межавала, перапляталася з пяшчотаю, замілаваннем, што абапіралася на асаблівае стаўленне да прыроды (зноў паралель: хто яшчэ ў Еўропе так любіць прыроду, як беларусы, хто яшчэ, нягледзячы на меліярацыю ды чарнобыльшчыну, так збярог яе, хто мае Белавежу і балоты Палесся?), сям'і, родных і блізкіх, але паколькі патрапіць у самую Японію яму, студэнту журфака БДУ, на той час было абсалютна немажліва нават па турыстычнай пуцёўцы, абраў ён больш просты шлях: на Сахаліне, паўднёвая палова якога
да 1945 года была японскай, жылі ягоныя цётка і дзядзька (сястра і брат маці) і ён вырашыў паехаць туды на творчую практыку ў абласную газету, што і зрабіў; з першых крокаў на востраве ён шукаў тое, што засталося тут ад японскае прысутнасці, смакаваў былыя назвы Карсакава, Паўднёва-Сахалінска, Холмска ды іншых паселішчаў (як проста: Тойохара, Отомарі, Хонто, Сірітору, Эсутору, Оціай, Маока…), шукаў будынкі — адзінкі якіх з характэрнай, непераробленай, азіяцкай — пагаднай —
архітэктураю (з дахамі, загнутымі бы крылцы матылькоў на ўзлёце), але засталіся, думаў знайсці сакуру (у ружовым вэлюме-кімано, пакратаць смочкі яе дробных — хай і неядомых — вішанек), ён прывёз з сабою нават беларускіх вішняў, нарваных у бацькоўскім палескім садзе ў роднай вёсцы, каб высыпаць іх пад ногі сакуры, але так і не знайшоў яе (вішні, як далікатэс, з непрыхаванай радасцю з’ела ягоная радня, бо на Сахалін тады, бывала, прывозілі на караблях бананы і ананасы, апельсіны
і грэйпфруты, на самалётах армяне вазілі дужа дарагія дыні і кавуны, траплялі і чарэшні, але вішні ніхто ніколі не прывозіў…), мо таму, што тут задужа холадна было сакуры, хоць на Курылах многія дрэвы сваёй раскідзістасцю вельмі нагадвалі яе, а мо таму, што не было тут японцаў, а яна расце толькі там, дзе ёсць японцы… так, на востраве, на Сахаліне, японцаў не было — у гэтым ён хутка пераканаўся (хоць і прыцягнуў да сябе сваімі роспытамі цікаўнасць пэўных органаў, пра што да пары да часу —
да выцечкі на Курылы — і не падазраваў), усіх іх альбо вынішчылі, альбо дэпартавалі пасля 1945 года, альбо саслалі ў лагеры на Далёкі Усход, альбо самі яны з’ехалі на поўдзень… японцаў не было, затое шмат жыло карэйцаў, якія хоць і вузкавокія, хоць і круглатварыя, але ад японцаў адрозніваюцца так, як бульба ад яблыка, шмат армянаў, ёсць абарыгены — ніўхі (айнаў — іх згадваў яшчэ Чэхаў — ужо няма…) ды каракі, якіх мой дзядзька называў на стары расейскі лад гілякамі і ўсё жартаваў са швагра: на фіга
ты браў у жонкі беларуску, жаніўся б лепш з гілячкаю, ім дазваляюць па сто кіло чырвонай рыбы на чалавека лавіць і за браканьерства не ганяюць, а з рыбы можна зрабіць усё: нават абутак у час татальнага дэфіцыту (а то быў якраз такі час), аднак сапраўднымі гаспадарамі былі там славяне — расейцы, беларусы, украінцы, хоць і хадзіла на востраве показка: «паспрачаліся аднойчы армянін і карэец: хто на Сахаліне гаспадар? пабіліся ў кроў, пасадзіў іх міліцыянт у кутузку, кажа: пасядзіце тут ноч,
астыньце і разбярыцеся, хто на востраве гаспадар… раніцай адчыняе дзверы, карэец першым выскоквае і крычыць, паказваючы на армяніна: ён, ён гаспадар, я — гаспадыня…» — тут кожны славянскі сахалінец голасна рагоча, бо падкузьміў-такі сваіх галоўных супернікаў па востраве, якія сваё месца ведаюць, але… прэтэнзіі маюць і жывуць шчыра, дружна ў сваіх кланах супраць «рускіх», і калі б не Масква, калі б карэйцам можна было, дык японцам давялося б надоўга забыцца пра вяртанне «ісконна
рускіх земляў» у сваё лона, а то і зусім страціць надзею… дык вось, праз колькі тыдняў ён ужо ведаў, што на ўсім Сахаліне і Курылах жывых японцаў менш, чымсьці пальцаў на руках, а з дзяцей і ўвогуле адна (!) дзяўчына (!) прыблізна ягонага ўзросту (!) — студэнтка мясцовага педінстытута, але цяпер і яе ў Паўднёва-Сахалінску няма: яна на Курылах, у будатрадзе, на пуціне, працуе на адным з кансервавых заводаў… бацькі яе — камуністы-падпольшчыкі, можа нават і завербаваныя савецкія разведчыкі падчас
вайны, цудам выжылі пасля «вызвалення», яшчэ большым цудам не патрапілі ў лагеры, яна іх позняе дзіця, народжанае падчас хрушчоўскае адлігі, бо да таго яны баяліся заводзіць дзяцей — кожную ноч чакалі «чорнага ворана» — цяпер пенсіянеры, жывуць ціха, непрыкметна, апошнія дні свае прысвяцілі адзінай дачушцы, дужа не хацелі пускаць яе ў гэты будатрад, моцна перажываюць, але на Курылы самі яны «нявыязныя»… ён сустрэўся з японцам — нібыта выпадкова, і ўбачыў, што японец такі, якім ён
яго сабе і ўяўляў (зусім не ваяр, і нават не ронін, хоць потым ён вымушаны быў прызнацца сабе, што памыліўся, бо перад ад’ездам японец таемна паказаў яму свой гонар — кароткі меч сето, які захаваў і спадзяваўся скарыстаць у апошні — патрэбны — момант…): усмешлівы, добразычлівы, шыя ўвесь час торгаецца, нібыта ў паўпаклоне… было так: ён «выпадкова» прысеў, «стомлены», на лаўку, на якой сядзеў японец, абапершыся на гожы кіёчак; японец быў сухенькі, дробненькі, спакойна-мітуслівы, якімі бываюць азіяты,
недаверлівы: жыццё сярод чужых людзей навучыла яго не верыць ім ад пачатку і давяраць толькі потым; японец сядзеў шырока расставіўшы ногі і час ад часу нешта чырыў кіёчкам на пяску — можа, іерогліфы згадваў, можа, пісаў ліст дачушцы; краем вока ён назіраў за японцам, а той, пэўна ж, за ім, тэмы для размовы ў яго не было і не прыдумлялася і ён баяўся, што зараз японец устане і пойдзе, а яшчэ раз ён да яго падсесці «выпадкова» не зможа; перад імі, метрах у дзесяці на асфальтавым ходніку
два вераб’і распачалі бойку за скарынку хлеба, завялікую для іх, падскоквалі, стукаліся грудкамі, выбівалі з сябе па пушынцы, і разляталіся; пакуль яны біліся, артыстычна, бы акторы за ролю, скарынка ляжала голая і адзінокая, як пакінутая жанчына; да яе падышла варона, дзелавіта дзеўбанула, падкінула высока на сабою, прагна схапіла і праглынула; японец пасміхнуўся, зірнуў на яго: ці ўсвядоміў ён сімвалічнасць таго, што адбылося? — больш зручнага моманту дзеля знаёмства можа і не быць, зразумеў ён
і ляпнуў неўпапад першае, што прыйшло ў галаву: «не падзелішся — страціш усё…», японец зноў пасміхнуўся, кіўнуўшы галавою, нібыта пагадзіўся з ім, хоць ён адчуваў, што сказаў калі не глупства дык банальшчыну, але спыняцца яму было нельга, і ўрэшце ён пачуў голас японца ў адказ і здзівіўся: за амаль сорак гадоў жыцця сярод расейцаў той так і не навучыўся размаўляць без акцэнту, без сюсюкання і скрыпу, якія яго адразу выдавалі; калі ж японец даведаўся, што праз некалькі дзён ён едзе
на Курылы, не стрымаўся і папрасіў адвезці перадачу дачушцы («тацюське», — сказаў японец, і ён не адразу зразумеў, што гэта не імя): трошкі прысмакаў і пару пашытых маці цёплых шкарпэтак; ён з удзячнасцю не адмовіўся — яму трэба было наладжваць масток… але… але на Шыкатане яны з той японачкай размінуліся: яна прастудзілася і захварэла і яе адправілі на Сахалін ці не тым цеплаходам, на якім прыплыў ён, і на востраве, цалкам выпадкова, аказалася толькі адна японка — тая самая маскоўская гейша Таня,
і яму нічога не заставалася, як скарыцца ейным чарам на самым краі СССР, на мысе каля знакамітага каменнага аргана, ад чаго яму цяпер сорамна і за што яму цяпер назаўсёды сорамна, і ён шукае апраўдання і вінаваціць братоў-армянаў, якія ў першы дзень адпусцілі яго аднога… а з той адзінай сахалінскай японачкай ён усё ж пазнаёміўся, калі вярнуўся ў Паўднёва-Сахалінск і панёс бацькам неперададзеную перадачу; яны вохкалі, шкадавалі, што яму давялося столькі дзён цягаць пакунак з сабою, ушчувалі,
што не расчыніў і не з’еў прысмакі, і тут жа частавалі імі, паілі горкаю зялёнаю гарбатай, японец вучыў гульні ў го; а потым яны з японачкай сядзелі ў ейным пакоі, ціха гучаў магнітафон (адмысловы, дарэчы, — «Соні»), спявала «Машына часу» — «вот новый поворот… что он нам несёт…» («і сапраўды — што?» — падумаў ён), і густы іхнія супалі, і гады былі блізкія, і была яна сімпатычнаю, як усе познія дзеці, кволаю і разумнаю, ён быў ёй таямнічым незнаёмцам з далёкіх краёў; загучалі «Песняры», якіх яна любіла
яшчэ больш, чым «Машыну часу», не стрымалася і пачала падпяваць па-беларуску ўслед Барткевічу: «А-а-а-александры-ы-ы-на-а-а, шукаю я — няма-а-а-а…», — і зусім без акцэнту, нават расейскага: чыста-чыста, а потым: «чым болей сходзіць дзён, начэй…» — і сляза ў вачах (яна сядзела на канапе, падцяўшы пад сябе маленькія — нібыта некалі бінтаваныя — ступні, якія так хацелася пакратаць)… Госпадзі, як добра было яму тут (мо ўпершыню за амаль пяць сахалінскіх месяцаў), побач з гэтаю дзяўчынаю… нічога яму
ад яе не трэба было — толькі каб не адштурхнула, не зірнула няласкава, не прагнала грубым словам — але яна і не збіралася гэтага рабіць; і яны пасябравалі (нікога на цэлым Сахаліне ў яго не было дагэтуль — Курылы не ў лік — і ён гатовы быў пагадзіцца са словамі месцічаў: «нашыя дзяўчаты пераменлівыя, як нашае надвор’е», а надвор’е на востраве і сапраўды было непастаянным: за дзень мог дзесяць разоў пачынацца дождж і — пад настрой, столькі ж — выходзіць яснае сонейка, яшчэ Чэхаў пісаў: тут, што ні мясціна,
свой клімат…), так, яны пасябравалі, але над ім ужо навісла сякера вяртання дамоў (і ў вушах гучала ўжо лермантаўскае: бывай, нямытая…), хай і праз паўмесяца, аднак непазбежнае вяр-тан-не, і ён упершыню адчуў на сабе хуткацечнасць часу; адзінае, што ён мог зрабіць, — не прыспешваць яго, а паспрабаваць спыніць (бо толькі тут, толькі цяперака ў яго быў рай, па японску — «харайсо», амаль так казаў стары японец сваё любімае расейскае слоўца: «харасо»), ці хоць бы запаволіць, але час, у кожны момант
ідучы павольна, бег няўмольна, і вось ужо заўтра яму ад’язджаць-адплываць з Карсакава ва Уладзівасток (Уладзя і ён вырашылі дабірацца дамоў праз увесь СССР на цягніку з прыпынкамі на пару дзён у Хабараўску, Іркуцку, Новасібірску…), а яны з японачкай яшчэ ні разэчку не пацалаваліся нават, ну хай яна цнатлівая, а ён… а ён… а ён… а што ён? яму гэтага і не трэба было, яму, не паверыце, хапала яе рукі ў ягонай, яе вачэй у ягоных, яму хапала: шчака да шчакі, плячо да пляча, калена да калена глядзець
на кволыя хмаркі вакол поўні ў небе над сопкай пад назовам «Горнае паветра» (гэта яна навучыла яго любавацца поўняй, і, гледзячы на поўню, ён і цяпер згадвае яе), на якую яны з сябрам у першы іхні выходны на Сахаліне выправіліся напрасткі, па тых самых «мядзведжых сцежках»; лезлі пад вуглом градусаў шэсцьдзясят гадзіны дзве, выпацкаліся, вымачыліся ў струменях вады, што падалі зверху з крыніцаў, абадраліся, урэшце падняліся шчаслівыя на вяршыню і ўбачылі, што там стаяць два «Масквічы-412»,
якія ўз’ехалі сюды па звычайнай дарозе, і па той дарозе хады да вяршыні хвілінаў сорак… гэтак горы ім, раўнінна-балотным людзям, упершыню сказалі, што да вяршыняў не бывае прамых шляхоў і што прамы шлях не заўсёды самы кароткі і самы хуткі, што радасць і расчараванне заўжды ходзяць побач… ён расказваў гэты выпадак японачцы, і яны разам смяяліся, уяўляючы, як тое было, ён не хацеў расчаравання ні для сябе, ні для японачкі, рускае імя якой было Аня («скажы мне, Ганулька…» — спяваў ім Мулявін…), а японскае сваё яна так яму і не назвала…
Лістапад 2003 г.