Міхалькова я ведаў даўно, і нават колькі разоў бачыў на свае вочы. На пасадзе старшыні раённага таварыства паляўнічых і рыбаловаў ён ужо ці не трэці год. З намі знаецца з даваеннага часу, калі яшчэ Слаўгарад называўся Прапойскам, і бацька мой рабіў там пажарнікам. Неяк заязджаў, помню, і гэтай зімой да нас — рыхтаваў аблаву на ваўкоў. Дзве ночы спаў на печы — застудзіўся, шкіпінарам спіну і грудзі расціралі. З-за гэтай яго застуды ваўкоў тады не ўлучылі абкласці ў нашым лесе — уцяклі ажно за Сож, і там іх, васьмёра, высачылі толькі праз тыдзень.
Калі я заявіўся на ферму, бацька калоў дровы. Ён сабраўся прагрэць вартоўню, а заадно і ваду ў катле ўскіпяціць — для ранішняга пойла цялятам. Пісьмо не стаў чытаць, адно мімаходзь глянуў на канверт.
— Хм... Міхалькоў азваўся. Што ж, пачытаем. Схаджу ў пуню, пагляджу, як там, — зноў, можа, дрэнная прывязь і каровы лэхаюць туды-сюды, ворсаючы рагамі адна адну. Упарадзі тут, пакуль вярнуся, дровы, — і пайшоў.
Я ўзяўся даколваць сасновыя цельпушкі...
Вярнуўся бацька недзе праз паўгадзіны. Абцёр аб парог падэшвы гумовых ботаў, прычыніў дзверы, каб не адбіла ветрам, пратупаў да бачка з вадой і адкруціў кранік. Падставіўшы пад слабы струменьчык рот, стаў піць. Потым зняў шапку з чорным скураным верхам, падклаў пад калена і, зірнуўшы на дровы, якіх нарыхтаваў я даволі-такі шмат — прынёс да печкі і склаў грудком, як дома, — заключыў:
— О-о, назаўтра шчэ застанецца... — Палез рукою за печку— дастаў прыхаваны смольны ашчэпак, пакалоў на дробныя аскабалкі. — З такою падтопай дровы ўраз загарацца! — Узвёўшы з абярэмца паленін «зрубчык», паклаў пад яго смольны друз, затым ускінуў споверх яшчэ колькі плашакоў таўсцейшых. Сукаста-нязграбны цельпушок, той самы, якому я не даў рады, затрымаў у руцэ. — Э-эх ты, дрывасек. Трэба ж было во тут цяпнуць, між сучкоў. Бяроза — тая шчопкая. А сасновую сукардычыну адным махам не расшчэпіш... Ат, вялікі клопат, згарыць, — адклаў паленца ўбок, дастаў з нагруднай кішэні запальніцу, чыркнуў — і кнот адразу загарэўся. Падпаліў смалякі. — Каторы раз прашу Пугацёнка, каб памяняў ланцугі. А ён, як і не загадчык фермы, як і не яго гэта абавязак, усё мудрыць-выгадвае: скруціць дроцікам звёны, сцісне абцугамі дый зноў чапляе на шыю карове. Тая аж задыхаецца — каротак ланцуг, круціць галавой, пакуль і не парве. А тады й давай гізаваць па ўсёй пуні. Ганяйся за ёй, лаві, пройду рагатую... Буржуйка адарвалася. У яе ж рогі, што вілы, так і глядзі бок прасодзіць. — Пачаў рабіць самакрутку. — Давай, чытай пісьмо... Што ўжо ён там прыдумаў? Можа, на канферэнцыю якую выклікае.
— Пра баброў піша.
— Ажно так? — Бацька прыкурыў самакрутку ад агню, які пачынаў ахінаць дровы. — Новае нешта, калі пра баброў...
Я прачытаў пісьмо. Бацька ўсміхнуўся:
— Бачыш, сябры не забываюць. Праўда, адлоў яшчэ далёка — пакуль жа ўсё наладзіцца... Значыць, рыхтавацца будзем загадзя, спакваля: цяпер бы трэба ваўчыцу падкаравуліць, як-раз, можа, і вывадак надарыцца забраць... Сена назапасім.
— А дзе мы лодку возьмем? — запытаў я, бо гэта мяне больш за ўсё непакоіла.
— Лодку?.. Купім лодку!
— А калі Іванаву ўзяць? — Ніна нядаўна выйшла замуж, Іван, муж яе, жыве ля Сожа ў вёсцы, куды й Ніну забраў. У іх там ёсць нейкая лодка. Днішча, праўда, дзіравае, але можна заканапаціць.
— З Іванавай пэтлухі застануцца, калі правезці на машыне сотню кіламетраў... Лодку мы або купім, або зробім самі. Хаця, думаю, не ўправімся ў гэтым годзе. Давядзецца купляць. А дзе, от, грошы раздабыць, падумаем. — Бацька ўзяў не расколатую мной паленіну і шпурнуў у жэрава печкі. Рой іскраў абдаў яго руку. — Бачыш, і калоць не трэба... Тут усё згарыць, нават асінавы барсучок...
Я гляджу на яго — не разумею, чаму «асінавы», і, зрэшты, што гэта за барсучок такі? Перапытваю, бо здагадваюся, што тут нешта не так, нейкі досціп тут:
— Асінавы барсучок?..
— А ты не чуў?.. Хаця — Юдзін цябе не вучыў, а Жэніка. Значыць, кватараваў ён у Хрысцінкі, Юдзін. Ды нечага там не паладзіў са старшынёй сельсавета, той і сказаў, каб сам — не зломак, з рукамі-нагамі! — нарыхтоўваў сабе дровы. Я тады лесніком быў. Іду Майданам, ружжо на плячы. Чую, забрахаў сабака мой. Прыслухаўся — на чалавека. Прайшоў крыху — сустракаю Юдзіна. З тапаром, бачу. Пытае:
«Андрэевіч, дзе тут можна барсучок на растопку прышукаць?»
А я даўно нагледзеў сухастоіну з барсуком. Метры ў два барсук, смольны. Кажу Юдзіну:
«Цераз дарогу, направа, здаравушчая сухастоіна стаіць — воз дроў будзе і смалы на месяц».
Юдзін падзякаваў і пайшоў направа, а я — сваёй дарогай.
I што ж атрымалася. Вярнуўся ён з лесу і хваліцца:
«Ляснік мне добрага барсука нараяў. Тапаром, праўда, цяжкавата было валіць сухастоіну — нацюкаўся ў ахвотку, аж уваччу цёмна. Барсук прыцягнуў на гарбе, а заўтра вазьму каня і ўсе астатнія дровы перавязу... Але ж і дабрэнны цяльпух — кукса вялікая, так пёрла смалу! Цяпер вы, гаспадынька, — радаваў ён Хрысцінку, — клопату не будзеце мець да самай вясны, растопка выдатная. Ляснік, па-мойму, сам хацеў спілаваць сухастоіну, ды па добрай душы сваёй мне ўступіў... Выдатная растопка!»
Хрысцінка ўзрадавалася:
«Э-э не-е! Мы гэты барсучок, Лявонавіч, на растопку не пусцім. Газа ў нас выйшла, і ў лаўцы нямаш. То парэжам яго, паколем меленька — і па аднэй смалінцы на камянку паліць будзем...»
Назаўтра паглядзела Хрысцінка на «смольны барсучок», што прыцёг яе кватарант, і... апоўдні бадай усе ў вёсцы ведалі, што Юдзін ажно з Майдана нёс на сабе асінавы лішаяваты цяльпух: не ведаў, што гэта лішай такі, нездаровая нарасць — лес жа, як і людзі, таксама хварэе. Прыбегла Хрысцінка да нас — думала, я пажартаваў так з настаўніка. Аж ён, дзівак, убачыў асіну хворую і рашыў, што яна і ёсць сасна-сухастоіна. — Бацька скончыў расказ пра Юдзіна, заторкнуў пісьмо ў канверт, перагнуў напалам і схаваў у нагрудную кішэню. — Павёў я, значыць, назаўтра Хрысцінку з яе кватарантам у лес, паказаў сухастоіну — рэжце! Смяюцца... Во табе і настаўнік. Вёска для яго — цёмны лес. У горадзе такому прасцей, бо жыве чалавек на ўсім гатовым: пайшоў — купіў... А тут да ўсяго дайсці самому трэба, тут не горад. От, дапусцім, паехаў бы я, скажам, куды ў Арменію.
— Гэта чаго ж так далёка ехаць, навошта?
— Ну, а Юдзін жа, во, знеткуль прыкаціў!.. Значыць, паехаў бы. I што?.. З мяне смяяліся б там — дзікуном хадзіў бы між людзей мясцовых: ні мовы, ні звычаяў іхніх не ведаў бы, ні мудрасці. А яна ж, мудрасць, заўсёды ў дробязях тоіцца, не адразу даецца ў вочы. У сябе дома ўсё навырунку, усё бачыш і разумееш... Дома мы надта мудрыя!
Слухаю бацьку, дзіўлюся з яго разваг. Расказвае — і ты верыш: так жа ўсё сапраўды й было. Іменна так!
Паляванне на ваўчыцу