Стас - а гэта менавіта ён, Стас Чарняеў, блукаў па скверы ўжо другую гадзіну! - перш навязаў сябе да вечара думкамі пра стрэчу, няхай нават выпадковую, з Любашай. Спектакль заканчваўся а дзесятай гадзіне, акцёры пакідалі тэатр хвілін праз сорак, так што напачатку Стаса чакала цэлая вечнасць, - думаць, марыць, мроіць ніхто не перашкаджаў, не перашкодзіў бы, нават калі б схацеў. Ды і хто схацеў бы - тут, у цэнтры Мінска, на сцёмненых алеях, што кружылі вакол старога фантана са скульптураю хлопчыка ў абдымку з лебедзем? Хлопчык абдымаў птушку, лебедзь пускаў струмень вады, вада ціха спявала... Каму якая справа да ўсяго гэтага, апроч паэта?
Словы прыходзілі - дакладней, усплывалі! - з самай глыбіні душы, І, каб не забыць ніводзін з радкоў, Стас прамармытваў іх па некалькі разоў, вывяраючы рытм крокамі. «Абы гучаў, гукаў - хоць чыйсьці кліч трывожны - душа, а не рука - лавіла водгук кожны, - не літасці нябёс - прасіла мукі новай... I зноў - ламаўся лес, і - выжывала слова...» Ён не ведаў, ды і не хацеў ведаць, чые гэта словы, адкуль, чаму нараджаліся ў ім менавіта тут і цяпер, калі нават блакнота ў кішэні не знайшлося, - проста ўслухоўваўся ў сябе, баючыся штосьці ўпусціць. Упусціў, як аказалася, вечар...
Тэатр даўно патушыў агні, цёмны гмах яго высіўся на рагу сквера няўклюднай глыбаю, якая з-за дрэў і на фоне значна лепш асветленага пляца перад будынкам ЦК выглядала нават змрочнаю. Міжволі хацелася адвесці пагляд. Як ад чагосьці мёртвага. I згадка пра тое, што ў тэатры штодня, штовечар тоўпіліся людзі - шуты і трагікі, панёнкі і куртызанкі, гандляркі і прайдзісветы! - прымаючы ўдзел у чарговым спектаклі трупы і публікі, уражання не мяняла. Не адмяняла. Адно што хімераў на сценах і над імі не ставала! Дык і іх легка было ўявіць, пазіраючы са змрочнага закутка сквера.
Злавіўшы сябе на падобных думках - ухапіўшы адну з іх за чорны, як уяўлялася, хвост, - Стас зразумеў, што час выбірацца адсюль і шукаць чым даехаць дадому. Вечар адыходзіў у памяць, і марна азірацца на яго са шкадаваннем: Любу праводзіў пасля спектакля хтосьці іншы, імчацца, каб пастаяць пад яе вокнамі, пазнавата...
- Ба-а! Якія людзі!
3 Гукавым, па ўсім відаць, на добрым падпітку, Стас сутыкнуўся так знянацку, што ні абмінуць, ні саслізнуць у цень таполі ўжо не выпадала. Думаць жа, што цяпер няхутка выбавіцца ад яго, было сабе даражэй. Таму спакойна прыпыніўся, дазволіў паляпаць сябе па спіне, усміхнуўся.
- 3 «Мутнага вока», няйначай, Павел Віктаравіч?
- А няхай яго мухі забадаюць! - пахітваўся той, усё стараючыся заваліцца яму на плячо ці зазірнуць у твар. - Зойдзеш чарачкаю пражыты дзень памянуць, а гэта - другая кампанія ўжо ў поўным складзе, і нагода - не з тых, якую можна праігнараваць.
- I якая ж сёння нагода? - спрабаваў Стас прасоўвацца ўбок тралейбуснага прыпынку, скіроўваючы туды ж і старога акцёра.
- Сёння? Не помню! I, заўваж, не ў тым справа, помніць ці не помніць Гукаў - я! - з якой нагоды піў. Ён - я! - заўсёды п’ём з радасці. 3 ра-дас-ці, малады чалавек! А гэта табе не шухры-мухры за будзь здароў!
- Вера раскрыльвае неба, небам світаюць гады... - мармытнуў Стас, узгадваючы занатаваныя ў памяці радкі, сам не ведаючы чаму.
- Слухай, ты - хто? - зноў устаў у яго на дарозе Гукаў. - Я цябе знаю?
- Мы сустракаліся. У тэатры.
- Так, так, так... Прыгадваю. Каля Любашы круціўся... Дык хто не круціўся? А? Загубіце дзеўку...
- Як гэта? - разгубіўся Стас, і калі стары не адказаў, а, топчучыся, адступіў, моўчкі замахаў у адказ рукамі, сам ухапіў яго за плечы, добра-такі трасянуў. - Што вы сказалі? Хто загубіць?
- Вера раскрыльвае неба, небам світаюць гады... Я знаю, хто ты, - атрос той яго рукі. - Ты Стас. Паэт Божай ласкаю. I не станеш вялікім, не-a. Змушаны будзеш, як я, як усе мы, зарабляць на хлеб надзённы.
- Вы... Пры чым тут Любаша?
- Яна яшчэ не ведае, што яе зламалі. Знутры, - адмахнуўся і ад яго, і ад сказанага Гукаў, кіруючыся ў процілеглы ад праспекта бок. Але Стас не мог застацца з загаданаю загадкай сам-насам - ён павінен быў дазнацца, што той меў на ўвазе.
- Вы гаворыце пра яе, як пра цацку! Яна - не цацка, якую можна зламаць.
- Усе мы - цацкі ў руках лёсу, Стас, - не азірнуўся ні на яго крокі, ні на яго ўсхваляваны голас той. - Пражывеш з маё, каму іншаму пацвердзіш праўду слоў гэтых. Жыццё - гэта табе не шухры-мухры за будзь здароў!
Ён няроўнай паходкаю аддаляўся, а Стас як прырос да свайго гневу. «Стары дурань! Скамарох з прапітымі мазгамі!» - паўтараў і паўтараў у думках, не разумеючы, чаму так балюча асыпалася на яго цішыня.
***
Новае застолле... Звыклы гул галасоў... Нервовае брэньканне гітары... Люба, як звычайна ў такія вечары, спрабавала пераключыць увагу на штосьці глыбока сваё, унутранае, не залежнае ад натоўпу няпрошаных гасцей, сярод якіх было нават двое малазнаёмых. Калі ўдавалася, то тут жа ўзнікала старое шкадаванне з-за няўдалай спробы тры гады таму стварыць нарэшце сям’ю - і яна шарахалася ад гэтых думак, міжволі пачынала мітусіцца, перастаўляючы талеркі, ці надоўга, пакуль хто-небудзь не знаходзіў яе там, хавалася на кухні. Штосьці паласкала, штосьці перацірала...
Пэўна ж, як цяпер разумела, намер выйсці замуж за вядомага журналіста-міжнародніка з афіцэрскімі пагонамі быў з самага пачатку недарэчны і беспаспяховы. Яна, актрыса драмтэатра, - і афіцэр Камітэта дзяржбяспекі... Заведамая лухта! Серж па-свойму кахаў яе, ні ад каго асабліва таго не ўтойваючы, але ён памятаў (і да скону схільны быў памятаць) апёкі, атрыманыя падчас першага шлюбу і цяжкога разводу. I гэта паўстала паміж імі з першай хвіліны знаёмства. Паўстала і так і не згладзілася. Hi ў самыя рамантычныя дні іх знаёмства, ні напярэдадні шлюбу, ад якога - у самую апошнюю хвіліну - хапіла сілы і розуму адмовіцца. Яна - актрыса, і нават калі б спатрэбіліся паперы аб «неразглашэнні» і «супрацоўніцтве», не магла даць гарантыі на той выпадак...
Дадумваць не стала. Hi шкадаваць асабліва не было аб чым, ні радавацца... Mo і стала б жыццё крыху больш ураўнаважаным, спакайнейшым (падобная да сённяшняй кампанія так позна ў кватэру яўна не ўвальвалася б!), ды жыццё актрысы скрозь ёй не належала. Або - або. Залатая сярэдзіна не для такіх, як яна. Любая спроба спраміць, змяніць сцежку, на якую ступіла, уступіўшы ў акцёрскае брацтва, заканчвалася паражэннем і слязьмі. Даўнімі - у падушку - слязьмі, калі раптам ясна бачылася, што тэатр - ніякое не брацтва, а, хутчэй ужо, гадзюшнік. Гадзюшнік амбіцый, дзе паражэнне магло азначаць і смерць, зусім не ўяўную. Як там - у Шэкспіра? «Калі надумаўся пакінуць свет, смяртэльнае - і ўяўнае памкненне»?
Талерка выслізнула з рук і бразнулася вобзем, рассыпаўшыся на друзкі так нечакана, што Люба і войкнуць не паспела. Застыла, пазіраючы то на мокрыя рукі, то на чарапкі на падлозе, быццам не ведала ні што рабіць з рукамі, ні як паставіцца да ўтворанага.
- Дапамагчы, Любоў Георгіеўна?
Падняла пагляд: адзін з двух малазнаёмых маладых людзей... Паэт, здаецца...
- Я тут жа ўсё збяру, калі вы скажаце, дзе ў вас сметніца, - ужо збіраў той чарапкі проста рукамі, - праз хвіліну ўсё будзе ззяць чысцінёю, як раней.
- Дзякуй, - атрэсла Люба нарэшце здранцвенне. - Мо дазволіце ўсё ж мне самой? Вы - госць...