— Напраўду плаваць не ўмееш?
— Умею... Але вада халодная.
— Вада — лёд, гэта праўда. — Сабраў у кулак як не ўвесь падол цяльняшкі, сціснуў, ды так, што з-пад пальцаў аж пыр-снула ўбакі.
Развітваючыся, ён перадаў бацьку прывітанне.
Быль і небыль
Мне бадай штодня выпадала быць свінапасам. А ўсё таму, што сястру маю, Ніну, прызначылі калгаснай свінаркай. Свіней у калгасе было мала пакуль: дзве свінаматкі вушастыя з малымі парсючкамі ды кныр, якога чамусьці звалі Джонам. Сама ж Ніна і назвала яго так.
Пацешны ён быў, гэты Джон, рахманы. I як не да млосці любіў, каб яго чухалі. Падыдзе да цяпельца: «Рох-рох-рох...» — просіць, значыць, пачухаць. Такое можна! Але не адразу! Найперш я садзіўся на яго верхам, бы коннік, і ён катаў мяне — чуханца зарабляў. Нават трушком бегаў і мог наўгалоп імчаць. Мякка было і без сядла. Апасля ўжо Джон клаўся на бок, і я, колькі яму хацелася, чухаў яго. Ён выпростваўся, заплюшчваў вочы, аціхаў і адно зрэдку задаволена рохкаў.
Пасвіў свіней на выгане, ля Торхвішча, гэтага спаконвечнага багнішча, куды за вайну чаго толькі не накідалі — і вінтовак там поўна, і снарадаў розных калібраў, нямецкіх і нашых, а нядаўна хлопцы знайшлі фібравы чамадан, у якім была струхнелая вайсковая форма з камсастаўскім рамянём, размокла-счарнелы партбілет і наган-самаўзвод без патронаў.
Вымурзаныя, чорныя ад торфу пасля чарговага купання, свінні разбрыдаліся па загуменнай лугавіне, дзе некалі быў пчэльнік майго дзеда Андрэя. Паўз гэтую мурожную выспачку з Трасцянкі й ажно да возера Узмутнае густой палосай, з дрыгвяністым куп'ёўнем ды халодна-ёдкімі люстранымі крынічкамі, зарослымі па краях лазой, крушыннікам і дзікімі смуродай ды малінаю, цягнецца альхова-яловая чмурэча, заселеная самымі рознымі птушкамі, звяркамі й гадамі. Раней менавіта праз гэтую дзебру забрыдалі ў вёску ваўкі, кралі гусей, авечак, падсвінкаў, а калі ўдавалася часам залучыць кормніка не па сіле, воўк запускаў свае вострыя іклы ахвяры ў вуха і вёў як найдалей у гушчар. Было такое, людзі помняць.
Мне, пастушку, на ўсякі выпадак давялося засвоіць тое-сёе з правілаў, якія належала ведаць. Вось хоць бы адно з іх: убачыўшы цікуючага ваўка, трэба адбівацца моўчкі, без крыку, і звер тады не надта ўпэўнены ў сабе, думае, што яго не баяцца, і не рашаецца нападаць. А пачуе лямант — бяды не мінаваць: бяссілле і перапалох прыспешваюць, прыдаюць яму агрэсіўнасць, рашучасць. Тут ужо ён не чакае, пакуль падмога нахопіцца, — лютуе...
Прызнацца, я не баяўся ваўкоў. I хутчэй за ўсё таму, што дома ў нас была паляўнічая стрэльба, з якой і мне неаднойчы даводзілася страляць. Больш таго, я ўжо колькі разоў хадзіў з бацькам на паляванне. Праўда, што-небудзь значнае ўпаляваць нам пакуль не выпадала, і маці на гэты конт абмовілася так, што я — гора-паляўнічы і звер на мяне не бяжыць, таму і не варта гойсаць па лесе. Але бацька ўсё ж паступіў па-свойму: калі адкрылася паляванне, мы зноў зачасцілі ў Трасцянку. Цецерукоў тыя гады было многа, выляталі з балота на свае ўлюбёныя такавішчы ладнымі чародамі. I нам стала шанцаваць — бадай кожную раніцу хоць адзін касач ды трапляў у торбу. Часам і два-тры. А неяк і глушча ўпалявалі.
Звычайна бацька прыманьваў цецерукоў, чуфыкаючы бадай гэтак жа сама, як і яны. Дзіўныя птушкі: лятуць да буданчыка, зробленага з яловых лапак, і было, што садзіліся на яго верх... Лапоча крыллем, пужае суперніка, а таго не разумее, што з тропу яго збівае чалавек, паляўнічы.
Пасвіў свіней я звычайна не адзін. Штодня прападалі на мурожнай лугавіне Віцька Кляпун і Хведзька Ткач, мае аднагодкі. Віцька цялё навязваў на доўгую вяроўку і гора з ім не ведаў, затое Хведзьку дзве шкадлівыя авечкі не давалі быту.
Дружбаны нашы — Міцька Буц і Лодзік Мядзюха — прыходзілі на поплаў абы час правесці, проста байды білі, гультайнічалі. Гэтыя бэйтусы прыносілі з сабой махорку і, як заўсёды, аўтаматныя патроны. Дзе толькі й бралі іх. Спачатку мы смалілі самакруткі, затым усчыналі страляніну: кідалі колькі патронаў у агонь і разбягаліся хто куды, чакалі. Тах-х! Тах-х! — гучна шпокалі патроны, раскідваючы наўкруг дымныя махныткі й вуголле.
Гэтак аднойчы напалохалі дзеда Лаўрэна. Ён часта заяўляўся да нас. Звычайны занятак яго — збіраў у навалку гусінае ды курынае пер'е, якога заўсёды шмат было на кустоўі, нібы хто знарок чапляў на пацеху старому чалавеку. Вядома ж, вецер гэтае рабіў, змятаючы ўсё лёгкае з поплава, у тым ліку і прысак з нашага цяплянішча. Другая прычына Лаўрэнавых ходак, па ўсім відаць, такая: у яго бадай ніколі не было сваёй махоркі, і ён спадзяваўся на чужую, тую самую, што прыносілі хлопцы; часцяком і я спрабаваў трэсці бацькаў кісет.
Дык вось, калі Лаўрэн адвярнуўся ад вогнішча — грэў спіну, — Лодзік і сыпануў у гарачы прысак жменю патрончыкаў. Стары не ўбачыў таго, як мы шмыганулі хто куды, пахаваліся. I тут — адзін стрэл, другі... Пераляканы, стары не адразу расшалопіў, хто і навошта страляе. Страх скаваў яго, сама-крутка выпала з зубоў...
Нешта падобнае, зрэшты, з ім ужо здаралася падчас вайны. Ідучы па вуліцы, надумаў быў папрасіць у стрэчнага акупанта закурыць. Фашыст напачатку прыкінуўся добрым — даў яму тоўстую, як драўляны клец, цыгару і наколькі мог прыязна ўсміхнуўся.
«О, вы — харошы пан, гут!.. — зарадаваўся Лаўрэн, усміхаючыся на ўвесь свой шчарбаты рот. — То, будзьце ласкавы, васпане, заадно ўжо і падкурыць дайце. У нас тут, ведаеце, крэсівам карыстаюцца, а гэта нязручна». — I паказаў на пальцах, каб той запальнічкай «высек» агонь. А немец — хоп! — дастаў з кішэні маленькі пісталецік і ну тыцкаць дульцам папрашайку пад нос ды прыгаворваць:
«Прикуривай, рус Иван!.. Ну!.. Я-я, прикуривай! — Ёкнула сэрца ў Лаўрэна, спацеў. Цыгара долках апынулася. Немец не адступае — падняў цыгару і ўторкнуў яму ў губы, пацяшаецца: — Тавай, тавай, рус... Прикуривай!»
I так муштраваў, аж пакуль Лаўрэн не падняў рукі: маўляў, здаюся, ягамосць, вінаваты, больш не стану прасіць, каб ты спрах. Немец адламаў канец сігары й прыкурыў. Аж гэта ў яго такая запальнічка была, падобная на пісталет. Смокча цыгару, смяецца і пыхкае дымам Лаўрэну ў твар.
Чаго толькі Лаўрэн нам не расказваў — і ўсё так складна атрымлівалася, цікава. За гэтае, мусіць, мы й паважалі яго, можа, нават любілі.
— Я, ведаеце, таксама ў пастухах пахадзіў... — узяўся ён апавядаць чарговую быль-небыль. — Авечак у дакалгасны час мужыкі памногу трымалі, лічы, у кожным падворку не па адной-дзве, як цяпер, а па сем-восем было, а то і ўсе дзесяць-дванаццаць. Сукно ж тады крамнае са свечкай шукай — не знойдзеш. Калі й напаткаеш дзе, дык цана кусалася — ёмкая была, не ўсім па кішэні. 1 людзі самаручна ткалі. Дзеля воўны трымалі авечак. Пасвілі па чарзе...
— I на ранкі ганялі? — перабіў Міцька Буц.
— Ганялі ўсяк. — Лаўрэн прыўзняў руку: маўляў, цішэй, хлопец, і не ўтрымаўся — назваў Міцьку па мянушцы: — Умей, Плеш, слухаць, калі стары чалавек гаворыць. — Зацягнуўся махоркай, пусціў праз ноздры дымок. — У месяц выпадала каля трох радовак на двор. I мы, канешне, заўсёды бралі з сабой пістаноўку.
— Пістаноўку?!. — не ўтрымаўся Міцька зноў. — А што гэта такое?
— Ружжо. Яно не перагіналася, як цяперашнія, і да яго не трэба патроны.
— Ружжо без патронаў?.. — урошна жахнуўся Міцька і захіхікаў сабе ў кулак.
— Аўсё-ткі, Плеш, не вытыркаўся б, га?!. — покрыкам суняў Міцькаў смяшок Лаўрэн і, заспакоены, працягваў: — Прызнацца, не было такога дня, каб хто-небудзь з вяскоўцаў не пабачыў ваўка. Ён адзін хадзіў тут, збродаваў. Бальшэнны, як гадавалае жарабя, светла-шэры. Мусіць, ад старасці з'інеў... Ох і празука быў, ненажэра, авечак на вачах трыбушыў. Пастухі ўрошна гарлапаняць, мітусяцца, а ён тым часам дзве-тры ўходае... Ну, гэта, падышла і мая радоўка. Пагнаў атару ў Трасцянку. Не адзін — з братам старэйшым, Ціханам. Трэба ж, заўсёды бралі пістаноўку, а гэты раз не прыхапілі. Бывае ж такое — якраз і напаткаўся гэты самы драпежнік, гарыдавец. Пахмурна было, дождж крапаў. Мы сядзім пад дубком, гаворым. А ўжо вымерхаліся, стала шлункі падцягваць — і мы за абед узяліся. Сядзім, значыцца, на купінцы, запіваем хлеб малаком. Паглядзім — авечкі на месцы, у гурт збіліся. Не бягуць у лес — усе навырунку, перад намі. Потым Ціхан палічыў авечак і кажа:
«Нечая чужая прыцёрлася... Напрошваецца на шашлык».
I я палічыў. Усё так — лішняя! I таксама пра шашлык падумаў — даўся ён нам, гэты шашлык. Падышлі бліжэй, глядзім, аж сярод авечак воўк гоцае: скокне — і прыляжа, скокне — і прыляжа. Авечкі не ўцякаюць і не бляюць. Ціснуцца адна да адной — чакаюць сваёй пагібелі. Баран, праўда, ад усіх смялейшы: ваяўніча выйшаў, рогі вынес наперад, нагамі тупае — пужае звера. Падбеглі, а воўк і не думае ўцякаць. Адступіўся троху, сеў на хвост і глядзіць у наш бок.