не ўратавала яе ад высылкі ледзь не да каранёў свайго роду, да амаль Радзімы: на самую блізкую ад Японіі савецкую, «исконно русскую» глебу (тут гэтая «исконность» падкрэслівалася настойліва і нахабна на кожным кроку шыльдамі і шыльдачкамі); ён мог толькі здагадвацца: хто яна і чым займаецца на «вялікай зямлі», дакладней, чым зарабляла раней на жыццё, аднак на той момант яго гэта цікавіла менш за ўсё, ён бачыў перад сабою амаль дасканалае жаночае стварэнне, найпрыгажэйшую жанчыну (дзяўчыну яшчэ,
можна сказаць, бо японскія жанчыны хай і хутка старэюць, але да таго доўга трымаюць сваё дзіцячае аблічча), у іншых варунках недаступную яму, нават за вялікія грошы, а тут адданую служку са страхам у вачах, што ён можа знікнуць за любою скалою, за кожнай сопкай гэтаксама нечакана, як з’явіўся ў ейным жыцці… цікава: а каго яна бачыла ў ім? думаецца, у апошнюю чаргу «заходняга» ці «сталічнага» журналіста, якім быў насамсправе, але і не кліента, і тым больш не патэнцыйнага каханага (мужа — ха-ха!),
проста ёй трэба быў нехта, і гэтым «нехта» ў гэты час і ў гэтым месцы якраз і апынуўся ён — у яе не было выбару, а ён мог выбіраць з тысячаў, мог, але толькі да таго моманту, як убачыў яе — пасля і ў яго ўжо выбару не было; ён згадвае яе зноў і зноў, хацеў бы апісаць, ды не можа: найпрасцей было б працытаваць каго з японцаў, што пісалі ў хоку ды танка пра сваіх жанчынаў нешта кшталту — стройная, як сакура(?), свежая, як лілея(!), пяшчотная, як персік(…), і ўсё гэта было б праўдай (зрэшты, не — японскія паэты
ніколі так не пісалі, яны ў сваіх параўнаннях былі больш канкрэтнымі і карэктнымі; каб падрэсліць прыгажосць, казалі: «у яе воблік бадысатвы», альбо: «яна мела ўсе трыццаць дзве адрозныя прыкметы Буды», альбо параўноўвалі з эталонам прыгажосці паэткай Камаці, а не нейкімі там сакурамі ды персікамі — і чытачы іх разумелі…), бо побач з ім быў цуд — уважлівы, удзячны, клапатлівы, адданы, мілы, ласкавы, пяшчотны, спакуслівы, умела-сарамлівы… словаў ні адной мовы не хопіць: ап’яняльны, трапяткі,
гарэзны, нястрымны, свавольны, шалёны, адчайны, дагаджальны, шчыры… няма словаў… ёсць толькі глыбокае неба над імі, вялікае, як Акіян, ёсць толькі акіян перад імі, вялізны, як Неба, як Каханне, што засцілае вочы, засціць думкі, сціскае зямную прастору нат не да маленькага вострава, не да аднаго чалавека, што цяпер побач, а да ягоных вачэй, у якіх зліваюцца блакіт неба з сінечай акіяна, да вуснаў, то гаваркіх, бы акіян, то адчайна маўклівых, бы неба, і ўжо забытыя клопаты, што прыехалі з ім
на гэты гожы востраў і якія паспеў набыць ён тут (ох, падпалкоўнік-падпалкоўнік у цывільным… зрэшты, досыць пра падпалкоўніка, для якога ён проста свежы чалавек і прычына вылучыцца, выслужыцца — на гэтым варта забыцца пра яго і пра тыя страхі, што засталіся пасля размовы з ім, і на тое жаданне, што прывяло яго да акіяна: пайсці і не вярнуцца… бо ён потым з’ехаў, і падпалкоўніка больш не было ў ягоным жыцці, як і яго — нават у падпалкоўнікавай справаздачы…), забытыя планы і намеры,
забытае тое — ранейшае — жыццё, ёсць толькі неба, толькі акіян, толькі аддана-замілаваны позірк, гнутка-паслухмяны стан… крык кырляў, стогн бакланаў… ёсць вецер — настырны, халодны — тут, на краі свету, разагнаны да касмічнай хуткасці, марскі вецер заўсёды такі — няўрымслівы, напорыста-нахабны, мускуліста-дужы, а ён заўважыў яго толькі цяпер, калі сонца ўжо нізка сцелецца над вадою, і ў апошнім святле ягоным жоўта-чырвоным нявінная ўсмешка часовае сяброўкі-японкі падалася яму не такой
і нявіннай, а гуллівая адданасць не такой і адданай, а мілы тварык — хітрым, і ён ужо не гаспадар, а раб… але падалося тое толькі на адную хвілю, на адное імгненне — адзін погляд, адзін рух не цела — вачэй, і ўсё знікла, усе гукі, апроч «мілій… мірій… далягой… («л» і «р» блыталіся) і — працяжна-хуценька — моі-моі-мой… (адкуль у яе ўзяўся акцэнт?) — і ў вачах толькі вочы — шырока расплюшчаныя, а таму вялізна-круглыя, яшчэ нядаўна вузкія, бы шчыліны, вочы: прагныя, мяккія, бліскучыя, неспатольныя, скнарныя…
(«ойран», — міжволі прашаптаў ён, начытаны Акутагавы, яна не зразумела), і ў зрэнках ейных — толькі ён, ён, ён, ён… зноў вяртанне ў холад ветру і крыкі чаек… потым назад у цяпло туману… вецер… туман… вецер… на ўсім белым свеце… і ў пасёлку вакол казармаў-баракаў-«абшчагаў» — да іх яны вярнуліся спатоленыя познім вечарам (забыўшы і пра заход, і пра ўзыход сонца) незаўважна хутка, быццам перанесліся сюды з Краю свету ад Стоўбчатага мысу (Аргану) на кіліме-самалёце, раскінутым пад нагамі,
кароткае расстанне, што пакідала надзею: «да заўтра — да заўтра…», — і ён зноў адзін, ідзе да свайго прыстанку, трымае ў руках букецік-ікебана, з сабраных па дарозе суровых кветачак, і адчувае плячыма дзясяткі хранічна-галодных лісіных, ваўчыных, тыгрыных позіркаў, уладальніцы якіх гатовыя накінуцца на яго, разарваць на часткі: такога ў яго ніколі не было: ні да, ні пасля (а вы можаце ўявіць сабе гэта?), раптам знаходзіць забыты ў сваёй далоні Танін (так-так, маскоўскую японку звалі банальна — Таня, і добра,
што не Эма…) кулончык, што адшпіліўся там, на Краі свету, і ў апошнюю хвілю ўпаў на траву ля ягонае рукі: ён заціснуў кулончык на час і забыўся, вярнуўся да дзвярэй барака, каб аддаць, і пачуў: «ну як карэспандэнцік?», а ў адказ салодка-рускае: «ох и нае… я, девки, ох и нае…», пацягванне ў густой цішы да хрусту ў касцях і зайздрослівыя ўздыхі… усё, «заўтра» ў іх не было… больш яны не бачыліся з гейшаю: ён не любіць, калі яго скарыстоўваюць… і «кветка кахання» для яго завяла, і «рай» для яго паблякнуў,
бо і сапраўды — паводле ўсіх традыцыяў, і ўсходніх, і заходніх, рай — месца для абраных, для чыстых душою ды целам, а гэтыя баракі былі не першаю прыступкаю да раю Буды Аміда, а, хутчэй, першаю прыступкаю да пекла, мяркуючы па тым, што там адбывалася… кулончык жа той быў утоплены ім з адплываючага цеплахода «Марыя Ульянава» на мяжы шыкатанскай бухты і Ціхага акіяна… больш яны не бачыліся яшчэ і таму, што пра гэты ваяж на Край свету даведаліся ягоныя новыя сябры-армяне
і настойліва параілі нават не падыходзіць да тых баракаў, а не тое што з некім «сябраваць»… ага, стоп, далей нельга ісці, пакуль не распавядзецца тут, як пазнаёміўся ён з гэтымі гарачымі хлопцамі, і не прагучыць прызнанне ў любові да горнае краіны Арменіі, дзе ён не быў ні разу, але палюбіў і любіць яе пасля кароткай дружбы з трыма братамі, што жылі ў той час і працавалі ўрачамі на краі свету, на востраве Шыкатан; з першым з іх, малодшым Вартанам, ён пазнаёміўся на цеплаходзе «Надзежда Крупская»,
на якім плыў (ішоў!) з Карсакава на Кунашыр, але штарміла і Кунашыр не прымаў, бо не меў бухты, і іх высадзілі на Шыкатане (так, на Шыкатан яго закінула воляю аднога з сямі няшчасцяў — шторму), такім чынам, яны плылі на цеплаходзе, і іхнія каюты былі побач, пасажыраў няшмат — можна палічыць па пальцах — і ён адразу вылучыў сярод іх для сябе аднога, такога ж, як і ён, маладога, але чарнявага хлопца, з якім яны пад вечар і пазнаёміліся; цеплаход быў стары, трафейны, і пасля вячэры, калі пасажыры
і вольныя ад вахтаў з каманды сабраліся на «культурную» праграму ў паўкруглай, пэўна — кают-кампаніі, адзін з афіцэраў, што спяваў пад гітару меладычныя — турысцкія — песні пра мора, Сахалін ды Курылы (запомніўся прыгожы радок, хоць і дужа прасавецкі: Ітуруп стаіць у будзёнаўцы вулкана…), між іншым расказаў, амаль па сакрэце, шчыра, як ля вогнішча, пра тое, што раней гэты цеплаход называўся «Адольф Гітлер» (і ёсць яшчэ месцейкі, дзе можна знайсці надпісы па-нямецку, асабліва
ў машыннай зале), належаў Германіі, аднак пасля вайны, па Перамозе, яго з Балтыкі адагналі падалей, на Далёкі Усход, і ён (як яшчэ два такія ж караблі з жаночымі імёнамі) вось ужо трыццаць гадоў з гакам прасуе Ціхі акіян ад Уладзівастока да Камчаткі і назад з заходам на населеныя Курыльскія астравы ды Сахалін; цеплаход і цяпер уражвае сваёй велічнасцю, асабліва на рэйдзе, побач з рыбацкімі эмэрэскамі, ды і ўнутры таксама, а даць бы яму рамонт, знішчыць абшарпанасць савецка-адвечную, надраіць медзь
ды нікель, кілімаў накласці, якія некалі, пэўна ж, ляжалі паўсюль, — і ўявіць цяжка тую прыгажосць… дарэчы, пра прыгажосць: дзіўна, але тут, на караблі, працавалі вельмі прыгожыя людзі: і маракі (той вусаценькі спевачок у кают-кампаніі быў падобны да «ад’ютанта яго правасхадзіцельства» Саломіна з фільма і адначасна да Лерманатава з партрэтаў у школьных падручніках), і абслуга, і афіцэры — як на падбор, не кажучы ўжо пра матросаў-волатаў, а афіцыянтачкі ў рэстарацыі… ды нават
дзяўчаткі-прыбіральшчыцы — такія, што ўпрыгожылі б лепшыя панелі Масквы, ды што там — найзнакамітыя бардэлі Еўропы і Амерыкі альбо, у крайнім выпадку, не горшыя подыумы Парыжа… асабліва адная, што прыбірала якраз у ягонай каюце… а, трэба сказаць, плыў ён у першым класе і, паколькі пасажыраў было ўвогуле мала, адзін у двухмясцовай каюце; чаму ён згадаў пра бардэлі: як яна паглядзела на яго — хіба на позірк той можна забыцца? — калі нагіналася, падмятаючы падлогу,
вымятаючы нешта з-пад лаўкі-ложка (як бы падкідвалі клубы такія — міжволі падумалася?), была яна трошкі вышэй сярэдняга росту — не зусім мадэльная — і даволі худая: якраз такая, якія яму падабаліся, пры такой фігурцы яна магла б быць і не прыгожаю, аднак вабнаю і жаданаю, але ж яна была прыгожаю… прыгажуняю… сэрца сціскалася, калі вочы гладзілі яе, і думка міжволі пульсавала: колькі ж ты каштуеш? аказалася, такса звычайная — дзесяць рублёў за раз, незалежна ад таго, колькі доўжыўся працэс:
трыццаць секундаў ці трыццаць хвілінаў, пра гэта яму грубавата-лёгка сказаў той самы армянін Вартан, у якога яна, можа, і расчараваная ягонай нясмеласцю, падмятала падлогу ўслед за ягонай каютай і з якім у той вечар ён разгаварыўся ў кают-кампаніі, куды пайшоў разбавіць шум (сум) пасляштормавага калыхання (казалі — гэта ў акіяне самы небяспечны час, бо карабель на доўгіх, затухаючых хвалях можа разламаць напалам, бы запалку), і, дадаў Вартан, дзяўчына была не толькі незабыўна-прыгожай, але і,
што рэдка бывае, чуйна-трапяткой, імгненна-загаральнай, не грубай, калі нават балюча, а слабай і ўсёдаравальнай, як у жыцці, а не на працы… але няхай цеплаход плыве, лейтэнанцік спявае, а нам варта вярнуцца на Шыкатан, дзе ён з братамі-армянамі гуляе ў футбол — два на два — браты паважаюць яго за менскае «Дынама», леташняга чэмпіёна СССР і сёлетняга яшчэ лідара, за «Песняроў», ён паважае іх (за «Арарат»-каманду, за «Арарат»-каньяк, за Арарат-гару… за тое, што лёс ягонага народа і іхняга
дужа падобны ў сваёй трагічнасці ды нягодах, што зыходзілі ад суседзяў…), бо бачыць, што гэта ўважлівыя, прыстойна выхаваныя, інтэлігентныя людзі… гуляюць браты ў футбол добра, лепш за яго, пакрыкваюць-падахвочваюць, калі мяч у ягоных нагах: «давай, Гурыновіч!», «Гоцманаў, пас!», «Алейнікаў, бі! бі!», «бараніся, Зыгмантовіч», але ён «слабае звяно», і ягоная «каманда» прайграе… потым лазня, а пасля яны разам п’юць прывезены ім далікатэс — сахалінскае, не дужа добрае, кіславатае піва з агульнасавецкім
назовам «Жыгулёўскае»; хлопцы смакуюць і дзівяцца: як ён здагадаўся ўзяць яго сюды, чуюць пра сябра Уладзю і зноў раяць сцерагчыся баракаў, а калі карціць, калі няймецца — дык можна пазнаёміцца з файнаю (класнаю — сказалі яны) дзеўчынай, тут жа ёсць (ён ведае гэта, чаму і ехаў — але пра тое пазней) не толькі прастытуткі, тут базуецца на час пуціны паўтара дзясятка будатрадаў, у асноўным з Уладзівастока, але ёсць і з Хабараўска, і Благавешчанска, па адным з Паўднёва-Сахалінска
ды Кіева — самыя блізкія тут ягоныя «землякі», бо еўрапейцы; дзяўчаты-студэнтачкі прыйшлі адразу, нібыта пад вакном чакалі — чатыры на чатырох: тры пастаянныя ды іх сяброўка; «смялей, — шапнуў Вартан, — праверана, мінаў няма, яшчэ дзяўчынка — пераканайся…», але, ён быў дужа стомленым — пераплывам ад Карсакава сюды, нядаўнім шчырым футболам, а галоўнае — учарашняй японкаю, ён хацеў спаць, і нішто яго не цікавіла, тым болей дзяўчо, якое назвалася Надзяю з Уладзівастока;
ён лёг спаць у суседнім пакоі з той самаю Надзяю, каб толькі не пакрыўдзіць яе: не апусціць у вачах сябровак, бо адзінае, што ў яе было, — маладосць, астатняе — пасля цеплаходных прыгажуняў ды японачкі — звычайнае; расейская дзяўчына, з расейскім тварам, прычым усе рысы крыху буйнаватыя: і нос, і вусны, і пашчэнкі, да таго ж з дзіцячымі «канапушкамі» па шчоках, словам, дзяўчо, якіх шмат, аднак — ён не хацеў яе крыўдзіць, яны леглі разам, ён спаў, а яна нешта рабіла (і адкуль ведала?),
яна станавілася жанчынаю, бо не працавала, адключалася — спала — у яго толькі галава, якую напаўняў суцэльны туман і запомненае цеплаходнае пакачванне злівалася з рытмізаваным пагойдваннем ложка, але — што такое армянска-далёкаўсходняе яны елі падчас вячэры, які-такі дадатак у ежу быў падсыпаны? жэньшэнь? выцінка з рагоў марала? штосьці іншае, што замяняла тады слынную цяпер «віягру» — ён не ведае, гэта так і засталося для яго таямніцаю, толькі Надзя-цнатліўка, (у апошнім,
праўда, ён не змог пераканацца) не спала да раніцы: ён прачынаўся, лежачы на спіне, і бачыў яе перад сабою, ён засынаў і прачынаўся зноў — яна працягвала рабіць тое ж, з чаго пачала: маладосць, і ёй было цікава, ёй было трэба, а ў яго вочы зліпаліся, ён спаў, і ранкам толькі прыгадаў, які нязручна вузкі быў ложак і як кепска было ляжаць на спіне без падушкі пад вагою… эх, дзяўчо-дзяўчо, даруй, што ён так бяздарна прыняў дар тваёй нявіннасці; зрэшты, Уладзівасток — партовы горад, і там усе дзяўчаты
запатрабаваныя (глядзяць зялёнымі вачыма, як незанятае таксі), а ён паверыў першаму сустрэчнаму армяніну пра тое, што дзяўчо нявіннае (і не праверыў), а яно ўсю ноч такое вычварала: дзе, скажы, так навучылася губляць нявіннасць? бо з яго памочнік быў ніякі: ён толькі аддаў ёй у арэнду тое адзінае, што заставалася пасля ўсіх перажыванняў ды стомаў баяздольным — і то выключна (ён перакананы) пад уздзеяннем нейкіх армянскіх сродкаў, што адключаюць адныя рэцэптары і вымушаюць працаваць
іншыя… ён яшчэ памятае, што пачуцці былі абвостраныя, і ён увесь час нешта сніў, звязанае з тым, што адбывалася, але не з той дзяўчынаю, не з Надзяю, а з нейкімі іншымі, даўно жаданымі ім і зусім невядомымі, але салодкімі… з астатняга ж ён памятае, што на Шыкатане прабыў тры дні, і так скончыўся другі, а ў трэці — серадольшага брата Вартана, з якім ён гуляў у адной камандзе і які быў галоўным урачом будатрадаўскай зоны (так называлася кіраўніцтва ўсіх будатрадаў, якія варта было б тут назваць
рыбатрадамі ці пуцінаатрадамі, бо нічога яны не будавалі, а працавалі на канвееры рыбзавода), парэзаў нехта з мясцовых (калі так можна назваць тых, хто аднойчы прыехаў на Шыкатан і вось ужо каторы год заставаўся зімаваць на востраве пасля сканчэння пуціны), парэзаў неглыбока і няшмат — левую руку, якой бараніўся, да косці, прарваў скуру на жываце і твары, але выпацкаў у кроў кашулю ды джынсы страшна; старэйшы брат, які працаваў на Шыкатане ў бальніцы галоўурачом, наклаў касметычныя швы