- За сябе кажы! - злуецца дылда. - Намеснік міністра не заўсёды міністрам становіцца, але і сваё рэдка ўпускае. Ён - я! - наменклатура, а каго здолею сыграць сёння ці заўтра, тое заўтра вырашыцца. Ужо ж, у хеўры адвергнутых не апынуся. I ты - калі будзеш за мяне, за маё змагацца! - не апынешся. А то смэркі развесіў, загундосіў: завышаем... падрываем... не заўважаем... А хто і чаго, запытаць, не заўважае? Ужо ж і сляпому відаць, што калос - на гліняных нагах: піхні - і рассыплецца!
- Мы што - ужо гатовы падпіхнуць? - палохаецца карантыш.
- Будзе каму падпіхнуць! - прыцішыў той голас. - Нам бы не прапусціць тую хвіліну, калі пасыплецца, каб сабе што якое прыхапіць. Скарбы ж нямераныя - у распыл пойдуць.
Карантыш з усёй сілы стараўся не паказаць, як напалоханы смеласцю пачутых слоў, і ў яго гэта атрымлівалася кепска, ненатуральна, ад чаго яго кідала то ў жар, то ў холад. Ён не заўважаў, што даўно зняў парык і марна спрабаваў уцерціся ім, паціху адсоўваючыся ад суразмоўніка.
- Шаноўная публіка! Разыгрываецца драма... - ускочыў на ногі той, адкрыта пасмейваючыся з карантыша.
- Ты што? Зусім збрэндзіў? Арты-ы-ыст!
- Мы ж не на сцэне. І не на пляцоўцы ў скверы, як разыграна, - уціраўся сурвэткаю дылда. - Мы ў кабінеце. У маім кабінеце! I няма чаго вочы пучыць! Сёння ніхто ні ад чаго не застрахаваны, і трэба быць гатовымі да ўсяго. I ў краіне, і ў партыі... На тое мы і служакі, каб службу несці. Дзе? Там, дзе патрабуецца. У закуліссі наменклатуры. У старым ці новым мундзіры. Ці ў парыку скамароха. Ці нават у яго пад нагамі. Дзе скажуць!
- Дык гэта розыгрыш?! - яўна ачуняў яго падначалены сябра. - Яшчэ адна імправізацыя для сцэны дзеля пацехі?
- Ты не зразумеў, - паморшчыўся дылда. - Прыйдзе час - зразумееш. А цяпер ідзі... Квартальную справаздачу ніхто за цябе не давядзе да патрэбных лічбаў. Ідзі, ідзі!
Сказаў - як адмахнуўся. А ад чаго адмахнуўся? Ад пастарэлага сябрука, які апошнім часам усё неахвотней падыгрываў яму? Ад разыгранага дыялога? Ад уласных думак, што міжволі выліліся падчас гэтага дыялога?
У пакоі сцёмнілася, а ўключыць святло - азначала ўключыцца у рэальнасць гэтай шарай гадзіны, гэтага здоўжанага вечара, які так і не ўдалося разыграць, сыграць, як мізансцэну з драмы, з яшчэ не напісанай драмы пра найвялікшую ў свеце здраду - здраду самому сабе.
***
Іван Пекар вырас да намесніка міністра не проста па чыёй-небудзь там пратэкцыі (хоць і не без таго, як водзіцца), але найперш - дзякуючы артыстычным здольнасцям, унаследаваным хто ведае ад каго. Ужо ж, не ад бацькі - калгаснага скотніка (работніка малочнай фермы, як пісаў звычайна ў анкетах), бо той, колькі помніў яго, здаралася, і дзесяці фраз за дзень не сказаў - адно смактаў цыгарку, паплёўваючы. Ды і маці сярод вясковых баб нічым не вылучалася: у перадавых не хадзіла, але норму выконвала спраўна і на сваім гародзе не бур’яны, а бульбу ды жыта пасадзіць-пасеяць паспявала. Трое дзяцей, хворая свякроўка ды муж з вечнай самакруткаю ў зубах... Ці да гульні тут? Ці да песень? I свякроўку, і мужа, і малодшанькую дачку, якая шчэ дзіцем ціха, як свечачка, дагарэла ў яе на вачах, пахавала - а сама жыла, ніводнага з сыноў асабліва не турбуючы: у іх сваё жыццё, гарадское, у яе - сваё... Час кожным з іх распараджаўся па-свойму, і ніхто яму не ўказ. Паспрабуй абміні ці падмані!
Хоць, трэба сказаць, і абмінуць многія спрабавалі, і падмануць. Сяму-таму - а Іван Дылда якраз з іх ліку! - часам шэнціла ўхапіць крыху больш таго, што выпадала, але рэдка. У-га, дзе б ён апынуўся, калі б часцей мог удачу за хвост ухапіць! Не разумнейшыя ж за яго над ім стаялі, ролі распісвалі.
Вырас да намесніка міністра. Ужо за сорак. Далёка за сорак, калі не падыгрываць люстэрку. Заслугі перад партыяй маюцца. Кар’ерыстам перад начальствам не выглядае. Сям’я ўладкаваная. Гатоў выканаць любое заданне, сыграць любую ролю. Што яшчэ трэба для добрай біяграфіі? Ён служыць - яму служаць, ён падыгрывае - яму падыгрываюць... Пры чым тут ленінскія ідэалы, вышэйшыя партыйныя інтарэсы? Іван і па маладосці не дужа верыў, што сённяшняе пакаленне савецкіх людзей будзе, як заяўлялася, жыць пры камунізме, а пажыўшы, паназіраўшы за тымі, у чыё кола так упарта прабіваўся, праціскваўся, увогуле перастаў верыць у што б там ні было.
Перш, памятае, нудзіўся, азіраўся на свой адбітак у люстэрку: ці не спаўзла з твару адпаведная пасадзе сур’ёзнасць, потым знайшоў аднадумцаў - і супакоіўся. Верных ленінцаў сярод партыйцаў аказалася няшмат, калі ўвогуле былі...
***
Азваўся тэлефон. Узяўшы трубку, здзівіўся, што чуе не голас сакратаркі, як зазвычай, а грубаваты мужчынскі бас, але перапыніць сувязь і званком выклікаць Веру Паўлаўну з прыёмнай не паспеў: бас ракатаў ужо на ўвесь пакой:
- Не кідай трубку, гнусь! Думаеш, не знаем, чыёй жонкаю, як падсцілкай, карыстаешся? Думаеш, ніхто ніколі не ўзгадае, куды згвалтаваную малалетку запхнуў далей ад людскіх вачэй? Усё ўзгадаецца! Усё спомсціцца! I не табе аднаму, сакратар! Калос на гліняных нагах абрушыцца - і мы пахаваем вас пад яго абломкамі. Сцеражыся!
Ковачу здалося, што яшчэ міг-другі - і ён пазнае голас, пазнае таго, каму ён належыць, але раптоўна наступіла цішыня. Такая глыбокая, такая глухая цішыня, што ў першы момант ён як не захлынуўся ёю: нават дыханне перахапіла... Але ўжо ў наступны міг не збянтэжанасць, а гнеў дыктавалі патрэбныя дзеянні, патрэбныя рухі: званком выклікаў Веру Паўлаўну, адначасова набіраючы код сувязі.
- Падпалкоўнік Шэршань... - не паспеў завяршыць той даклад па форме.
- Разбярыцеся, падпалкоўнік, хто і адкуль толькі што званіў у мой кабінет па прамой сувязі! Як такое ўвогуле магло здарыцца? - жалезныя ноткі ў голасе не пакідалі сумнення ў тым, што загад тэрміновы і выкананне яго будзе пракантралявана. Ковач жа ніяк не адрэагаваў на сухое «Ёсць!», падняў пагляд і, крыху змякчыўшы тон, прадоўжыў: - Гэта пытанне і да вас, Вера Паўлаўна.
- Званкі па «вяртушцы» на прыёмную не выходзяць, Віктар Віктаравіч. Па гарадской лініі за апошнія паўгадзіны званілі двойчы - абодва званкі - з просьбаю аб кансультацыі.
- Так, так, так... - лёгенька пастукваў ён пальцамі па стосе папер на стале, так і не апусціўшыся ў крэсла. - Выклічце на шаснаццаць гадзін... Хоць не! 3 КДБ я сам звяжуся. А вы, Вера Паўлаўна, скажыце, каб прынеслі шклянку чаю. Моцнага чаю!
Настрой паляпшаўся. Мо таму, што пагрозы, адрасаваныя яму (і не толькі яму), не напужалі, а нечакана ўзбадзёрылі, вярнуўшы напружанне, напружанае прадчуванне новага вітка барацьбы, адсутнасць якой, як даўно ўжо заўважаў, злёгку прытупіла нюх - вастрыню ўспрымання жыцця і людзей. Не быў бы ён ганчаком вайсковай вывучкі, калі б не адчуў прыхаваную ў грубым звароце пагрозу - пагрозу не яму асабіста, а тым планам, якія ўжо абдумваліся разумнымі галовамі на выпадак... Выпадак мог і не паўстаць перад партыяй ва ўсёй яго неабвержнасці, але ўсё ішло да таго, што аддасць генсек краіну. Перш - уладу, потым - краіну... Не ўсім жа бегчы, як пацукам з карабля... А ўжо і бегчы, то не з пустымі рукамі і на запасны аэрадром!
Напружанне паступова саступала ўзрушэнню, але Ковач па-ранейшаму (адно зверыўся з графікам сустрэч на гэты дзень) мераў пакой спакойна, хоць і цяжкаватымі, крокамі. Зрэдку адхлёбваў з прынесенай шклянкі у меру гарачы чай, зрэдку, калі паглядам чапляуся, застываў перад партрэтам, які вісеў над сталом, міжволі моршчыўся, але зноў працягваў рух - уздоўж пакоя і крыху наўскос, па дыяганалі, з канца ў канец.
Даўняя звычка абдумваць усё нахаду, па ходу, дапамагала і цяпер - думалася нязмушана, вольна, карціна вымалёўвалася хоць і грувасткая, але выразная. I не было ў той карціне месца ні таму, хто яшчэ задоўга да галоўных падзей баяўся іх наступстваў, ні таму, хто радаваўся іх набліжэнню, не думаючы, што апынецца яшчэ ніжэй і страціць нават сённяшні свой статус. Абраннікі фартуны заўжды, пры любым раскладзе - мечаныя. Хто кім ці хто чым - значэнне мае самае мізэрнае, галоўнае - тая самая адмеціна, што раней або пазней ці над ілбом, ці ў лёсе выяўляецца-пазначаецца. I ў народзе скрозь гэта ведалі. Ведалі - і асцерагаліся, не заступаючы дарогу, а то і абмінаючы яе, калі выпадала. Далей ад граху...
- Таварыш сакратар! Мы ўстанавілі, адкуль прайшоў званок.
- Дакладвайце, падпалкоўнік.
- Званок з нумара 081, зарэгістраванага на імя намесніка міністра прамысловасці.