— Мама, ты дражніла тату Дзюбкаром? — насцярожана спытала Надзя. I — да бацькі: — У цябе, тата, дзюбаты нос быў да вайны?
Мы, большыя дзеці — Ніна, Жэнік і я, да бацькоў звярталіся на «вы», а ўжо астатнія, пасляваенныя, — на «ты». Чым гэта вытлумачыць, не ведаю. Але я гатовы быў ўшчыпнуць Надзю — няма чаго гаварыць пра бацькаў нос, бо зусім і не дзюбаты ён быў. Шкада, фотак не захавалася — згарэлі разам з хатай. Праўда, у Трахіма Астапава адна цудам засталася, і бацька там прыгожы, і з абедзвюма рукамі.
— Ну так, дражніла мяне Дзюбкаром, матка ваша, — бацька не стаў аднеквацца. — Шлем у мяне салдацкі быў, з дзюбачкай... Будзёнаўка. Якраз у той вечар, калі прыйшла на вечарынку са сцёртай нагой, яна і ахрысціла мяне так... Падышоў да яе — на шэйну запрасіў. Танец быстры, доўгі, з кружалямі-прытупамі, і жыва ўсё трэба рабіць, узахапкі, а куды ж ёй з хворай нагою кідацца ў такі віракрут. I ўзлавалася ні з чога-якага: «Адстань, Дзюбкар!.. Ідзі, вуна, з Кулінкай пакарагодзь!» Ведаў бы я, што ў яе нага баліць, — не пёрся б напралом... Назло ёй, што адмовіла ва ўсіх на віду, і запрасіў Кулінку. Была такая — у канцы Малінаўкі жыла. Касавокая рохля, з буклямі на галаве. Кулдосу зробіць і ходзіць, хварсіць. Патанцавалі. Кулінка радуецца... Эх, Ева мая, бачу, усердзілася — заклыгала, як бусліха падстрэленая, дамоў.
— Не так жа ўсё было, не так!.. Што мне тая Кулінка, — усчала апраўдвацца маці. — Нага мая так разбалелася, што дзецца нейдзе, і я пакінула танцулькі. Да Мар'і зайшла, села пры акне, гляджу, як людзі ходзяць, і плачу. Сама сябе пракляла, што пайшла на вечарынку. А тут яшчэ, калі выйшла на вуліцу, Коля Марковічаў прычапіўся і ўсю дарогу быту не даваў: у жаніхі напрошваўся. Я пасмяялася з яго, дык ён надзьмуўся і пытае: «Грэбуеш мной?.. Чым я горшы за Граську?!.» — сплёў мяне, як абцугамі, муштруе. Думаю: «Накухталяе — і што яму зробіш, такому? — Падняла галас: — Не чапіся, людзей паклічу!» Праўда, Мар'я пачула валтузню нашу, выбегла з хаты і адагнала нахабу. Ён жа тады, Коля, пінжак мой як апрануў — сілком на плечы успяліў, — дык і не думаў вяртаць, тата недзе праз месяц прынёс... Не, тэя нагі свае не забуду. I што мы ні рабілі — дайжа курапку жывую прыкладвалі.
— Ой, мама, навошта ж курапку?.. — занепакоілася Надзя.
— Курапка холадам сваім боль знімае. Праўда, сама ссохне тут жа, звяне.
— Шкада курапку. — Надзя гатова была заплакаць.
— А Кулінцы, каб не радавалася дужа, што разлучыла нас у той вечар, я адпомсціў-такі... Беднай не да танцаў было, — бацька стрымана пасміхнуўся.
— Во адпомсціў — сорам дзецям сказаць... Падгаварыў падшыванцаў, дык тэя ў яе пуховую шапачку катышоў конскіх накідалі, яшчэ цёпленькіх.
— Кулінка маленькая была? — як відаць, Надзя ўважліва слухала.
— Не, дзетачка, не маленькая — такая во, як Валька Мішурава, як Ніна наша. Ладная дрындзёлка. — I — да бацькі: — Цябе ж, казалі мне, бачылі з ёй!.. Хм, касавокая. Не слухайце вы яго — саўсім нічога не бачыла здаля, пакуль акуляры не справіла... А-а, буклі запомніў?!. Табе ж яна, нябось, кожную ноч снілася. Млеў па ёй... I такая ўжо фанабэра — не падступіцца: «чтокает» ды «ктокает», па-гарадскому тужылася гаварыць, гэта ж — паўгода за няньку пабыла ў Мугулёве, акультурылася. Ды пратурылі — дзяцей дубасіла.
— Ну не скажы. — Бацька не здае пазіцый, абараняецца. — Нікога яна не дубасіла... Адмовілі ёй па другой прычыне — бахура стала да сябе вадзіць.
— Во-во! — усклікнула голасна маці. — Ах, і чаму ж ты не ўзяў яе сабе ў жонкі, тую Кулінку-малінку. Паказала б, дзе ракі зімуюць, буклі накруціла б! А я — нясмелая... — Памаўчала крыху, сабралася з духам. — Гэта ж, так і не дагаварыла пра нагу... Нехта мяне сурочыў-такі. Цяпер маладыя ні посту, ні чорта лоськага не баяцца. Ідуць у клуб дый скачуць на здароўечка.
Я не лавіў варон і таксама, як і Надзя, не-не ды задаваў бацькам пытанні. Даведаўся, што бабкай-павітухай у мяне была зусім не медыцынская сястра і не якая-небудзь Ціціха ці Ахрэміха, а Граська — мой родны бацька. Не верыцца нават: самародак-эскулап, прафесар мой бацька! Прыняў роды — ногцем перашчыкнуў пупавіну... Дзіва што, дзедаўскі метад — ногцем!
Нечаканае пісьмо
Яго недзе надвечар прынеслі. I было адрасавана бацьку. А дома ў нас, прызнацца, увесь час бытавала такая завядзёнка: калі паштовая карэспандэнцыя адрасавалася бацьку, то чыталі яе абавязкова ўголас — каб усе чулі, і ў першую чаргу маці. Бацька, канешне, і чытаць умее, як, зрэшты, і лісты пісаць, аднак бадай усе прысланыя яму дэпешы, як помніцца, самаруч бадай ні разу яшчэ не ўскрываў. Гэтае рабіў хто-небудзь з нас, дзяцей. Звычайна той, хто апынаўся тою хвілінаю ў маці пад рукой. Было, што нікога з нас не аказвалася дома, і тады маці забірала пісьмо і нібы жартам, нязлосна пад'юджвала бацьку:
— Грамацей мне тута знайшоўся... Скончыў паўкласа — і ўжо, знайце-ведайце, перапіску вядзе. Прыйдуць дзеці, то паглядзім, што гэта за пасланне. Няйначы ад журжы якой, бо нездарма ж так хвост дыбіш.
Гэты раз пісьмо патрапіла ў мае рукі. Бацькі не было дома, пайшоў на ферму, дзе вартуе калгасны статак. Я схаваў канверт за пазуху: можа, што важнае ў ім, тэрміновае, то няхай ведае, занясу.
— Райка пісьмо прынесла? — выйшла з гарода маці.
— Пісьмо... Ад Міхалькова, — сказаў я.
— Дык што ж ты схаваў яго?.. Чытай.
Прыкрая завядзёнка — зазіраць у чужыя пісьмы, але я мусіў чытаць:
«Герасім Андрэевіч, добры дзень!
Не даехаў я да цябе на гэтым тыдні... Звярнулі з шашы, дабраліся з горам напалову да Забітаўкі, а там і загрузлі. Дарогу здорава расквасілі вясновыя дажджы. Мусіць, на трактары й можна праехаць у твой Ходараў. На жаль, у нас быў не трактар, а паўтаратонка. Мы ў ахвоту набуксаваліся дый павярнулі на магістраль — падубічылі ў Чэрыкаў.
А да цябе ёсць у мяне, як паляўнічага начальніка, важная справа. Дзеля чаго ў Ходараў браўся?.. Наўрад ці здагадаешся, Андрэевіч, з кім я тут увесь тыдзень калясіў. Дык слухай: гэтым летам — разумееш? — баброў будзем лавіць! Не здзіўляйся, але іменна цябе прашу падумаць, якім чынам можна жывым зачураць бабра (нейкую, мусіць, лавушку давядзецца рабіць?). Прыехаў ажно з Масквы прадстаўнік Заалагічнай канторы Галоўнага кіраўніцтва паляўнічай гаспадаркі Малінін Кірыла Аляксандравіч. Ён у гэтай самай канторы загадвае аддзелам нарыхтовак і збыту. Кантора забяспечвае дзікімі звярамі й птушкамі ўсе айчынныя звярынцы, заалагічныя сады й паркі, ды шэраг іншых устаноў... А прыехаў да нас Малінін, каб арганізаваць, а потым і ўзначаліць работы па рэакліматызацыі баброў, якіх мы (уяўляеш ?) і будзем лавіць. Як, Андрэевіч, радасныя навіны?!
Малінін цяпер у Мінску — узгадняе з рэспубліканскім начальствам месца адлову баброў. Павёз ён таксама і спіс мясцовых паляўнічых, якіх мы тут з ім падабралі для гэтай работы. Уключыў я і цябе ў той спіс. Так што — рыхтуйся, будзеш брыгадзірам. Табе прызначаны ўчастак з Проняй і блізкімі да яе балотамі-азёрамі.
Адлоў пачнецца з 15 ліпеня. К гэтаму часу ты падрыхтуй лодку і бабралавецкія снасці. Папярэдне не забудзь прайсціся паўз Проню і азёры, добранька абследуй пасяленні баброў, а заадно прыкінь, колькі іх там жыве... Глядзі толькі, не ўздумай адмаўляцца.
Герасім, я ўпэўнены, што ты прымаеш гэтую прапанову, занятак па сіле, адужаеш. Бяры сабе ў памагатыя сына свайго. Але, праўда, патурбуйся, каб і ў яго быў паляўнічы білет, іначай не дапусцяць да работы. Вось і ўсё. Будзеш у Слаўгарадзе — заходзь. Міхалькоў».
Такое пісьмо, канешне ж, трэба хутчэй несці бацьку. Прапанове Міхалькова ён яшчэ як абрадуецца!
— Міхалькова быдта чарвяк які точыць — хоча бацьку твайго, мамуку гэтага, папіхайлу, уперці ў свае аглоблі, — затрывожылася маці. — Не хапала шчэ, каб у багну дзе ўваліўся, гойсаючы па балотах ды азёрах... I што яны сабе думаюць — баброў жа няможна лавіць, навошта грэх на душу браць?!. Няма чаго яму, інваліду, зрывацца ў свет. А ўздрэнчыцца слугой у Міхалькова стаць — не сысці мне саццюда! — кіну-рыну ўсё і пальцам не пашавялю, нічагенька не стану рабіць па гаспадарцы...