— Выходзіць, што жыў... На той дзялянцы, — паказаў рукойна пралысіну, — гарод быў. А там вуна, дзе палын расце, там пуня стаяла. Я добра помню: сцены ўсе былі шротам пасечаны. Збяруцца, бывала, леснікі — і давай выяўляць, чыя стрэльба кучней б'е... У гэтым жа ружжы, што ў цябе, ствалы з дзедавай пістаноўкі. Занясу Мікіту — ён падбярэ да іх калодку, ложу зробіць, і ружжу твайму цаны не будзе.
Дзядзька Мікіта жыве над Сожам, у вёсцы Бакаў. Залатыя рукі ў чалавека! Збройнік. I паляўнічы заядлы. Не ведаю чаму, але бацька мой не надта каб ірваўся да яго ў госці. Звычайна тады йдзе, калі паклічуць на якую бяседу — вяселле, хрэсьбіны, не кажучы пра хаўтуры.
— Трэба ж, гэтыя ствалы з дзедавай пістаноўкі... — Даўным-даўно ўсё тое было, аб чым расказвае бацька, і якія там ствалы маглі ўцалець за такі віхурны час. Аднак жа ўцалелі — бацька апароў іх у Адамовіча: валяліся за печчу як непатрэбшчына.
— Калі б твой дзед не паехаў у Сібір, ён бы шчэ і сёння жыў— хадзілі б разам на паляванне. Хадзілі б!.. Дык не ж — уздрэнчыўся ехаць. Тады ўсе нашы выбраліся, адзін я застаўся. Марша, праўда, ускорасці вярнулася, выйшла замуж і пе-рабралася ў Трасліўку да Захара, мужа свайго. I Мікіта ў Сібіры не затрымаўся — у Бакаве хату паставіў, цяпер давольны: Сож пад бокам, лес, луг. Цвёрда акапаўся, нікуды ўжо не рыпаецца. Я, от, і думаю: вёска без рэчкі — сірочая вёска... Яно і ў Ходараве нашым можна было б жыць і радавацца, ды вада далёка, не побач. Пабудавацца б дзе, пакуль не позна, на беражку, ля рэчкі ці возера, ды матка твая не хоча зрывацца з абжытага месца, кажа, што лепшага за гэты куток ёй не трэба. Я такі быў цвёрда намерыўся будавацца ў Прапойску, аднак немец усе мае планы парушыў... Ну, няхай сабе і без рэчкі — усё роўна ж і тут вольна жывём: ходзім і на паляванне, і ў грыбы-ягады.
— У вёску Усохі дзед Андрэй калі пераехаў?
— Я нарадзіўся ўжо на новым месцы... Недзе з год пасля пераезду. А ў Ходараў перабраліся акурат перад калгасамі. Жыццё наладзілася, толькі б радавацца, а тут — на табе! — матка мая памерла. У нашу сям'ю ўбіўся чужы чалавек — мачыха. Нездарма кажуць: адна бяда не ходзіць — за сабой дру-гую вядзе.
I праўда. Дзед мой, Андрэй Парфенавіч, пасля смерці свае жонкі, Мар'і Аўхімаўны, пражыў у адзіноце не больш года. Аднойчы, паснедаўшы, як сышоў з дому, дык аб'явіўся толькі праз тыдзень. I не адзін — прывёў з Рагаліны, далёкае залеснае вёскі, сабе ў жонкі кашчава-рослую, лупавокую Арыну, якая к гэтаму часу сумела перажыць ужо другога мужа. I вось — лупавочцы выпала новая радасць: яшчэ даволі пахватный дужы, хоць і ў гадах, Андрэй Парфенавіч вызваўся быць яе трэцім абраннікам.
Новая мятла, хоць і не так чыста, але па-свойму мяце. Гэта праўда. Арына-мачыха не проста «мяла» — лютавала, стукацела чапялой, якую бадай не выпускала з рук. У спрэчках з падчарыцамі й пасынкамі, а найчасцей з нявесткай — жонкай пасынка Граські — ходырам уся хадзіла, запалялася, бы смольны корч, і, каб нічога не рабіць па гаспадарцы, знарок бралася на печ і там, квохчучы, бухцела, як дзяжа, войкала, пасылаючы бясконцыя праклёны сваёй крыўдзіцельніцы. Стары патураў неўтаймаванай бухцёлцы — жонка ж усё-ткі, уцеха. I валадарка яго сэрца з яшчэ большым імпэтам кідалася ў наступ:
— У яе ж, вунацькі, адзін у пушку, а другі — у брушку, — юдзіла мачыха, цягнучы з чорнай душы не менш чорную павуціну. — А ў хаце як запушчана, бачыш?!. То ж яе работа, нявехніна... Трэ аддзяліць Граську!
— Ты хоць думай, што гаворыш... Хм, лёгка сказаць, — зачумлены гаспадар быў у недаўменні. — Ён жа — мой родны дзіцёнак!.. Няхай жыве, месца хапае. Дый куды яго аддзяляць, навошта?
— Не аддзеліш — знай: не жыць нам мірна-спакойна! Надвечар, падаіўшы карову, Арына стала ўпарадкоўваць малако. Заліла глячкі, схавала ў суднік пад замок. А тут якраз жа ўнучка прачнулася — Ніна, дачка таго самага Граські, якога мачыха аддзяляць надумала. Малая падышла да бабкі, папрасіла «мака». Арына не адмовіла, але замест малака Ніна атрымала паўнюткую (якая таравітая бабка Арына!) конаўку абмыек з даёнкі. Праўда, гэтую сцэнку пабачыў на свае вочы пасынак Граська. Ён падняўся з нараў, што былі пры печы, і мусіў узламаць замок ды накарміць дачку. Не таіўся, не крадма ўсё гэта рабіў. I каб мачыха не адскочыла, абмыйкамі тымі захліснуў бы ёй лупатыя безікі, а так адно космы ды крамную шадронавую кофту абліў.
Тыдзень грукацела чапялой Арына, гару посуду перамазкатала. Яе мужанёк месца сабе не знаходзіў, нарэшце не вытрымаў — прыняў ультыматум пакорна: пагадзіўся аддзяліць сына. Але і гэтага ёй мала — зноў упёрлася ў сваё: нічога ж каб не аддаць, не рушыць каб гаспадарку.
Без суда не абышлося. Маладыя атрымалі прыбудову да хаты, старую пуню і цёлку. Але радаваліся гэткім шчасцем не вельмі доўга: дзед Андрэй з'ехаў у Сібір. Хату разам з прыбудовай і ўсім падворкам, склепам і пчэльняй прадаў. Крута абышоўся з сынам, жорстка. I бацьку майму нічога бадай не заставалася, як скарыцца з лёсам.
Прайшло многа гадоў. Мачыха Арына перастала быць мачыхай — дзед Андрэй памёр. Дачасна пайшоў на той свет: быў на паляванні, стрэліў па зайцу, а ствол аказаўся забіты зямлёй — ружжом і дало па скроні.
Бацька:
— Пачалі мы з Евай будавацца. Помню, купілі пуньку-трысценак, то я сцяну ўрубіў. Во на хату стала падобна. А рабіў жа так: ноч коні пасу, а ўдзень ля хаты стараюся. Потым і ўлазіны згулялі. Свая хата, свая і гаспадарка!
— От жа — дзед... Нядобра як зрабіў. У Сібір ён з'ехаў ад сораму, канешне.
— Ды не, лепшай жыткі шукаў, зямлю ўрадлівую. Да таго ж — у яго тут злоснікаў многа было. Іх атожылкі, думаю, і мне шкодзяць. Або, скажам, куды падзеліся ўсе тыя бандыты, што рабавалі, жылі з чужога мазаля? Адных — так, пабілі, другіх засудзілі. А ўсе астатнія нечапаныя засталіся. Знеткуль жа ў вайну паліцаі браліся... Кусціліся яны з бандыцкага кодла, адтуль!.. Дзёміда забілі, а яго хаўруснікі засталіся, помсцілі.
— Гэта хто — Дзёмід?
— А быў такі... Жыў нейкі час таксама ў Жалезінцы, лесніком рабіў. Лес тайна прадаваў. А дзед твой вазьмі дый залаві злодзея ў сваім абходзе. Праўда, не самога, а яго хаўруснікаў. Тыя давай адпірацца: «Дзёмід нам дазволіў — гэта яго абход...» Прыкінуліся паўдуркамі. За гэта Дзёміда звольнілі з леснікоўства. Няўносна стала яму — затаіў злосць. Забралі яго ў салдаты, трэба ж на фронт ехаць, а ён — уцёк, дызерцір... На Усох прывалокся. Зайшоў да Юркі Нядзюхі, той яго падпаіў, сам напіўся. Ідуць вуліцаю, п'яныя. Дзёмід — з вінтоўкай, страляе ў неба ды гарлапаніць: «Андрэя біць іду!..
А Марша ў супрадкі да Шураёвых хадзіла. Там і дзевак поўна хата, і хлопцаў. Пачулі страляніну — пакідалі самапрадкі й верацёны, выбеглі ўсім гамузам на вуліцу. Чуе Марша і сваім вушам не верыць: Дзёмід грозіцца бацысу забіць. Дзеўкі кажуць ёй: «Не стой — бяжы двору, ратуй бацьку свайго!»
Пабегла... Ухапілася ў хату — крычыць не сваім голасам, вые: «Скарэй, татачка, уцякайце — ідзець вас Дзёмід біць!.. Ужо ж саўсім блізка ён...»
З хаты ўсе паўцякалі, засталася кватарантка, настаўніца. Пасля расказвала:
«П'яны салдат уваліўся ў хату — пытае: «Гыдзе Андрэй?!.» Яна не разгубілася, спакойна адказала: «Не ведаю».
Дзёмід раззлаваўся і давай пужаць — стрэліў у столь. Уіякнуў дзяўчыну, яна і кінулася наўходы — прыткая, праз акно выхапілася... Ад нас, не знайшоўшы бацькі, Дзёмід пайшоў з гэтым самым Юркам на сходку. Там якраз парцейцы мясцовыя сабраліся і аб нечым усё далдонілі. Яны ж, помню, з вечара як стануць гаварыць — да раніцы. Не закрываліся — хто хацеў, ішоў і слухаў... Значыць, да іх гэтыя зухі й заявіліся. Разладзілі сходку: Дзёмід загадаў парцейцам стаць да сцяны і падняць рукі. Сам жа ходзіць і вызірае, з кім бы паквітацца. «А-а, ты мне, стала быць, і нужан! — Запыніўся ля Данілы Маркава, актывіста. — Маліся, смаркач!..» Даніла не разгубіўся — пад стол, а там — пад лаўку, прапоўз да дзвярэй. На лаўцы сядзелі жанчыны, спадніцы ў іх доўгія, і Данілу не відаць было. Уцёк... Яго будзёнаўка засталася на стале. Чырвоная зорка на ёй, дык, казалі, Дзёмід, калі глянуў на будзёнаўку, ажно закалаціўся — твар разбусянеў ад злосці, гарыць. Сабраўся ўжо страляць пад стол, ды ў гэты момант гаспадар хаты, Ляксандра Рыхвейка, падскочыў і падбіў ствол вінтоўкі ўверх. Куля пашчапала бэльку. Бабы загаласілі. Тут, як віхор, ухапіўся ў хату Даніла, вырваў у Дзёміда з рук вінтоўку і штыхом яму— шах у пуза! Той паволі асеў і стаў курчыцца ад болю... Назаўтра і сканаў. Паклалі яго на сані — многа сабралася людзей — і адвезлі ў балота, у гэтае самае Ручча, скінулі ў паніўку.
— Гэтак зрабілі?
— Следчы прыязджаў, допыты вёў, страшыў турмой за самасуд. Дзёміда з балота дасталі-такі й адвезлі бацькам... Здаецца, ці не год умоўна атрымаў Даніла.
Мы праходзілі паўз барсуковішча. Бацька нечага прыпыніўся і стаў прыглядацца, бачу, да палатна дарогі — усё роўна як нешта шукаў і не знаходзіў.
— Сляды мо чые гледзіцё?
— Скажы ты, няма тут, напэўна, барсука. (А-а, шукае барсучыныя сляды!) Кожны ж год жылі барсукі, а сёлета — пуста?.. Ды не можа гэтага быць! — Ён спыніўся. — Давай-ка, сын, завернем і гляньма: сам сябе праверу — жылі ж тут барсукі.