– Я б хацела пакінуць адзін на памяць, з тым, каб потым яго кошт адняць ад маёй долі.
– Што ж… – Толік запрашальна павёў рукой. – Думаю, толькі справядліва аддаць пярсцёнак той, праз каго нас да яго прывёў пан Трызна. Думаю, пан Трызна гэтага хоча.
Я нахілілася над сталом і павольна правяла рукой над гурбай пярсцёнкаў. Што выбраць? Вось гэты, з дробнымі сівенькімі перлінкамі, утопленымі ў матавую асаду? Гэты, з чырвоным, бяздонным, як душа крыві, сапфірам? Гэты, пра які Толік сказаў «з рэдкім аквамарынам тыпу блакіт»? Раптам я нешта адчула. Гук нейкі ўвушшу, ці цяпло на далоні, ці выкрык недзе… Пад рукой бліснуў каменьчык, і я, прыслухоўваючыся да сябе, асцярожна падчапіла пярсцёнак. Той? Так, той.
Пярсцёнак быў яшчэ не дароблены майстрам, сказаў пра яго Толік. Неадшліфаванае срэбра, у якім утопленыя неадшліфаваныя ж дробныя цёмныя каменьчыкі-агаты. Я прымерала яго на безыменны палец левай рукі. Падышоў. Заняў амаль усю фалангу. І зноў я адчула ці то гук, ці то дотык. Гэта было прывітанне, і я ведаю – ад каго. Здагадваюся, чаму прывітанне менавіта мне. І я ўпэўнена, што мы яшчэ пабачымся з гэтым чалавекам – ці пабачацца нашыя душы, прынамсі. Тады і даведаюся пра ўсё больш дакладна, калі размовы пра гэта будуць да месца.
Рэшту пярсцёнкаў Толік метадычна спакаваў назад у куфэрак.
– Ну, цяпер самы час выпіць, – весела прапанавала Улянка. – Ал, нясі, што там у цябе ў схованцы!
Я прынесла віно і пяць шклянак. Сабе адразу наліла з чайніка кампоту, патлумачыўшы:
– З таго часу, як мы прыкончылі Кукаля, я больш не магу піць.
Толік таксама падставіў сваю шклянку пад носік чайніка:
– З таго часу, як мы адшукалі скарб, я больш не хачу піць.
– Вось і стала на двух алкаголікаў менш, – шырока ўсміхаючыся, сказаў Юрка. – Ну, вып’ем за здзяйсненне мараў!
Мы чокнуліся і выпілі.
Пераствораны свет, і кто то ест сатана
Толік не стаў валаводзіць. У той жа дзень яны з Валікам і Юркам падалі дакументы на тэрміновае атрыманне візаў. Потым Толік пазваніў Зарніцкай і наказаў у гэтую ноч не класціся спаць. На шчасце, памежнікі няздольныя праслухоўваць усе мабільнікі.
Вечарам Толік з Валікам паспяхова прайшлі праз склеп і фарсавалі Буг. У Зарніцкай вочы палезлі на лоб, калі яны стукнулі ёй у акно. Ёй уручылі скарб з наказам патрымаць да заўтра і коратка патлумачылі справу.
Тым жа шляхам хлопцы вярнуліся, і ў гэты ж дзень, разам з Юркам, ужо цалкам легальна зноў фарсавалі мяжу праз памежны пераход, пажартавалі з мытнікамі, пехатой за гадзіну дайшлі да Кастамалотаў, забралі ў Зарніцкай скарб, рэйсавым аўтобусам дабраліся да Бялай, а адтуль знаёмы Юркі, архітэктар, без прыгодаў даставіў іх сваёй машынай у тлумную ў гэты час Прагу. Там, у Празе, ў гатэлі з відам на Карлаў мост, яны дачакаліся прыезду былога брэстаўчаніна Майсея Патапчука.
А тут тым часам адбылася гэтая бура, і нашы хлопцы вярнуліся ў пераствораны свет.
Пра буру памятаюць, пэўна, усе. Яна далася ў знакі па ўсёй краіне, і ў Дабрацічах яе наступствы былі такімі ж, як паўсюль.
Такой сушы, як гэтым летам, не было ніколі. Ад самага зыходу снегу зямля прагла, але не магла атрымаць вады. Дождж не выпаў на Вялікдзень; не выпаў на Узнясенне. Не было дажджу на Тройцу, на Івана. Не грымнула, не крапнула нават на Іллю. У нас у Дабрацічах дождж прайшоў толькі аднойчы – у той дзень, калі я абгартала бульбу, памятаеце?
На трэці дзень пасля ад’езду хлопцаў я пачула па радыё штармавое папярэджанне: чакаўся вельмі моцны вецер, навальніца і паўсюдна – залеўны дождж. Голас дыктара быў заклапочаны. А я напачатку нават узрадавалася. Няўжо нарэшце злоіць зямлю? Улі не было – яна чарговы раз паехала ў Менск. Агледзеўшы пажухлае ўшчэнт падвор’е, сухія пяскі, ссохлы бэз, я ўзняла вочы на неба – пакуль ніякіх прыкметаў хмары.
Але ўсё неяк заціхла. Дзіўна. Сціх вецер – ні лісточка не варухнецца. Ані івалга не крыкне, не чылікне верабей. Шэра-мядзяныя сосны напружыліся, бы ў чаканні запасяць сілы. У бяздонным, пустым небе жарыць сонца. Цяжка насядае на скроні гарачыня. Я падышла да барометра, і бровы мае падняліся – ціск упаў настолькі, што тонкая стрэлка зашкаліла ўніз. Неакрэслены страх варухнуўся ў душы. Па радыё зноў перадалі папярэджанне, і голас нявышкаленага дыктара – там у іх цяпер не Уладамірскія і не Шаліхіны – быў поўны непрыхаванай панікі. У разгубленасці я выйшла на ганак.
Без сумневу, гэта быў Божы гнеў.
Далёка-далёка за Бугам пачуліся грымоты: ціхі буркат, потым, праз хвіліну, грукат трохі мацнейшы. Пакаціліся па белым небе пустыя бочкі.
Грозна высунулася зза Буга чорная грымотная хмара; там, у хмары, бліскала і грымела ўжо няспынна. Вось над вербамі паляцелі падбітыя белым перадвеснікі, вось зноў усё сціхла – настаў містычны момант, які бывае перад кожнай навальніцай, калі ўсё сціхае, не трымцяць нават лісты на вечна спалоханай асіне. Потым першы далікатны, пяшчотны павеў ветрыку, другі – толькі на каліўца мацнейшы, але раптам вецер мацнее, ірвецца, і гоніць перад сабой пясок, і рэжа па вачах… За хвілю навальніца абрынулася ва ўсім сваім шале.
Канечне ж, гэта быў Божы гнеў.
Вецер, густы і моцны, гнуў тоўстыя высокія бар’які амаль да зямлі. Шчыльныя палотны паветра сцябалі і валілі з ног. Дождж падаў не кроплямі, а ліўся шырокімі патокамі. З трэскам ламаліся тоўстыя галіны дрэваў, няспынна грымела, не гаслі, разрывалі неба маланкі… Зламалася таўшчэзная сасна на падвор’і, грымнула аб зямлю. Маланка шарахнула ў верхавіну бярозы на пагорку… Раптам я пачула новы гук, які перакрываў усе іншыя – рык, роў, стогны… Так, па маіх уяўленнях, магла б раўці нейкая пачвара, нейкі страшэнны цмок, нейкі д’ябал, што цягне за забой кавалак скалы, да якой ён быў прыкуты… Гэтая пачвара набліжалася да Дабрацічаў з поўдня. Халадзеючы, я пабегла на другі паверх, каб лепш пабачыць, і вызірнула ў акно. Валасы мае сталі дыбарам, літаральна. Пачвара, якая раўла так страшна, – гэта была вада. Агромністая хваля, стромая сцяна вады вышынёй, як мне падалося, метраў дзесяць, неслася на Дабрацічы. Яе сярэдзіна кіпела і клекатала: то выскоквалі на паверхню, то хаваліся ў цёмных глыбінях дошкі, камлі дрэваў, жалезныя трубы; мільгануў чырвоны пакамечаны аўтамабіль… Яшчэ ўздыбленыя валасы мае не паспелі апусціцца, як пачварная хваля бухнула аб сцены нашага дома, мяне ўдарыла халоднай вадой, дом затрашчаў, падлога пад нагамі некуды паехала – і я страціла прытомнасць. Але ненадоўга. Лежачы на мокрай падлозе, расплюшчыла вочы: вада адхлынула; раўценне яе чулася цяпер, патроху сціхаючы, на поўначы. Дрыжучы, я падвялася і агледзелася. Ад напору вады, мусіць, дом крыху павяло – дах на маіх вачах часткова абрынуўся і амаль увесь другі паверх уяўляў сабою руіны. Пад дажджом, які цяпер валіўся проста на мяне, я стала спускацца ўніз. Кухня залітая глыбокай вадой. Сеўшы на сходы, паміж першым, залітым вадой, і другім, зруйнаваным ветрам, паверхамі, я адчула, што зараз памру. Праз акно ў кухні я бачыла – куды кінуць вокам – паўсюль кіпіць магутная вада; паламаныя камлі тырчаць у неба; прастора змянілася, і від з акна больш нічым не нагадваў таго, да якога я звыкла з дзяцінства.
Свіння, дробна перабіраючы плячыма, увішна плавала па сваім загоне (я не паспела зачыніць дзверы перад бурай). Нават праз дождж мне была добра відаць яе засяроджаную пысу. Гэтае відовішча – свіння, якая, гонячы дробную хвальку, плавае ад сценкі да сценкі хлява – чамусьці так мяне развесяліла, што я зарагатала. Так, істэрычна, са слязьмі, рагочучы, пад раскаты навальніцы, я сядзела ў зруйнаваным доме, а навальніца не канчалася і не канчалася.
Пасля гэтай буры жыццё так і не вярнулася да былога.
Як стала вядома ўжо потым, паводка ў нашых месцах надарылася праз тое, што вада амаль адначасова прарвала дамбы на двух вялікіх вадасховішчах: Шацкім ва Украіне і Міклашэвіцкім у Польшчы. У пэўным месцы плыні аб’ядналіся, стварыўшы тую самую жахлівую хвалю, якую я бачыла. Але не толькі ў нас, а і на Палессі, і на Паазер’і, і на Меншчыне пракаціліся магутныя вадзяныя валы, і жахі, якія бачылі людзі – мерцвякі з размытых могілак плавалі на вуліцах, руйнаваліся цэлыя мястэчкі, перакройваўся ландшафт, ашалелыя жывёлы нападалі на людзей і адно на адно, – не прайшлі без следу…
Аднак вернемся ў Дабрацічы, у той надвячорак.