Рукі па-ранейшаму пахнуць мазутам, і яму гэта падаецца нават прыемным. У галаве ўсё яшчэ водгульле мернага рокату станкоў.
Калісьці ўзімку пустку на месцы зьнесенага дома перабягаў заяц.
Прыемны пах гарэньня фруктовых дрэваў. Нехта тут дасюль топіць грубку.
Брат Зосіма спыняецца і слухае, як вецер прымушае пакрыўлены дарожны знак бэмцаць аб слуп, да якога ён прымацаваны. Рытмічны малюнак просты, але пры гэтым выкшталцоны і непрадказальны, ніводзін чалавек ня здолеў бы яго стварыць наўмысна. Кампазыцыя настолькі ідэальная, што карціць запляскаць у ладкі.
Брат Зосіма калісьці працаваў ды-джэем, і ягоным улюбёным стылем быў тэхна. Ён і дасюль ня страціў любові да рытму, але – Божай ласкай – навучыўся адчуваць яго значна танчэй. Яму ўжо ня трэба гучнасьці і насычанасьці. Болей за тое, яму ўжо ня трэба нават музыкі.
У вокнах двухпавярховага барака запальваецца сьвятло. Матор старэнькага “форда” заводзіцца для прагрэву. “Выходзіць чалавек да справаў сваіх і да работы сваёй да вечара”.
Па-над усім гэтым птушкі. Іх чарада перасякае пасьвятлелае неба ды зьнікае па-за межамі бачнай часткі сьвету, далікатна сьведчачы гэтым пра яго неабмежаванасьць.
Дома брат Зосіма ставіць на пліту імбрык, сьнедае заўчорашняй кашай, ненадоўга застывае перад іконай, жагнаецца, кладзецца ў ложак і працягвае слухаць тэхна. Цяпер гэта налітыя сокам яблыкі, што адзін за адным падаюць у пустэльным садзе.
Калі сэт сканчаецца, ён расплюшчвае вочы. Недзе па той бок шыбы чыркаюць галубы і дзеці. Гэта новы дзень і ўжо зусім новыя гукі.
Па сканчэньні малітвы брат Зосіма яшчэ пэўны час пагружаны ва ўнутранае маўчаньне. Сядзіць на сваім ложку і ні пра што ня думае. Навакольны сьвет, поўны вітальнага руху, уваходзіць у яго бы адкрыцьцё – паступова і сам сабою, пранікаючы ў вушы, у сьвядомасьць, у сітавіны скуры.
Сёньня ў яго шмат вольнага часу, на завод ізноў у начную.
Брат Зосіма сядае на старэнькі ровар. Шматпавярхоўкі і гаражы хутка застаюцца ззаду, цяпер навокал – бязлюдны пакручасты ляндшафт, сфармваны, аднак, праз умяшальніцтва чалавека.
Выгіны, траншэі, насыпы парожняй пароды, закінутыя катлаваны будоўляў... Палімпсэст розных уцямных некалі фразаў, крамзаніна паверх напісанага, якая зацярушвае трывіяльны ў свой час зьмест.
Ровар манэўруе сярод усёй гэтай разнастайнасьці, то патанаючы ў складках, то ўскараскваючыся на ўзгоркі. Брат Зосіма адчувае ў пастаянных перападах вышыняў пэўны рытм і на бліжэйшыя паўгадзіны засяроджваецца толькі на ім.
У нейкі момант ён адпускае стырно. Даўгія валасы кудлацяцца, пробліскі сонца раптоўна трапляюць у вочы, на твары вымалёўваецца амаль дзіцячы азарт.
Калі ён даязджае да бліжэйшай вёскі, ветрык даносіць пах гарэлага лісьця. Бабуля, у якой брат Зосіма папрасіў набраць вады, настойліва частуе яблычкам. Упэўнены націск зубоў прымушае сьпелы плод пырснуць сокам. Валасінкі на барадзе зьліпаюцца, і брата Зосіму гэта сьмешыць.
На зваротным шляху ён збочвае да ракі, зножваецца і нейкі час нерухома ляжыць на зямлі, углядаючыся ў расплывістыя абрысы аблокаў.
Па вяртаньні дахаты брат Зосіма пачынае рыхтавацца да вячэрні. Сьвятара ў горадзе даўно ўжо няма, як, зрэшты, і прыхаджанаў, і таму ён будзе выкарыстоўваць скарочаны варыянт.
Апрануўшы падрасьнік і клабук, выходзіць на вуліцу. У дзятвы гэты дзіўны дзядзька выклікае сапраўднае захапленьне, хай часам і жорсткае – вядома ж, па-дзіцячаму.
У царкве, як заўсёды, шматлюдна. Брат Зосіма праціскаецца ў алтарную частку, запальвае сьвечку і раскрывае малітоўнік.
Пульхная кабеціна ў скуранцы вылупіла на яго вочы, запіхваючы ў торбу палку сыравяленай кілбасы.
Пару разоў ахоўнікі здавалі яго ў міліцыю, але потым ім надакучыла. Яны зразумелі, што іх гісторыі ніяк не перасякаюцца зь ягонай.
На словах “Хай малітва мая ўзыйдзе да Цябе, быццам кадзіла” скрозь прабоіну ў вітражы пад самым купалам у царкву ўляцела шэрая галубка.
10.15. Недзе за вакном зь цяжкім уздыхам спыняецца сьмецьцявоз. Ягоны кодаб чапляе галінкі дрэваў у палісадніку ля пад’езда. Марыі падаецца, нібы гэта яе драцяныя валасы шкрабуцца аб гіпсавы чэрап.
Марыя зь цяжкасьцю расплюшчвае вочы. Дзень пачынаецца з прыемнага: яна згадвае, што не праспала працу. На працу ёй сёньня ня трэба – як, зрэшты, і заўтра, і наогул у асягальнай будучыні.
Тэлевізар шыбы дэманструе звычайны краявід, але гэтым разам ён мае нязначныя аптычныя скажэньні. Кроплі, што завісьлі на шкле (напэўна, з самай раніцы быў дождж), дадаюць карцінцы трохі расплывістасьці. Туман пераўтварыў пашарпаны паркан занядбанага хімзаводу ў непрыступныя муры замка Іф.
Марыя павольна апускае ногі з ложка, намацвае тапкі. Здымае прапахлы вадкасьцямі цела халацік. Твар чырвоны і азызлы, у роце затхлы водар гнілой гародніны. Аднак у гэты час няпэўнасьць яе існаваньня яшчэ падаецца ёй шматабяцальнай.
12 градусаў цяпла, але вільготны паўночны вецер. У прынцыпе, вось і ўсе навіны на сёньня.
Адчуваецца пасьлясмак начных сноў – як заўсёды, куды менш цікавых, ніж сны дзённыя.
10.22. Марыя зноў завальваецца на канапу і хвілінаў дзесяць моўчкі глядзіць на шчыліну ў пашчэрбленай пабелцы столі. Услухоўваецца ў гукі, якія даносяцца паверхам вышэй. Неўзабаве ёй падаецца, нібы расколіна пакрысе более. Як быццам нейкая фантастычная пачвара рыхтуе шлях для нападу на яе, маскіруючыся пад электрыка Толю.