- Звяжыцеся з кім належыць, няхай высветляць, хто званіў і як ён трапіў у кабінет намесніка міністра, - распарадзіўся Ковач, і нічым, ніводнай ноткаю ў голасе не азвалася ні яго лёгкае здзіўленне пачутым, ні падагрэты ім інтарэс да дробнага і, па сутнасці, не вартага павышанае ўвагі здарэння: загуляўся хтосьці, за ролю мсціўцы ўхапіўшыся... волі рэжысёрскай не чуе... Каб жа ўсё з такой, як тут, лёгкасцю льга было вылічыць і выправіць!
***
Рэпетыцыя з самага пачатку пайшла не так, як бачылася яму, рэжысёру. Ну, накрычаў на «любімца публікі»... Дык жа нельга ўвесь час іграць караля Ліра як якога-небудзь забулдыгу з сучаснай п’ескі, то паплёўваючы на далоні і прылізваючы распатланыя космы, то ікаючы на кожным слове! Ну, не падбадзёрыў, як зазвычай, прыму лёгкім пацалункам пры стрэчы ці шчасліваю ўсмешкаю потым, на адной з першых яе рэплік... Дык магла і сама падысці, чмокнуць у лысіну: ёсць за што быць удзячнаю! Ну, вылаяўся, не стрымаўшыся, калі Юра (каторы ўжо раз!) прапусціў сваю рэпліку... Дык ці першыня пачуць падобнае ў тэатры, падчас рэпетыцыі па новым спектаклі!
Не, справа яўна ў іншым, не залежным ні ад гэтага ранку, ні ад рэпетыцыі, ні ад настрою акцёраў. Як ён, Глінскі, думаў, справа ў «Каралі Ліры», у тым, што выбар - і калі? сёння? у часы перабудовы? - спыніўся менавіта на гэтай шэкспіраўскай п’есе. «Чаму - каіроль Лір?», «Ты што - хочаш сказаць, што кароль - голы?», «Калі дазволена ўсё, ты хочаш схавацца ў схроне гісторыі?» - толькі і чуў увесь апошні месяц: ад каго са спачувальнымі ноткамі ў голасе, ад каго - з насмешлівымі... I не нагадваць жа ў адказ задужа «заклапочаным», што смяецца той, хто смяецца апошні! Шчыра ўжо даўно ніхто не смяецца, і кінутае натоўпам «усё дазволена» - зусім не азначае дазволу на ўсё і для ўсіх. Для такіх, як Глінскі, ніколі не патрабавалася нічыйго дазволу - ні ў адзін з часоў: мяняліся кіроўцы, накірункі, законы, пісаныя і няпісаныя, а кола эліты не шырэла і не звужалася. На сцэне звычайна працуюць выканаўцы, а не рэжысёры: плата акцёрам - кветкі, апладысменты публікі, узнагарода рэжысёру - улада над імі і публікаю. Расклад не толькі справядлівы, але і адзіна магчымы. I зусім неабавязкова (у вышэйшай ступені непажадана!) даводзіць гэта ўсім і кожнаму. Што на сцэне, што ў жыцці...
- Эд Саныч, перапынак зацягваецца.
- Завяршаем на сёння, - кіўнуў і, заўважыўшы спецыфічны рух брыва памочніка, пасміхнуўся. - Не ідзе, ты ж бачыш, Алег. Мо невялікую ракіроўку зрабіць, пераставіць некалькі фігур.
Апошняе сказаў сам сабе, хоць і не адвёў пагляду, якім звыкла падчышчаў светлацені на твары суразмоўніка, дакопваючыся да аднаму яму вядомай сутнасці таго.
- Ты... Вы сур’ёзна? - заёрзаў той пад занадта пільным паглядам. - Ужо ж і ў ігру ўсе ўвайшлі...
- Я думаю, - ледзь заўважным жэстам рукі ўжо, здавалася, адпусціў Глінскі памочніка, але ў апошні момант адгукаў назад. Гэтак жа, пры дапамозе жэста, своеасаблівага пашчоўквання пальцамі. - Усіх адпусці. Да мяне - Ліра.
- Ліра дык Ліра, - буркнуў, перасмыкнуўшы плячамі, Алег, і тут жа загукаў ва ўсю моц галасавых звязак: - Гукаў! Гукава - да рэжысёра! Усім астатнім - шчасліва! Да вечара!
- Як гэта - да вечара? - выбегла на авансцэну Ганна Шалевіч, і па ўсім было відаць, што звычайна з ёю, прымаю, лічыліся. - Мы ж не прагналі нашу сцэну.
- Заўтра пачнём прама з яе, - абняў жанчыну за плечы Алег, ціхенька падштурхваючы да кулісы. - Гукава знайшлі?
- Чаго мяне шукаць? Вось ён - я, і пытаюся: з якой прычыны гэтулькі шуму?
- Рэпетыцыю адмянілі... - адгукнулася Ганя.
- А вас рэжысёр чакае, - не даў ёй прадоўжыць Алег. - У зале. Пад лямпаю.
- А-а-а... - насмешліва працягнуў Гукаў, прыгожым тэатральным жэстам закідваючы крысо накідкі на плячо. - Разумею. Іду. Бягу!
Бегчы не стаў. Азірнуўся раз-другі назад, праводзячы паглядам памочніка, які па-ранейшаму прыабдымаў незадаволеную прыму за плечы. Звыкла пералічыў пяць нязручных прыступак, што вялі са сцэны ў залу. Спакойна, хоць крыху па-тэатральнаму запаволена, падышоў да Глінскага.
- Сядай, Павел Віктаравіч, - апярэдзіў яго рэпліку Глінскі. - Параіцца хачу.
- Параіцца? А я ўжо, грэшнай справай, думаў: пад разнос трапіў і гэты раз... Як надоечы...
- Надоечы я зразумеў, дзе і ў чым памыляюся ў трактоўцы спектакля, хоць па-новаму - новай карціны! - яшчэ не бачу. Так іграць, як мы сёння іграем, нельга. Гэта ясна. А як? Як іграць? Пры якім асвятленні? У якой часавай прасторы? 3 прыцэлам на што? На якую такую мараль? На якую публіку?
- Вядома, на якую, - яўна не чакаў ад рэжысёра ні такога павароту гаворкі, ні такога запалу Гукаў.
- Вядома, кажаш? - не прыцішваў наступу Глінскі. - Ды не! Публіка і думаць не думае, і ведаць не ведае ні таго, што «распалася повязь часоў», ні таго, што прыйдзе ўслед за распадам! Вось у чым праўда. Вось дзе сабака закапаны.
- Які сабака? - не знаходзіў ні патрэбных слоў, ні патрэбнай у дадзенай сітуацыі інтанацыі стары акцёр, і ад таго пачынаў злавацца: чаго ён прычапіўся да яго? Кароль Лip - не Шэкспір, а адзін з яго персанажаў...
- Ды не пра сабаку размова! - адмахнуўся Глінскі. - Вось ты думаеш: Кароль Лір - не Шэкспір, а адзін з яго персанажаў... А я больш скажу, - не заўважаў ён раптоўнага спалоху на твары акцёра. - Лір - не проста адзін з персанажаў, ён - адна з іпастасяў чалавека, стварэння Божага, аголеная да канца, з жорсткай дакладнасцю хірурга. Так, так, хірурга, якім з’яўляецца любы геніяльны драматург, любы сапраўдны творца! I не сюсюкаць над чалавекам трэба, глупства яго, гнуснасць яго паэтычнасцю слоў прыкрываючы, а адкідваць, здзіраць адну за адной усе маскі, усе абалонкі, за стагоддзі паначапляныя, - і ў гразь іх! пад ногі! замест пустых спадзевак!
- А як жа запаведзі? - спрабаваў Гукаў хоць неяк падыграць рэжысёру.
- Два тысячагоддзі гэтыя запаведзі ўбіваюцца ў пустыя галовы, а дзікунства не менее. Мо час спыніцца, спыніць усе спробы - і паглядзець, хто яшчэ здатны падабраць уладу. Ужо ж, не Лір... Не чалавек...
- Не чалавек?! - агаломшана дзівіўся на яго Гукаў, не ў стане паверыць, што чуе гэта ад Глінскага, што спадобіўся пачуць гэткае не ад партнёра па спектаклі, па п’есе якога-небудзь звар’яцелага генія, а ў падобнай на спавядальную гаворцы. - Не чалавек, а хто?!
- Якая розніца! Бог... Сатана... Хтосьці з іх служак... - павярнуўся да яго ўсім тулавам Глінскі: як апрытомнеўшы раптам пасля гарачкавых слоў. - Трэба мяняць спектакль, мяняць героя, і мне хацелася б пачуць, што табе, Павел Віктаравіч, не падабаецца ў сённяшнім увасабленні яго. Чаго яму не стае? Больш выверанай рытмічнасці? Падсветкі сучаснасцю, сучаснымі праблемамі?
- Не разумею, чым праблемы сённяшняга дня адрозніваюцца ад праблем шэкспіраўскай эпохі... - буркнуў разгублены Гукаў. - Усё аддаўшы, аддаеш жыццё.
- Так, так. Усё аддаўшы, аддаеш жыццё!