і ўявіць сабе, што гэта не востраў, а проста вялізны карабель — той самы каўчэг — зусім не цяжка, бо ў вакне, як у ілюмінатары, пад сонцам толькі мора да самага небасхілу, хвалі, хвалі, хвалі набягаюць, луской аграмаднага дракона блішчаць, мкнуцца да вострава, адважна кідаюцца на бераг, каб размыць яго, змыць і запанаваць аднаасобна… ён пераканаўся, што гэта рэальна, калі выйшаў з гатэля і прайшоўся па Паўднёва-Курыльску: на краі «горада», паблізу знакамітага «Чортавага пальца» ён убачыў акіян адразу
з двух бакоў, і раздзяляла ваду ад вады палоска зямлі менш за кіламетр (здаецца, яшчэ трошкі — і суша размыецца, тады Кунашыр ператворыцца ў два астраўкі), і гэта ў самым цэнтры ці не самага вялікага курыльскага вострава, побач з дамамі… не, гэта не дамы, гэта драўляныя двух- і аднапавярховыя баракі: усё тут казала пра іх часовасць, пра тое, што прысутнасць гэтых людзей тут — часовая, што не жыць сюды яны прыехалі, не абжываць і абжывацца, а зарабіць грошай і з’ехаць на мацярык… дарэчы,
гэтая часовасць рускіх, якая тут адчуваецца асабліва, ёсць ці не галоўная іхняя рыса і, адпаведна, галоўная бяда: яны паўсюль адчуваюць сябе часовымі, яны нідзе не гаспадары, нават у сябе дома, яны ўсюды прыезджыя і заўсёды паглядаюць на суседа, які жыве лепш, не з думкаю зрабіць гэтак у сябе, а адабраць ды падзяліць… аднак, нягледзячы на блізкасць акіяну, Кунашыр не здаваўся маленькім востравам, ды ён і не быў маленькім, жыццё тут ішло хутчэй, чым на Шыкатане, людзей было значна больш і, галоўнае,
такіх, што завербаваліся і жылі да пенсіі больш-менш стала; Кунашыр і быў мэтаю ягонае вандроўкі, бо тут меўся саўгас, пра які ў «Савецкім Сахаліне» не пісалі ўжо гадоў дзесяць, а таму, паблукаўшы трохі па востраве, ён пайшоў да канторы (дырэкцыі!) саўгаса… але… але……. але……….. ён спыніўся, бо зусім збіўся на бытапісальніцтва, і забыўся на мэту сваю, зусім стаў журналістам (і забыўся пра мэту сваю), чукчам стаў, які спявае пра тое, што бачыць (і забыўся пра мэту сваю), аднак жа чукча пра мэту не забывае: спявае
ды патроху едзе туды, куды яму трэба… а ён («куды ж мне плыць?») — ён прыплыў на Кунашыр, дзе некалі — у саракавыя гады — ледзь не загінуў падчас цунамі і вывяржэння вулкана дзядзька Валодзя — брат мамы; дзядзька вярнуўся дамоў, у Беларусь, інвалідам, але і года не пабыў у галоднай, спаленай немцамі і яшчэ неадбудаванай вёсцы — забраў яго назад Сахалін, абжыўся ён там, сястру і брата малодшых пераманіў і ўтварыў на востраве калонію ягонай радзіны… тут, на Кунашыры,
на самым поўдні яго, куды ён абавязкова з’ездзіць, крыху пазней, у пяцідзясятых, служыў Васіль Быкаў, тады яшчэ нават не пачынаючы пісьменнік, а проста лейтэнант Савецкай Арміі, які, дарэчы, так і не напісаў ні радка пра Кунашыр, пра Курылы (толькі згадаў іх у сваіх успамінах «Доўгая дарога дадому», затое шмат напісаў пра партызанаў, дзе ні дня не быў…) — пэўна, у кожнага так: цяжка пісаць пра тое, што добра ведаеш, і лёгка пра тое, чаго зусім не ведаеш… мажліва, ягоныя землякі праз дзясяткі
гадоў наладзяць сюды паломніцтва, як цяперака робяць гэта японцы: падыходзяць яны да сваіх былых котлішчаў — пазнаюць іх: нічога, амаль нічога не змянілася за сорак (ужо шэсцьдзясят) гадоў савецка-расейскага панавання, хіба толькі хаты («фанзы» — на кітайскі манер называюць іх тут) пастарэлі, пашарэлі, спарахнелі ад часу, але яшчэ трымаюцца, стаяць, і ў іх жывуць людзі — часовыя, заўсёды часовыя людзі, якія і дошкі не прыбілі, каб падтрымаць дамок, бо не іх ён, а нічый: дзяржаўная кватэра; плачуць
японцы на родных селішчах, толькі зямля гэтая ўжо не іхняя і няма надзеі, што іхняю будзе, можна толькі радавацца, што жывымі засталіся, не згнілі недзе пасля вайны ў лагерах, што не звядзецца іхні род, і, можа, некалі ўсё ж вернецца сюды (хай не як гаспадар, а спачатку як проста ўласнік-камерсант, але — вернецца)… расейцам жа няма куды вяртацца, бо ўсюды ў іх такая ж радзіма, яны ўсюды, дзе былі — ёсць, і ўсюды, дзе ёсць — гаспадары, хоць такімі сябе не адчуваюць, а толькі лічаць, бо ўсё
засціць ім іхняя часовасць усюды… адзінае, што змаглі яны прыўнесці на гэты востраў — сацыялізм ды наглядную агітацыю… і тут, непадалёку ад саўгаснай канторы стаіць лозунг — вялізнымі літарамі напісана лесвічкай пад «маякоўскага»: «пятилетний план нам отчизною дан, чтобы уровень жизни нашей повысить, с честью выполнить этот план — от любого из нас зависит!»; «повысить — зави-сит» — рыфма, і сапраўды, вартая Маякоўскага (мажліва, зрэшты, гэта таксама паэтавая агітка з вокнаў РОСТу, якую ён проста
не ведае…), а ўвогуле, каля канторы ўсё як на мацерыку, як і ў Беларусі: шчыт з сацабавязацельствамі (надаіць, атрымаць, павысіць…) і перадавікі глядзяць з партрэтаў гэтаксама бадзёра, з вымучанымі ўсмешкамі: «распространенье наше по планете, особенно заметно вдалеке…»; калі ён ехаў на Сахалін, сябар Сашка, аднакурснік-фотажурналіст, папрасіў: там Японія пад бокам, апаратуры іхняй, мусіць, поўна, напішы, калі ўбачыш, я грошы дашлю…», па сваёй наіўнасці ў першы ж выхадны ён пайшоў у мясцовую
краму са шматабяцальнай шыльдай: «авто мото вело фото» (там жа ён пачуў працяг назвы: «…бля гребля и охота») — крама была пустою: нават фіксаж — дэфіцыт… за пяць месяцаў на Сахаліне ён шмат чаго пабачыў (у тым ліку і самую Японію на адлегласці выцягнутай рукі, разганіся добра — і пераскочыш…), не бачыў толькі новых японскіх рэчаў (хіба што выкінутыя прыбоем на бераг «японскія» кавалкі сеткі, паплаўкі, прыгожыя пляшачкі, стракатыя абгорткі ды проста карабельнае смецце…), цётка ягоная,
узнагароджаная за "самаадданую і ўдарную" працу турыстычнаю пуцёўкаю, з Паўднёва-Сахалінска лятала ў Японію праз Маскву, хоць тут — плыць пару гадзінаў, і рэчы з Японіі на Сахалін, відаць, таксама ішлі праз Маскву і асядалі там, асядалі, асядалі… так і не пабачыў ён тады ні на Сахаліне, ні на Курылах ніводнае ўласнаяпонскае рэчы, затое бачыў (і еў) хойніцкую салянку, бярозаўскую тушонку, рагачоўскую згушчонку (страшнейшы дэфіцыт на Беларусі), адзінае, што ён убачыў японскае
на Курылах — гэта набор рознакаліберных, разнаколерных, разнаформных пляшачак (з-пад лекаў, парфумы, напояў), сабраных любоўна жаночаю рукою сакратаркі, пэўна ж, на ўзбярэжжы, і выстаўленых на вакне ў канторы саўгаса заместа вазонаў альбо кактусаў, а яшчэ адную пазнаку блізкае Японіі ён пабачыў увечары, калі пайшоў у госці да земляка — другога сакратара райкама партыі (якому, уласна, і вёз памідоры ды піва), і той уключыў тэлевізар — па ім ішло дзясятак японскіх праграмаў і толькі
адная савецкая (а на поўдні, у дзесяці кіламетрах ад Хакайда — у Галаўніно і Дубасекава, увогуле ніводнае савецкае, бо сопка перакрывала адзіную спадарожнікавую праграму), і глядзеў ён разам з партсакратаром ніколі раней не бачаныя баевікі з забароненым тады ў СССР каратэ: такія скачкі, удары — божа ж мой! — ды яшчэ ў колеры, хай і кепскім… карацей, растляваў яго даўно растлелы сакратар райкама родам з Віцебшчыны… але — зайшоў ён у кантору, дырэктар, як заўсёды, заняты: планёрка,
о, гэтае салодкае слова «планёрка»! дробных вясковых начальнікаў узроўню дырэктара саўгаса, яно заўсёды натхняла на крык і гвалт (асабліва — сялектарная!), бо надавала ім значнасці, бо пацвярджала «ісціну»: без іх ні адныя вілы гною не будуць выкінутыя з хлява, ні адно зярнятка не ўпадзе ў глебу… быў у яго на Сахаліне адзін удзел у такой вось планёрцы, ён зайшоў у кантору, дырэктар кіўнуў яму галавою: сядай; што ён чужы — дырэктар, вядома, ведаў, але падумаў, што ён на працу прыехаў уладкоўвацца —
якраз чакалі ветурача, і працягваў яшчэ больш строга, каб пакрасавацца, ну, ён і пачуў усю праўду пра саўгас: пра два дзясяткі здохлых учора ад бяскорміцы цялятаў, пра тоны ўгарэлага (сапрэлага), бо ў пару не забранага з лугу сена і г. д., дырэктар, калі даведаўся, што ён журналіст і прыехаў па «крытыку», за галаву схапіўся, за сэрца, за задніцу… і потым тры дні паказваў яму «крытыку» ў мясцовым леспрамгасе, у недалёкім рыбгасе, урэшце паказаў узведзены год таму сярод лесу пасёлак: дзясяткі чатыры
трох-пяціпавярховых будынкаў, пабудаваных цалкам, з вокнамі, дзвярыма, але не заселеных, бо жыць у іх было немагчыма: не падвялі каналізацыю і цяпер пад гатовыя не падвядзеш, не падлезеш… (па сваёй наіўнасці, ён і напісаў так, як ёсць, артыкул той нарабіў шуму, не адзін вялікі начальнік зляцеў, па цяперашнім часе і забіць яго за тое маглі, а тады — праехалі…); але — якая метафара атрымліваецца… гэты пасёлак пасярод Сахалінскае тайгі, узведзены на дзяржаўныя грошы як дапамога
пацярпелым ад нядаўна прашумелага над востравам тайфуну «Філіпс» (рэйкі, пакручаныя неўтаймоўнай сілай, яшчэ помнікамі ляжалі ўздоўж чыгункі) — метафара на ўсю савецкую краіну («пацёмкінскія вёскі» будаваліся не ўсур’ёз, а каб толькі «пыл пусціць» у вочы — а гэта навошта?) — дзе пераблыталі «базіс» і «надбудову», дзе «свядомасць» вызначала «быццё» (хоць было наадварот), дзе «вернасць і адданасць» ідэалам замянялі прафесіяналізм і адукацыю, дзе цэлая краіна «ад Буга да Курылаў» будавалася
не дзеля таго, каб у ёй жыць, не для сябе, а «для будучых пакаленняў» (мы адпакутавалі, дык мо дзеці нашыя хоць пажывуць, як людзі), што будуць жыць пры камунізме; уся краіна — шостая частка планеты Зямля — была такою (ці не таму так лёгка развалілася?), яны з сябрам пераканаліся ў гэтым, калі праехалі потым на цягніку ад Уладзівастока да Менска і ўсюды бачылі рэзрух (тады гэта называлася безгаспадарчасць) ды голад (так, ужо на пачатку васьмідзясятых, ад ваколіцаў Масквы па ўсёй
Сібіры ажно да Сахаліна прадукты былі па талонах і картках — як хутка забываецца кепскае!!!), п’янства ды крымінал; дзяржава-зона з зэкаўскімі «правіламі», дзяржава-сметнік, па якім з краю ў край у пошуках, дзе лепш (каму ў СССР жыць добра?), блукаюць бамжы-грамадзяне і над якім гучаць «бравурныя» маршы і заклінанні чарговага «вождя» пра тое, як «эх, хорошо в стране советской жить!!!», у што зэкам ды бамжам верыцца да слёз шчасця ў чырвоных ад горкіх слёз вачах — і гэта ўжо не метафара,
а чыстая праўда… а той дырэктар — здрэйфіў па сваёй маладосці: быў ён не намнога старэйшы за журналіста, і знайшоў у ім удзячнага слухача — тры дні дырэктар амаль не змаўкаў, усё хацеў здавацца лепшым, чым ёсць (а ён і быў лепшым!), і распавёў яму столькі цікавых рэчаў, што хапіла б на дзесяць раманаў; дырэктар скончыў Благавешчанскі сельгасінстытут, добра граў на гітары і быў, адчувалася, там душою факультэта — пры гэтым неўтаймаваным, неўтаймоўным выдумшчыкам і рызыкантам,
жыццё на Амуры, які быў мяжою з Кітаем (тады і там ворагам нумар адзін), пакідала месца і сур’ёзнаму, і жарту (чаго варты іх «музычны налёт» на суседскі памежны гарадок Хэйхэ: падабралі на сінтэзатары гук бамбардзіроўшчыкаў і накіравалі ўзмацняльнікі на Кітай — перапалоху было…), і што яго толькі з прыгажуняю жонкаю занесла ў глухамань і па сахалінскіх мерках — у саўгас «Зара» за Паранайскам?.. але Сахалін Сахалінам, а на Курылы ён прыехаў не «крытыку» шукаць і не нерваваць
людзей: «хай хоць са стратамі, ды працуюць, час займаюць, прысутнасць пазначаюць», — сказаў яму загадчык аддзела, а тут і сапраўды агульнасавецкая сельская гаспадарка працавала на страты, дагэтуль незразумела: чаму на Кунашыры садзілі бульбу, жыта, як недзе пад Менскам, і чаму не было ніводнай цяпліцы?.. ён і сказаў спацела-збялеламу курыльскаму дырэктару (які на планёрцы таксама паўтарыў сітуацыю: выдаў апошнія «навіны», якія ў сельскай гаспадарцы заўсёды кепскія), адразу, што прыехаў,
каб пісаць пра іх штодзённы подзвіг; супакоіў, аднак дырэктар усё ніяк не мог устаць з-за стала і не мог спыніцца пагладжваць сваю змакрэлую лысіну… «ёмаць, — сказаў ён нарэшце, — дык ты журналіст, а я думаў, нехта з новых пагранцоў па гражданцы прыйшоў дапамогі якой прасіць… ну, нічога, мы табе знойдзем і герояў, і подзвігі… тут і беларусы ў нас ёсць, беларусачкі… напішы пра перадавую свінарку Галіну Сцепанцову — ардэнаносец, панімаеш, залаты чалавек… давай правяду на ферму, яна якраз там —
возьмеш, так сказаць, жывы матэрыял…»; свінаферма была недалёка — адзін нядоўгі драўляны хлеў, перабудаваны з нейкай японскай будыніны, і паколькі з японскай, дык яўна не з царквы, як было прынята на мацерыку адсюль і аж да Беларусі, дырэктар крутнуўся, зрабіў за ягонаю спінай нейкі знак свінарцы — ён зразумеў тое па ейным на момант разгубленым твары — і знік, а яны засталіся ўдвух з Галінай Сцепанцовай, у хляве, у якім было парна і пахла… Беларуссю… Галіна Сцепанцова працавала
адна — даглядала дзясяткі тры-чатыры свіней; яна дарабіла нешта пачатае і запрасіла сесці на буйную, каленістую, як бамбук, жоўтую салому (адкуль тут такая салома? ці не з мацерыка? няўжо на самалёце везлі?), пакуль яна працавала, ён назіраў за ёю, і яму падалося, што ад гэтае жанчыны, апранутай у старую, пацертую, але акуратна зацыраваную кухвайку, ішла нейкая незвычайная энергія (нібыта як ад маці — добрая, пяшчотная, ласкавая…) — што агортвала яго, ахінала і нават затуманьвала (мо то было цяпло хлява?)
і супакойвала; хаця не, супакойвала адныя пачуцці і абуджала іншыя… «і не дзіва», — падумаў ён, гледзячы на дасканалы тварык трыццацігадовай жанчыны, якая ласкава чухала за вухам маладзенькага подсвінка і прыгаворвала: «Ёська, Ёська…» (згадалася: не называйце свіней чалавечымі імёнамі, называйце — Васька, Мішка…), жанчына нагнулася… не, гэта і сапраўды атмасфера ў хляве была нейкая ненармальная, якая рабіла прыгожае прыгажэйшым: зрэшты, не — жанчына і праўда была гожаю,
а тут, на востраве, у гэтым свінарніку, і ўвогуле красуняю… бо хто ж мог падумаць, што тут можна сустрэць такую прыгажосць… фігура была зграбнаю, само сабою, але бачыў ён толькі твар, пасмачку ўзмакрэлых валасоў, што выбілася з-пад хусткі, жанчына адкінула яе тым імклівым рухам, якім могуць рабіць гэта толькі вясковыя какеткі, і ўважліва, смела, з выклікам угледзелася ў яго… яе ніколькі не ўсхвалявала, што ён журналіст, але яе праняло наскрозь, калі яна даведалася, што ён з Беларусі,
яна страсянулася, вочы яе шырока расплюшчыліся, бы ад болю, быццам нехта ўкалоў яе проста ў сэрца… «Госпадзі…» — шапнула яна міжволі і пахарашэла яшчэ больш… «Госпадзі…» — і спахмурнела раптоўна, нібы ў хляве выключылі святло… зямляк… зямляк… а яе на гэты востраў прывёз муж сем гадоў таму, прывёз і кінуў — знайшоў сабе бабу на Сахаліне, і яна, з двума маленькімі, засталася адна, і цяпер ні выехаць адсюль, ні тут жыць… яны размаўлялі, ён пытаўся, яна адказвала, але ён бачыў,
як свяціліся ейныя вочы незвычайнай радасцю, і ўдзячнасцю, і жаданнем аддаць нечаканаму земляку ўсё, што ёсць у яе, за радасць сустрэчы, за згадку пра родны край… а вакол… вакол блізкія драўляныя сцены, жоўтая салома — залатая, пахкая… у яе, вядома, ёсць мужчына — мажліва, той самы дырэктар, звычайная справа: такія кіраўнічкі-пеўні ніводнай спадніцы ў сваім маёнтку не прапускаюць, а можа — рыбак, які часта ад’язджае на некалькі тыдняў, а то і месяцаў у мора, вось і цяпер яго няма побач,