«Ай, каб пістаноўка была, — шэпча Ціхан. — От бы дзе пярнуў... Ну ты скажы — так блізка!»
Воўк не ўцякае — прылёг, не баіцца. I я кажу Ціхану:
«Бач, як падманьвае авечак, харошым прыкідваецца?.. Хітры воўк. Такі на ўсё здатны. Зараз пачне хапаць па адной і ў балоце хаваць сабе на правіянт. Утахціць з пяток у твань — паўлета з мясам будзе».
А Ціхан — сваё:
«I трэба ж, не ўзялі пістаноўку... От, галовы! — Пасля-такі распарадзіўся: — Давай-ка выбірацца з хмыразу, іначай бяды не абярэмся».
Павярнулі авечак, гонім упадзінкай — канава аплыўшая, некалі ваду па ёй у балота спускалі, цяпер скрозь паўз прыканаўю добры ліпнік рос. Мы ліпнік гэты праскочылі. Аж не верым, што ціха ўсё абышлося, воўк не стаў збродаваць. Тут нас і нагнаў Хвядонька — сівы, глухаваты дзядок, да ўсяго і зрок слабы ўжо. Ён старэй быў, чым я цяпер... Ты, от, спытай у свайго бацькі, — Лаўрэн звярнуўся да мяне, — і ён скажа, што Хвядонька шчэ нейкі далёкі родзіч ваш. Жыў на ўскрайку вёскі. Хаты нашы побач стаялі. Ага, значыцца, падбег ён, заікаецца, слова сказаць не можа, і ўсё паказвае на ліпнік. Мы глядзім, аж тамацькі — воўк!.. У Хвядонькі барада трасецца не менш за рукі.
«Д-драў я, панімаеце, л-лыка, і тут — ы-ы ў разгоне як гайсане паўз мяне!.. Ля вуха майго, правага, зяпай — клац! Каб не прамінуўся, то, а ўжо ж, хапіў бы за горла... Во такенны ваўчышча! — паказаў рост. — Ладны байстручына. Збіць, пэўна-ка, хацеў з ног, зараза, каб лягчэй душыць было».
Я смяюся і кажу Хвядоньку:
«Ды вуна ж ён, той воўк, стаіць! Саўсім і не вялікі. Малады, дурны... Пагібель сваю шукае».
Хвядонька азірнуўся, пагрозліва патрос кулаком:
«Я табе пакажу, байстручына! — А калі прайшлі троху, Лаўрэн нечага стаў шкадаваць звера: — Галодны, бедачына... Хай бы ўжо і ўхапіў ягнё якое».
Я чуў гэту гісторыю ад бацькі. Усё, безумоўна, было ў ёй і так, і не. Зусім і не Хвядонька лыка драў, а сам Лаўрэн. Авечкі пасвілі не Лаўрэн з братам (Ціхан памёр яшчэ маленькі), а мой бацька са сваім старэйшым братам Піліпам.
— Дзед Лаўрэн, — сказаў я. — Гэта ж вас воўк за авечку прыняў. Вы якраз сагнуўшыся былі, у кажушку, то ён і гэпнуў...
— Я ж і кажу: сядзеў, гэта, ціха-спакойна, лыка драў, а ён — скок на мяне, асталопіна. Вусмерць напалохаў, каб яму шлунне выкаціла! А тады, іці яго пяты, стаў дыбкаі злаўчаецца гэтак павярнуцца, каб усіх авечак бачыць... Нюхае, ловіць пах.
Тут я зноў не стрымаўся:
— Дзед Лаўрэн, вы ж тады бацьку майго прасілі, каб ён ружжо хутчэй нёс. «Жывенька бяжы, Граська, па стрэльбу, а то мой тапор у ліпніку застаўся. Сам я па тапор не пайду, баюся!..» — вось так вы казалі.
— Ну, казаў... А што? — Лаўрэн насцярожыўся. — Ты скуль усё ведаеш? Бацька набаяў, га?
— Бацька.
— То і маўчаў бы, калі ведаеш. А гэтыя бэйтусы хай бы слухалі, — пакосіў вочы на Лодзіка і Міцьку, насупіўся. — Скажам, я чалавек пажылы, з мяне, значыцца, і спыт невялікі, а вы — маладыя, то хоць бы вучыліся добра... Абодва засталіся на другі год. Гэта ж, колькі вам, пустагаловым малайцам, спатрэбіцца часу, каб дзесяцігодку скончыць? — Засяроджана пачухаў патыліцу. — Па-мойму, вам усё роўна, калі й на трэці год застанецеся кукаваць у чацвёртай групе. Дастукаецеся, ядрона вош, такой паблажкі, хэ-хэ-хэ-э... А ў пятай намнога цяжэй: там жа — дробы. — Махнуў рукой у мой бок: — Во, ён пацвердзіць... З дробамі вам, курцам-малайцам, не ўправіцца. Не-е, памяць ваша табакай ушчэнт атручана.
Лодзік Мядзюха, які да гэтага не зважаў на Лаўрэнавы павучанні, нечакана выказаўся:
— Ён таксама нараўне з намі курыць.
— Хто, Шурка? — Лаўрэн густа змаршчыніў лоб, павярнуўся да мяне: — Смаліш з імі?.. Скажу бацьку, скажу. — Ад яго самакруткі застаўся адно куцы асмоктыш, і бычок гэты ён з форсам пстрыкнуў у цяпельца. — Гультайё-ё-ё, гайсуны!.. Мне б, хлопцы, ваш узрост — прахвесарам стаў бы, усе навукі адужаў бы!.. Нам, калі я такім во лахцубарам быў, як вы, не дазвалялі без дай прычыны шляцца абы-дзе. I школ тады не было столькі, у навуку не ўсе і здольныя прабіваліся... Вы, от, не палянуйцеся — спытайце ў бацькоў сваіх, няхай скажуць, як вучыліся. Ім такой лахвы-выгады й не снілася.
I праўда, вечарам я слухаў бацькаў расказ пра яго колішнюю вучобу, а найбольш — пра першую і адзіную настаўніцу:
— Яна ж, настаўніца тая, не магла жыць без кніжак. Колькі ў яе іх было: і тоўсценькія — малыя, і тонкія — шырокія. Ды ўсе з малюнкамі, усе ў каляных, з матэрыі, вокладках — мудрыя, мусіць, кнігі... Школу ўсталявалі ў Дзямідавай пяцісценцы — стаяла акурат на беразе Закарчмы, водшыбках. Рэчка мелкая, гразкая — забалочаны раўчук з вадой, падобнай на гнаявую.
— Гэта якога Дзяміда? — паспрабаваў я заглыбіцца ў строй-насць бацькавых слоў. — Таго, можа, што ў Чэрыкаў пераехаў?
— Яго, — кіўнуў мне бацька. — Лесніком быў, і хату сабе, як стадолу, адбабэхаў, святліцу. Месца для школы хапала. У Ходараў перабраўся пры калгасах ужо. А ў Чэрыкаве асеў пасля вайны. — I бацька зноў скіраваў свае думкі ў далёкае маленства: — Значыць, я паняўся быў у настаўнічыных кніжках малюнкі разглядаць, яна запрыкмеціла гэта і кажа:
«Бачу, Герась, ты кнігі любіш, — гаварыла гучна, каб мае бацькі чулі. — Ды кнігі мала гартаць — іх чытаць трэба. Прыходзь у школу».
I я пайшоў. Назаўтра ж, раніцай. Настаўніца ўручыла мне сшытак і аловак. Спакойна вучыўся, пакуль не выпаў снег.
Холадна, завея, а босы я сабраўся ў школу. Матка — за матузы — і ў крык:
«Жыва, басюган, на печ!»