- Я - Стас Чарняеў, - выпрастаўся той з поўнымі жменямі сабраных чарапкоў. - Паэт. I я люблю вас. Усе мае вершы прысвечаны вам. Толькі вам.
- Вось нават як! - пасміхнулася Люба, выціраючы рукі. - I прачытаць што знойдзецца?
Чакаю слоў, чужых, расстайных слоў:
Мо прынясуць палёгку, вырвуць з сэрца
Пяшчоту, што ўбіраецца у квецень,
Паверыўшы якомусьці са сноў.
Забыўся сон. Не збыўся. Ёсць жыццё.
Яго шляхі, нарэшце - будні проста,
3 якімі не ўпраўляюся са ўзростам!
А тут - за квеценню ды за лісцём
Не тое што шляхоў, не разглядзець
Бяды, якая стукаецца ў дзверы
Пасланніцай даўно пазбытай веры
У выкупленне, што прыносіць смерць.
Была б вясна! Быў сон. У сэрцы ж зноў
3 такой сляпой нястрымнасцю буяе
Пяшчота, бы не чую, бы не знаю
Нясказаных і прагучалых слоў.
Калі верш адгучаў, настала такая напружаная цішыня, што, здавалася, паветра вось-вось пачне крышыцца, асыпацца, - трэба было нешта рабіць, мусова нешта рабіць...
Першаю апамяталася Люба. Азірнулася на дзверы ў калідор, на пакой з гасцямі, адкуль даносіўся звыклы гул галасоў і ціхае брэньканне гітары, зірнула на крыху збянтэжанага ад уласнае смеласці паэта, заўсміхалася, толькі цяпер усвядоміўшы ўсю недарэчнасць ягонай постаці - з мокрымі чарапкамі ў руках...
- Ды высып ты свае чарапкі ў сметніцу! Памочнік!
- Канешне, канешне, - шукаў той сметніцу паглядам, пакуль Люба не падвяла яго да тумбачкі з прыадчыненымі дзверцамі. - Прабачце. Я выглядаю недарэчна... Знайшоў момант! 3 чарапкамі замест шампанскага...
- Ну, шампанскага я не п’ю. Не люблю, - падала хлопцу ручнік Люба і, пакуль той уціраўся, разглядвала яго: няма і трыццаці... цаны сабе не знае ні як мужчына, ні як паэт... - А прачытаны верш мне спадабаўся. Шмат у цябе такіх?
- Другі зборнік рыхтую. А вам... вам праўда спадабаўся верш?
- Не ведаю, ці дарэчы тут слова «спадабаўся». Гэта - сапраўдная паэзія, і калі вы падарыце мне пры наступнай стрэчы сваю кнігу...
- Абавязкова падару! Я цэлы свет падарыў бы вам, Любоў Георгіеўна!
- Думаю, кнігі будзе дастаткова, - паспрабавала яна астудзіць яго парыў, а калі заўважыла, што словы не падзейнічалі, рашуча і вонкава холадна падштурхнула да дзвярэй нецярплівым жэстам: - Ідзіце! Далучайцеся да астатніх, пакуль я не папрасіла ўсіх пакінуць мой дом.
- Канешне, канешне, - збянтэжыўся той.
- А мо ты ад майго імя выправадзіш...
- Лю-ба!