а жанчыны дзеля таго і створаныя, каб верна чакаць і аддана здраджваць: чакаць і здраджваць… чакаць і здраджваць… (а мужчыны — прыходзіць і сыходзіць, прыходзіць і сыходзіць…) «і адкуль тут столькі саломы?» — паспеў падумаць ён, ныраючы ў яміну свядомасці, «о…» — шаптала жанчына, разглядваючы і гладзячы яго… а ён падумаў, што гэта і ёсць чыстая жаночая павага, бо бачыла яна шмат… гладзіла і гладзіла, нібыта забыўшы пра яго самога, і ўсё паўтарала: «зямляк… зямляк… землячок…»,
пацалавала… яна была файнаю, дужа файнаю, і зусім яшчэ не старою, хай і на дзясятак гадоў старэйшаю за яго, па гадох — на дзесяць, а па жыццёвым вопыце і па перажытым — яна была яму бабуляю, і ён адчуў тое… ён бачыў перад сабою, пад сабою яе твар, слёзы ў вачах, шчасце, страсць сапраўдную, нічым не прыхмараную, не прыхаваную, самую што ні на ёсць шчырую любоў да яго, так, любоў, а не каханне, любоў, як да ўпадабанай рэчы, да любімай цацкі, каханне — гэта іншае, тут была любоў,
былі любошчы, але нават не сэкс, бо яна аддзячвала яму за тое, што ён ёсць, што ён тут, нічога за гэта не патрабуючы, дзячыла тым адзіным, што мела… а ён? што рабіў ён? на што спакусіўся? — няма апраўдання; дарэчы, ён потым так пра яе нічога і не напісаў, бо яму ўвесь час перашкаджалі пісаць ейныя вочы, што пазіралі на яго з чыстага аркуша паперы… дзе яна цяпер — тая беларусачка, якая потым падзялілася апошняю мараю ў сваім жыцці: вярнуцца дамоў, на Случчыну; ці вярнулася? ці паспела да развалу Саюза?
тады, у шчырым — неастылым — запале яму хацелася дапамагчы ёй — душу аддаць — а праз дзень… праз два ўсё забылася, прытушылася іншымі ўражаннямі, ды і што ён мог — студэнцік-землячок: хіба толькі падзяліцца цяплом ды спагадаю; ён напісаў тады нарыс пра даярку-армянку, пра якую згадваецца толькі, што яна армянка і што гутарылі яны ў яе дужа бедным, але да зіхаты чыстым доме, за сталом без абруса; хата не дзялілася на пакоі і ў ёй спрэс стаялі ложкі — сям’я была па-армянску вялікаю: сямёра
ці васьмёра дзяцей, якія якраз прыйшлі са школы, аднак не мітусіліся вакол, пакуль яны гутарылі, ён іх увогуле не бачыў і не чуў, хоць яны былі ў тым самым адзіным пакоі, у якім не было ні тэлевізара, ні лядоўні, ні нават радыё… першабытна-абшчынны лад, натуральная гаспадарка… звалі армянку, здаецца, Сіртуш, і яна недалюблівала тую беларуску за вольныя паводзіны, а яго ўспрымала і прымала толькі як карэспандэнта, якому неахвотна, адназначна адказвала на пытанні: «так» альбо «не»; гутарка была
прыблізна такою: «колькі ў вас дзяцей?», «а?», «пяцёра?», «не!», «сямёра?», «не!», «васьмёра?», «так!»… але — даруйце, ці не занадта захапіўся ён «прыгодамі», якія, па-сутнасці, прыгодамі не з’яўляюцца ды і не былі — навошта яго раптам пацягнула на «шчырасць», якая на справе не шчырасць, а нібыта пахвальба, і месца ёй не павінна быць ні ў жыцці, ні ў лазні, а не тое што на паперы; можна дараваць яе хіба пры адной умове, што потым у тэксце яна не застанецца, бо вяртацца цяпер трэба ледзь не ў самы пачатак,
да тых развагаў пра «рай» на зямлі, якія павялі яго да казармаў-інтэрнатаў на Шыкатане, да таго, што на той момант было шчасцем, а на сённяшні розум — да прамой лініі спрошчаным доступам да нібыта забароненага і недзе на мацерыку сарамлівага… таго, што на зямлі дадзена чалавеку не столькі дзеля насалоды, колькі дзеля працягу роду, што падабаецца ўсім, але чаго трэба саромецца (ці рабіць выгляд, што саромеешся), ад чаго трэба адмаўляцца і што там, на астравах, набывае сваё першапачатковае значэнне,
бо там у чалавека адабранае ўсё і пакінутае дзеля атрымання шчасця толькі гэта — дадзенае яму Богам; так, Богам, а не д’яблам, бо калі ствараў Бог чалавека (мужчыну, а потым і жанчыну), дык ці толькі дзеля выканання фізіялагічных патрэбаў утвараў ён пэўныя органы; калі б толькі дзеля таго, дык ці трэба было выдумляць гэткія складанасці і супрацьлеглыя рознасці, якія так заманліва падыходзяць адно да аднога, так проста спалучаюцца, спарваюцца? зрэшты, першыя людзі, мяркуючы па Бібліі, перадумалі Бога
і адразу прымянілі тыя органы па прызначэнні — каб атрымаць асалоду… ведаў, дакладна ведаў Бог, калі ляпіў іх, што з гэтага атрымаецца, а значыць справакаваў Адама з Еваю, і потым — у пакаранне! — выгнаў іх з раю, як бацькі высяляюць дзетак са сваіх кватэраў — цесна стала? і цяпер усё жыццё мы вымушаныя грашыць і каяцца, існаванне нашае завязваецца ў граху і жыццё праходзіць пад ягоным знакам, не важна, простыя мы людзі ці служкі гасподнія… да такой ступені грэшныя мы, што нават думкі
пра спарванне ёсць грэх, не кажучы пра справы, і не даруецца нам нашая маладосць і нявопытнасць, і не даруецца потымная сталасць ды «ўсёведанне», прынамсі шматведанне («ад многіх ведаў…»), і ўсё ёсць грэх, куды ні крутніся… толькі вось з гадамі згадваецца чамусьці не тое асноўнае, што было на астравах, а другаснае — і тады, і цяпер другаснае, — бо галоўным тады было адчуванне адзіноты і адарванасці ад Радзімы, ад роднае зямлі, ад каранёў, ад магілаў продкаў… не таму, што ўсё навокал было настолькі
чужым і непрымальным, нават, можа, і наадварот: усё навокал не дужа рознілася з тым, што было ў Менску ці Хойніках, але псіхалагічна, але разумова, але падсвядома ўсё было абсалютна іншым, чужародным, і накочвалася такая адзінота (якой няма, пэўна, і ў тых, хто сёння ў Фінляндыі ці ў Нарвегіі)… такі адчайны песімізм, што тут жыць не хацелася, «тут» пераходзіла ва «ўвогуле» і не ратавала нават незнаёмая, не стандартна сярэднееўрапейская, прырода, надварот, яна падкрэслівала чужоту ўсяго
навакольнага, і чым бліжэй было вяртанне дамоў, тым больш хацелася яго і тым павольней ішлі дні, гадзіны, хвіліны… не сказаць, што гэтак, як салдат чакае «дэмбелю», не, яму тут падабалася, тут было яшчэ шмат новага, яшчэ болей нязведанага — нават жанчыны тут былі іншымі, не таму, што быццам бы больш даступнымі, але і таму таксама (а мо гэта ён сам быў тут іншым: больш простым, больш адкрытым, больш шчырым, бо ведаў, што хутка з’едзе адсюль назаўсёды і ніколі не сустрэнецца з гэтымі людзьмі,
каб пасаромецца за свае ўчынкі)… але была там не толькі адзінота на беразе акіяна з думкаю пайсці ў яго і не вярнуцца, была і поўная адзінота ўдвух з сябрам у міліцэйскім лецішчы — таемным доме адпачынку сахалінскага міліцэйскага начальства, гэтакай паляўніча-рыбалоўскай дачкі з лазенкаю на беразе вузенька-тонкае рачулкі, што праз трыццаць-сорак метраў упадае ў Аніўскі заліў, дзе не было калі думаць пра адзіноту; сюды прывёз іх з сябрам Уладзем ягоны дзядзька, падпалкоўнік міліцыі,
начальнік абласнога крымінальнага вышуку: доўгі час ён абяцаў узяць іх з сабою на паляванне, але ўсё не выпадала, і нарэшце пасярод тыдня проста адвёз на гэтае лецішча і, пакідаючы, сказаў, што прыедзе праз двое сутак, а пакуль — пажывіце адныя, адпачніце ад тлуму… што яшчэ трэба? рамантыка! да бліжэйшага жытла (пасёлка Таранай) кіламетраў пяцьдзясят, тут памежная зона і недзе — невядома дзе між сопак — ёсць толькі пагранзастава, а людзям сяліцца забаронена; прывёз дзядзька іх сюды
на міліцэйскім «газіку» пад вечар, дарога не запомнілася, адное хіба: чым далей яны ехалі на поўдзень па мысе Крыльён у бок таго самага «праліва Лаперуза» — француза, які думаў, што заплыў на край свету, а сёння апынулася — на край Расіі, і адкуль, з крутога беражка «каменьчыкі» ў акіян, як спяваецца ў песенцы Нікчэмнага, кідаць могуць хіба памежнікі… дык вось, чым далей на поўдзень яны ехалі, тым вышэйшымі рабіліся зараснікі бамбуку: каля Паўднёва-Сахалінска ён па пояс і сцелецца як трава,
як асака на Палессі, а тут, ля лецішча, у рост чалавека і вышэй, і нагадвае палескія балотныя чаратовыя нерушы, толькі на Палессі кожная чарацінка стаіць сама па сабе і не дужа супраціўляецца, калі ідзеш, можа нават няўзнак зламацца, а бамбук сплятаецца дружнаю сцяною, шчытна, шчыльна (як на касьбе ці на сяўбе…), і праз яго не прадрацца, жорстка-з’яднанае цела ягонае нат вялізным нажом кшталту мачэтэ з аднаго разу не прасячэш, і хадзіць тут можна толькі па кімсьці (вядома ж, жывёламі, а не людзьмі)
пратаптанымі сцежкамі; зрэшты, што казаць бясколерна: «жывёламі» — кім пратаптанымі, робіцца зразумелым з назвы — «мядзведжымі сцежкамі»; так, тут жывуць мядзведзі, і дзядзька ягоны, ад’язджаючы, шчыра папярэдзіў іх пра гэта і на развітанне распавёў пра самую апошнюю — месяц таму — сваю сустрэчу з мядзведзем тут на лецішчы: ён прыехаў на рыбалку, а ў іх тут ёсць спецыяльна прывезеная — за 50 км! — кучка гною, каб дажджавыя чарвякі пладзіліся (бо паспрабуй знайдзі іх у бамбукавых зарасцях),
дык вось, сядзіць дзядзька ля гною, чарвякоў выбірае, каб буйнейшыя, чырванейшыя, жвавейшыя, і раптам чуе, што ззаду нібыта нехта сапе і чмокае губамі, а ён прыехаў адзін і хто гэта можа быць такі некультурны — не ведае, але адразу страх прыкінуўся: дрыготка па целе пайшла і валасы пад шапкай падымацца сталі; азіраецца асцярожненька, так і ёсць: мядзведзь стаіць на задніх лапах і на яго па-чалавечы пазірае, а вочкі маленькія, глыбокія, вострыя — наскрозь працінаюць, праколваюць і са спіны навылёт выходзяць,
дзядзька за пісталет схапіўся і ўсю абойму ў паветра выпусціў з нецейкі, здуру; мядзведзь не варухнуўся, як аглух — во вытрымка! — сядзіць дзядзька на пятай кропцы пасярод гною і курком клацае, а мядзведзь уважліва так, па-чалавечы проста, паглядзеў на яго, павярнуўся і пайшоў, як гаспадар, павольна перабіраючы лапамі, у бамбук па сваёй сцежцы… дзядзька расказваў пра тое, яны рагаталі, пакуль не павёў ён іх да той самай знакамітай кучкі гною за лецішчам і не паказаў тую самую сцежку,
па якой вярнуўся ў сопкі мядзведзь… але калі завязалася размова пра мядзведзяў, дык трэба вярнуцца на Курылы, на Кунашыр, дзе ён пазнаёміўся са знакамітым «медзвяжатнікам», так медзвяжатнікам, толькі без двукосся, бо не тым, пра каго можна падумаць у двукоссі — ніякіх банкаў з сейфамі, апроч, пэўна, хранічна пустога раённага, на Кунашыры няма, а медзвяжатнікам сапраўдным — паляўнічым на мядзведзяў, лік здабычы якога даўно пераваліў не за сорак — магічная лічба! — а за сто; імя ў яго
было звычайнае — Іван, а знешне ён быў сам як мядзведзь: гара-чалавек, за два метры ростам, шырокі ў плячах, і калі можна сказаць пра двухметровага чалавека, што каржакаваты, дык Іван якраз і быў каржакаватым, магутным і сярод іншых людзей выглядаў, як дуб у бярэзніку… гэта па-палеску, а на востраве, з ягонай прыгнутай, прычасанай вятрамі ніжэй да зямлі расліннасцю (хоць і там ёсць немалы «Бранскі лес»), яго і параўнаць няма з чым… Іван жыў адзін, бы мядзведзь, у сваёй хаціне — бярлозе (?) —
у ніжняй, бліжэйшай да акіяна, частцы Паўднёва-Курыльска, дзе за пару месяцаў да ягонага прыезду беларусы здымалі ці не тры тыдні пару хвілінаў для фільма «Белыя Росы» (памятаеце, перад пачатковымі тытрамі малодшы сын на Курылах згадвае пра Беларусь і надумвае вяртацца, а тут землятрус і хацінка іхняя развальваецца), і народ у гарадку яшчэ жыў мройлівымі згадкамі пра тое, як пілі — не прасыхалі — кіношнікі (кебеніматаграфісты) з Менска; зрэшты, казаць «жыў адзін» у Іванавай сітуацыі было
не зусім праўдаю, бо ў яго ўвесь час гасцілі нейкія людзі — паляўнічыя, географы, заолагі, геолагі, прычым у асноўным з Масквы і Ленінграда, а адная геалагіня-вулканограф з Піцера — Ларыса — і ўвогуле жыла ў Івана штогод па сезону, а гэта шэсць-восем месяцаў запар, і была фактычна яму жонкаю, хоць там, у Піцеры (а яна толькі так называла свой горад і крыўдавала на іншую назву), мела сям’ю; Іван, не даваў ёй ніякіх надзеяў, проста прывык да ейнае прысутнасці, ставіўся да яе з любоўю, як да любое іншае рэчы
ў доме — да стала, ложка, але меншай, чымсьці да стрэльбы, адзінай каштоўнасці тут… яна ж Івана кахала безнадзейна, і ехала штогод сюды не на працу нейкую геалагічную, не ў экспедыцыю па вывучэнні дзейнасці вулкана Цяця і тэрмакрыніцаў-гейзераў, як гэта называлася, а да Івана выключна і, пэўна, кахала не столькі яго, колькі ягоную дрымучую мужчынскую сілу, вартасці якой Іван сам не разумеў, як не разумее яе мядзведзь (бо жыў, як жывецца, і іншага жыцця не ведаў, і пра іншае не думаў)…
хату Іванаву бярлогай можна было назваць і ўнутры, бо была яна неўпарадкаванай, усё там захоўвала на сабе пазнаку хаатычнасці і тым мела нейкі своеасаблівы шарм, мо таму, што была вялікай сама па сабе (як для вострава, дзе захавалася японскае імкненне да дробнасці, картоннасці — па-руску рубленая, вялізная, хутчэй — паморская, архангельская), а яшчэ таму, што ўсярэдзіне хата не мела ніякіх перагародак — на амерыканскі манер — проста адзін вялізны пакой метраў восем на дзесяць з печчу —
рускай ці лепш галандскай — у куце злева ад увахода, чым нагадала яму, калі першы раз прыйшоў, беларускія хаты з аднаго пакойчыка, пастаўленыя наспех жаночымі талокамі, адразу пасля вайны, у якіх і па сёння жывуць бабулькі-ўдовы, з адной толькі важнай акалічнасцю: тыя хаткі дужа маленькія — лесу дзяржава пашкадавала, сілаў не было без мужчынаў-мужоў большую скласці… і стаяць гэтыя хаткі і цяпер за яблынямі ды грушамі ў глыбіні садоў, бы лазенкі, непрыкметныя, шэрыя, як самі бабулькі, і амаль
палову такой хаты займае печ (ці не таму слова «хата» тут яшчэ і сінонім слову «пакой»?)… аднак галоўнае, што надавала Іванавай будыніне ўражанне прасторнасці і велічы, — гэта тое, што яна не мела столі: былі бэлькі, але столі не было, і калі, седзячы ў хаце, падняць галаву, дык дах здаецца высокім-высокім і хата-пакой пашыраецца, сцены расступаюцца, і ты ўжо сядзіш не ў замкнутай прасторы, а на волі-вольнай, і тут цёпла, утульна, у печы пастрэльвае дрывамі агеньчык, адбіваецца сваімі промнямі-языкамі на супрацьлеглай сцяне, а на вуліцы гудзе-завывае
халодны вецер, і хвалі ўпарта, настырна-аднастайна і з моцай, у якой адчуваецца злосць, б’юць і б’юць у бераг… і калі ўявіць сябе на вуліцы, адразу дрыготка прабягае па спіне, халодная, колкая, як марскі вожык, а тут добра, на стале прынесеная ім пляшка «Сталічнай», хлеб, акуратна, па-піцерску тонка, накроены Ларысай, і кавалкі нейкага мяса, хочацца думаць, што «медзвяжаціны», хаця, пэўна, то звычайная — банальная — цяляціна… ціхі, густы бас гаспадара — ён папрасіў яго распавесці пра свае паляўнічыя прыгоды,
а той, відаць прывыклы за жыццё да такіх просьбаў, не стаў аднеквацца (а мо і самому было прыемна), аднак распавядаў не адразу, а нейк між іншым, паступова, так натуральна, нязмушана, што ажно сэрца ягонае ёкнула ад правільнасці таго, што адбываецца; заслухалася, прысела побач нават Ларыса, хоць байкі тыя яна, мусіць, чула ў соты раз, заслухалася, залюбавалася Іванам, як жонка з гонарам глядзіць на мужа ды яшчэ перад чужым чалавекам, а Іван не выпіў шклянку гарэлкі залпам, як, здавалася,
належала, як яму чакалася, а па-інтэлігенцку адпіў менш за палову і паставіў на стол… адна з тых Іванавых гісторыяў яму запомнілася назаўсёды — ці не пра саракавога мядзведзя, які ў той дзень не стаў Іванавым саракавым, а трыццаць дзявятым сябравым, так, сябравым, бо на Курылах на мядзведзя па адным не ходзяць, спецыфіка такая: трэба ўдвох — бамбук даволі высокі, вышэй за чалавечы (і мядзведжы) рост, уверсе пераплятаецца, утвараючы тунэль, ісці трэба па гэтым «мядзведжым тунэлі» пакуль не выйдзеш