на адкрытую прастору: да рачулкі ці да нейкае палянкі на вяршыні сопкі, а ў самім тунэлі ў любы момант можаш сутыкнуцца нос у нос з гаспадаром сцежкі, што выйшаў на паляванне і чакае не цябе, а алянё якое… сцежкі-тунэлі ўвесь час разбягаюцца ў бакі адгалінаваннямі, і па любым з іх да цябе ў тыл можа зайсці мішка і пакласці лапу на плячо: «прывітанне!», а таму паляваць трэба ўдвох і брысці спіна да спіны, каб адзін глядзеў уперад, а другі — назад, са стрэльбай нагатове; задняму цяжка пхацца
спінай уперад, адстае ён, бывае, асабліва калі наперадзе прагал мільгне, тым больш, што, да прыкладу, блукаюць яны гэтак гадзінаў восем ад святла, увесь час напагатове, чакаючы небяспекі з-за кожнага павароту, з кожнага завулка, з кожнага атожылка, і спіны ўзмакрэлі-склеіліся, і вочы пачырванелі ад напружання… вось і тым разам ішлі яны з сябрам cпіна да спіны, як браты сіямскія, — наперадзе паказаўся прагал: там рэчка, ведалі яны, бо сцежкі гэтыя сто разоў ходжаныя, справа і злева больш
тунэляў няма, і сябар адстаў ад яго, каб хапануць-з’есці жменю кісленькага лімонніку ці салодзенькага кішмішу (з якога, дарэчы, новазеландскі ці нейчы іншы мічурын пазней плод пад назовам ківі выштукарыў, у дзясяткі разоў павялічыўшы, і ім цяпер у нашых крамах здзівіць можна хіба новазеландца) — малады яшчэ, прысмакаў хочацца, а Іван выйшаў да рэчкі… што там за рэчка! — ручай метры два-тры ў шырыню, у якім між сухіх зверху камянёў цурчыць, прабіваецца да акіяна вада; рэчкай ручай гэты бывае толькі
падчас веснавое паводкі ці тайфунаў з ласкавымі жаночымі імёнамі, што праносяцца тут мінімум раз на год — тады не стой на ягоным шляху: змые ручай-рака, з ног саб’е і панясе, бы саламіну… тут, пры прагале, праўда, рачулка трохі шырэйшая — метраў пяць-сем і багацейшая на ваду, вырашыў Іван твар спацелы і забрыдзелы ад поту ў дробных ранках змыць (у лесе хочаш не хочаш падрапаешся-парэжашся — аб гостры бамбукаў ліст, аб колкі элеутэракок, драплівы лімоннік…): скінуў пляцак, стрэльбу каля яго паклаў,
плечы расправіў і ўвайшоў у ваду — добр-а-а! — крок наперад да незамутненае вадзіцы, яшчэ крок — і дайшоў амаль да другога берага; гарбушы між ног плывуць, з гарбылямі-самцамі труцца, асмялелі, цесна ад іх у вадзе, зачэрпнуць няма як, здаецца, і прывык да такога, а тут загледзеўся — прыгожая рыба, мкнецца, прэцца наперад да свайго канца, абы нашчадкаў пакінуць… асцярожная, калі небяспеку чуе, нахабная, калі баяцца перастае, таўчэцца між ног, як парасяты, што да карыта лезуць — смешна, пацешна, —
карціна звыклая для курыльца, і не заўважаецца яна часам, асабліва калі прыйшоў ты не рыбкі злавіць, а з іншаю мэтай: рыба — гэта ж не праблема, у любы час можна пайсці па яе на рэчку, як па ваду ў калодзеж… і тут Івана як стралой між плеч працяла — інтуіцыя называецца! — падалося яму раптам, што нехта жывы глядзіць на яго: у спіну… і не сябар гэта, недзе адсталы… Іван павольна выцягнуў доўгія рукі з вады, разагнуўся няспешна, павярнуў шыю — так і ёсць, мядзведзь аграмадны стаіць на беразе каля
ягонага пляцака ва ўвесь свой рост, і стрэльба ў яго між лапаў-ног на зямлі ляжыць, як цацачная… і не мядзведзь гэта, а што страшней — мядзведзіца… Іван павярнуўся тварам да яе, глядзіць вочы ў вочы, і падзяляе іх метраў пяць-шэсць голае вады; мядзведзіца, якая, відаць, ішла да рачулкі, каб рыбкаю паласавацца, з цікаўнасцю разглядае невядомага звера, што стаў на ейным шляху, і, пэўна ж, таксама думае: што рабіць? стаялі яны гэтак доўга-доўга — Івану сцягнулася: мо хвіліну, ці болей, і столькі думак,
як ратавацца, пранеслася ў Іванавай галаве, што і не злічыць (мусіць, гэта няпраўда, што чалавек і такія моманты ўсё сваё жыццё прыгадвае, прынамсі, у мяне такога не было, казаў Іван, можа, таму, што паміраць я не збіраўся), і ніводная думка ратавальнай не была: безвыходная сітуацыя — адступаць назад, дык спатыкнешся на камень і ўпадзеш — капец тады, спінай павярнуцца і пайсці — слабасць сваю паказаць… няма выйсця… толькі торгнешся, мядзведзіца зрушыцца, кінецца і задушыць у сваіх абдоймах…
а сябар усё не йдзе й не йдзе… глядзеў-глядзеў Іван то на стрэльбу ў нагах мядзведзіцы, то на яе самую, нерухомую, застылую, прыйшоў трохі ў сябе, супакоіўся і вырашыў крыкам сваім грозным мядзведзіцу спужнуць, прагнаць… «набраў я ў грудзі паветра і гаркнуў на ўсю моц, — сказаў Іван, — гаркнуў, і тады толькі зразумеў, што памылку зрабіў, бо між гэтых сопак ды бамбуку згубіўся мой крык магутны, піск мышыны выйшаў, а не роў мядзведжы: паказаў тым самым я мядзведзіцы сваю слабасць, і пайшла
яна на мяне»… Івану пашанцавала: на ягоным беразе рачулкі расла каржакаватая хваіна — невысокая, але даволі тоўстая ў камлі, крок-другі — і Іван за ёй, а мядзведзіха ўжо смярдзюча дыхае ў твар… так яны і хадзілі вакол дрэва па крузе, бы гуляючы, хто каго перахітрыць, і ловячы наперад кожны мажлівы рух суперніка, пакуль не прыйшоў Іванаў сябар і адным стрэлам не паклаў мядзведзіцу, і так блізка была яна, што апырскала сваёю крывёю рукі Іванавы, і так роспачна, ужо забітая, глядзела яму ў вочы,
асядаючы пад дрэва, што хочаш не хочаш падумаеш: «а звяры таксама мыслі маюць»… Іван так вобразна расказваў пра гэты выпадак, што ён, здаецца, не слухаў яго, а фільм глядзеў, і то не сябар Іванаў выйшаў да рэчкі, а ён, і як яму стрэліць было, каб Івана не параніць, і мядзведзіцу з аднаго разу забіць ды прылаўчыўся нейк — ба-бах!.. яны яшчэ доўга сядзелі ў той вечар, Іван гаманіў, распавядаў пра свае прыгоды, а ён лавіў кожнае слоўка, гарэлка ў пляшцы пілася патроху і не канчалася, яму ісці
ў свой гатэльны пакойчык не хацелася, але ён раптам убачыў вочы Ларысы: яны настойліва выганялі яго — упарта казалі: та-бе па-ра іс-ці, хлоп-ча… яна ўвесь дзень чакала вечара, яна дачакалася яго, але яна губляла свой вечар — ноч надышла, а ён адбірае, спальвае на размовы такі дарагі час, калі Іван належыць толькі ёй, і гэтага часу так мала: усяго ноч — лічаныя гадзіны… ён уявіў сабе Ларысу побач з гэтым волатам, пад… і адвярнуў вочы: яна была, між іншым, зусім худзенькай і дробненькай (хоць косць
і была ў яе шырокаю), яна па жыцці і побач з сярэдняга росту мужчынам выглядала б кволай: метр шэсцьдзясят росту — дзяўчо дый годзе, змучанае Іванам, змардаванае (але як хочацца ёй гэтай пакуты…), яна была старэйшай за Івана гадоў на дзесяць, а мо і пятнаццаць, ёй было за пяцьдзясят па ўсім, хоць выглядала яна маладзейшай, асабліва цяпер, у агністай пажадзе, у паўзмроку вялізнай Іванавай хаты (адныя вочы на твары, адныя вочы!), якую асвятляла стомленая, напаўсляпая лямпачка на шэсцьдзясят ват,
што адзінока вісела на дроце пад сярэдняй бэлькай, і таму ў куце ля стала, дзе яны сядзелі, было карычнева-цьмяна, а што рабілася ў куце насупраць, там, дзе печ, і на печы, увогуле разгледзець было немажліва: там начавала ноч… шэрыя сцены, шэрая мэбля, шэрая вопратка, шэрыя коўдры ўцягвалі, убіралі ў сябе святло, тапілі яго, паланілі, забівалі, не выпускалі, і ў паўцемры Ларыса падавалася яму то бабай Ягой, ад якой трэба ўцякаць, то дзяўчом-аднагодкаю, якой нясперпна хочацца, якую хочацца…
прырода патрабуе… ён не ўяўляў, што з ёю будзе рабіць гэты гігант ці яна з ім… даруйце, але ўявіце сабе тую сітуацыю, яе вочы, што блішчаць юрам, зразумейце, чаму ён пра тое думаў, гледзячы на яе, хоць і разумеў, што лішні тут, што замінае ім, аднак… вырашыў застацца, каб… не, гэта пачынаецца пераказ ягонага сну, які не даваў спакою яму ўсю тую ноч на панцырным ложку Паўднёва-Курыльскага гатэля — ох, сон-сон, як жывы, як рэальнасць памятаецца той сон яму, а тады ён устаў пад умольна-няўмольным
позіркам, развітаўся (Ларыса запрасіла яго заўтра схадзіць пакупацца ў гарачых лячэбных крыніцах, якім цаны няма і якія «прыватызавалі» памежнікі, ён не адмовіўся і не пашкадаваў потым — благадаць: вакол шэрань белая, над вадою пара туманіцца, а ў вадзе — цяплынь ды лёгкі смурод серавадародны п’яніць…) і зрабіў крок з парога хаты ў поўную цемру вострава; на вуліцы агледзеўся і ўбачыў, як арыенцір, пляму святла той адзінай лямпачкі, што гарэла каля ўвахода ў гатэль, памкнуўся пабегчы, але наткнуўся
на нешта кшталту невысокага плота, потым зачапіўся за штосьці, упаў… і пайшоў асцярожна, абмацваючы перад сабою дашчаны насціл і, зрэдку аступаючыся ў гразь каля яго (ён бываў у расейскіх гарадах і вёсках на поўначы і сустракаў там якраз такія вось збітыя з дошак ходнікі, і таму падумаў, што гэтыя ходнікі — дарожкі між гразі — ці не адзінае, што прыўнеслі свайго на Курылы расейцы…), ступаў і баяўся толькі, што можа згубіць насціл і забрысці некуды ў сопкі, а то і ў акіян…
аднак — час вяртацца на міліцэйскае лецішча, у надвячорак, дзе яны з сябрам Уладзем пакінулі ў перадпакоі хаціны, каля невысокае, па пояс, грубкі-печы з кружкамі зверху, якую на Палессі лічаць (і называюць) украінскаю, свае пляцакі; дасталі з іх вудкі-донкі, накапалі, азіраючыся і прыслухоўваючыся да мерных уздыхаў акіяна і пошуму ветру ў блізкім бамбуку, тых самых гноевых чарвякоў і вырашылі, пакуль яшчэ светла, парыбаліць у акіяне, як іх вучыў дзядзька, — злавіць якую камбалу ці палтуса,
альбо горшай справай івасі, сардзіну ці краснапёрку… уласна рыба іх не цікавіла, іх цікавіў працэс (ха! — так і просіцца параўнанне з наведнікамі «дамоў пад чырвонымі ліхтарамі», якіх не цікавіць, што за жанчына будзе іх абслугоўваць, а цікавіць «уласна працэс»)… акіян якраз ажываў, ачуньваў, супакойваўся пасля нядаўняга шторму, бераг быў завалены гурбамі свежавыкінутай шэра-сіняй марской травы, жоўта-зялёнай склізотаю марской капусты, кавалкамі, цэлымі дошкамі і стваламі мытага абясскуранага дрэва,
карабельным смеццем, абрыўкамі тралаў, аранжавымі і белымі пенапластавымі паплаўкамі ў выглядзе шароў, пласцінаў (кажуць, у Японіі гэта цэлы бізнес: збіраць выкінутае акіянам на бераг дабро — так, гэта толькі ў Расеі яно смецце — і здаваць на перапрацоўку)… але гэта ўсё крыху паводдаль, а метраў пяць берага ля самае вады, які аблізвалі цяпер затухаючыя хвалі, былі чыстымі, пясчанымі, роўнымі і цвёрдымі нібы заасфальтаванымі (мясцовыя шафёры скарыстоўваюць у часы адліву бераг як найлепшую дарогу,
каб на грузавіку ці легкавіку хутчэй праскочыць ад пасёлка да пасёлка), ага, хвалі ўжо затухалі, але былі яшчэ даволі высокімі, а ўдалечы і ўвогуле — мелі метры тры ў вышыню і неслі на сваіх вяршыньках характэрныя белыя бурунчыкі-баранчыкі, што сведчыла пра іх моц, аднак у бераг яны ўжо не білі, а плаўна і настойліва накатваліся ўсёй сваёю даўжынёю, прычым не пад прамым вуглом, а коса, як любяць наразаць каўбасу ў менскіх рэстарацыях… яны кідалі свае донкі з цяжкімі свінцова-алавянымі грузіламі далёка ў ваду:
наколькі хапала лёскі — дурнота сухапутная, думаецца цяпер пра тую іхнюю спробу рыбалкі, але тады ўсё было на поўным сур’ёзе: яны кідалі донкі ў акіян з надзеяй на добрую здабычу, а акіян, гуляючы, выплюхваў іх на бераг… прайшла мо гадзіна, сцямнела, пакуль яны адышлі ад азарту і зразумелі, што акіян здзекуецца з іх, «ну, па-апошнім разе», — сказаў Уладзя, і ён пачаў круціць над галавою свінцовы груз, кінуў і… сэрца зайшлося ад болю: адзін з кручкоў донкі пранізаў халодны, змерзлы ўказальны палец,
упіўся глыбока, да косці, і дастаць яго было немажліва: сядзеў намёртва, як урос… яны вярнуліся да лецішча, селі на ганку, сябар дастаў нож, і ён пачаў выразаць кручок; нож, як заўсёды, быў тупы, скура не рэзалася, мяса рыпела пад ім і не паддавалася, а кроў сачылася хутка, і з-за яе таксама не было нічога відаць, тым болей што тут, каля лецішча, пад дрэвамі, было зусім цёмна, значна цямней, чымсьці на беразе акіяна; ён паклаў палец на калена і не гледзячы, а толькі сцінаючыся ад вострага болю, пілаваў
яго ўздоўж цэўка кручка, каб дабрацца да бародкі і выслабаніць палец… што яшчэ было кепска: кручок прабіў палец правай рукі і пілаваць трэба было нязручнай для яго, няўмелай левай рукою, сябар парываўся дапамагчы, але ён не дазваляў: калі робіш сам, здаецца, не так балюча, і сябар стаяў побач, назіраў, падціскаючы вусны, за ягонай экзекуцыяй… нарэшце, ён вырваў кручок з пальца, адышоў на крок ад лужынкі сваёй крыві на зямлі і палячыў палец — прадэзынфіцыраваў — народным сродкам,
як вучыў яго бацька, як рабіў не раз у дзяцінстве, як робяць усе на Палессі — тым болей, што ўвесь час, пакуль ён чыкільгікаў тупым нажом, яму вельмі хацелася гэта зрабіць; абліў сваёй вадкасцю і кавалак бінту, які падаў сябар, моцна абкруціў, заціснуў палец, каб кроў супакоілася і перастала сачыцца… можна было б перадыхнуць і рыхтавацца да начлегу, але найперш трэба было паесці, бо яны раптам адчулі апроч стомы моцны голад і згадалі, што ад палуднавання ў Паўднёва-Сахалінску смачным цётчыным баршчом
яны гадзінаў восем ужо нічога не елі, сябар чыркнуў запалкаю, і яны ўвайшлі ў цемру перадпакоя, дзе пакінулі пляцакі з харчам і цёплымі рэчамі, а варта сказаць, набралі яны з сабою — не шкадуючы грошай — сахалінскіх прысмакаў (і пры талонна-карткавай сістэме журналістам на востраве, як «ідэалагічным падручным партыі», жылося някепска) і перад уваходам у перадпакой у кожнага, прынамсі ў яго дакладна, прамільгнула-згадалася каўтком сліны вяндлінка-грудзінка, набытая ў краме на выездзе з Анівы,
маскоўская сыравяленая каўбаска, узятая ў рэдакцыйным буфеце, добра правэнджаная спінка кеты — тлустая, па пальцах, па барадзе цячэ і крапае, крапае лой на сурвэтку, на падлогу… а да ўсяго сальца бел-чырвона-белае, гурочкі, памідоры, часнычок, цыбулька, востранькія карэйскія прысмакі ў цэлафанавых пакеціках: капустка-чумча, чарамша (якую робяць тут з першых парасткаў папараці, што расце на востраве, а не з маладога часныку, як у Беларусі), праперчаная морквачка… мроі іхнія шугануў страшэнны грукат
і жахлівы піск у перадпакоі, калі туды зазірнула святло запалкі — нібыта яны заспелі там знянацку ды перапалохалі мядзведзя, не менш… яны знямелі ў адчайным страху, бо дагэтуль былі ўпэўненыя, што ў лецішчы нікога няма… з некалі белае, а цяпер закопчанае ў мурына, грубкі, што была вышынёю ў метр, з суцэльнае цемры, пазіралі на іх, гарэлі чырвона-жоўтымі вуглямі, вялізныя вочы — пераліваліся ў святле запалкі толькі дзве кропкі вачэй і больш нічога не відаць… «ай!», — крыкнуў сябар, гэта дагарэла
і апякла пальцы запалка — стала цёмна і яны выскачылі ў двор… «што гэта было?» — недаўменна, бязмоўна пыталіся яны адзін у аднаго і маўчалі, не знаходзячы адказу… ну, прынамсі, не мядзведзь, мядзведзя б яны і ў цемры разлічылі, разгледзелі б, то было нешта невялікае, бо зусім блізка адна ад адное стаялі кропкі вачэй, толькі дужа агрэсіўнае і ад таго не менш страшнае… але раз маленькае, то ён ўзяў у рукі турысцкую сякерку (куды ж у лес без сякеркі ехаць), а сябар у адную руку той самы нож,
якім ён палец свой крэмзаў, а ў другую — скручаную з «Савецкага Сахаліна» паходню — газета гарэла лепш і дольш, чымсьці запалка, вядома, і яны рушылі ў перадпакой; цяпер за дзвярыма пачулася шабуршэнне, тупат шматлікіх ножак, грукат дробных скачкоў: «гуп-гуп-гуп», дзверы расчыніліся — на грубцы, на тым самым месцы, блішчэлі тыя ж самыя жоўта-чырвоныя вочы, а за імі вымалёўваліся абрысы здаравеннага пацука — добры кот, не меней; ад ног ягоных звісаў уніз і губляўся недзе ў цемры доўгі, як электрычны шнур,