваду, абіраць бульбу, чысціць траску за лішнюю міску баланды, іншыя ў бараку латалі свае транты, адсыпаліся, набіраліся сілы на «ўдарную працу».
Мы спалі побач і елі з аднаго кацялка з маім даўнім другам Алесем Рознам. Некалі разам друкаваліся ў «Беларускім піянеры», марылі пра шчаслівы літаратурны лёс, потым вучыліся ў адной групе педінстытута, і вось горкі лёс звёў на пакутніцкіх лагерных сцежках. Усё, што ў нас было, дзялілі да апошняй крошкі. Застаўшыся ў зоне, я ў кіпяцілцы з пасылачных круп да прыходу Алеся варыў кашу або густы крупнік. Памешваў у кацялку і пачуў нейкую мітусню: сярод дня дзяжурныя і нарадчык усіх зганялі на паверку да вахты. Я схаваў недавараную кашу на нарах і пашкандыбаў за ўсімі. З ізалятара вывелі чалавек пятнаццаць абадраных, абшарпаных, бледных, як бульбяныя парасткі ў склепе, адказчыкаў.
Усіх пастроілі. Прыйшлі начальнікі лагпункта і УРЧ (улікова-размеркавальнай часці) і нейкі прыезджы, чорненькі і шустры, як мышаня, у сініх галіфэ і зашчытнай «сталінцы» з шырокім рэменем. Выклікалі па адным, і ён аглядаў кожнага, як цыган каня на кірмашы. Старых і нядужых адпускаў адразу, маладых і больш-менш пруткіх адводзілі ўбок. Далучылі і мяне да блацякоў, выпушчаных з кандзея. «Дваццаць хвілін на зборы, і ўсе з шмаццём на вахту!» — загадаў незнаёмы начальнік.