- Зноў давядзецца піць на брудэршафт пры сустрэчы, га? - пасур’ёзнеў ён, хоць вочы па-ранейшаму смяяліся.
- Пры сустрэчы? - вярнулася да яе ўпэўненасць, ледзь толькі вызвалілася і села за свой стол. - Вы хочаце сказаць...
- Я хачу сказаць: ніхто ні ад каго не застрахаваны, - заглыбіўся той у якіясь прынесеныя паперы ці зрабіў выгляд, што заглыбіўся, і яна змушана была зрабіць тое ж самае.
Праз дзве, самае большае - тры хвіліны, не вытрымаутны, падключылася да ўнутранай сувязі.
- Іван Кузьміч, вы выклікалі палкоўніка Шзршаня? Ён у прыёмнай.
- Так, так. Мы заканчваем, - пачулася ў адказ, і Шэршань, склаўшы ў папачку паперы, падняўся, зіркнуў у яе бок. Нешта яму муляла, і ён няспешна падаўся да стала, да Людмілы - яна ж, адчуўшы, што сэрца правальвалася некуды ў бездань, не на жарт спалохалася.
- Не надумала памяняць гаспадара?
- Прашу вас...
Ён, усміхаючыся, балюча сцяў яе запясце.
- Запомні: я так проста не выпускаю здабычу, калі яна раптам трапляе мне ў рукі, - сказаў і, не так ад таго, што яна спалатнела і ў любы момант магла страціць прытомнасць, як ад таго, што адчыняліся дзверы кабінета, адступіўся, не азірнуўшыся, пайшоў ад стала.
Ад стала, не з успамінаў... Ну чаго, чаго яна ўвесь час перажоўвае адну і тую ж балючую думку: залежная, зноў залежная ад мужчыны! I дужэйшы ён, і мудрэйшы, і абраннейшы... Дабрынёю, любоўю, ахвярнаю самаадданасцю жаночаю няйначай корміцца, як усе іншыя, каб выжыць у натоўпе, сярод абыякавай, а то і варожай прыроды, а паспрабуй паставіць сябе побач - тут жа і чуеш, здаецца, раздражнёнае, уладнае: «Куды? Свайго месца не ведаеш?» I - свіст бізуна. Ці кінутага наўзцагон памкненню каменя. Каб вярнуць на адведзенае ім, гаспадаром, месца. Каб, Божа збаў, не знайшлося ў яе вартага ўвагі пярэчання. Ён жа - дазваляе сябе любіць, чаго яшчэ?
I то праўда. Чаго яшчэ? Волі? Самастойнасці? Разумення? Прызнання? Вось яна, Лялечкіна, - перад сваім адбіткам у люстэрку, і цэлы космас месціцца паміж ёю і ім. Адно патушы пагляд лёгкім узмахам вейкаў - і сальецца з ім, стане яго бязмежнаю прастораю, не сэрцабіццём, думкаю збудзіўшы цёмныя, набрынялыя мінулым глыбіні, якія адгукаюцца ўздыхам святой Марыі, песняю Сафо, прароцтвам Касандры, малітваю Ефрасінні Полацкай, смехам Беатрычэ, блаславеннем Жанны д’Арк... I няма чаго гэтаму новаспечанаму палкоўніку ці ўсяму свету даводзіць, што гэта не перабольшванне: іх вобразы, як і тысячы іншых, гэткіх жа яркіх ці ўжо кранутых забыццём і невыразных, увасоблены ў ёй і часам, з гадамі ўсё часцей, патрабуюць сваёй долі рэчаіснасці.
Гэтаксама гульня? Канешне. Але без удзелу мужчыны.
Ужо ж, фантазія, яе загадкавы, поўны таямнічых пераўвасабленняў свет - адзінае, што належыць толькі жанчыне. Дзе ўжо дзе, а тут спробы мужчын прад’явіць свае правы, а то і заваяваць, падпарадкаваць яе сабе, заканчваліся паражэннем: яны або адступаліся, або станавіліся душэўнахворымі, сваёй душэўнай хваробе, як потым высвятлялася, абавязаныя і творчасцю, і пасмяротнаю славаю. А яна, жанчына, жыла ў гэтым свеце, прыгажэючы, вырастаючы у сваіх уласных вачах пад яго дрогкім святлом: якія толькі кветкі для яе там ні цвілі! якія толькі вышыні ёй там ні скараліся!
Дом, сям’я, сямейнае шчасце... Большасць людзей і на дух не пераносяць смельчакоў, што адкрыта выказваюць незадаволенасць тым убогім жыццём, якое яны прынялі як належнае, наканаванае, і што? Гэта іх права, а яна... Яна смяялася і з гэтага права (якія правы ў рабоў?), і з гэтага мізэрненькага шчасця іх штодзённае барацьбы за выжыванне: барацьба з бязглуздымі перашкодамі, з тупасцю і хамствам не варта штодзённых высілкаў, няўжо гэта не відочна?
Мужчына - гэта той, хто забівае. Так было заўсёды. Так і сёння. Толькі сёння і ён, і тая, каго ён выбірае для ложка, ці для кухні, ці, калі пашанцуе, на пэўны час і для таго і другога, не спяшаюцца ў гэтым прызнавацца нават самім сабе. Усміхаюцца. Падыгрываюць адно аднаму. Хлусяць да самай апошняй хвіліны - з самымі, як думаюць, лепшымі намерамі.
Людміла разумела: апошнім часам пол набыў такую невыразнасць, што і крыўдаваць няма на што: людзі раствараюцца ў мностве, множацца парамі, становяцца натоўпам, скопішчам аднолькава гарсэтна-пінжачных постацей, шэра-карычневаю сараканожкаю і, захопленыя бегам, гонам за прывіднаю ўдачаю, не зауважаюць, як становяцца - па сутнасці, даўно сталі! - бясполымі.
I ўсё ж у тым супрацьстаянні, якое доўжыцца з незапамятных часоў, яна, жанчына, не знаходзіла, не бачыла пераможцы. Ведама ж, дасягненне - разумець, што ў падмурку сусветнае гісторыі ляжыць не толькі трагедыя смерці, a і трагедыя полу! У трагедыі заўсёды ёсць магчымасць стаць фарсам, і што-што, а гэтая магчымасць не застаецца нескарыстанаю.
Дом, сям’я, сямейнае шчасце... Цьфу ты, Божа мой! Ды адно прыгледзецца да гэтага шчасця! Двое - у шлюбе, што знаходзіцца пад аховаю царквы і дзяржавы, - ведаюць свае целы, як ведаюць сваю мэблю, і кладуцца ў ложак, бо ўжо гадзіна ночы, а заўтра цяжкі дзень, і не адчуваюць пяшчоты ад дотыку знаёмай рукі ці пляча, бо заняты думкамі, што з’явіліся толькі цяпер, у гэта імгненне, а целы і так заўседы побач - толькі руку выпрастаць...
Не, здараецца, што шлюб засмоктвае іх - і яны цалуюцца, і гэты пацалунак - як кропка. Кропка, што завяршае дзень, яшчэ адзін дзень, і ім, дваім, не выйсці за межы гэтага ведання, за межы будзённасці - з вечнага «цяпер», якое не іхняе «цяпер», а іхняе «заўжды». I гэта - шчасце?!
Канешне, мо нейкім чынам ім і дапамагае ўпэўненасць, што яны ніколі адно аднаго не страцяць: яны - пара, з даўно мёртвымі для кахання целамі, і ніякія чамаданныя зборы нікога не падмануць. Дастаткова пачуць у трубцы дарагі голас - і вось яны ўжо вяртаюцца, і прызнаюцца альбо не прызнаюцца ў сваім шкадаванні, і зноў жывуць бытам, які і ёсць іх ісціна, - у піжаме і з зубною шчоткаю ў роце, выпацканым пенаю, на вачах у другога, з музейнаю галізною ў ванне, якая даўно не хвалюе нi пагляду, нi ўяўлення, з гаворкаю пра гасцей, якія толькі што пайшлі, ці пра духоўнасць, якая іх дваіх лучыць... Звыклая, лёгка пазнавальная карцінка! Усе яны - жывыя людзі. Але пры чым тут шчасце?!
Скажуць: ну, а ты - ты сама... Яна? Яна не ўмее і не хоча падбіраць з гразі крошкі радасці і смяецца - здольна смяяцца з усіх, хто падбірае іх і думае, што ён шчасліўчык. Усё ці нічога - гэта звычайна нічога? Што ж, няхай лепш нічога, чым шэранькая радасць усведамлення, што я - як усе. Яна - гэта яна. Не перамагла, да канца не перамагла свае прыроды, так, але і не скарылася ей: ніколі пакорна не схілялася перад яе ўладаю, ніколі не дазваляла ёй цалкам завалодаць сабою - і пляваць хацела на ўсё тое, чым яна яе прагла завабіць. Няма такога лёсу, над якім нельга ўзвысіцца пагардаю і абыякавасцю, няма!
Мужчына - гэта той, хто забівае. Хто з году ў год, са стагоддзя ў стагоддзе забівае любоў, спадзяванне на несмяротнасць у любові, спадзяванне на перамогу хараства, гармоніі ў свеце, створаным з хаосу і мораку. Сіла - не здольна што-небудзь стварыць, і ён, мужчына, безыменны ў натоўпе гэткіх жа, як сам, пераможцаў, - забівае. А жанчына... Жанчына вымушана жыць тым жыццём, якое для яе падрыхтавалі і за якое ёю ж пагарджаюць, - вымушана прымаць за сапраўднае сваё ўбогае шчасцейка, злепленае з няўдач, вечнай галечы, сораму, страт і грахоў.
Не, не! Аднойчы вывеўшы сябе з гэтае гульні, Людміла больш не жадала далдоніць загадзя вывучаныя рэплікі, якіх чакалі ад яе самаўпэўненыя партнёры, - яна выбрала маўчанне. Маўчанне і пагарду. Жыццё як-небудзь ды прадоўжыцца. Толькі не скарыцца, не жыць раслінным жыццём у затхлай атмасферы пустапарожняй балбатні. Толькі ні словам, ні духам не ўдзельнічаць у агульнай хлусні пра чалавечае шчасце, толькі не выкрываць свайго імя, свайго болю, адно каб далучыцца да адвечнага шэсця жанчын - да шэсця да месца, якога няма на зямлі: да вар’яцтва. Вось гэта ўжо - не!
Адмаўленне ад полу - гэткае ж страшнае выраджэнне, як і распуста, яна знае, знае і - адмаўляецца, адракаецца ад свайго полу і ад супрацьлеглага. Быць чалавекам - гэта ўсё, што ім наканавана? Што ж. Ды дапаможа ёй сонечнае святло пераносіць гэта рабства!
***
Тэлефон... Зноў некаму пільніца? Няхай пачакае. Яна сама выбярэ той момант, калі, адвярнуўшыся ад люстэрка, вызваліцца ад яго чараў і ўступіць у рэальнасць вечара. Яшчэ аднаго вечара...
Рабства... Не тое каб яна пагадзілася на яго, нічога іншага проста не дадзена. I ўсё ж у яе волі - не выказаць з гэтае нагоды ні радасці, ні смутку. Так, Людміла не належала да племені герояў, не магла павесці за сабою люд, нават калі б вырвала з грудзей сэрца, - не магла і не хацела. Рабамі народжаныя людзі засталіся рабамі і па-ранейшаму ўкрыжуюць любога, хто скажа ім пра гэта, хто паспрабуе, толькі паспрабуе асвятліць дарогу. Мяняюцца відэацацкі, гучныя слоўцы, ілжывыя прамоўцы, асвятленне - натоўп той жа, з тою ж, заўсёднаю, статкаваю псіхалогіяй.
Ненавідзела! Не магла ўзненавідзець свет - і ненавідзела, ненавідзела яго! За тое, што не можа, не здольна (ягоная часцінка!) ні змяніць яго, ні адпрэчыць - яго вабнасць і яго ўладу, і выжыць, жыць, не зважаючы ні на яго гнёт, ні на мярзотнасць таго, што дазваляла з сябе вырабляць.
Злом вякоў? Злом тысячагоддзяў? Магчыма. Але ж жыццё прыпала на гэты час, на гэты яго прамежак, і нешта ж трэба супрацьпаставіць!