— Я не буду спяваць гэтую лухту! Лепш хай мяне заб’юць.
Аліна ўдарыла па тармазах і павярнулася да Тані:
— Паслухай, дзяўчынка, цябе ніколі не білі па нагах дзеткі багаценькіх бацькоў, калі ты ў касцюме клоўна крыўлялася перад імі на свяце? Ніколі не ратавалася ў касюме Снягуркі ад кампаніі п’яных ідыётаў, якія хацелі цябе згвалціць? Альбо вось у Дзімы спытайся, як за адзін дзень працы грузчыкам ён так пацягнуў спіну, што больш патраціў на лекі, чым зарабіў! А я табе прапаную выйсці на сцэну і за салідныя грошы проста праспяваць. Адзін раз. І ты гэта зробіш, альбо далей пойдзеш пехам, каза цябе забадай!
Аліна пачала шукаць у аптэчцы валідол, але ўспомніла, што той растаў яшчэ ўлетку, гучна прарычала:
— Лічу да трох! Два ўжо было…
— Добра. Я праспяваю гэты шэдэўр у рэстаране, — пагадзілася Таня і пачала завучваць тэксты і музыку.
Заехаўшы ў Пінск, Аліна яшчэ трохі пакружыла па горадзе, пакуль не ўспомніла, дзе знаходзіцца той самы рэстаран «Піна», у якім яна неяк пасля вячэры ў цесным коле сяброў танчыла на стале. Нарэшце рэстаран знайшлі. Аліна прыпаркавала «буцэфала» і загадала Дзіму з Таняй ісці за ёй.
— Дзе ваш дырэктар? — спыталася Аліна ў супрацоўніка службы аховы.
— А хто ім цікавіцца, дазвольце даведацца? — вялікі мужчына стаў упоперак увахода і перакрыў сабою ўвесь дзвярны праём.
— Ім цікавіцца генеральны дырэктар сталічнага прадзюсарскага цэнтра «MoST» Аліна Мікалаеўна, і калі вы, шаноўны, не дазволіце нам аказацца ўнутры, у вас будуць вялікія непрыемнасці, значна большыя па габарытах, чым вы самі.
— Другі паверх, налева, — ахоўнік пасунуўся і прапусціў гасцей.
Аліна прагарцавала праз шумную залу, кінула позірк на святло і мікшарны пульт і ўзбегла на другі паверх, проста ў кабінет дырэктара.
— Прывітанне! Бачымся з вамі гады ў рады, вось гэта сустрэча! — шырокая натрэніраваная ўсмешка нарадзілася на твары Аліны, каб застацца там на цэлую гадзіну.
— Аліна Мікалаеўна, вітаю! — Андрэй Ігаравіч рэзка падхапіўся з вялікага дырэктарскага крэсла. Увесь яго выгляд выказваў крайнюю занепакоенасць. — Якая прыемная неспадзяванка! Чытаем пра вашыя дасягненні, усёй адміністрацыяй вельмі, вельмі радуемся! На Пакроў нават памаліліся за вас, каб, так бы мовіць, усё добранька было!
— Дзякуй, Андрэй Ігаравіч, я таксама за вашае здароўечка свечку паставіла ў Сафіі! — Аліна працягнула дырэктару «Піны» руку.
— Ой, які гонар, як прыемна! — мужчына ўхапіўся за руку і пачаў яе трэсці, ад чаго затрэслася і ўся субтыльная Аліна. — Можа, вам арганізаваць столік? Вы ж з дарогі?
— Не трэба, Андрэй Ігаравіч, шчыра кажучы, мы спяшаемся, забегла выключна дзеля таго, каб з вамі паздароўкацца! — Аліна стрэліла вачамі ў Дзіму і Таню, якія пры слове «столік» умольна склалі рукі каля сэрцаў.
— Шкада, Аліна Мікалаеўна, а то ў нас сёння шыкоўнае меню! Мэр адзначае юбілей.
— Мэр? А я думаю, Андрэй Ігаравіч, што ж гэта ў вас так шумна, столькі людзей прыемных — ажно мэр юбілей адзначае…
— І праўда, Аліна Мікалаеўна! Пашчасціла дык пашчасціла!
— Ну, гэта заканамернасць: у вас жа найлепшы рэстаран у раёне! — Аліна ўзяла дырэктара пад локцік. — А чым вы будзеце мэра забаўляць?
— Ну… гэта… — дырэктар пацёр лоб. — Буду шчырым: сталічных артыстаў выпісалі, ажно яны званілі, што затрымліваюцца ў дарозе, праграма паўгадзіны таму мусіла пачацца, ужо двойчы ад мэра прыбягалі… Не ведаю, як быць. З артыстаў нікога няма, танцоркі ў дэкрэтных, засталася толькі вакалістка Люба Вішнявецкая.
— Люба? — Аліна ўзняла брыво. — Я памятаю яе. Слухайце, вы ж не будзеце выстаўляць перад ганаровымі гасцямі саракапяцігадовую Любу з залатымі зубамі? Вы да такога не апусціцеся, вы ж разумны чалавек!
— А што мне рабіць? — сумна спытаўся Андрэй Ігаравіч.
— Вось, паважаны спадар, самі нябёсы даслалі нас сюды! Пазнаёмцеся: маладая спявачка, Таня… э-э… Таня Кіс, наш свежанькі сольны праект! — Аліна зрабіла Тані знак рукой, тая падалася наперад і таксама расцягнула вусны ва ўсмешцы. — Вязу ў Гомель на канцэрт, але, калі хочаце, мы проста перад вашым мэрам арганізуем прэм’еру за параўнальна невялікую аплату.
— Невялікую — гэта якую? — дырэктар з надзеяй паглядзеў на Аліну. Яна нешта прашаптала яму ў вуха.
— Пабойцеся Бога, Аліна Мікалаеўна, гэта вы называеце — «невялікая»? — Андрэй Ігаравіч перахрысціўся.
— Паслухайце, у Мінску гэта каштуе ўтрая даражэй! Мы для вас яшчэ і скідачку робім, па старой памяці. Але… як хочаце! — Аліна развярнулася да выхада, дзе лоб у лоб сутыкнулася з адміністратаркай рэстарана.
— Андрэй Ігаравіч! — закрычала яна і заламала рукі. — Там мэр узняў крык, Любу са сцэны сагнаў, кажа: хай гэтая старая кабыла ў стайні спявае, хіба ў нас маладыя дзеўкі скончыліся? Крычыць: усіх звольню і закрыю рэстаран!
Дырэктар залямантаваў: