А на ранку, па пабудцы, зноў вярнулася роспач. За ноч памерла шмат параненых. Вакол карабля плавалі трупы. Мора было неспакойнае, неба зацягнулася хмарамі. Склікалі раду. Некалькі аматараў-новікаў у вядзьмарскім мастацтве, што не наважваліся гаварыць пра сваё ўмельства пры Таманго, прапанавалі ўсім свае паслугі. Выпрабавалі некалькі магутных заклёнаў. Пасля кожнае бескарыснае спробы паняверка ўзростала. Нарэшце ўзгадалі пра Таманго, які не паказваўся са свайго сховішча. Усё ж такі ён быў сярод іх самы абазнаны, і адзін ён мог вывесці іх з таго жахлівага становішча, у якое завёў. Да яго пайшоў стары, пасланы весці мірныя перагаворы. Ён прасіў яго даць параду, але Таманго, безуважлівы, як Карыялан[13], застаўся глухі да ягоных просьбаў. Уначы падчас вэрхалу ён зрабіў запас сухароў і саланіны. Здавалася, ён вырашыў жыць адзін у сваім сховішчы.
Гарэлка яшчэ была. Яна, прынамсі, дазваляла забыцца і на мора, і на рабства, і на хуткую смерць. Спіш сабе і сніш Афрыку, каўчуковыя лясы, халупы, крытыя саломаю, баабабы, цень ад якіх хавае пад сабою ўсё селішча. Зноў, як і надоечы, усчаліся оргіі. Так мінула некалькі дзён. Крычаць, плакаць, ірваць на сабе валасы, пасля напіцца і заснуць — так праходзіла іхняе жыццё. Шмат хто з іх памёр, перапіўшыся, некаторыя выкінуліся ў мора альбо зарэзаліся.
Аднае раніцы Таманго выйшаў са сваёй крэпасці і стаў ля зломка грот-мачты.
— Рабы,— сказаў ён.— Калі я спаў, мне явіўся дух і падказаў сродак вывесці вас на радзіму. Праз сваю няўдзячнасць вы заслужылі, каб я кінуў вас тут, але мне шкада гэтых жанчын і дзяцей, што так галосяць. Я дарую вам, дык слухайце.
Усе негры з павагаю схілілі галовы і сабраліся вакол яго.
— Адно белыя,— працягваў Таманго,— ведаюць магутныя словы, што прымушаюць рухацца іхнія драўляныя дамы, але мы ўмеем кіраваць гэтымі лёгкімі лодкамі, што так падобны да чаўноў нашае бацькаўшчыны.
Ён паказаў на шлюпку і іншыя лодкі, што былі на караблі.
— Складзем у іх прыпасы, сядзем у іх і вяслуйма з ветрам. Мае і вашы багі прымусяць яго дзьмуць у бок бацькаўшчыны.
Яму паверылі, хоць ніхто яшчэ дагэтуль не складаў такіх бессэнсоўных планаў. Не ведаючы, як карыстацца бусоллю, пад незнаёмымі зоркамі можна было толькі блукаць наўздагад. Таманго думаў, што, вяслуючы ўвесь час уперад, ён знойдзе ўрэшце нейкую зямлю, заселеную неграмі: бо негры валодаюць зямлёю, а белыя жывуць на караблях. Так яму калісьці казала маці.
Хутка ўсё было гатова да адплыцця, але карыстацца можна было толькі шлюпкаю і адным чаўном. Гэта было замала, каб змясціць каля васьмідзесяці неграў, што яшчэ засталіся жывыя. Трэба было пакінуць усіх параненых і хворых. Большасць няшчасных прасіла, каб іх забілі да таго, як ад’язджаць.
Абедзве судзіны, з вялікімі цяжкасцямі спушчаныя на ваду і нагружаныя звыш усялякае меры, адышлі ад карабля ў неспакойнае мора, якое ў любую хвіліну гатова было паглынуць іх. Першы адплыў човен. Таманго і Айшэ селі ў шлюпку; цяжэйшая і больш нагружаная, яна значна адставала ад чоўна. Яшчэ чутны былі крыкі няшчасных, што засталіся на караблі, калі даволі моцная хваля збоку набегла на шлюпку і заліла яе вадою. Менш чым за хвіліну яна затанула. На чоўне заўважылі няшчасце і пачалі веславаць з падвойнаю сілай, баючыся, што трэба будзе падабраць пацярпелых. Амаль усе, хто быў у шлюпцы, утапіліся. Адно чалавек дзесяць здолелі даплысці да карабля. Сярод іх былі Таманго і Айшэ. Калі сонца зайшло, яны ўбачылі, што човен знік за небакраем; але што з ім сталася далей — невядома.
Нашто мне стамляць чытача брыдкім апісаннем галодных пакутаў? Дваццаць чалавек, што засталіся на цеснай прасторы, то гайданыя збушаваным морам, то паленыя пякельным сонцам, штодня спрачаюцца за жалю вартыя рэшткі едзіва. Кожны кавалак сухара даецца праз бойку; і слабы памірае не таму, што моцны забівае яго, але таму, што ён пакідае яго паміраць. Праз некалькі дзён на брыгу «Надзея» з жывых засталіся адно Таманго і Айшэ.
Аднае начы мора хвалявалася, рэзка дзьмуў вецер, а цемра была такая густая, што з кармы нельга было разгледзець носа карабля. Айшэ ляжала на матрацы ў капітанскай каюце, а Таманго сядзеў у яе ў нагах. Абое доўга маўчалі.
— Таманго,— нарэшце вымавіла Айшэ.— Усе твае пакуты цераз мяне...
— Я не пакутую,— хутка адказаў ён і кінуў ёй на матрац кавалак сухара, што ў яго заставаўся.
— Пакінь яго сабе,— сказала яна, асцярожна адсоўваючы сухар.— Я не галодная. Дый нашто есці? Хіба мой час не падышоў?
Таманго моўчкі ўстаў, хістаючыся, выйшаў на палубу і сеў ля зламанае мачты. Звесіўшы галаву на грудзі, ён насвістваў свой радавы спеў. Раптам праз шум ветру і хваляў данёсся крык, і паказалася нейкае святло. Зноў пачуўся крык, і нейкі вялізны чорны карабель праплыў зусім побач, так блізка, што рэі ягоныя прайшлі над галавою ў Таманго. Ён убачыў толькі дзве постаці, асветленыя ліхтаром, што вісеў на мачце. Гэтыя людзі зноў закрычалі, і тут іхні карабель, падхоплены парывам ветру, знік у цемры. Напэўна, вахтавыя заўважылі пацярпелы карабель, але шторм не дазволіў ім падысці бліжэй. Праз хвіліну Таманго ўбачыў сполах стрэлу і ўчуў гарматны выбух, пасля полымя вырвалася з другое гарматы, але стрэлу не было чуваць. Больш Таманго нічога не бачыў. Назаўтра ніводзін ветразь не паказаўся на даляглядзе. Таманго зноў лёг на свой матрац і заплюшчыў вочы. Гэтае ночы памерла яго жонка Айшэ.
Мінула невядома колькі часу, і з англійскага фрэгата «Бэлона» заўважылі нейкі карабель з паламанымі мачтамі; каманда, здавалася, пакінула яго. Падплыўшы да карабля на шлюпцы, матросы знайшлі там мёртвую негрыцянку і негра, такога схуднелага і ссохлага, што нагадваў мумію. Ён быў непрытомны, але жыццё яшчэ не адышло ад яго. Карабельны лекар заняўся ім, даглядаў яго, і, калі «Бэлона» прыйшла ў Кінгстан, Таманго быў ужо здаровы. Яго пачалі распытваць, і ён распавёў свае прыгоды. Плантатары з вострава хацелі павесіць яго як негра-бунтаўшчыка, але губернатар, чалавек гуманны, палічыў, што яго можна апраўдаць, бо, урэшце, ён толькі выкарыстаў сваё законнае права на абарону; а апроч таго, забітыя ім былі ўсяго толькі нейкія французы. Да яго ставіліся як да негра, узятага з канфіскаванага нявольніцкага карабля. Яму далі волю, то бок яго прымусілі працаваць на ўрад, але яго кармілі і плацілі яму шэсць су на дзень. Гэта быў вельмі прыгожы дзяцюк. Камандзір 75-га палка ўбачыў яго, забраў да сябе і зрабіў літаўршчыкам у палкавым аркестры. Ён трохі навучыўся гаварыць па-англійску, але быў не надта гаваркі. Затое ён без меры піў ром і цукровую гарэлку. Памёр ён у шпіталі ад запалення лёгкіх.
Федэрыга[14]
Жыў даўней нейкі малады сеньёр, што зваўся Федэрыга, прыгожы, статны, гжэчны, дабрадушны, але надта распусны норавам, бо бязмерна любіў ён карты, віно і жанчын, а асабліва карты; ніколі не хадзіў ён да споведзі, а наведваў царкву толькі дзеля таго, каб там награшыць. I вось здарылася так, што Федэрыга, зруйнаваўшы дванаццаць радавітых малойцаў (якія пасля зрабіліся злодзеямі і палеглі без споведзі ў зацятай бойцы з каралеўскімі кандат’ерамі), сам у адначассе страціў усё выйгранае, а ў дадатак і ўвесь свой маярат, апроч невялічкага замка ў пагорках за гарадком Кава, куды ён і адбыў, каб схаваць сваю галечу.
Ужо тры гады жыў ён на самоце, днямі ходзячы на паляванне, а вечарамі гуляючы ў карты са сваім арандатарам. Аднойчы, калі ён вярнуўся дадому з палявання, найудалейшага за ўвесь той час, Ісус Хрыстос з апосталамі пастукаўся ў ягоныя дзверы і папрасіў прытулку. Федэрыга, маючы шчодрую душу, зарадаваўся, бо госці з’явіліся такім днём, калі ён меў чым іх прыняць. Ён правёў іх у сваё жытло, найшчырэйшым чынам запрасіў за стол і прасіў дараваць яму, калі прыём не будзе належны, бо госці прыйшлі неспадзявана.
Пан Бог наш, які ведаў, што візіт ягоны быў своечасовы, дараваў яму гэтую кроплю пыхі, бачачы ягоную шчырасць. «Мы задаволімся тым, што вы маеце,— сказаў ён.— Але загадайце як мага хутчэй падаць вячэру, бо вось гэты пан вельмі галодны»,— дадаў ён, паказваючы на святога Пятра.
Федэрыга не прымусіў упрошваць сябе і, жадаючы падаць гасцям нешта апрача паляўнічае здабычы, загадаў арандатару зарэзаць апошняе казляня, якое і было насаджана на ражон.
Калі вячэра была гатовая і госці селі за стол, Федэрыгу засталося адно пашкадаваць, што віно ягонае было не самае лепшае.
— Васпане,— сказаў ён Хрысту.— Васпане, вельмі б я хацеў вам лепшае падаць віно; але і тое, што ўліваю,— ад сэрца шчырага яно. На гэта Гасподзь наш, пакаштаваўшы віна, сказаў Федэрыгу: «На што вы скардзіцеся? У вас цудоўнае віно, магу спаслацца на гэтага пана (і пальцам паказаў на святога Пятра)». Святы Пятро, паспытаўшы, абвясціў, што яно дзівоснае (proprio stupendo[15]), і папрасіў гаспадара выпіць з імі.
Федэрыга, які лічыў гэта за звычайную ветлівасць, паслухаўся, аднак, апостала; і як жа ж здзівіўся ён, адчуўшы, што віно гэтае далікатнейшае за любое з тых, што ён каштаваў падчас найбольшых удачаў! Здагадаўшыся з гэтага дзіва, што перад ім Усемагутны, ён адразу ж устаў, лічачы, што ён не варты такое святой грамады; але Пан наш загадаў яму сесці, што ён і зрабіў не манерачыся. Пасля вячэры, за якою ім прыслугоўвалі арандатар з жонкаю, Ісус Хрыстос з апосталамі выправіліся ў падрыхтаваны ім пакой.
А Федэрыга застаўся з арандатарам і гуляў у карты, дапіваючы тое, што засталося ад дзівоснага віна.
Наступнага дня святыя падарожнікі выйшлі ў ніжнюю залу да гаспадара сядзібы, і Ісус Хрыстос сказаў Федэрыгу: «Нам вельмі спадабалася, як ты нас прыняў, і мы хочам аддзячыць табе за гэта. Прасі ў нас тры ласкі на свой выбар, мы зробім іх табе, бо мы ўсемагутныя на небе, на зямлі і ў нетрах».
Тады Федэрыга дастаў з кішэні калоду картаў, што заўжды была пры ім, і сказаў:
— Уладару, зрабіце так, каб я заўсёды выйграваў, калі буду гуляць гэтымі картамі.
[13] Карыялан — рымскі ваявода, у 493 г. да н. э., пасварыўшыся з жыхарамі свайго горада, аблажыў яго, стаўшы на чале ворагаў Рыма.
[14] Гэтая легенда папулярная ў Неапалітанскім каралеўстве. У ёй, як і шмат у якіх іншых паданнях гэтага краю, можна заўважыць дзіўную сумесь грэчаскай міфалогіі з хрысціянскімі вераваннямі; можна думаць, што яе склалі пад канец Сярэднявечча (аўт.).
[15] Сапраўды дзівоснае (іт.).