За год пад кашмарным следствам мяне двойчы вадзілі на інсцэніраваны расстрэл. Звычайна далёка за поўнач будзілі, не дазвалялі апранацца, у бялізне вялі праз двор не ў следчы корпус, а ў глыбокае цёмнае сутарэнне, прапахлае тленам і карболкаю, ставілі тварам да бетоннай сцяны, «апошні раз» пыталі, ці падпішу пратакол пра ўдзел у нацыянал-фашысцкай арганізацыі, клацалі курком, білі пад дых і вялі ў камеру «падумаць». I цяпер не разумею, чаму не спусцілі курок адразу.
Мне ставілі ў прыклад «ідэйнага кіраўніка» маральна зламанага Міхася Зарэцкага. Гэты любімы і вельмі паважаны пісьменнік па загадзе маленькага рудога следчага Шчурава паслухмяна падпісваў нейкую неверагодную трызню. За «чыстасардэчнае прызнанне» Зарэцкаму дазвалялі сядзець на канапе, давалі сустрэчы з сям’ёю, перадачы прыносіла жонка ў пакой следчага, і тут Зарэцкі частаваўся хатнімі прысмакамі, сядзеў побач з дачкою і сынам, усміхаўся сваёй Марыльцы і нават жартаваў. Няўжо сапраўды ён верыў свайму следчаму і ў палёгку за паклёп на сябе і сваіх сяброў?
Паказаць вось такую ідылію мяне правялі ў суседні пакой, пасадзілі каля дзвярэй, каб усё бачыў і чуў і сам клюнуў на такую прынаду.
Следчы мяне пераконваў, што Зарэцкі раззброіўся і праз год-два вернецца да літаратурнай працы. Спачатку хацелася верыць, а многія месяцы пад следствам пераканалі, што ў гэтай установе праўды ніколі не было і няма, кожнае слова следчага — пастка, хлусня, каварны падман, паказанні іншых арыштаваных — падробкі і фальсіфікацыя. Так яно і было. Праз месяц я выпадкова на прагулцы ўбачыў жонку Зарэцкага, потым былі ў адным лагеры, а аўтара «Сцежак-дарожак» выклікалі з камеры без рэчаў, і ён знік назаўсёды 29 кастрычніка 1937 года.
За мяне зноў узяўся Даўгаленка. Ён мне зачытваў «паказанні» Міхася Чарота, што нібыта існавала не нацыяналістычная, а нацыянал-фашысцкая арганізацыя, якая імкнулася далучыць Беларусь да капіталістычнай Польшчы. Я слухаў і не верыў. Хіба ж мог Чарот, які ваяваў з пілсудчыкамі ў грамадзянскую вайну, Чарот — кандыдат у члены ЦК, член урада, першы рэвалюцыйны паэт, не толькі сказаць, а падумаць такое? Я запярэчыў Даўгаленку: «Ён п’яны або звар’яцелы» — і зарабіў за гэта па карку гумоваю палкаю, закручанаю ў «Правду». Ад болю нема завыў, а ён яшчэ абурыўся: «Бач, які далікатны. Газеткаю нельга дакрануцца».
Амаль за год допытаў і бадзяння па розных камерах я добра вывучыў прымітыўныя метады следчых — катаў з неабмежаванаю ўладаю. Ім патрэбны былі толькі хлусня, паклёпы, самаабгаворы. Подпісы пад пратаколамі яны вырывалі здзекамі, інсцэніраванымі расстрэламі, пагрозамі знішчыць сям’ю і ўсю радню, і дамагаліся, і здзяйснялі свае пагрозы. Яны патрабавалі прызнанняў у тым, што нават і не снілася ў самым кашмарным сне.
Перад гэтаю д’ябальскаю машынаю фальсіфікацый, падробак, фізічных і маральных здзекаў не мог устояць не толькі кволы і далікатны Зарэцкі, ламаліся загартаваныя старыя бальшавікі, а яны ж прайшлі допыты царскіх жандараў, катаржныя цэнтралы, зведалі пешыя этапы. Тады нічога не прызналі, бо іх дапытвалі ідэйныя ворагі, а тут член партыі малодшы лейтэнант камуніста з 1905 года, старшыню рэспубліканскага таварыства МОПРа (Міжнароднай арганізацыі дапамогі рэвалюцыянерам), старога, усімі паважанага Серпеня прымусіў падпісваць неверагодныя фальшыўкі, даводзячы, што гэта патрэбна партыі, неабходна для сацыялізму. Калі арыштаваны ўпінаўся, следчы ставіў ножкі крэсла на пальцы ног няшчаснага, гоцаўся на крэсле, пакуль у таго чаравікі не заплывуць крывёю. Серпень стагнаў і плакаў, звяртаўся да сумлення маладога чалавека і тут жа курчыўся ад удару пад дых. Даведзены да адчаю, падпісваў, што ён польскі шпіён і член міфічнай тэрарыстычнай арганізацыі. А шпіянаж і тэрор забяспечвалі толькі «вышку».
Я сустрэўся з Серпенем у «камеры старых бальшавікоў». Іх было чацвёра з дарэвалюцыйным стажам, і яшчэ да нас укінулі ружовашчокага дзевятнаццацігадовага Альфрэда Бенэка, сына былога наркама земляробства. Ён і многія сотні сыноў і дачок «ворагаў народа» былі пацверджаннем формулы Сталіна: «Сын за отца не отвечает». Маці Альфрэда пасадзілі, а дзесяцігадовага брата пад іншым прозвішчам здалі ў дзіцячы дом.
Суседняя камера была таксама камуністычнай. Там сядзелі пераважна камандзіры Чырвонай Арміі, падчыстую падабраныя летам 1937 года. З вучэбных палігонаў, з летніх лагераў, з пагранічных застаў везлі і везлі ў турму і «амерыканку» камкораў, камдываў, палкоўнікаў і маёраў. На выцвілых гімнасцёрках цямнелі сляды многіх баявых ордэнаў з часоў грамадзянскай вайны. Былі лётчыкі і танкісты, артылерысты і сапёры, кавалерысты і пагранічнікі, пераважна немаладыя, загартаваныя ў баях камандзіры. Траплялася і моладзь. Сядзелі са мною ў агульнай камеры «амерыканкі» лейтэнанты з віцебскага авіяцыйнага палка. Спачатку яны жартавалі і лічылі сваё становішча недарэчнасцю, відавочнай памылкай. Канвеер перамалоў і іх: Краўцоў звар’яцеў у камеры, Філатава і Сударыкава выклікалі ў трыбунал, і яны не вярнуліся.
Аднойчы ноччу з суседняй камеры пастукаў былы палкоўнік: «Даведзены да адчаю. Прашу дазволу сёння ж вырашыць свой лёс…» Партгрупа нашай камеры параілася, асудзіла маладушша таварыша і забараніла нават думаць пра самагубства. Запэўніла, што ўсё высветліцца, партыя выкрые злачынствы і пакарае вінаватых. Палкоўнік адказаў: «Повинуюсь», — і пайшоў на доўгія пакуты. А Серпеня два здаравенных вывадных павалаклі на чарговы страшэнны допыт.
Мяне неўзабаве зноў перакінулі ў «амерыканку», каб зручней было цягаць на допыты. Агульная камера для многіх была сапраўдным універсітэтам. Дацэнт Магілёўскага педінстытута Піпота кожны вечар чытаў лекцыі па гісторыі Расіі. Мы ж яе не вывучалі ні ў школе, ні ў інстытуце, і кожны эпізод, маляўніча расказаны Кліментам Пракопавічам, быў для нас адкрыццём. Перад адбоем Піпота развучваў з намі шчымлівыя і жартоўныя ўкраінскія песні. Мы ў яго куточку ціха-ціха спявалі, часам глытаючы слёзы. Пра асваенне Поўначы расказваў вопытны палярнік Язэп Іванавіч Сцяпура, невысокі ладны мужчына з каштанаваю бародкаю і хвалістымі доўгімі валасамі. Ён насіў цяльняшку і флоцкі бушлат. Сцяпура быў арыштант з вялікім дарэвалюцыйным стажам і трымаўся ўпэўнена і спакойна. Прывезлі яго з Ленінграда, бо назваў яго сваім даўнім знаёмым з дарэвалюцыйнай пары Анатоль Зіміёнка, арыштаваны па справе Клімянка і прызначаны следствам ідэйным кіраўніком «трацкісцкай» групы. Некалі Сцяпура і Зіміёнка спачувалі эсэрам. Калі гэта было, яны ўжо не помнілі самі, а для следчых яны былі знаходкаю, як натхніцелі і кіраўнікі контррэвалюцыйнай групы.
Укінулі ў камеру высокага і мажнога прыгажуна з чорнаю чупрынаю, былога старшыню Лепельскага райвыканкама Язэпа Сямашку. Яго судзілі з раённым кіраўніцтвам, далі ўсяго год і прыслалі на гаспадарчы двор мінскай турмы. Там ён падмятаў прагулачныя загоны, разносіў баланду, ды раптам забралі пад следства ў «амерыканку». Ён грукаў у дзверы, патрабаваў каменданта, але ніхто не зважаў на яго пратэсты. Сямашка абвясціў галадоўку. Апрача вады, нічога не браў у рот. Турэмны доктар, плюгавы чалавечак з сінім носам і мышынымі вочкамі за шкельцамі пенснэ, гразіў, што будзе карміць штучна праз гумовую кішку. Сямашка казаў: «Калі ўдасца» — і паказваў вялізны кулак.
На дзесяты дзень галадоўкі па яго прыйшлі два вывадных і забралі на допыт. Хацелі ўзяць пад пахі, але Сямашка так крутануўся, што яны адскочылі ў розныя бакі. Яму прад’явілі абвінавачанне ў шкодніцтве і ашуканстве суда і ўзялі на канвеер. Лёс яго, відаць, закончыўся трагічна, бо нідзе ніхто яго не сустракаў, а мяне 2 кастрычніка 1937 года павезлі на суд у былую гарадскую ратушу на плошчы Волі, пад белаю вежаю з гадзіннікам.
Судзілі нас, васьмярых былых студэнтаў газетна-выдавецкага аддзялення літфака педінстытута. Дзевяты, ціхі, таленавіты і кволы Янка Валасевіч, не вытрымаў здзекаў і сканаў пад следствам. Дзеля саліднасці нам далі ў «кіраўнікі» вядомага драматурга Васіля Шашалевіча. Апрача мяне і яго колішняй вучаніцы Жэні Каплуновай, ніхто з абвінавачаных з ім ніколі не сустракаўся, і пра іх існаванне Васіль Антонавіч нічога не чуў.
За судовым сталом — дробненькі чарнявы старшыня з невыразным тварам, Васіль Сымонавіч Карпік, і дзве бязмоўныя постаці засядацеляў. Сапраўды, яны добра сядзелі і маўчалі. Збоку сакратар, а за асобным столікам каля акна ў цывільным — следчы Наркамата ўнутраных спраў. Карпік прамармытаў «Абвінаваўчае заключэнне», якое магло быць перадавіцай раённай газеты аб класавай барацьбе і пільнасці. У канцы паведаміў: «Вещественных доказательств и свидетельских показаний по делу нет. Дело слушается в закрытом судебном заседании без участия сторон». Не падымаючы вачэй, суддзя пытае ў кожнага: «Признаете себя виновным в предъявленном обвинении?» Адказ катэгарычны: «Не». Спрабуем растлумачыць, як выбіваліся подпісы ў пратаколах. «Суду ясно. Садитесь! Вы клевещете на советское следствие. Секретарь, занесите в протокол». I такая размова з кожным. Засядацелі нерухома маўчаць, а следчы пагрозліва круціць галавою. «Суд удаляется на совещание».
Канваіры тэрміновай службы ўнутраных войск, пераважна ўкраінскія хлопцы, суцяшаюць заплаканую Жэню: «Та нэ плачтэ. За що вас судыты? Зараз підэтэ додому». Хлопцы парушаюць статут канвойнай службы, бо ў пакоі больш нікога няма, і супакойваюць нас. Выцягваем з кішэняў недаедзеныя пайкі, запыленыя драбочкі цукру, дзелімся адзін з адным і чакаем свайго лёсу. Хвілін праз дваццаць: «Встать. Суд идет!» Вось табе і «Нэ мае за що!». Сямі чалавекам па дзесяць гадоў папраўчага лагера і па пяць гадоў пазбаўлення грамадзянскіх правоў, аднаму — восем і аднаму — пяць. «Приговор окончательный и обжалованию не подлежит», — прамармытаў Карпік і, не гледзячы на нас, выскачыў з пакоя; чапляючыся за крэслы, няўклюдна пасунуліся заседачы. Мы стаялі як аглушаныя громам. За што? Навошта? Каму гэта трэба? Гэтыя пытанні мучылі ўсё жыццё і будуць мучыць да скону.
«Чорны воран» даставіў нас у гарадскую турму. Год мы не бачыліся і цяпер расказвалі, хто з кім сядзеў, чаго дамагаліся следчыя. У прахадной паміж турэмнымі варотамі чакалі, пакуль адвядуць у камеру, як маглі суцяшалі Жэню і самі верылі, што хутка разбяруцца і вызваляць. Відаць, на начную змену некага мардаваць і «расколваць» ішоў следчы Серашаў. За год ён ведаў нас усіх. Усміхнуўся і весела спытаў: «Ну, па колькі адхапілі? Лічыце, што вам пашанцавала. Сёння прыняты закон і тэрміны павялічаны да дваццаці пяці гадоў» — і павольна пайшоў да жалезнай брамкі, папраўляючы фуражку з блакітным верхам.
Можа, і праўда пашанцавала. Маглі ж і пастраляць, як Галавача, Каваля, Вольнага, Лявоннага, Харыка, Маракова, Зарэцкага, Сташэўскага, Чарота, як Зіміёнку і ўсю «групу Клімянка», як тысячы такіх жа невінаватых, сумленных пакутнікаў. Зноў у скроні стукае кроў і не даюць збыту адны і тыя ж пытанні.
У перасыльную камеру турэмнага сутарэння за некалькі дзён сагналі некалькі дзесяткаў беларускіх літаратараў, якіх мінавала «вышка». Апынуліся на адных нарах Сымон Баранавых і Барыс Мікуліч, Янка Скрыган і Міхась Багун, Уладзімір Хадыка і Васіль Шашалевіч, Сяргей Ракіта і Станіслаў Шушкевіч, Алесь Розна і Сяргей Знаёмы, Зяма Півавараў і Змітрок Астапенка, Алесь Пальчэўскі і Сымон Куніцкі, былы дырэктар Дома пісьменніка Васіль Залуцкі і начальнік Галоўліта Аляксандр Якшэвіч, яўрэйскі празаік Шыман Гарэлік, ды хіба ўсіх успомніш і пералічыш? Алесь Звонак і пасля суда мог яшчэ жартаваць. Ён лагічна даводзіў, што відавочнае глупства заўважыць разумны і сумленны чалавек і ўвесь гэты «контррэвалюцыйны» міф рассыплецца пылам. Асабліва ўзрадаваліся і акрыялі духам, калі дазналіся, што былы пракурор Глезер, які падпісваў на нас ордэры, на другім паверсе турмы сам выносіць парашу. Значыць, нешта зменіцца да лепшага. Без суцяшэння, без веры ніхто б не вытрымаў турмы і лагера. Больш за ўсё спадзяваліся на амністыю да дваццатай гадавіны Кастрычніка.
У кожнай камеры з’яўляліся перакананыя аптымісты і суцяшальнікі, «тэарэтыкі» амністыі. Да іх ішлі, як на споведзь, «аблегчыць душу», суцешыцца, паверыць у збавенне, у справядлівасць, яны нечым нагадвалі горкаўскага Луку — падтрымлівалі веру і надзею даведзеных да адчаю. Асабліва вылучаўся былы армейскі палітработнік высокага рангу Іосіф Львовіч Коўтун. Маленькі, лысы, з палаючымі чорнымі вочкамі, бледным нервовым тварам. Ён сядзеў па-турэцку на асобным тапчане, бо карыстаўся асаблівай павагай усёй камеры. Вакол яго заўсёды сядзелі даведзеныя да адчаю людзі, якія прагнулі суцяшэння, падтрымкі, веры ў блізкую волю.
Коўтун быў палымяны прамоўца і перакананы тэарэтык: ён тлумачыў масавыя арышты злачынствам шкоднікаў у следчых органах. Яны ашукваюць таварыша Сталіна і народ, падрываюць аўтарытэт партыі. Іх хутка выкрыюць, і ўсе мы пойдзем на волю, адноўленыя ў партыі і на ранейшых пасадах. Ён пераконваў, што ўжо падпісаны ўказ аб амністыі ўсіх зняволеных па палітычных справах і дваццатую гадавіну мы будзем сустракаць дома. Малапісьменныя калгаснікі на пайку выменьвалі кавалачкі паперы, і Коўтун ім пісаў поўныя патэтыкі «слязніцы» вялікаму Сталіну. У іх ён укладаў усю сваю палітычную эрудыцыю вайсковага прапагандыста і лірычны літаратурны талент. Часам пісаў так «жаласна», што, чытаючы свае скаргі, сам выціраў вочы, а «заказчыкі» шморгалі насамі і кулакамі па шчоках размазвалі слёзы. Казалі: «Гэны развярэдзіць любому душу». I спадзяваліся на добрае сэрца.
Нас усіх падтрымлівала патаемная вера, што хутка разбяруцца сумленныя людзі, як толькі даведаецца пра ўсё «вялікі і мудры бацька народаў». Бадай усе былі загіпнатызаваны гэтым страшным імем, верылі ў яго мудрасць, сумленне, дабрату. А гэтыя рысы вытраўляліся з душы кожнага чалавека, людзей ператваралі ў даносчыкаў, паклёпнікаў, ілжэсведак, садыстаў і катаў. Потым знішчалі іх як небяспечных сведак страшэнных злачынстваў. Гэтае разуменне прыйшло з вялікім спазненнем, хоць часам са страхам думалася пра гэта, але ўголас нельга было сказаць самым блізкім і сабе самому.
У камеры прасочваліся чуткі (іх звалі турэмнымі «парашамі»), што многіх нашых следчых «за адданую працу па барацьбе з ворагамі народа» ўзнагароджвалі ордэнамі, а праз некаторы час арыштоўвалі і знішчалі ў тых жа падвалах, дзе яны знішчалі нашых сяброў. Замест іх набіралі новых катаў, і машына беззаконня працавала без перабояў у зададзеным рэжыме і тэмпе. I так увесь час: адны касталомы змянялі другіх, а канвеер круціўся няспынна.
Гэтае веданне прыйшло цяпер, а тады? Тады па наіўнасці ў нешта лепшае верылі і пакорліва ішлі на пакуты. А без веры нават тыя нямногія, што вытрымалі нечалавечы здзек да канца, не дацягнулі б да вызвалення.
Не зразумела было, чаму адных расстрэльвалі, другім, такім жа невінаватым, давалі па дзесяць гадоў, іншым восем і нават пяць. Праўда, пасля другога кастрычніка тэрміны падскочылі да 25 гадоў, і тройкі ахвотна выконвалі новы ўказ. У іх быў адзін прынцып: лепш пакараць сто невінаватых, чым выпусціць аднаго вінаватага, лепш перагнуць, чым недагнуць, лепш больш, чым менш. Гэтым і кіраваліся.
Седзячы ў цесным, душным, смуродным сутарэнні «роднай» мінскай турмы, мы толькі і марылі, як найхутчэй вырвацца з-за кратаў на свежае паветра, з клапоўніка ў любы барак без «парашы», без пільнага вока ў «ваўчку», каб можна было паслаць дадому ліст, адправіць скаргі і «слязніцы» ўсемагутным і «любімым» кіраўнікам.
Нарэшце халодным кастрычніцкім надвячоркам пачулі чаканую каманду: «Усім сабрацца з рэчамі». Як мы хваляваліся, як радаваліся, як спяшаліся скласці свае транты ў заплечныя мяшкі, як марылі хутчэй трапіць у лагер, хоць і не ўяўлялі, што гэта такое.
Любая змена ў турэмным існаванні хвалюе і абнадзейвае зменаю абставін, спадзяваннем на нешта лепшае. Калі загадалі збірацца, значыць, некуды паедзем. Хоць да д’ябла, абы вырвацца з гэтай агіднай смуроднай душагубкі з бясконцымі вобыскамі і карцэрамі за знойдзеную іголку, кавалачак грыфеля ад алоўка, за шахматныя фігуркі, па-майстэрску зробленыя ў складчыну з хлеба. Спадзяваліся — адразу павязуць у лагер, на чыстае паветра, а там можна будзе прычакаць пасылку з сухарамі, а можа, і кавалачак сальца. За год мы так агаладалі, што вецер хістаў і збіваў з ног, а мара была адна — хоць раз пад’есці хлеба.
Усе з заплечнымі мяшкамі пастроіліся ў калідоры ў дзве шарэнгі. Зноў пераклічка, зноў адно і тое ж: прозвішча, імя, па бацьку, год нараджэння, артыкул, тэрмін. Турэмшчык перадаў нашы фармуляры начальніку канвою, нас акружылі салдаты з вінтоўкамі і аўчаркамі з вываленымі чырвонымі языкамі і вялізнымі вострымі ікламі і павялі за вароты турмы. Мы прагна глыталі свежае паветра, углядаліся ў змрочнае асенняе неба, пазіралі адзін на аднаго. Пры дзённым святле былі асабліва бледныя, худыя, зарослыя дзікаю шчэццю знаёмыя твары. Чаравікі пассыхаліся і пабялелі, адзежа звалялася і выцвіла. Зірнеш — сапраўды, ідуць людзі з «дна». Вылучаліся толькі Уладзімір Хадыка ў шэрым капелюшы і добрым драпавым паліце, Барыс Мікуліч у рудаватай футравай куртцы, добра апрануты Сымон Баранавых і заўсёды элегантны Васіль Шашалевіч. На ім самы просты касцюм выглядаў прыгожа, ён умеў насіць рэчы з уласцівым яму артыстызмам.
Павялі нас па вуліцы Валадарскага, праз Савецкую ў бок вакзала. На тратуарах спыняліся маўклівыя змрочныя людзі. Адны пазіралі спагадліва, магчыма, шукалі родных ці знаёмых, некаторыя паказвалі сваю пагарду і нянавісць да «ворагаў народа». З надзеяю і мы глядзелі на шчаслівых вольных людзей, спадзеючыся ўбачыць хоць адно знаёмае аблічча. Як мы зайздросцілі кожнаму па той бок канвою, іх шчасцю быць вольнымі. Глядзелі і думалі, як яшчэ шмат засталося неарыштаваных. У бальніцы здаецца, што ўсе хварэюць, на вакзале — усе некуды едуць, у турме — нікога не засталося на волі. А тыя, што глядзяць на нас, і не ўяўляюць, колькі людзей пакутуе за кратамі, і не павераць, што без жаднай віны.