- Будзем рыхтаваць, Віктар Віктаравіч.
- Завяршаючы ж сённяшнюю нараду,- прадоўжыў ён, - хачу заклікаць усіх да ўдумлівага, а не бяздушнага асэнсавання ўсіх працэсаў, якія адбываюцца ў партыі і краіне. Асэнсаванне не на старонках газет ці ў тэлестудыях - якраз з гэтым спяшацца не варта, - а ў душы. Усе мы носім партыйныя білеты, і пачуццё адказнасці перад партыяй павінна быць на першым месцы. Што не апраўдвае, як вы разумееце, безыніцыятыўнасці ці абыякавасці. 3 усімі невырашальнымі на ўзроўні міністэрстваў пытаннямі звяртайцеся да нас. У аддзел. Ці да мяне. Дарогу ведаеце.
- Матэрыялы нарады можна атрымаць у сакратарыяце, - падняўся Паўлюк. - Усім усяго добрага!
Кабінет, хоць народу было поўна, апусцеў неяк вельмі хутка і амаль бязгучна: нават крэсла ніводнае не азвалася. Адно што Паўлюк як падняўся з-за стала, завяршаючы пасяджэнне, так і стаяў у нерашучасці, не ведаючы, адпускае яго сакратар ці чакае пэўных тлумачэнняў. Паўза зацягвалася, і ён не вытрываў.
- Штосьці памылковае сказаў я ў часе гаворкі з галоўнымі рэдактарамі і іх намеснікамі, Віктар Віктаравіч?
- 3 чаго ты ўзяў? - усміхнуўся Ковач.
- Дык жа... Гэты дыялог з Голубевай...
- Нельга дапусціць, каб такія, як Голубева, перайшлі ў стан незадаволеных, з якіх ужо фарміруецца апазіцыя. I табе, Валерый Юр’евіч, гэта вядома лепш, чым каму, - вяла корпаючыся ў паперах, патлумачыў Ковач. - I табе, і мне - усім нам! - трэба вучыцца так разыгрываць любую сітуацыю, каб і сумнення ні ў каго не ўзнікала, што ёсць нейкае выйсце з яе, апроч таго, якое мы прапануем.
- Ды гнаць іх... - мармытнуў Паўлюк. - Туды, дзе чорт кароў пасвіць...
- Усіх не пагоніш. Бо і так можа выйсці, што самім там няроўным часам давядзецца апынуцца. Таму і кажу. Час ад часу ўсім знаёмую маску мяняць рэкамендуецца. На мякчэйшую... На весялейшую... На іншую!
- Ёсць.
- Ну, ну... Пабачым... - складваў сёе-тое з папер у папку Ковач. - На Краўцова цісні: вытрымае. А Голубеву не чапай: яна яшчэ спатрэбіцца. Не заўтра, паслязаўтра... Гульня толькі пачынаецца! Хто выйдзе з яе пераможцам, яшчэ далёка не ясна.
Апошнія фразы прагучалі ўжо пасля таго, як за Паўлюком зачыніліся дзверы - як сам сябе падбадзёрваў Ковач, думаючы пра сваё, ніяк не звязанае з нарадаю, што толькі што завяршылася.
***
Сказаць, што Ганя не любіла гастрольныя паездкі ў межах рэспублікі з-за дарожных нязручнасцей і неўладкаванага гатэльнага побыту - гэта нічога не сказаць. Яна - проста захворвала за некалькі дзён перад выездам, і не так угаворы сябе самой на працягу ўсіх гэтых дзён, як валявы націск дапамагаў выйсці з хворага стану і ўсё-ткі выправіцца на гастролі разам з трупаю. У дарозе ўсё станавілася на свае месцы: анекдоты, розыгрышы, жартаўлівыя заляцанні, найграныя споведзі - ігра, пачаўшыся, не заканчвалася да завяршэння выступленняў, і хоць гэта і выматвала да поўнай пустаты ўнутры, ды калі б не бясконцае тэатральнае дзейства, было б яшчэ горш і невыносней. А так... Ігра... Прадстаўленне... Тэатр! Жыццё вакол - тэатр, чаго ж чакаць ад скамарохаў?
Урэшце, усе (хоць кожны вёў сваю гульню на падмостках жыцця) прыходзілі на спектаклі, каб атрымаць асалоду ад разыгранай перад імі гісторыі чужога кахання, чужой драмы, - і не так важна, што ў ходзе спектакля хтосьці хаваў у вусы з’едлівую ўхмылку, а хтосьці цішком уціраў набеглую слязіну: і пасміхаўся кожны з самога сябе, і плакаў над сваім. У любым выпадку станавілася лягчэй адно ад думкі, што ты не адзін такі ў свеце, не адзін гаруеш са сваімі бедамі, не адзін радуешся маленькім радасцям, якія зрэдку выпадаюць. Ну, як тут не падыграць?
Падыграць - штука няхітрая. Хоць публіцы, хоць каму з партнёраў па спектаклі, разыграным на сцэне ці ў гасцінічным нумары. А потым? Сам-насам з сабой? Сам-насам з даўкай начной цішынёю? Калі ўсе, няхай нават перад самым золкам, пазасынаюць? 3 чым ужо з чым, а з бяссонніцаю Ганя змагацца ніколі не ўмела - здаралася, усё пражытае і перажытае па шматку перабярэ, перамацае думкаю, пакуль зможацца і засне. А ўжо тут, у Наваполацку, пасля ўчыненага Генікам...
Вярнулася адчуванне гідлівасці, калі, здавалася, яе вось-вось званітуе, і зноў давялося выходзіць на балкон, у ноч, якая ціха пагойдвалася над горадам, над Дзвіною, акрываючы іх усім сваім бяздонным небам. Небам, што жыло сваім уласным - таямнічым - жыццём, бо ледзь толькі Ганя абаперлася на парэнчы і падняла вочы, здалося, пагляд выслізнуў і тут жа патануў у срэбна-чорным ззянні яго - патануў, а ўсё рухаўся некуды ўглыб, у міжзорную пространь, уцягваючыся, урастаючы ў яе. I адразу зніклі ўсе думкі і шкадаванні - знікла само ўсведамленне канкрэтнасці, матэрыяльнасці перажываемых імгненняў! Так, быццам ноч чакала менавіта гэтыя імгненні, каб твар у твар, вочы ў вочы з ёй, Ганяю, - з рабой Божай Ганнаю, як называлі яе часцяком сябры, - падзівіцца на беспрытульную душу яе, - падзівіцца і Гані паказаць. Зірні, маўляў, угледзься, уразумей, якая ты ў сапраўднасці - якой магла б быць, стаць!
Бо вось жа ўжо ахінала, ахутвала Ганю срэбна-чорнае - не, срэбна-сіняе! - ззянне, і паўставала перад паглядам дзівосная, як на аточанай срэбрам іконе, постаць... Постаць маці? Сама Багародзіца?! Але ж Яна не трымала на руках дзіцёнка, Сына Божага ці Сына Чалавечага - проста ішла насустрач, не кранаючыся Зямлі, не атрасаючы зорнай мітусні з шырокага покрыва свайго, не набліжаючыся... Так, не набліжаючыся! Быццам іх сцяжыны не маглі ні сысціся, ні перасекчыся нідзе ў цэлым свеце, хоць сустрэча і адбылася, адбывалася тут і цяпер, на зыходзе ночы.
I думкі ў Гані не мільганула апусціцца на калені ці хоць пакланіцца Той, да Каго імкнула душа ад нараджэння, - само імкненне ўвысь, насустрач даўняй мары аб стрэчы, падтрымлівала, утрымлівала яе на крайку ночы, давала сілу не адводзіць пагляд, не агучваць маленне сэрца. Шчасця і так замнога, шчаслівыя імгненні доўжыліся і доўжыліся...
Усё жыццё прамільгнула за гэтыя імгненні перад паглядам душы, і нічога з таго, што выплывала з глыбіняў свядомасці, тут жа знікаючы, раствараючыся ў наступным вобразе, у наступнай карціне, не выклікала шкадавання. Ганя пазнавала сябе і ў басаногай дзяўчынцы, што з дзікунскімі крыкамі захаплення насілася па лужынах пад дажджом, і ў праўдалюбцы-школьніцы са старэнькім партфелем у руцэ, і ў цыбатай юнай спартсменцы пад валейбольнай сеткаю, і ў піянерважатай з вывадкам малых, і ў швачцы ў начным цэху, дзе пад гул машын нараджаліся і дужэлі мары пра сцэну, пра мноства роляў, якія яна некалі абавязкова сыграе на лепшай са сцэнаў, і ў студэнтцы-актрысулі, падманутай умела разыграным каханнем, і у жанчыне-развядзёнцы, на твары якой ніводнае люстэрка не заўважыла б сляды слёз... Пазнавала - і ўсміхалася, калі паспявала ўсміхнуцца, кожнай з іх. Бо за кожнай - і гэта было невытлумачальна! - паўставала зіхоткая постаць Той, да Каго Ганя імкнула, колькі сябе памятала. Яна была перад ёю, хоць і ў некаторым аддаленні ад яе, і нішто у гэту хвіліну не магло устаць паміж імі, засланіць ззянне, якім акрывала іх неба.
«Нішто? Нават тое, што адбылося пасярод ночы, гадзіны паўтары назад?» - вярнула свядомасць сваю страчаную ўладу над жанчынаю, і Ганя ўздрыгнула, быццам яе ўдарылі. Уздрыгнула, напружыла пагляд, чапляючыся ім за раптам апусцелы, хоць і пасвятлелы, далягляд, за нябеснае покрыва над ім, што шэрхла, шарэла проста на вачах, і толькі глыбокі горкі ўздых азваўся болем у грудзях. Ці то шчасця перажытых імгненняў сапраўды аказалася замнога - і душа надламалася, ці то ноч адгарала - адгарэла і засыпала шэрым попелам усё, што ўбачылася, або звідзілася.
Па ўсім было відно, што хутка пачне брацца на золак, і крыху азяблай Гані нічога не заставалася, як вярнуцца ў пакой і паспрабаваць сагрэцца. Залезці ў пасцель, сцяцца ў камячок, баронячыся ад згадкі, што зноў нагадала пра сябе, і сагрэцца. Mo i на душы палягчэла б, калі б цела перастала ўздрыгваць і пакрывацца мурашамі не так на перадсвітальны халадок, як на ўзгаданую абразу зрэагаваўшы.
Адчуванне цяпла і ўтульнасці хутка вярнулася, на душы лягчэй не стала. Горш таго! - перажытае, калі з ёй, актрысаю, узжадалі абысціся, як з вяхоткаю, падабранай на панелі. I хто?! Свае... Гэткія ж, як і яна, служкі сваёй прафесіі і сцэны!
Абурэнне ўспыхнула з новай сілай, і як ні сціналая яна ў камячок, як ні старалася атрэсціся ад яго і павярнуць думкі ў якоесьці іншае - любое іншае! - рэчышча, нічога не атрымлівалася. Зноў яна, паддаўшыся ўгаворам Геніка, уваходзіла ў паўлюкс, які займаў памрэж, зноў уся кампанія ўставала ёй насустрач, і яна ледзь не павярнула назад проста ад дзвярэй - здзівіла не так тое, што разам з акцёрамі ступіў ёй насустрач, пахітваючыся, намеснік міністра... Пекар... Чула пра яго нямала і рознае, сутыкалася чыста вонкава і здалёк...
- Во! - прыклаўся той да яе рукі. - Нарэшце сярод асалавелых ад гарэлкі фізій мужыкоў з’явіўся твар... Прабачце...
Ён пахіснуўся, і калі б Генік не падхапіў яго і не ўсадзіў у крэсла, пэўна, страціў бы і такую ненадзейную апору, як падлога пад нагамі. Ногі - не трымалі, рука ж паслухмяна пацягнулася да шклянкі, паслужліва напоўненай другім сабутыльнікам - драматургам... Ганя не адразу звярнула на яго ўвагу, уражаная не так відовішчам загулу (не гэткае даводзілася бачыць у «Мутным воку», куды сыходзілася ўся калятэатральная брація!), як гнусна-саладкаватаю атмасфераю таннага бардзеля, якая панавала ў пакоі, нягледзячы на адсутнасць жанчын.
«Бач! I гэны тут! Няйнакш, новую п’есу прадаць хоча...» - чамусьці з непрыязнасцю падумала пра мілейшага фанфарона, як усе называлі Жлуктава, Ганя, падшукваючы словы, каб павярнуцца і пайсці ў свой нумар. Але Генік па старой (такой старой, што адзін ён і ўзгадваў калі-нікалі) памяці абняў яе за плечы, на міг прытуліў да свайго пляча, шапнуў у самае вуха: «Не дрэйф... П’ём за яго кошт...»
- Той-сёй ужо напіўся, - адхінаючыся, кіўнула Ганя ўбок Гукава, які спаў у кутку кушэткі ў такой нязручнай позе, што толькі дзіву дацца. - Я пайду...
- Не, не, не! - тут жа падскочыў да яе памрэж. - Хоць на мінутку! Хоць на адзін тост, як той казаў...