- Любаша! 3 кім ты там зачынілася?
- Мы патрабуем гаспадыню! - пачулася з калідора, і Люба адчайным рухам, які не схаваўся ад Стаса, зачыніла за ім дзверы і падперла іх спіной.
- Цс-с! Гаспадыня, змарыўшыся, заснула, і мы будзем парсюкамі ванючымі, калі не вымецемся з яе кватэры, - устаў на варце дзвярэй збоку калідора Стас. - Дзве гадзіны ночы, сябры! Глыбокая ноч!
- А ты смаркач яшчэ, каб камандаваць! - крыху прыцішыў голас адзін з нецярплівых (Люба адразу пазнала Пальчэўскага). - Хто ты такі, увогуле?
- Ты што, Юра, заліў вочы і не пазнаеш нашага маладога генія? - прыхінулася да хлопца Ганна, упэўненая, што ёй, як прыме, дазволена і ў гэтым доме, і паўсюль усё. - Стасу далі ад варот паварот, як бачыш. Вось мы яго і прыгрэем.
«Во лярва старая!» - мільганула ў думках без асаблівае злосці, але ў вачах сталі збірацца слёзы, і Люба рабіла аграмаднае намаганне, каб не расплакацца, не завыць уголас: прыйшлі... наеліся-напіліся... замест таго, каб дзякуй...
- Усё, усё, сябры! - гучным шэптам камандаваў Стас, спіной, праз дзверы, адчуўшы ўсю складанасць моманту. - Каго куды давезці, разбяромся па дарозе. Я да вашых паслуг, дамы! Вось так... Вось сюды... Я ўслед за вамі...
Голас цішэў, аддаляючыся, а хутка і зусім аціх. Бразнулі ўваходныя дзверы. Смех і глухія рэплікі яшчэ нейкі час трывожылі рэха - перш у пад’ездзе, потым у двары, куды вываліла кампанія, і стала ціха. Так ціха, што кроплі вады з кепска перакрытага крана падалі ў ракавіну, здавалася, аглушальна гучна. Падалі... скочваліся і падалі... I так не магло больш прадаўжацца, бо слёзы ўжо і так каціліся па шчоках. Каціліся, падалі... услед за кроплямі вады... апярэджваючы іх...
Званіў тэлефон. Недзе ў пакоі, недзе ў тым жыцці, якое яна аднойчы выбрала і якое так ніколі да канца і не прыняла, прызнавалася сабе ў тым або не, званіў і званіў тэлефон.
***
Нарада па ідэалогіі праходзіла ў звычайным рэжыме, нішто не патрабавала ні пазачарговых мер, ні тэрміновых рашэнняў, і Ковач дужа не ўслухоўваўся ў доўгія тлумачэнні дасланае з Масквы цыдулькі, якія ў вуснах Паўлюка (яго, загадчыка аддзела ЦК, шмат хто нават з высокіх партыйных чыноў непрыкрыта пабойваўся) гучалі амаль загадна і пярэчанняў, як заўжды, не выклікалі. Назіраць за ім было не дужа цікава: верны служака партыі, якому за сабачую вернасць спісваліся і залішняя часам жорсткасць у адносінах з падначаленымі, і залішняя заўзятасць у зборы кампрамату на ўсё і ўсіх, і залішне падкрэсленая ўпэўненасць у заўсёднай нязломнасці і незаменнасці. Дзіўна будзе, калі ён так і пражыве свой век, ні разу не азірнуўшыся на сотні, тысячы нязломных і незаменных, чые імёны ўтаптаны ў гразь. Перш - у кроў, потым у гразь... Хто, што ў жыцці мог калі-небудзь гарантаваць, хоць раней, хоць сёння?
Рэформы ў планах... Галоснасць абвешчана... У дэмакраты сёй-той спяшаецца запісацца... «Не па службе, а па розуме - трэба б партыйную чыстку праводзіць, - аглядваў сабраных у кабінеце журналістаў Ковач, пераводзячы позірк з аднаго на другога, - ды няма каму, відаць. Такім, як Паўлюк, разгарнуцца сёння ўжо не дадуць, а астатнія...»
Думка чамусьці балюча кальнула: сорак гадоў як у партыі, і раптам - сумненні?! Ну, не дайшоў да верхняй прыступкі па службовай лесвіцы... Дык жа, папраўдзе, не вельмі і шчыраваў, каго больш нахабнага наперад прапускаючы! Ведаў: не там верх, дзе лесвіца заканчваецца, а там, адкуль нельга ўпасці, коцячыся ўсё ніжэй і ніжэй. Было ж - і галовы каціліся. I не памятаць гэтага ці рабіць выгляд, што не памятаеш, - хоць і не адно і тое ж, але аднолькава непрымальнае. Для разумнага чалавека. У любы з часоў.
I час абвешчанай перабудовы быў бы нічым не лепшы, нічым не горшы за папярэднія ці наступныя часы, калі б перабудова тычылася не структуры грамадства, а структуры эканомікі, дзе змены наспелі даўно. А так... Ковачу не вельмі хацелася заглядваць за край бачнага: у тым і небяспека, што гэта край, мяжа, за якою магло аказацца што заўгодна. Нават крах краіны. .
- Хачу папярэдзіць, - узвысіў голас Паўлюк, і Ковач, міжволі павярнуўшыся да яго, паспрабаваў звярнуць увагу на тое, што адбывалася: заўзятае следаванне новаму курсу на ўсеагульную галоснасць вітацца не будзе. Любы дазвол - не ўсёдазволенасць, і навыперадкі бегаць, як вядома, добра толькі на стадыёне. Краіна - не стадыён, і хто хоча ўтрымацца на службе, паперадзе бацькі ў пекла не палезе. Я, спадзяюся, ясна выказаўся? Ніхто не хоча запярэчыць?
Журналісты ніяк не зрэагавалі: хто разглядваў пазногці, хто сцяну, у якую ўпіраўся пагляд... Баяліся. Як і раней баяліся. I гэта было так відочна, што выклікала непрыемнае адчуванне. I не толькі ў Ковача. Усе - быццам саромеліся адно аднаго, хаваючы ад сябе саміх самую думку пра страх, запіхнуты ў самы цёмны куток душы: не праяўлены, не выказаны, ён праляжыць там столькі, колькі спатрэбіцца, як ляжаў дагэтуль, а за сценамі гэтага кабінета, гэтага будынка рэдка калі ўвогуле ўсплываў і ўзгадваўся.
- Гатовых прыняць удзел у абмеркаванні ці штосьці аспрэчыць са сказанага няма... - пачаў падводзіць вынік гаворкі ў бязмоўнай зале Паўлюк, каб перадаць права сказаць заключнае слова сакратару, і тут адбылося нечаканае - нечуванае ў гэтым будынку.
- А пытанне можна?
Усе, як па камандзе, павярнуліся на голас, і не на адным твары выбліснула і застыла здзіўленне: жанчына? Паўлюку? пытанне? у прысутнасці сакратара? I не выказаныя, пытанні віселі ў паветры, якое, здалося яшчэ больш загусла і пацяжэла.
- Пытайцеся, пытайцеся, Таццяна Васільеўна! - падбадзёрыў жанчыну Ковач, адразу ўспомніўшы яе імя і месца работы: намесніца Краўцова, былога яго памочніка, і тым крыху палепшыў абстаноўку. - Смелага куля баіцца...
- Ну, да куль, спадзяюся, не дойдзе, - усміхалася жанчына, хоць безумоўна, заўважыла, як збялеў Краўцоў, яе шэф, і напружыліся ўсе астатнія, пазіраючы не на сакратара, а на Паўлюка. - Сярод нас няма людзей выпадковых, не правераных на прафесіяналізм і вернасць Айчыне. Чаму ж нам не давяраюць, адпуджваючы ад галоснасці? Дык мо галоснасць і патрэбная адно таму, каб нарэшце сказаць з усёй партыйнай адказнасцю і адкрыта: штосьці не тое ў нашым каралеўстве, штосьці нядобрае.
Лёгкі шумок пакаціўся ад крэсла да крэсла, але Ковач адным паглядам спыніў яго, павярнуўшыся да жанчыны ўжо ў наступнае імгненне.
- Упэўнены, вы перабольшваеце наш недавер да журналістаў, Таццяна Васільеўна. А вось што вы маеце на ўвазе, перафразуючы Шэкспіра, хацелася б уразумець. Выкажыцеся ясней.
- Ідэя галоснасці, як і ідэя перабудовы, зарадзілася, на маю думку, не ў сэрцы партыі, а ў галовах нашых ворагаў. Яна падкінута нам. 3 Захаду. I калі мы заглынём нажыўку, то не будзем свабоднымі ні ў адным рашэнні, - Таццяна міжволі пачала запінацца ад хвалявання: сама ад сябе не чакала падобнай смеласці...
- Не згушчаеце фарбы? - зноў падтрымаў яе пытаннем Ковач.
- Таварыш сакратар... Віктар Віктаравіч! Ды забрадзіў ужо хмель: тое і глядзі, што моладзь пацягнецца да напояў ненашанскіх! Паслабленні павінны быць, ды разумныя. Вывераныя ўсім ходам нашай гісторыі. А не тыя, што правакуюць на вольніцу, разрываючы повязь паміж пакаленнямі, - старалася яна не пазіраць на Паўлюка, які, здавалася, зжыраў яе паглядам: і так словы захрасалі ў горле - не пракаўтнуць.
- Курс партыі не можа падвяргацца сумненням, - не прамінуў той перапыніць жанчыну, не прымаючы ні яе недысцыплінаванасці, ні яе імпэту ні да места.
- Гэта не сумненні, Валерый Юр’евіч, на якія не знаходзяць адказу многія камуністы і якія выклікаюць недаўменне. Калі курс партыі памяняўся - так рэзка мяняецца на нашых вачах! - а з камуністамі, з партыйнымі арганізацыямі не раяцца, не праводзячы ніякай растлумачальнай работы, пра якую галоснасць у сродках масавай інфармацыі можна гаварыць?
Жанчына села, у душы ўшчуваючы сябе за нястрыманасць: ведала ж, што і гэта спроба выклікаць дыскусію, як ранейшыя, акажацца няўдалаю і калегі ніяк не адгукнуцца на сказанае, не падтрымаюць!
- Мяркую, пытанне пастаўлена своечасова, - нечакана падтрымаў Ковач. - I ў бліжэйшы час, - павярнуўся да Паўлюка, у якога твар, што называецца, пайшоў плямінамі, - трэба ў рамках рэспубліканскага семінара правесці шырокую дыскусію, на якую запрасіць вучоных, выкладчыкаў ВНУ, ветэранаў партыі. Упэўнены, падчас гэтай дыскусіі маглі б быць выпрацаваны неабходныя рэкамендацыі для прэсы. I не толькі для прэсы.