- Дапамагчы?
- Што?! - яна ледзь не забыла пра падпалкоўніка, пра тое, што ён усё яшчэ знаходзіўся ў пакоі, што ён назіраў за ёю.
- Я прапаную сваю дапамогу, - паўтарыў Шэршань яшчэ цішэй, і яна здзіўлена зірнула на яго знізу ўверх: стаяў, узвышаўся над крэслам, зноў нагадваючы злога асілка. Менавіта злога, нягледзячы ні на ціхія словы, ні на ўсмешку.
Людмілу быццам за язык хто пацягнуў.
- О-ля-ля! Ты хочаш сказаць., падпалкоўнік, што я ўжо ў тым стане, калі мне патрэбна дапамога? Я проста падумала, што ты знік, згінуў з вачэй. Я - не тое, што ты знойдзеш, і пры ўсім тым, што прадавала сябе тады, калі мне - мне, чуеш? - было трэба (гэта ты правільна вызначыў!), я ўсё-такі не шлюха. А калі і шлюха, то ўжо ж не для такіх, як ты. Ты мог бы ўзяць мяне сілаю, але не пасмееш, не асмелішся: мы ж не ў падвалах тваёй установы, га? Toe і яно. Toe і яно, чорт вазьмі!
Яна яшчэ недагаварыла, а ён ужо падняў яе з крэсла, падняў лёгка, як пушынку, на адных выпрастаных руках, і марна тузалася, адбіваючыся, - так, на выпрастаных руках, грэбліва, як ёй, узбуджанай выпітым і сказаным, здалося, перанёс на ложак. Паклаў. Выпрастаўся. Моўчкі, без адзінага слова павярнуўся да дзвярэй. I тут, быццам адзін пругкі клубок гневу (большага здзеку з сябе яна не памятала!), узвілася Людміла на ложку і, саскочыўшы, пачала злосна, з усяе сілы малаціць кулакамі ў яго плечы.
- Ненавіджу! Ненавіджу ўсіх вас! Таўстаскурая жывёліна! Усё б толькі сілаю казыраць, усё б толькі глуміцца!
Не памятае, гэтыя ці іншыя, грубейшыя словы, выкрыквала, малоцячы яго кулакамі, - гэта была істэрыка, і падпалкоўнік адразу зразумеў. Памарудзіў, быццам даваў магчымасць самой узяць сябе ў рукі, потым адным рухам, рэзка павярнуўся і, абхапіўшы яе рукамі, прыціснуў да сябе. Прыціснуў так моцна, што яна захлынулася сваім крыкам, яго блізкасцю, цішынёю, якая наступіла раптоўна і надоўга. На цэлую вечнасць, думала, не асмельваючыся і варухнуцца ў гэтым абдымку.
Падпалкоўнік маўчаў. Людміла не чула нават яго дыхання. I калі нарэшце спакойна, быццам нічога не адбылося, пачулася ціхае, спачувальнае: «Супакоілася? Успомніла, што гэта гасцініца?», адчула не толькі палёгку, але і ўдзячнасць: нарэшце! чаго гэта яна на самай справе? у кожнага свая служба...
- Цікавая ў нас атрымалася гаворка, праўда?
Адпусціўшы яе, сумна падміргнуў, быццам так, такім чынам развітаўся, і пайшоў да дзвярэй.
- А калі мне і сапраўды патрэбна дапамога? - нерашуча памкнулася Людміла следам.
- Не патрэбна! - нават не павярнуў ён галавы.
- Ды пачакай ты... Мы ж нават не развіталіся, - спынілася ў яго за спіною.
- Падражніць схацелася? Ну, давай, - рыўком павярнуўся ад дзвярэй Шэршань: твар у яго пабраўся плямінамі, вочы пацямнелі, вусны ледзь заўважна ўздрыгвалі, але гаварыў ён нягучна, узважваючы кожнае вымаўленае слова. - Пара б ужо ведаць, што, разбудзіўшы ў мужыку звера, прасіць літасці позна.
Цяпер змоўкла, аглушаная ўдарамі сэрца, яна. Пазірала на яго і маўчала, пакусваючы губы: не рабіць жа самой гэты апошні крок: падпалкоўнік не з тых, хто чакае яго ад жанчыны, а калі з тых...
- Ат, чорт вазьмі! - ступіў ён да яе, і, ці то ад страху перад небяспекаю, якую выклікала сама, ці то ад жару, што ўскалыхнуўся ў ёй ад пацалунка, якім упіўся ён у яе вусны, на момант згасла, знікла з вачэй святло.
Яшчэ чапляючыся за свядомасць - перш за паветра, у якім паплыла, потым за дужыя, прагныя да яе цяпла і бязлітасныя ў гэтай празе рукі, яна ўжо аддавала сябе гэтай сляпой празе, гэтай цёмнай сіле. Стогн захлынуўся новым пацалункам, у цела, страсна паглынаючы яго, урастала другое, незнаёмае, і праз боль, праз несвядомае адштурхванне - жаданае. I Людміла не магла бараніцца - і баранілася, напружваючы ўсю сілу, каб зліцца з тым, другім, дужэйшым целам, не даць паглынуць сябе, пагасіць да таго, як згасне разбуджаная ў ёй прага, каб у бязлітаснай барацьбе гэтай, у пакуце ад болю і насалоды, ад ненасытнага болю і нечалавечай насалоды, адчуць той момант, калі з першым глытком паветра вернецца растрачаная, выпітая ім да канца сіла.
Калі ад вільготных дотыкаў чужых, уладных вуснаў разляпіліся, прыўзняліся вейкі, убачыла не твар - вочы на ўвесь твар, у якіх згасалі, распырскваючы халодныя водбліскі, маланкі.
- До, падпалкоўнік, - ледзь варухнула засмяглымі вуснамі, адчуваючы новую гарачую хвалю, што ўжо накочвалася на іх, уціскаючы адно ў аднаго.
- Мая гэта ночка, мая! - прыціскаўся ён да яе тварам, шэптам, стогнам, лашчачы, камечачы пацалункамі грудзі, і цела зноў не належала ёй: то ўзлятала, то падала на гіганцкіх вогненных арэлях шалёнай, дзікай яго страсці. - Усю сілу табе аддам, усю прагу... Даверся ёй: яна твая... твая...
- Твая! твая! твая! - успыхваў і гас над ёю, у ёй яго шэпт, і Людміла адштурхвала, абпякаючыся, адштурхвала яго, каб тут жа рвануцца, упасці следам...
***
Дзіўна, але па сённяшні дзень яна не ведала ягонага імя.
Сёння ж... Таму і ўспомніўся падпалкоўнік сёння, што зранку, гадзін у дзесяць, зайшоў у прыёмную - высокі, падцягнуты, іранічны. Зачапіў яе абыякавым паглядам, скіраваўся да дзвярэй кабінета, кінуўшы:
- Далажыце Івану Кузьмічу. Ён выклікаў.
Матлянулася з-за стала напярэймы.
- Іван Кузьміч заняты. Вам давядзецца пачакаць, падпалкоўнік.
- Палкоўнік, Людміла Пятроўна, палкоўнік. Шэршань Анатоль Сямёнавіч, - насмешліва схіліўшы галаву, амаль упёрся ён у яе магутнаю сваёю грудзінаю і міжволі, а мо і знарок, як не прыціскаў да скураной абшыўкі на дзвярах, але нават не зварухнуўся ў адказ на нямы яе пратэст.- Мужчыне, як бачыце, лягчэй атрымаць павышэнне.
- Любое крэсла на выбар - ваша,- паспрабавала яна вызваліцца.- Прашу вас, палкоўнік Шэршань...