Жанчыны асцярожна падышлі, і ля вогнішча, полымя якога бандыты ўдала схавалі, склаўшы вакол сценачку з камянёў, яны заўважылі Орса, што ляжаў на кучы папараці, прыкрыты буркаю. Ён быў моцна збялелы і дыхаў няроўна. Каломба села пры ім і моўчкі пачала на яго глядзець, склаўшы рукі, нібы яна ў думках малілася. Міс Лідзія закрыла твар хустачкаю і прытулілася да яе, але раз-пораз яна падымала галаву і цераз Каломбін плячук пазірала на параненага. Чвэрць гадзіны ўсе маўчалі. На знак кюрэ Брандалача схаваўся з ім у макі, на вялікую радасць міс Лідзіі, якая ўпершыню знайшла, што ў доўгіх бародах і ўбранні бандытаў зашмат мясцовага каларыту.
Нарэшце Орса зварухнуўся. Каломба адразу нахілілася да яго і пачала цалаваць, засыпаючы яго пытаннямі пра рану, пра пакуты, пра патрэбы. Адказаўшы, што яму добра, як гэта толькі магчыма ў ягоным становішчы, Орса спытаўся, ці міс Лідзія яшчэ ў П’етранэры і ці напісала яна яму. Нахіліўшыся да брата, Каломба цалкам закрывала ад яго сваю спадарожніцу, якую ён, дарэчы, наўрад ці разгледзеў бы ў цемры. У адной руцэ Каломба трымала руку міс Нэвіл, другою злёгку прыўзняла галаву параненага.
— Не, браце, яна не дала мне ліста да вас... Але вы ўвесь час думаеце пра міс Нэвіл. Дык, пэўна, вы яе кахаеце?
— Ці я кахаю яе, Каломба!.. Але яна, мабыць, пагарджае мною цяпер!
У гэтую хвіліну міс Нэвіл паспрабавала выцягнуць сваю руку, але нялёгка было вырваць у Каломбы захопленае; яе ручка, маленькая і зграбная, мела сілу, у якой мы ўжо пераканаліся.
— Пагарджаць вамі! — сказала Каломба.— Пасля таго, што вы зрабілі... Наадварот, яна гаворыць пра вас так добра... Ах, Орса, я магла б вам столькі пра яе распавесці.
Міс Лідзія ўвесь час старалася вызваліць сваю руку, а Каломба ўвесь час прыцягвала яе бліжэй да Орса.
— Але ўсё ж,— сказаў паранены,— чаму яна не адказвае мне? Адзіны радок — і я быў бы задаволены.
Каломба так цягнула руку міс Лідзіі, што нарэшце ўклала яе ў руку свайго брата. Тады яна раптам адхілілася і са смехам сказала:
— Орса, сцеражыцеся гаварыць кепска пра міс Лідзію, яна цудоўна разумее па-карсіканску!
Міс Лідзія вырвала сваю руку і прамармытала некалькі неразборлівых словаў. Орса здавалася, што ён сніць.
— Вы тут, міс Нэвіл! Божухна! Як вы наважыліся? Ах, які я шчаслівы!
I, з цяжкасцю прыўзняўшыся, ён паспрабаваў падсунуцца да яе.
— Я пайшла з вашаю сястрой,— сказала міс Лідзія,— каб ніхто не здагадаўся, куды яна ідзе... і апроч таго... я таксама хацела пераканацца... О, як вам тут кепска!
Каломба сядзела ў Орса ўгалавах. Яна асцярожна прыўзняла яго і паклала ягоную галаву сабе на калені. Потым абняла яго за шыю і зрабіла міс Лідзіі знак наблізіцца.
— Бліжэй, бліжэй! — казала яна.— Не трэба прымушаць хворага гаварыць занадта голасна.
А як міс Лідзія вагалася, то яна прыцягнула яе за руку і змусіла сесці так блізка, што яе сукенка краналася Орса, руку англічанкі яна паклала на плячук параненаму.
— Вось так добра,— сказала Каломба весела.— Праўда, Орса, добра сядзець ля вогнішча ў макі ў такую ноч, як сёння?
— Так, сёння дзівосная ноч! — сказаў Орса.— Я не забуду яе ніколі.
— Вы, пэўна, так пакутуеце! — сказала міс Нэвіл.
— Я ўжо не пакутую,— адказаў Орса.— Я хацеў бы памерці тут.
I ягоная правая рука пацягнулася да ручкі міс Лідзіі, якую Каломба ўсё яшчэ не адпускала.
— Вас, пане дэла Рэбія, абавязкова трэба перавезці куды-небудзь, дзе вас можна было б добра даглядаць,— сказала міс Нэвіл.— Я не здолею заснуць цяпер, калі ўбачыла, як вы ляжыце тут... пад адкрытым небам...
— Калі б я не баяўся сустрэць вас, міс Нэвіл, я б паспрабаваў вярнуцца ў П’етранэру і здацца ўладам.
— А чаму вы баяліся сустрэць яе, Орса? — спыталася Каломба.
— Я не паслухаўся вас, міс Нэвіл... і не наважыўся б сустрэцца з вамі цяпер.
— Ці ведаеце, вы, міс Лідзія, што можаце прымусіць майго брата рабіць усё, што вам захочацца? — спыталася Каломба, смеючыся.— Я не дазволю вам бачыцца з ім.
— Спадзяюся,— сказала міс Нэвіл,— што ў гэтай няшчаснай справе ўсё будзе высветлена і хутка вам не будзе чаго баяцца... Ад’язджаючы, я была б вельмі рада ведаць, што справядлівасць узяла верх і што вашу бязвіннасць прызналі гэтаксама, як і вашу адвагу.
— Вы ад’язджаеце, міс Нэвіл! Не вымаўляйце гэтае слова зараз.
— Што ж вы хочаце... Мой бацька не можа ўвесь час паляваць... Ён хоча ехаць.