— Ганна! Ганначка Міхайлаўна! Сто год цябе не бачыла! Ты як сюды патрапіла?
Ганна таксама заўсміхалася:
— Пасля ўніверсітэту размеркавалася!
— Дык чаго ж ты маўчала?
— Не, гэта ж ты маўчала! А цяпер усіх прымусіла перабаяцца! Ты ведаеш, што мяне твой Мікіта вызваніў?
— Чаму гэта — «мой»? Ён агульны!
— Ладна-ладна! — Ганна сціснула Аліну ў абдымках. — Ты дзе была?
— Доўга расказваць, трэба паказваць. А міндаль на фоташпалерах — твая прыдумка?
— Так. З’едзіла нядаўна на гістарычную радзіму, у Ізраіль, адтуль прывезла!
— Па гіюр ездзіла?
— Не, яшчэ пакуль не па гіюр, — прашаптала Ганна. — Яшчэ вагаюся, бо не ведаю, як абгіюрыць Антона. У яго, ты разумееш, адна рэлігія — бізнес.
— Я веру: ты нештачка прыдумаеш. Ты бываеш настолькі пераканаўчай, што нават я ледзьве не прыняла гіюр, памятаеш?
— А як жа!
Мужчыны моўчкі назіралі, як дзве шчаслівыя дзяўчыныы абдымаюцца на фоне трэцяй, а яшчэ адна расліна ціхенька ікае на сафе. Антон паглядзеў на лужыну «Хенэсі», што ўсмакталася ў дыван ды разлівала па пакоі спакуслівы водар, і сказаў:
— Хлопцы, тут адбываецца нешта неверагоднае. Прапаную выпіць, каб зняць стрэс.
— Э-э, ты што мне абяцаў? — Ганна паказала Антону кулак. — Дакранаешся да спіртнога, толькі каб працерці кантакты ваткай!
— А давайце ўсе вып’ем! — прапанавала Аліна. — За сустрэчу, за вашае будучае вяселле… і за нашае таксама!
— Вашае? Ты замуж выходзіш? — здзівілася Ганна.
— Так. Я сёння зрабіла Мотузу афіцыйную прапанову!
— Мотузу? Усё-ткі зрабіла! А я яшчэ падумала: з чаго яна ў Дружны паляцела, як той шпак вясновы?
— Да мяне, да мяне! — сказаў Дзіма.
Ганна нарэшце заўважыла яго і здзівілася яшчэ больш:
— Нічога сабе ў вас тут тусня! А ты, Мотуз, усё прыгажэеш. Хто цябе пабіў?
— Гэта я сам сябе пабіў, каб не быць такім прыгожым.
Антон дастаў з шафы бутэльку віскі.
Ад цэнтральнага ўвахода «Тэхноладжы прайм» кампанія ад’ехала на трох аўто з вадзіцелямі: у першым размясціліся мужчыны, у другім — дзяўчаты, усе ўжо добра паддатыя. Аліна ўгаварыла Антона ўзяць у дарогу яшчэ мікрааўтобус, каб загрузіць у яго здымачную групу і ўсім кагалам адправіцца пад Брэст для разблытвання гэтай загадкавай гісторыі. Яе ні кроплі не бянтэжыла такая шматлюднасць. «Чым нас больш, тым болей шанцаў, што мы пераможам! А потым арганізуем пікнічок на прыродзе!» — паўтарала яна, абдымаючы адной рукой Ганну, другой — Таню.
— І не бойцеся, дзяўчаткі, з вамі нічога не здарыцца: я ваш ахоўны талісман!
«MoST» і «Тэхноладжы прайм» знаходзіліся ў розных частках горада. Ужо было цёмна, і картэж з трох аўтамабіляў ляцеў па вуліцах, як грозны прывід. «Грозны прывід» увесь час сігналіў і пару разоў спыняўся, першы — каля супермаркета, каб купіць усё неабходнае для пікніка: ежу, палаткі, мангал, сякеру і гітару, а другі — за мяжой горада. Туды моладзь накіравалася, каб пастраляць з забароненых у краіне пнеўматычных пісталетаў па пустых бутэльках. Дзяўчаты жмурыліся і пішчалі, але даволі хутка асвоіліся і пачалі патрапляць па мішэнях. Нарэшце, Аліна скамандавала: «Па конях!» — і «грозны прывід» зноў уехаў у горад.
З адчыненых вокнаў аўтамабіляў даносілася гучная музыка і бесперапынны смех. Прахожыя абарочваліся і ладзілі здагадкі:
— Напэўна, вяселле!