Вось Міхайлаў і адважыўся прыйсці да начальства. З пабітым рабаціннем тварам, надзьмуты, як гладышка, малодшы лейтэнант глядзеў трахомнымі вачыма на колішняга палкоўніка ветэрынарнай службы зэка Міхайлава:
— Ну, чаго табе?
— Грамадзянін начальнік, я хоць і ветэрынарны ўрач, але асновы анатоміі і фізіялогіі ведаю дасканала і мушу сказаць, што вы дарэмна заганяеце ў ізалятар людзей, якія слепнуць на змярканні. Яны сапраўды не бачаць.
— А ты адкуль ведаеш? Заступнік мне знайшоўся сімулянтаў і контрыкаў!
— Я вам хачу вярнуць паўнацэнных работнікаў. У іх так званая курыная слепата. У арганізме адсутнічае вітамін «Д» і іншыя неабходныя кампаненты. Яны ёсць у сырой пячонцы і рыбным тлушчы. Паспрабуйце даць ім трохі пячонкі, і ўсе стануць відушчымі.
Начальнік задумаўся.
— Калі праўду кажаш, расканваірую, і пойдзеш рабіць на конбазу конскім доктарам, ашукаеш, згнаю ў ізалятары. Так што выбірай. Тлушчу і нашым дзецям няма. А дзе ўзяць пячонку?
— На конбазе. Там выбракаваных коней раздзелваюць нам у кацёл, а ўвесь лівер выкідваюць сабакам. А гэта ж ратунак для няшчасных людзей.
Нарэшце ўгаварыў Міхайлаў начальніка. Праз тыдзень ужо ніхто не хадзіў па зоне вобмацкам.
Неўзабаве Міхайлаў пайшоў ветэрынарыць на конбазу, яго брыгаду перадалі майму напарніку Валодзю Мяжэвічу. Яго журналісцкая хватка засвойваць усё на ляту, уменне давесці сваю правату, непаспешлівая разважлівасць ратавалі яго ў самых складаных варунках. Ён выгаварыў у начальніка права скамплектаваць брыгаду па-свойму і прапанаваў новы метад працы — канвеерны. Дайшоў, як кажуць, сваім розумам да таго, што цяпер шырока вядома як брыгадны падрад.
Мяжэвіч узяў у сваю брыгаду Грыцка і Амельку Смыкоў, нізкарослых, дужых і паслухмяных братоў з Чарнігаўшчыны, выдатных вальшчыкаў з пня. Яны клалі любую дзеравіну дакладна туды, куды трэба: крыж-накрыж, хлыст на хлыст, каб зручна было, не згінаючыся, пілаваць. За вальшчыкамі ішлі сучкарубы і раскражоўшчыкі, я быў адзіны кольшчык на ўсю брыгаду. Калуном і канадскім тапаром, як арэхі, лузаў свежыя бярозавыя чуркі і сукаватыя яловыя камлі. Брыгада працавала весела і дружна на агульны кацёл, стараліся адзін аднаму памагчы: перад адбоем усе разам складалі дровы ў паленніцы, і не верылася, што столькі напілавалі за дзень, скочвалі ў штабялі дзелавы лес і, пільна азіраючыся, хавалі канцы туфты. Выпрацоўка ішла на ўсіх пароўну. Вылучалі толькі Смыкоў, — ім заўсёды быў забяспечаны трэці кацёл. Часам усёй брыгадзе выводзілі «стаханаўскія». Гэта ўжо было свята: брыгаду саджалі на сцэне за доўгі стол, неслі поўныя міскі баланды і кашы, а на «прэмблюда» маленькія, як царкоўныя просвіркі, булачкі. Глядзіш на яе і не ведаеш, есці ці толькі нюхаць. Пах нагадваў волю, тую пару, калі можна было купіць пульхную сітніцу, батон, сайку ці свежую французскую булку. Я непрыкметна хаваю сваё «прэмблюда» ў кішэню, бо сорамна кусаць, калі на цябе прагна глядзіць столькі галодных вачэй. Булачкі выпадалі рэдка, і мы ведалі, што гэта заслуга вынаходлівасці нашага брыгадзіра — вялікага майстра складаць рапарцічкі і выводзіць працэнты за нарэзаныя і туфтовыя кубікі, а часам за «кантоўку дня ля пня».
У канцы мая ўдарыла пякельная спёка. На сінім да бляску небе — ні воблачка, ні хмурынкі. Сонца ў зіхоткім німбе пералівалася растопленым металам, сляпіла вочы і смаліла бязлітасна. Звяла бярозавае лісце, і пахла лазняю. Ігліца, сухі мох, дробнае сучча трашчалі пад нагамі, як порах. Высахлі ўсе копанкі і лужыны, а мы прэлі ў абшарпаных, з клоччам чорнага пакулля ватніках. Забаранілі паліць лаўжы, бо на паўночных лагпунктах тыднямі гарэлі лесасклады, пажар дабіраўся да зоны, гарэў лес, гарачы вецер даносіў да нас пах дыму і гары. Лесарубы млелі ад гарачыні і смагі. Пад вываратамі знаходзілі зялёныя ад жабурыння, поўныя юркіх апалонікаў лужыны, прыпадалі да іх і праз анучачку смакталі слізкую і горкую каламуць. З высахлых балацін накінулася на нас плойма крыважэрнай заедзі — вялізныя, як чмялі, авадні ссякалі да белых пухіроў, сляпні прыліпалі да змакрэлага цела, лезлі ў рот, у вочы і вушы, звінелі і гайдаліся хмараю вакол галавы камары. Ледзьве адкараскаліся ад паразітаў у рубцах кашуль, як напала гэтая лютая погань. Коні не маглі адбіцца ад заедзі, раўлі і падалі ў аглоблях. Міхайлаў іх мазаў дзёгцем і крэазотам, але і гэта слаба памагала.
У спёку саслабелыя трацілі прытомнасць. Падала выпрацоўка, не памагалі штрафныя пайкі і кандзей, расла туфта, каб пратрымацца хоць бы на шасцісотцы. Задумалася і начальства. Раптам у нядзелю абвясцілі выхадны. О, радасць! А мы ўжо забылі, калі ён быў. Усе ўзяліся латацца, абшывацца, галіцца, падстрыгацца. У каго што збераглося з дому, апрануліся ў «вольныя» штаны і кашулі, каб хоць у выхадны не парыцца ў пашарпаных ватніках. Летняга адзення ў лагеры не было, таму і летам хадзілі ў зімовых неданосках.
Арыштанты ў сваёй адзежы ўстрывожылі камандзіра ўзвода аховы: гэта ж магчымыя ўцекачы. Надвячоркам у зону ўвайшло чалавек пятнаццаць стралкоў, і пачаўся павальны «шмон» — забіралі нялагерную вопратку, з мяшкоў і фанерных чамаданчыкаў вытрасалі фотакарткі і лісты з дому, забіралі іх на «праверку», хоць і прайшлі яны самую пільную цэнзуру. Так нічога і не вярнулі. Завідна пагналі на вячэру і да заходу сонца празванілі адбой. Нарадчык і дзяжурныя ўсіх заганялі спаць, — пад’ём будзе ў гадзіну ночы, снеданне і развод. Працаваць будзем да дзвюх гадзін дня, пакуль не ўдарыць спёка.
Але дзе ты заснеш, калі яшчэ смаліць сонца, а ў палатцы ад гарачыні няма чым дыхаць. Усе абліваюцца потам, варочаюцца, кідаюцца і лаюцца ад злосці. А тут яшчэ развялася плойма клапоў, імі забіты ўсе шчыліны ў нарах, яны, як дождж, сыплюцца з апалубкі і дасмоктваюць рэшткі арыштанцкай крыві. Вошы, гніды і клапы неадступныя спадарожнікі арыштантаў на ўсіх этапах, у турмах, перасылках і бараках. Сякуць яны нас і ў палатцы.
Ні матрацаў, ні падушак, ні коўдраў нам так і не далі — курчымся на нарах, падаслаўшы знятыя з сябе транты. У такую пару сон не бярэ, і чакаем брыгадзіра з нарады. Ён прыйшоў змрочны, шэптам расказаў, якую накачку даваў начальнік дзесятнікам і брыгадзірам: за невыкананне нормы — з вахты ўсю брыгаду ў кандзей, пазбаўляецца пасылак і перапіскі кожны «сабатажнік», а камандзір узвода папярэдзіў, калі з брыгады хто ўцячэ, адказвае ўся брыгада — пераводзіцца ў рэжымны барак пад замком. Правёў інструктаж і «кум» — упаўнаважаны оперчэкісцкага аддзела. Яму вядома, што ёсць незадаволеныя лагерным рэжымам, а лагер савецкі, значыць, незадаволены яны савецкай уладай, ёсць зацятыя ворагі, што і тут вядуць контррэвалюцыйную агітацыю. Брыгадзіры абавязаны выяўляць іх і паведамляць пра іх «дзейнасць» упаўнаважанаму.
Валодзя Мяжэвіч зусім абмяк: «Наліха мне гэтае брыгадзірства. Хочуць усіх брыгадзіраў зрабіць стукачамі. А нехта ж даносіць «куму» за лішнюю міску баланды, так што не распускайце языкі, а то ўлепяць новую дзесятку або і пад «вышку» падвядуць. А цяпер спаць — у гадзіну пад’ём».
Які там быў сон? Ночы амаль белыя, клапы сякуць як нанятыя, заплюшчышся, а думкі круцяцца, як каляровая карусель: вярзецца воля ў маім кароткім жыцці, першая завейная зіма, калі мы з Валодзем плакалі каля датлелага вогнішча, думалася, як будзем валіць і пілаваць ноччу. Толькі праваліўся ў сон, нешта нетутэйшае саснілася, а ўжо «бом!», «бом!», «бом!» — звоняць як на пажар, і ўжо чуваць з суседняй палаткі: «П-а-ад’ё-ё-м! Давай! Давай! Варушыся! Вылятай без апошняга!» А што гэта значыць, мы добра засвоілі. Але ў цяжкім сне ніяк не ўцямлю, ява гэта ці трызня, саджуся і кулакамі тру яшчэ заплюшчаныя вочы.
Ночы былі парныя, пранізаныя свербам камарынага звону. Прачыналіся потныя і ачмурэлыя, нылі бакі і спіна, здранцвела шыя ад ляжання на бярозавай плашцы або на торбе, напакаванай каравымі парцянкамі і арыштанцкімі трантамі, бо ў лагеры кожная анучачка, вяровачка, нітка і латка, гузік, бляшанка — неабходная каштоўнасць, тваё адзінае багацце. З нараў усе злазяць у сподняй бялізне, ды і бялізнай яе нельга назваць — белаю яна была ў першы дзень лагернага існавання, потым брудна-шэрая, у плямах салёнага поту і запечанай крыві ад драпін і ўкусаў заедзі. Спешна абуваем лапці, сонныя ідзём у сталоўку, сёрбаем трасковую поліўку — і перад вахтай пастроілася доўгая калона ў сподніках, нават вахцёраў разбірае смех. З піламі і тапарамі на плячах месім пульхны пыл да самай лесасекі. Камары над намі гайдаюцца хмараю, сякуць рукі і твар, лезуць у нос і вушы, дыхнеш — залятаюць у рот. На дзялянцы іх яшчэ больш. Ноччу не так даймае спёка, але бязлітасна лютуюць камары, і ў прыцемках з непрывычкі марудна пачынаецца работа. «Давай! Давай! Варушыся! Хопіць раскачвацца!» — гукаюць дзесятнікі і майстры лесу.
I заварушыліся: сярод кустоў і падлеску сланяюцца белыя цені. Нашай вопраткай асабліва былі задаволены стралкі — калі хто адважыцца ўцякаць, убачыш за вярсту і ўжо не прамахнешся па такой мішэні. За тыдзень уцягнуліся ўставаць апоўначы, прылаўчыліся ў змроку валіць лес. У гадзіну дня, абліваючыся потам, з засмяглымі вуснамі, ссечаныя аваднямі, канчалі работу, цягнуліся на вахту ў ачапленні, чакалі, пакуль усіх палічаць, здымуць канвой і павядуць у зону. Пасёрбаўшы баланды, засыналі трывожным сном у душнай палатцы.
Наша брыгада была як адна сям’я, большасць нас былі знаёмыя па волі, па агульных камерах і этапах, былыя журналісты, маладыя філолагі, улюблёныя ў літаратуру і паэзію, за гэтую любоў, ахрышчаную следчымі «контррэвалюцыйным нацыяналізмам», нас «перавыхоўвалі» на лесапавале, у халодных і душных палатках і кандзеях. Бяда зблізіла і з’яднала нас. Усе, не ўтойваючы нічога, апошнім дзяліліся з сябрамі, дапамагалі чым толькі маглі. Калі я не паспяваў перакалоць усе сукаватыя чурбакі і кручаныя камлі, кідаліся на падмогу ўсе астатнія. Выгнаны з санчасці «по статейному признаку» Алесь Пальчэўскі стаў добрым пілаправам і раскражоўшчыкам. Быў у нашай брыгадзе таленавіцейшы журналіст Юрка Такарчук. У дзевятнаццаць гадоў ужо — карэспандэнт «Комсомольской правды», потым узначаліў аддзел у «Звяздзе», перад самым арыштам працаваў галоўным рэдактарам грамадска-палітычнага вяшчання радыёкамітэта. Ён быў маім начальнікам і добрым таварышам. Здзіўляў Юрка талентам, аператыўнасцю, вобразнасцю і дакладнасцю фармулёвак. Ён адказныя артыкулы адразу дыктаваў машыністцы, і яны былі ўзорам глыбіні думкі і дакладнасці стылю, і сам ён быў дакладны ва ўсім і прыгожы: высокі і статны, бровы, як ластаўчыны крылы, сыходзіліся над яснымі шэрымі вачыма. Ён апранаўся ў бездакорныя светлыя касцюмы, насіў да хрусту накрухмаленыя каўнерыкі і яскравыя гальштукі, нечым нагадваў партрэты Джэка Лондана.
На дзялянцы Юрка, як і ўсе, хадзіў у закарэлых ад смалы сподніках і лазовых лапцях, волю нагадвала толькі прысланая яго Броняю прыгожая, як казалі, «горкаўская» цюбецейка. Яго эрудыцыя, энцыклапедычная дасведчанасць і дасціпнасць зачароўвалі ўсіх у камеры, у палатцы і на лесасецы. Нават блацякі пачціва звалі яго Юры Кліменцьевіч. А яго крыжавы шлях закончыўся трагічна і страшна, але пра гэта трохі пазней.
Быў у нашай брыгадзе мой незабыўны друг з піянерскіх гадоў, таленавіты паэт і перакладчык вершаў Міцкевіча і Генрыха Гейнэ — Алесь Розна. Разгублены, наіўны, несабраны, захоплены не бытавымі дробязямі, а нейкімі сваімі ўзвышанымі марамі. Ён мог забыць каля ўмывальніка адзіную кашулю, уціральнік, у сталоўцы — недаедзеную пайку. Я яго апекаваў, як малое дзіця. Мы з ім побач спалі, елі з аднаго кацялка, дзяліліся апошнім сухаром, падсоўваючы адзін аднаму большы кавалак. У 1927 годзе мы разам друкавалі свае вучнёўскія вершыкі ў часопісе «Беларускі піянер». Праз рэдакцыю пачалі перапісвацца. Ён жыў на ўскраіне Мінска, цяпер гэта цэнтр і тэрыторыя завода імя Кірава. Алесь рана пачаў друкавацца ў «Савецкай Беларусі», «Чырвонай змене», «Полымі», прысылаў мне свежыя выданні, пісаў пра паэтаў, якіх я і не чуў, я яму з свайго глухога Глуска слаў наіўныя лісты і слабенькія вершыкі. Потым мы разам вучыліся ў інстытуце, працавалі ў «Чырвонай змене», сустракаліся бадай кожны дзень. Следчы нашы сустрэчы лічыў «контррэвалюцыйнымі зборышчамі», злыгаў у адну «нацыянал-фашысцкую арганізацыю», засудзіў нас адзін і той жа Карпік, даў па дзесяць гадоў і пяць пазбаўлення правоў. Лёс нас вёў доўгімі этапамі на нары ў палатцы на шостым лагпункце і ў адну канвеерную брыгаду.
Алесь Розна трагічна загінуў лютаю зімою 1942 года. Хворы на запаленне лёгкіх, ён упарта ішоў у лес, зняможаны лажыўся на сучча на снезе, пакуль зусім не страціў прытомнасць. Яго смерць была наўмысным самагубствам. Ён загінуў таму, што нас разлучылі. Я б яго ўбярог для жыцця і літаратуры. У акупіраваным Мінску фашысты знішчылі ў гета яго маці, сястру і двух братоў. Я і цяпер бядую па Алесю, як па самым дарагім і родным чалавеку.
У тое спякотнае лета, трохі акрыялыя пасля турэмнага голаду і нерухомасці, мы спадзяваліся на перагляд нашых выдуманых спраў, у вольныя хвіліны пісалі скаргі дабрэйшаму Усесаюзнаму старасту Міхаілу Іванавічу Калініну і Молатаву, наіўна верачы ў справядлівасць і выратаванне. Дзівакі! Мы ж і не ўяўлялі, што яны не маглі выбавіць з лагераў сваіх жонак, а старшыня Саўнаркома падпісваў даўжэзныя спісы сваіх былых паплечнікаў і сяброў да пакарання смерцю.
Розна сярод нас быў самы большы аптыміст. Ён лагічна даводзіў абсурднасць усіх абвінавачванняў, верыў, што варта толькі цвярозым і разважлівым людзям пагартаць нашы «справы» і ўбачыць фантастычную бязглуздзіцу малапісьменных пратаколаў. Алесь на допытах «раскалоўся» і назваў завербаваных ім Памялоўскага, Ляскова, Паляжаева. Следчы ўзрадаваўся, далажыў начальству, а потым збіў Алеся на горкі яблык. Мы жылі ў тое лета спадзяваннямі, а нашы скаргі добра гарэлі ў грубках упраўлення Унжлага.
Тыдні за два ўцягнуліся ў начныя пад’ёмы і работу ў поцемках. Усё больш і больш мучыла смага: усе лужыны высахлі і пакрыліся парэпанаю граззю, пакінулі апалонікі і жабы. Ад прывезенай бочкі вады кожнаму даставалася два-тры глыткі, а сонца смаліла бязлітасна, пад нагамі трашчала ламачча і перацёртая на порах ігліца, пачарнеў і паскручваўся чарнічнік, бярозы шамацелі, як сухія венікі. На небе — ні воблачка, ні хмурынкі, паветра гайдаецца, як растопленае шкло. Ужо і пацець няма чым. Задубелыя і прасоленыя кашулі аж рыпяць на ссечаных заеддзю спінах. Але нікуды не дзенешся — трэба пілаваць, калоць, складаць паленніцы.
I раптам зашапацеў ветрык, загайдаліся падсохлыя верхавіны, нечаканы павеў асвяжыў абсмаленыя спёкаю шчокі і чорныя, як галавешкі, рукі. Мы зашэрхлымі губамі прагна лавілі свежае паветра. Вецер мацнеў і мацнеў. Загайдаліся, сагнуліся танчэйшыя бярозы, як мяцеліца, паляцела сухое лісце і сучча, сонца паблякла і зацягнулася пылам. Пушча гула і стагнала ад ураганнага ветру. Дзесятнікі бегалі і загадвалі спыніць павал, бо ледзьве падпілаваныя дрэвы валіў вецер і шпурляў, куды яму хацелася. Над вершалінамі дрэў стала цёмна-шызая з малінавымі падпалінамі хмара. Яна імкліва папаўзла вышэй і вышэй і засланіла сонца. Трашчалі і падалі сухія дрэвы, вецер выварочваў з карэннем елкі і старыя хвоі. На трасе загайдаліся вышкі, з іх пазлазілі стралкі. З вахты праз свіст ветру і шум буралому даносіліся ўдары ў рэйку: «Выходзь строіцца!» Мы пакідалі недакладзеныя паленніцы, хапалі інструмент і, згінаючыся, беглі на вахту.
Неба рассекла сіняя пакручастая маланка, ударыў і пакаціўся гром. Нам насустрач з гулам і плёскатам ішла сцяна густога дажджу. Буйныя кроплі астудзілі твар і распаранае цела. Брудная бялізна папрыліпала да спіны і ног. Ад кожнага руху папрэлыя за лета кашулі лопаліся і звісалі з плячэй матузамі, а дождж з ветрам хвастаў і збіваў з ног саслабелых. Ісці было страшна, бо то спераду, то побач падалі вывернутыя з карэннем дрэвы. На вахце, дрыжучы ад ветру і халоднага дажджу, туліліся адна да аднае мокрыя белыя здані. Цяпер яны былі шэрыя ад гразі і дажджу.
Нарэшце начальнік канвою пералічыў пагалоўе і падаў сігнал стралкам здымацца з трасы. Пакуль яны ішлі, мы скавыталі на вахце, прысядаючы ад маланкі і грому. А да зоны сем кіламетраў. Паперадзе цягнуўся даўжэзны абоз возчыкаў і ператварыў дарогу ў ліпкі жужаль. Па ім па калені ў гразі з голымі спінамі ў ашмётках рыззя хлюпалі лесарубы. Ішлі праз колішнія дзялянкі. На іх там-сям тырчалі семеннікі — самыя спелыя бярозы і хвоі. Яны згіналіся да зямлі і перакрыжоўвалі нам дарогу. На шчасце, нікога не прыбілі, мабыць, мелі літасць да арыштантаў. Да зоны цягнуліся доўга пад крыкі: «Давай! Давай! Варушыся, маць-перамаць». Усё засцілала заслона буйнога і хлёсткага дажджу. Сківіцы ляскалі, цела пакрылася пупышкамі, як гусіная скура. Кожны марыў — хутчэй хоць пад мокры дах палаткі, да жалезнай печкі, — але дзе там! Стой, калаціся перад варотамі, пакуль усіх не палічаць і не адзначаць на доўгай фанерцы.