— Няхай будзе так! — сказаў Ісус Хрыстос (Ti sia concesso[16]).
А святы Пятро, што стаяў блізка Федэрыга, сказаў яму ціхенька:
— Пра што думаеш ты, няшчасны грэшнік? Табе трэба было б прасіць ва ўладара ўратавання тваёй душы.
— Ат, клопат вялікі,— адказаў Федэрыга.
— Маеш прасіць яшчэ дзве ласкі,— сказаў Ісус.
— Уладару,— сказаў Федэрыга.— Дабрыня ваша бязмежная, то зрабіце, калі ласка, каб кожны, хто ўзлезе на апельсінавае дрэва ля маіх дзвярэй, не мог злезці адтуль без майго дазволу.
— Няхай будзе так! — сказаў Ісус Хрыстос.
На гэтыя словы апостал Пятро штурхнуў локцем свайго суседа і сказаў:
— Няшчасны грэшнік, ты не баішся, што за твае ўчынкі цябе чакае пекла? Дык прасі ва ўладара месца ў святым раі, ты яшчэ маеш час...
— Няма чаго спяшацца,— адказаў Федэрыга, адсоўваючыся ад апостала. А Гасподзь наш спытаўся:
— Якую ты хочаш трэцюю ласку?
— Я б хацеў,— адказаў ён,— каб кожны, хто сядзе на гэты ўслонік у кутку ля каміна, не мог устаць з яго без майго дазволу.
Гасподзь наш, задаволіўшы гэтае жаданне, як і два першыя, выправіўся са сваімі вучнямі ў дарогу.
Апошні апостал яшчэ не выйшаў за дзверы, а Федэрыга, хочучы выпрабаваць сілу сваіх картаў, паклікаў арандатара і згуляў з ім партыю, не сочачы за гульнёю. Ён выйграў яе лёгка, таксама, як другую і трэцюю. Тады, пераканаўшыся ў сваёй удачлівасці, ён паехаў у горад і спыніўся ў найлепшым пакоі найлепшага гатэля. Чутка пра ягоны прыезд разышлася вокамгненна, і былыя ягоныя супольнікі ў гулянках тлумам прыйшлі наведаць яго.
— Мы думалі, што ты знік назаўжды,— сказаў дон Джузэпэ.— Казалі, што ты зрабіўся пустэльнікам.
— Праўду казалі,— адказаў Федэрыга.
— А што гэта ты вырабляў тыя тры гады, што мы цябе не бачылі? — разам спыталіся ўсе астатнія.
— Маліўся, браты мае,— адказаў Федэрыга набожна; потым выцягнуў з кішэні калоду картаў, якую ён дбайна захоўваў, і дадаў: — А вось мой малітоўнік.
Гэты адказ выклікаў выбух смеху, усе былі ўпэўненыя, што Федэрыга выправіў сваё становішча за кошт менш удалых гульцоў, чым тыя, з якімі ён сустрэўся зараз і якія прагнулі зруйнаваць яго другі раз. Некаторыя, не жадаючы больш чакаць, хацелі запрасіць яго за гульнёвы стол, але Федэрыга папрасіў іх адкласці гульню на вечар і паклікаў грамаду ў залу, у якую, паводле ягонага загаду, прынеслі цудоўны абед, які зарадаваў усіх.
Абед гэты быў шмат весялейшы за вячэру з апосталамі; што праўда, там пілі адно мальвазію і лакрыму[17], але бяседнікі, за выключэннем аднаго, не каштавалі лепшых вінаў.
Яшчэ да прыходу гасцей Федэрыга набыў калоду картаў, цалкам падобных на першыя, каб пры патрэбе можна было падмяніць адны на другія і, прайграючы адну гульню з трох, адвесці ад сябе ўсялякія падазрэнні. Адну калоду ён паклаў справа ад сябе, другую — злева.
Паабедаўшы, высакародны хаўрус усеўся за зялёным сукном. Спачатку Федэрыга паклаў на стол звычайныя карты і прызначыў невысокія стаўкі на ўсю гульню. Хочучы захапіцца гульнёю і праверыць свае сілы, ён пастараўся як мага лепей згуляць дзве першыя партыі, але прайграў абедзве, не без прыхаванае прыкрасці. Тады ён загадаў прынесці віна і скарыстаў момант, калі пераможцы пілі за свае мінулыя і будучыя поспехі, каб адною рукою схаваць звычайныя карты, а другою пакласці на іхняе месца чарадзейныя.
Калі началася трэцяя партыя, Федэрыга, што ніяк не сачыў за гульнёю, меў магчымасць паназіраць, як гуляюць іншыя, і ўбачыў, што яны шальмуюць. Гэтае выкрыццё моцна ўзрадавала яго. З гэтага моманту ён мог са спакойным сумленнем вычышчаць кішэні сваіх супраціўнікаў. Яго зруйнавалі не ўмельствам, не ўдалаю гульнёю, а махлярствам, значыцца, ён мог вышэй цаніць сваю сілу, і гэтае меркаванне апраўдвалася ягонымі былымі поспехамі. Павага да сябе (і што толькі не жывіць яе!), упэўненасць у помсце і выйгрышы — вось тры пачуцці, мілыя сэрцу мужчыны. Федэрыга адчуў іх усе разам; але, думаючы аб мінулым сваім шанцаванні, ён згадаў пра дванаццаць радавітых юнакоў, за кошт якіх ён узбагаціўся. I, перакананы, што гэтыя юнакі былі адзіныя сумленныя гульцы, з якімі яму даводзілася мець справу, ён упершыню пакаяўся, што выйграў у іх. Змрочная хмара закрыла на ягоным твары промні бліскучае радасці, і ён глыбока ўздыхнуў, выйграўшы трэцюю партыю.
За ёю ішло мноства іншых, большасць з якіх Федэрыга пастараўся выйграць, такім чынам, выйгрыш за гэты першы вечар дазволіў яму заплаціць за абед і за кватэру на месяц наперад. На той дзень ён толькі таго й хацеў. Расчараваныя прыяцелі ягоныя паабяцалі, развітваючыся, вярнуцца заўтра.
Назаўтра і ва ўсе наступныя дні Федэрыга выйграваў і прайграваў так спрытна, што за кароткі час здолеў сабраць значную суму і ніхто не здагадаўся пра сапраўдную прычыну ягонае ўдачы. Тады ён пакінуў гатэль і пасяліўся ў вялікім палацы, дзе час ад часу ладзіў цудоўныя святы. Найпрыгажэйшыя жанчыны спрачаліся за ягоныя позіркі, найдалікатнейшыя віны падаваліся на яго стол, Федэрыгаў палац славіўся як асяродак асалод.
Год Федэрыга гуляў асцярожна і нарэшце вырашыў здзейсніць сваю помсту да канца, зруйнаваўшы галоўных магнатаў у краіне. Дзеля гэтага, абмяняўшы на каштоўнасці большую частку свайго золата, ён праз тыдзень пасля таго запрасіў іх на надзвычайнае свята, на якое ён склікаў найлепшых музыкаў, ліцадзеяў і якое мелася скончыцца грандыёзнаю гульнёю найбагацейшых. Каму не ставала грошай — пазычылі іх у жыдоў, іншыя прынеслі ўсё, што мелі — і ўсё пусцілі на вецер. Федэрыга выехаў уночы, везучы з сабою золата і каштоўнасці.
З гэтага часу ён зрабіў для сябе правілам гуляць бос-кімі картамі адно з несумленнымі гульцамі, лічачы, што ён дастаткова ўдачлівы, каб гуляць з іншымі простымі картамі. Такім чынам ён аб’ездзіў усе гарады на зямлі, усюды гуляючы і заўжды выйграючы, карыстаючыся ў кожнай краіне тым, што было ў ёй найлепшага.
I, аднак, успамін пра дванаццаць ахвяр няспынна хваляваў яго розум і атручваў яму ўсю радасць. Нарэшце, аднаго дзіўнага дня, ён вырашыў вызваліць іх альбо загінуць разам з імі.
Прыняўшы такое рашэнне, ён выправіўся ў апраметную, маючы кій у руцэ і торбу за плячыма, з ім пабегла яго ўлюбёная сучка-хорт, што звалася Марчэзела. Дабраўшыся на Сіцылію, ён узлез на гару Жыбэль[18] і спусціўся ў кратэр вулкана, што так далёка заглыбляўся ў зямлю, як сама гара высока ўзносілася над П’емонтам. Адтуль, каб дайсці да Плутона, трэба было перайсці двор, які ахоўваў Цэрбер. Пакуль Цэрбер заляцаўся да Марчэзелы, Федэрыга без цяжкасцяў прайшоў двор і пастукаў у Плутонавы дзверы.
Калі яго прывялі да караля цемры, той спытаўся:
[16] Хай табе дасца (іт.).
[17] Мальвазія і лакрыма-хрысці — знакамітыя гатункі вінаў. Першае вырабляюць з варанага мускату, другое даюць вінаграднікі, што растуць каля падэшвы Везувія.
[18] Гара Жыбэль (ад араб. джэбэль — гара) — так называюць Этну.