На душы трывожна, але загад ёсць загад. Спадзяюся на зямляцтва і прыязнасць Бойкі. Хоць і без белага сцяга, пайшоў выконваць волю начальства. Па прыступках ішоў павольна, ліха яго ведае, як сустрэнуць, скажуць «ссучыўся, прадаўся начальству і нас прадаеш». Самойлаў іх ужо раззлаваў, цяпер яны насцярожаныя і зацятыя. Што з таго, што некалі разам «травілі баланду», што слухалі мае пабасёнкі. Яны, відаць, надумалі паставіць на сваім, заваяваць сабе выключнае права сядзець у бараку; калі возьме іх верх, «кантоўка» забяспечана; патузаюцца, патузаюцца і адступяцца. Бывалі часам у лагеры такія «арыстакраты», блатная эліта.
У пустым бараку на верхніх нарах расцягнуўся на стракатай коўдры прыгажун усходняга тыпу Плужнікаў, побач, па-турэцку падкурчыўшы ногі, сядзіць трошкі кульгавы Нефць-Маслаў, унізе — Электрычны і мой рэчыцкі землячок Коля Бойка. На прывітанне не надта ласкава адказалі: «А ты чаго прываліў? Да гэтых сук у легашы наняўся?» — «Што вы, хлопцы, я-а…» — «Ты ж каля іх кантуешся. У артысты пагарэлага тэатра падаўся. Давай чашы, а мы тут самі разбярэмся. Скажы, няхай лепей не лезуць, пакуль галовы цэлыя. У кандзей ім нас не загнаць».
Я ўгаворваў скласці зброю, і ніхто іх не кране, пакантуюцца каля шпаларэзкі, і ўсё. Караблёў з Русаковым далі чэснае слова. Я прысеў каля Бойкі і пачаў угаворваць, што ў ваенныя часы бунтаваць небяспечна. «А ідзі ты са сваімі ўгаворамі і скажы недасечанаму Ваўку, хай і сцежку сюды забудзе, бо галаву адцяпаем і начальнічку на сподачку прынясем. А нам што, пакантуемся ў цэнтральным ізалятары, новы чырвонец павесяць «с поглощением неотбытого срока». У мяне гэтых чырвонцаў на ўсю брыгаду хопіць…»
Пакуль я ўгаворваў, на ганку пачуўся тупат — не хапіла ў начальнікаў вытрымкі. «Ану, рві когці!» — паспеў мне крыкнуць Бойка. Я адскочыў на другі бок праходу. Хлопцы наструніліся, засунулі рукі пад коўдры. Першы ўскочыў Караблёў: «Ану, духарыкі, маць вашу ёдам мазаную, вылятай без апошняга!» — і падскочыў да нараў. Плужнікаў выхапіў з-пад коўдры жалезную вось, яе канец прасвістаў каля самага вуха Караблёва. Ён хіснуўся і прысеў да падлогі. Нефць-Маслаў і Электрычны выхапілі блішчастыя фінкі. Сасмыкнуўшы кашулю, з фінкай у зубах, ускочыў на верхнія нары Бойка.
Начальнікі пераканаліся, што голымі рукамі іх не возьмеш. Заікаючыся, пагражаў і люта мацюкаўся Самойлаў. Ён, як певень, падскокваў, замахваўся дрынам і адлятаў назад. Плужнікаў стаяў паміж нарамі і спрытна адмахваўся цяжкай воссю. Караблёў памякчэў і пачаў угаворваць скласці жалязякі і ісці на вахту. Нефць-Маслаў паматаў закасанаю да локця рукою: «А ху не хо, гражданін начальнічак? Мантуліш, мантуліш, а пайка з камарыны хрэн. Нас прыслалі кару адбываць, мы і адбываем. Ты ведаеш, у царскіх турмах арыштанты нічога не рабілі, ім давалі два фунты хлеба і фунт мяса на дзень. А нам што? Турнэпс з атрубямі. А кубікі няхай табе даюць контрыкі і рагацікі. Карацей, канайце адсюль, пакуль без дзірак у галаве».
Плужнікаў спрытна пераскочыў праход, бліжэй да начальнікаў, і, як пікаю, замахнуўся воссю. «Кінь жалязяку! — узарваўся камандзір узвода. — Здавайцеся, духарыкі, лічу да трох», — і ён расшпіліў кабуру… «Не палохай пужаных! Схавай пукалку, начальнічак, бо адбяру, бля… буду, адбяру», — спакойна сказаў Коля Бойка. Яго рукі, грудзі і спіна былі спрэс у непрыстойных наколках, і, як у кожнага уркі: «Я помню мать свою родную». Бедная пакутніца-маці, лепш бы яна не раджала сабе, яму і людзям на пакуту гэтае няшчаснае дзіця. Не злосць, а спагада і боль за гэтыя загубленыя душы і лёсы вярэдзілі мне сэрца, і загадка, як і чаму ў наш час суцэльнай пісьменнасці, няспыннага і нястомнага «выхавання» ад дзіцячага сада да выхаваўча-працоўнага лагера, у нас столькі злачынцаў — юнакоў, падлеткаў, нават дзяўчынак з такім зламаным і горкім жыццём? Глядзеў на гэтых маладых, нечыіх сыноў, і не верылася, што гэтая сутычка праз недарэчную дробязь закончыцца так трагічна.
Русакоў падняў пісталет на плеценым раменным павадку: «Кідайце жалязякі, паразіты! Чуеце?! Р-а-а-з… д-в-а-а…» — «Хрэн з табою, страляй. Маё жыццё — капейка, а тваё рубель». Прагучаў стрэл, разышоўся дымок, а Плужнікаў як стаяў, так і стаіць. «Пукай, пукай. Што, слабо? Сам цюрагі баішся?» — зарагатаў Плужнікаў і рвануў блакітную кашулю, прытрымаўшы пад пахай вось. Трэцяя куля збіла яго з ног. Ён паляцеў у праход паміж нарамі, але зачапіўся за нешта калашыною і павіс уніз галавою. Па загарэлых грудзях і блакітнай кашулі пабегла змейка крыві і закапала на падлогу, а поўныя нянавісці, яшчэ жывыя вочы не заплюшчваліся. Аднекуль прыбег фельчар Цымбалюк, загадаў недастрэленага Плужнікава пакласці на нары. Той сіліўся нешта сказаць, але захлынаўся пеністаю крывёю. Цымбалюк туга забінтаваў яму шыю. Праз марлю праступала і распаўзалася пунсовая пляма. Астатнія «бунтары» пакідалі жалязякі і бегма пабеглі ў ізалятар. А Лісоўскі іх без ордэра не прымае. Хлопцы напрамілы бог просяцца схаваць іх ад Самойлава ў ізалятары.
Плужнікава не давезлі да бальніцы. Ён сканаў па дарозе. Недзе на таежным перагоне ў неглыбокай ямцы прыкідалі зямлёю прыгожага юнака з татуіроўкаю на руцэ «Я помню мать свою родную». Склалі акт: «Убит при попытке к бегству». За што загубілі жыццё на самым пачатку, ніхто не адкажа, і маці не дазнаецца, дзе яе сын. Ніхто нікому нічога не паведамляў — знікалі людзі і — канцы ў ваду.
Праз тыдзень Самойлаў зайшоў у кантору, абапёрся на невысокі бар’ерчык і раззаікаўся з рахункаводам продстала. Ззаду нячутна падкраўся недаростак, дахадзяга Карзубы, высмыкнуў з-пад бушлата сякеру, падцягнуўся на дыбачках і секануў Самойлаву па цемю, але ўдар быў слабы, рассек толькі кепку і скуру. Самойлаў ад страху заваліўся ў кут галавою і замахаў нагамі, як на веласіпедзе. Канторшчыкі выскачылі з крыкам: «Засячэ! Засячэ!» Карзубы круціў сякераю, каб пацэліць у галаву, але Іван Васільевіч так брыкаўся, што было не падступіцца. Да Карзубага ззаду падскочыў здаравенны брыгадзір Лёшка Лычагін, высмыкнуў сякеру і выспяткамі пагнаў «секача» ў ізалятар.
Самойлава зноў павезлі да прафесара Бурцавай. Больш ён на нашым лагпункце не з’явіўся. Лагерны «тэлеграф» працаваў беззаганна, пра лютасць Самойлава ведалі на кожным лагпункце. Потым расказвалі, што прыкончылі Самойлава на нейкай паўночнай падкамандзіроўцы і вінаватага не знайшлі.
Камандзір узвода Русакоў па загадзе камандавання ўзброенай аховы «За ўмелае і аператыўнае ўмацаванне дысцыпліны на лагпункце № 9» быў узнагароджаны імянным гадзіннікам. Маленькі, глюгасты, падобны на грака, здавалася, ідучы па зоне, ён выглядаў сабе новую ахвяру.
Неўзабаве пракаціліся стрэлы на вахтах амаль усіх лагерных пунктаў. Зімою 1942 года Берыя выдаў загад: «Нявыхад на работу без уважлівых прычын з’яўляецца контррэвалюцыйным сабатажам. Сабатажнікаў у ваенны час расстрэльваць на месцы». Загад трэба выконваць у «выхаваўчых мэтах», бо спытаюць: «А як у вас выконваецца загад №…?» Ад куль магла выратаваць толькі высокая тэмпература, а хворых на страўнік, з апендыцытам, сардэчным прыступам, ліхаманкаю выганялі за вахту, тройчы папярэджвалі, а небарака не тое што ісці, паўзці не здолеў. Звычайна казалі: «А, прыкідваецца, гад», — білі ногцамі і дастрэльвалі ляжачага. На маіх вачах забілі хлапчука гадоў васемнаццаці з Варонежчыны Ваню Сінякіна, дзвюх прыгожых крымінальніц Нюрку Пекараву і Надзьку Удавічанка.
Месяцы праз тры загад усё ж адмянілі, бо тупыя, лютыя, нацкаваныя на так званых «ворагаў народа» камандзіры ўзводаў маглі адстраляць больш, чым планаваў сам Лаўрэнцій Паўлавіч. Хто б тады валіў лес, часаў ружэйную балванку, грузіў эшалоны. Планы былі жалезныя, іх трэба перавыконваць, як казаў начальнік вытворчасці Бойчанка, ідучы па трупах.
Змрок
У вайну нават сонечныя дні здаваліся змрочнымі і чорнымі. На лагер наваліўся голад. Кармілі турнэпсам і вотруб’ем, нормы раслі, а пайка меншала, лесасекі адступалі далей і далей. Пакуль дабрыдзеш у ачапленне, не хапае сіл на работу, а варушыцца мусіш, і не абы-як. Хоць расцягніся, а норму дай.
Маім напарнікам на павале быў варонежскі калгаснік, дробненькі, заўсёды з мокрым носам Ваня Тарасенка. Хоць не надта дужы, але вельмі цягавіты і старанны мужычок.
Каб выканаць план, у канцы месяца начальнік выганяў на павал «прыдуркаў». Побач з намі пілавалі новы лекпом і кіеўскі цырульнік Пецька Самойлік. Ён звычайна праводзіў «санапрацоўку» новых этапаў і брыгад, прыгнаных у лазню, — аднолькава галіў пад пахамі і лабкі мужчынам і жанчынам. Нават такой знявагаю напаміналі, што ты не чалавек, не асоба, а толькі рабсіла.
Па выкліку начальніка Пецька бегаў да яго ў кабінет: стрыг, брыў, рабіў масаж і цешыў «кліента» непрыстойнымі анекдотамі і скаромнымі жарцікамі. За старанне яму хапала хлеба і да хлеба. Ён быў класны майстра з брытваю і зусім бездапаможны з пілою. Але калі прыгналі ў лес, хочаш не хочаш, варушыся. Пачаў ён з лекпомам пілаваць елку, а яна крутнулася на пні і пайшла не ў той бок, прашумела калматым веццем і завісла на гонкай бярозе. Стаяць, пазіраюць няздатныя лесарубы і не ведаюць, што рабіць. Пытаюць рады ў мяне. «А вельмі проста: спусціце асінку, яна саб’е елку, і будзе зручна пілаваць». Паслухалі, спусцілі, а яна зачапілася за яловае сучча і вісіць. Прыгнулася бяроза, патрэсквае, ад ствала на згібе адшчапіліся доўгія стрэмкі, а ўсё адно стаіць і трымае два дрэвы. «Пускайце на іх бярозку, яна, пэўна, саб’е гэты будан». Спусцілі, а бярэзіна стаіць і трымае ўсю навісь. Непадалёк пілуюць лесарубы, ды і можа падысці дзесятнік, бяроза не вытрымае і накрые яго.
Мартынюк і Самойлік просяць памагчы. Што тут зробіш? Адзіны ратунак — падсекчы бярозу і паспець адскочыць, пакуль упадуць усе счэпленыя дрэвы. А калі не паспееш? Але гэтым прыдуркам трэба паказаць, чаго варты сапраўдны лесаруб. Рызыка. Чым я, уласна кажучы, рызыкую? Жыццём? А навошта яно, каму трэба? Не сёння, дык заўтра загнешся. Сунешся, як той Ангел Рубежу каля вахты, і канцы, горай жыўцом дагніваць у пелагрозным бараку, вывезуць за конбазу з біркаю на назе, і ніхто не дазнаецца, калі ты і куды знік, бо нікому ты ўжо не патрэбен — адзіная блізкая душа выраклася даўно, не ўберагла сына, і самую, калі жывая яшчэ, недзе закруціла вайна. Прасіўся на фронт, і там не патрэбен. Дык навошта пакутаваць і дарэмна цягнуць лямку? Усё гэта прамільгнула ў галаве, пакуль глядзеў на будан завіслых дрэў на гонкай, але трывушчай бярозе. Няўдалыя лесарубы з апаскаю пазіралі на сваё «збудаванне» і з надзеяй на мяне. Хочаш не хочаш, а зваліць трэба гэтую пастку.
Адступаць не было як. Мой напарнік спалохана буркнуў: «Не лезь, дурань, заб’е. Давай дарэжам сваю бярозу, а тая сама ўпадзе». Мяне пад’юджваў нейкі дурны азарт: калі не заб’е, дык трохі паламае рэбры, а трапіць на бальнічны ложак — мара кожнага арыштанта. «Па тры закруткі махоркі з кожнага і звалю», — прапанаваў свае ўмовы. «Валі. Дамо па чатыры».
Я ўзяў вострую сякеру і пайшоў пад навісь да сагнутай і патрэсканай бярозы. Пад цяжарам на ёй паадставала бяроста, паадколваліся доўгія белыя паскі. Камель каравы і тоўсты. Яму рады не дасі. Значыць, падсякаць трэба вышэй, насупроць надлому. Пастаяў, памеркаваў, а бяроза патрэсквае, пагойдваецца разам з навіссю. Хоць ты перахрысціся. Узяўся за тапарышча, зірнуў на Ваню, Мартынюка і Самойліка, прыжмурыўся на сонца, зайшоў з другога боку, размахнуўся з усяе сілы, секануў, а яна стаіць. Яшчэ секануў, зарыпела, а не падае. Апанаваў страх. «Кідай! Уцякай!» — крычыць лекпом. Я прымеркаваў, калі падаць, дык побач з камлём, і секануў яшчэ раз. Бяроза хіснулася, затрашчала, нахілілася і пайшла, па ёй з шоргатам папаўзлі завіслыя дрэвы, я накрыў галаву рукамі і каля самага камля ўціснуўся ў мох. Мяне хвастала колкае яловае вецце, сук прыціснуў плечы. Высока падсечаная бяроза звалілася, але камлём яшчэ трымалася на пні. Яна і ўратавала мяне. Я расплюшчыў вочы. Жывы. Ные і шчыміць схвастаная спіна, і нешта трымае зверху. Мартынюк з маім напарнікам абламвалі нада мною вецце, я паварушыўся і пачаў выцярэбвацца з завалу. «Жывы! Жывы! Давай руку!» — мітусіўся каля мяне Мартынюк, а маленькі, нечым падобны на гноміка, цырульнік толькі лыпаў вачыма і шлёпаў збялелымі губамі.
Я вылез ускудлачаны і схвастаны веццем, з драпіны на вуху сачылася кроў, усё цела трымцела ад напружання і перажытага страху, а я па-дурному ўсміхаўся, нібыта ніякай небяспекі і не было. «Ну ж і напалохаў ты нас. Аж сэрца зайшлося. Думаю, за чатыры цыгаркі чалавека паслалі на смерць», — расчуліўся Пецька Самойлік і развязаў кісет. Я дрыготкімі пальцамі скруціў цыгарку і прагна курыў.
Брыгада мерцвякоў
Вайна забірала сваю даніну не толькі ў акопах, а і тут, у глыбокім тыле. Людзі знікалі непрыкметна і ціха, каб ніхто не чуў і не бачыў, не паспагадаў і не развітаўся са сваім учарашнім напарнікам. Нябожчыкаў спісвалі, як спісваюць утыль. Асабліва страшны быў 1942 год. Каля таго будана, накрытага яловай карою, дзе разам з жанчынамі гібела Соф’я Іванаўна, пачалі будаваць новы лагерны пункт. Лес адступаў усё далей і далей, дарога туды і назад займала шмат часу. План гарэў. Таму і пачалі ў вялізным масіве некранутай тайгі будаваць 24 лагпункт. Будоўля пачыналася з зоны: двайнога плота, густа заплеценага калючым дротам, забаранаванай кантрольна-следавой паласы і вышак для стралкоў. Спешна ставілі з сырога кругляка баракі, кандзей, кантору, сталоўку, пякарню і лазню. Брыгады цесляроў моклі і мерзлі, пакуль не накрылі першы барак і не склалі з сырцу грубку. Да замаразкаў і першага снегу ў новую зону прыгналі першыя брыгады. Наўкол стаяла змрочная, калматая тайга. Каля самай вахты гайдаліся векавыя елкі, сыпалі пажоўклае лісце старыя каравыя бярозы, дрыжалі скрываўленым лісцем асіны на фоне цёмнага хвойніку. Загналі на новы лагпункт і мяне.
Начамі вакол зоны палалі зыркія вогнішчы, каб часам не паўцякалі дахадзягі, а яны не толькі бегаць, хадзіць ужо не здалелі, але варушыліся, да апошняга чапляліся за жыццё — хоць дзень, ды мой… У бараках сырыя сцены абрасталі слізкаю плесняю, печы дымілі, ад слабага цяпла ішла пара, у кожнай секцыі барака чадзіла па капцілцы, двухпавярховыя голыя нары ў пары і змроку здаваліся нейкімі пачварнымі прывідамі. Праз запацелыя шыбы, як водбліск пажараў, вакол зоны гайдалася святло вялікіх вогнішчаў. Паміж баракамі тырчалі пні, размешаная калясьмі, лапцямі і чунямі таежная твань хлюпала пад нагамі, як густая смала. Ногі прэлі, а прасушыць парцянкі не было дзе. Шанцавала тым, хто раздабыў «ЧТЗ». Вы не ведаеце, што гэта такое? З корду аўтамабільных пакрышак неяк злеплівалі вялізныя няўклюдыя чаравікі, цвёрдыя і мулкія. Яны пакідалі след, як гусенічны трактар, але ў іх было сушэй, як у лапцях.
Ад барачнага дыму, копаці і вільгаці выскакваеш за дзверы. Падсвечаныя вогнішчамі вышкі з цёмнымі сілуэтамі стралкоў у гаматных кажухах, слупы і калючы дрот, а за імі змрочная маўклівая тайга нагадваюць нейкае сярэднявечнае стойбішча. Глядзіш, і свет дваіцца на жорсткую і страшную рэальнасць і нейкую фантазію, асветленую хісткім вогнішчам. Але трэба ісці ў барак. Узлазіш на няшчыльныя голыя нары, пад галавою бярозавая плашка замяняе падушку, закручваешся ў целагрэйку, заплюшчваеш вочы, а думкі ні днём ні ноччу не даюць збыту: успамінаецца мінулае і не верыцца, што гэта было з табою, і зноў апаноўвае безнадзейнасць: і на тваіх касцях вырасце елка або горкая асіна і, як пяецца ў турэмнай песні, «и никто не узнает, где могилка твоя».
Да поўначы сноўдаюцца па бараку дахадзягі: нехта выграбае жар прыкурыць чынарык, глытае дым і заходзіцца кашлем, нехта ў сне мармыча і скрыгоча зубамі, крымскі татарын ківаецца і шэпча малітву, мой сусед гукае то маму, то Любу, то нейкага Аўдзея крые мацюкамі. А выспацца трэба. На вахце гайдаецца і трымціць ад ветру вагонны буфер. У шэсць гадзін ударыць па ім вахцёр малатком, — скочвайся з нараў, накручвай халодныя і мокрыя парцянкі, бяжы ў сталоўку, пры капцілцы нешта сёрбай і «вылятай без апошняга». Зноў ранішняя «малітва» — крок налева, крок направа, зноў пілуй, калі, складай паленніцы, спатыкайся і падай, чакай, як збавення, адбою. I так дзень у дзень. Наперадзе яшчэ чатыры гады. Хто іх вытрывае?
На новым лагпункце і новы начальнік. Ходзіць у хромавых ботах, суконнай «сталінцы» з шырокім рэменем, зялёная фуражка ссунута на вочы. Прозвішча яго Сямёнавых, а для нявольнікаў «гражданін начальнік». Ён мала гаворыць, толькі загадвае і гразіць указальным пальцам з пакалечаным пазногцем. Паглядзіш — нармальны чалавек, статны, бялявы, шэравокі, са светлым ружовым тварам, а паслухаеш — і дзівішся, адкуль столькі жорсткасці, нянавісці да гэтых няшчасных, паабдзіраных хадзячых нябожчыкаў, сумленных і не меней за яго адданых Радзіме. Хто ж яму ўбіў у галаву чалавеканенавісніцтва, няўжо яго сэрца не ведае спагады і жалю?
Зіма ўдарыла адразу. Ледзяныя ветры пагналі шорсткі пясок, загула пад нагамі, як чыгунная, зямля, зашэрхлі каляіны, пад нагамі ламаецца лёд, ступакі ў лапцях дранцвеюць у ледзяной вадзе, а цела, як тарка, пакрываецца пупырышкамі і дробна дрыжыць. У сярэдзіне кастрычніка паваліў густы снег. Вецер з гулам пагнаў доўгія пасмы кручанай мяцеліцы, за два дні ўсё стала белым, сумёты раслі і раслі. Зімовай вопраткі не было. Лесарубам і возчыкам выдалі прастрочаныя ватныя бахілы, а лапці на іх не лезуць, не ўзбіць і «ЧТЗ». Неяк абуваліся, абмарожвалі ногі, пальцы набухалі, як слівы, і пачыналі гнісці. Да дыму і чаду ў бараку дамешваўся смурод гнілой чалавечыны. Амаль усе ходзяць накульгваючы
Пад’ём. Злажу з нараў, а сусед, мабыць, не чуе. Пачынаю катурхаць. Звальваецца і павісае ў праходзе халодная пасінелая рука. I з другога канца барака гукаюць: «Днявальны, кліч Лясэра». Лясэр, высокі, рыжы, з тоўстымі губамі аўстрыец, санітар у санчасці, укормлены на «недаедках» спісаных хворых. Яму трэба сіла ўносіць і выносіць з палат і ў палаты жывых і мёртвых. Ён пад’язджае да барака з невялікімі саначкамі, лёгка, як дзіця, здымае з нараў былога «контрыка», кладзе на саначкі і вязе ў так званы морг — невялікі дашчаны хлевушок. Мёрзлых расстаўляе каля сцен, свежых кладзе на заледзянелую зямлю. За тыдзень хлевушок набіваецца пад столь. Парадкуючы, Лясэр ходзіць па голых трупах у гумовых ботах, яны рыпяць і слізгаюць па заінелай скуры, трашчаць косці, санітар вядзе апошні перапіс былых нявольнікаў, але з яго веданнем мовы Працэнка становіцца Трацэнкам, Салавейчык — Саламейчыкам, Перцхалава — Пахалява. У Лясэравым хлеўчуку шастаюць табуны вялізных рудых пацукоў. У вайну, як ніколі, іх процьма развялася ў лагеры. Яны нікога не баяліся, пішчалі і грызліся пад баракамі, шмыгалі з-пад ног, нападалі на сонных дахадзяг. У Лясэравым хлеўчуку яны раскашаваліся як хацелі.