– Вы паставілі запіс замест рэальных галасоў? – удакладніла я.
– Ну так. Лілька налаўчылася прыдумляць усякую ўсячыну. Сказала, што пасля выбараў падасца ў сцэнарысты серыялаў. Пакуль што – у іншых штабах – дзейнічае безадказна, цьхуцьху-цьху.
Так што мы прыйшлі дадому абсалютна бязбоязна.
Прыкладную суму, на якую пацягне скарб, нам адразу назваў Толік. Як паказаў час, ён не вельмі памыліўся – прычым памыліўся ў меншы бок.
Мы разглядалі скарб, завесіўшы акно і замкнуўшы хату, і не маглі надзівіцца на пярсцёнкі і на Толіка. Прычым апошні ўразіў мяне яшчэ больш, чым першыя, а першыя ўразілі мяне амаль бязмежна.
Па чарзе беручы ў рукі пярсцёнкі, падносячы іх пад чырвоныя ранішнія промні, што падалі на пакрыты цыратай стол, трактарыст сельгаспрадпрыемства «Агравіталіка+» упэўнена абвяшчаў:
– Заходнееўрапейскі стыль. Золата і смарагды. Якасць… ну, каб не памыліцца, задавальняючая. Кошт… ну, можна пачаць з пяці тысячаў, – адклаў убок, узяў наступны. – Так, стыль – так званы мясцовы, якасць выдатная. Золата і… здаецца, сапфір, і дыямент. О, гэты будзе надзвычай каштоўны, такіх на свеце зусім нямнога, каля дзесяці ўсяго. Пацягне, думаю, не менш чым на тысячаў… тысячаў, скажам, дзевяноста дзевяць.
– Колькі?
– Дзевяноста дзевяць.
– Адкуль такія лічбы??
– З каталогаў.
– Якіх каталогаў? Скуль у цябе каталогі?
– Спісаўся з калекцыянерамі, даслалі, – патлумачыў Толік як нішто. – Яшчэ тады, калі на памінках па бабе Макрыньцы Улянка ўпершыню прачытала дакумент і я вырашыў, што скраб трэба шукаць, зразумеў, што знайсці – не штука, а трэба ж яшчэ грошы за яго атрымаць… А як? Як знайсці патрэбных людзей? Ну ясна, праз інтэрнэт. Купіў кампутар… Хоць жонка сварыылася… Вяду перапіску з агентамі аўкцыёнаў, нават з Сотбі мне напісалі.
Я слухала Толіка, і мне хацелася біцца галавой аб сцяну. Якая ж я была дура, што калісьці адмовілася ад запрашэння на танцы. Якая тупая, поўная дура! Як я магла так яго не разгледзець, майго Толіка? Як я магла адмовіцца ад права называць яго маім? А цяпер ужо нічога не зробіш. Ні вільгаць зялёнага моху таго часу, калі рэбры можна было лёгка пералічыць, ні чарадзейныя ночы ў лесе, ні тое, што ён цалаваў мае крывавыя мазалі, ужо нічога не зменіць. Позна. Фатальна позна. Тады сіўка аглядзеўся, як хвост загарэўся.
Не агледзелася. Прагледзела. Змарнавала сваё жыццё, змарнавала ягонае жыццё. Калі б мне хапіла розуму – якога няма, няма! – як бы ўсё было іначай. Хіба ж мне трэба было вучыцца на гісторыка? Гэта ж яму трэба было! Казаў жа наш настаўнік, што Толік Гадун – адзіны ў школе, у каго запальваюцца вочы пры слове «археалогія», і раіў яму ісці вучыцца. Мы ж і паступалі разам, толькі мне пашанцавала, а яму – не. А потым – войска. А потым – трэба было працаваць, каб старым бацькам было што есці. Потым – раве трактар. І я адмовілася ісці на танцы. А Гандзя… І ўсё жыццё мінае, бо трэба шкліць цяпліцы, саджаць гектары яблыняў, трымаць вепрукоў…
І вочы ўжо не загараюцца, пакуль трохі ня вып’еш. Але талент – ён калі ёсць, то ёсць і пад сподам. І тады, калі на кон пастаўлена многае, ён вырываецца на свет, як пас полымя зпад попелу, калі пад попелам ёсць полымя.
Агледзеўшы нас, наваяўлены антыквар працягваў:
– Карацей, усё падрыхтавана. Зараз трэба вырашыць, як будзем дзяліць: на чатыры часткі, і кожны распараджаецца сваёй часткай сам, ці даверыце мне прадаць усё замежным антыкварам, і атрымаеце грошы? Але так ці інакш, спачатку трэба скласці рэестр і ацаніць усё пакуль што прыблізна. Алка, бяры паперу і асадку, пішы.
– Чакайце, – перабіла яго Улянка. – Але ці правільна будзе вывозіць скарб і прадаваць? Па законе знойдзены скарб належыць дзяржаве.
– Па законе? – Толік іранічна ўсміхнуўся. – Ты гаворыш пра закон? Дык, можа, ты патлумачыш, чым у гэтай краіне ёсць закон?
– І хто ёсць дзяржавай, – падтрымаў яго Юрка.
– І ўсё ж, трэба аддаць знаходку ў музей, – стаяла на сваім Улянка.
– Правільна. Ты атрымаеш дулю, а з музея спадчыну пана Трызны адразу забярэ гэтая самая «дзяржава», і дулю атрымаюць усе іншыя.
– Тым не менш, я катэгарычна супраць таго, каб прадаваць скарб за мяжу. Як бы пафасна гэта ні гучала, але такі скарб належыць усяму народу – у тым ліку і будучым пакаленням, – стаяла на сваім Уляна.
– Тады нашто мы яго ўвогуле шукалі? – зазлаваў Валік.
– Харэ спрачацца! – голас Толіка набыў нячаста чуваную цвёрдасць. – Ад пачатку ведаў, што такая спрэчка ўзнікне і доўга мазгаваў, як яе вырашыць. І прыдумаў. Нам усім ад пачатку гэтай гісторыі неверагодна шанцуе. Слухайце сюды. Я праз інтэрнэт пазнаёміўся з такім Майсеем Патапчуком, дырэктарам самага вялікага канадскага банка «Бізнэссіцібэнк» і па сумяшчальніцтве ўраджэнцам слаўнага горада Брэста. Ён, дарэчы, аднагодак бабы Макрыні і нават ведаў яе ў маладосці. А яшчэ пан Майсей – уладальнік ці не самай багатай у свеце калекцыі – халера, як гэта, ўсё не магу запомніць, – а… артэфактаў, якія маюць адносіны да гэтых мясцінаў. Ён даўно ўжо абвясціў, што сваю калекцыю завяшчае гораду Брэсту, пры ўмове, што для калекцыі будзе забяспечаны адкрыты доступ і будуць гарантыі яе бяспекі. Да тае пары калекцыя мае захоўвацца ў Канадзе, у дэпазітары ягонага банка. Дык вось, пан Патапчук гатовы купіць знойдзены намі скарб. А ўжо паклапаціцца, каб ён заплаціў за яго належную цану – гэта я бяру на сябе.
– Але трэба нешта выдзеліць Уругвайцу, Лёнісе і Ярашысе. Яны дабрацінцы, – Улянка высунула яшчэ адну ўмову, – а скарб знойдзены ў дабрацінскай зямлі.
– А хто супраць? – азваўся Толік. – Выдзелім, але пакуль што давайце паглядзім больш уважліва, што мы тут маем. Алка, пішы.
Ацэнка скарбаў, з перапынкам на кармёжку звяроў і птушак, піццё гарбаты і выпяканне аладкаў, заняла амаль чатыры гадзіны. Скарб уражваў. Пацягнуў ён на многа, я нават не буду называць вам, на колькі. Эйфарыя, якую мы ўсе адчувалі ў тую раніцу, была раўнацэнная кошту скарбу, паказанаму ў далярах ЗША.
Пярсцёнкі, раскладзеныя на старой сцёртай цыраце – гэта было такое хараство, якога я не бачыла ні да таго, ні пасля. Доўгі час мы разглядалі іх, перадаючы адно аднаму. Я папрасіла: