Артцягач, які салдаты-акружэнцы знарок, каб не дастаўся ворагу, утапілі за грэбляй у дрыгвяністай балацявіне, раскурочылі эмтээсаўцы. Помню іх «студэбекер». Машына колькі дзён стаяла ля балацявіны, а над поплавам увесь гэты час гуляў разгоністы погалас — грукалі часта і няроўна: то глуха, бы пад зямлёй, то грымотна-рэзка, захлёбіста. Карацей, усё, што можна было забраць — адкруціць або адламаць, эмтээсаўцы забралі... Нам засталася рама, і мы яе прытарабанілі да магазіна. Праўда, патрацілі на гэта не адзін дзень, як разлічвалі, а бадай увесь тыдзень.
Везлі раму не тое каб на каняку якім — на сабе: адным канцом яна ляжала на самаробнай тачцы з коламі ад кулямёта «максім», другім — на перадку ад звычайных калёсаў. Самы меншы з нас, Коля, не меў яшчэ і дзесяці гадоў. Старэйшы — бязрукі бацька наш, інвалід: асколкам ад нямецкай міны яму абсекла нос — якраз дзюбачку, выбіла зубы; увесь левы бок ушчэнт спаласаваны, а два маленькія асколкі дасяглі лёгкіх і назаўсёды аселі там. Іх бачыў я на свае вочы падчас рэнтгенаскапіі: бацьку трэба была даведка для інваліднай камісіі, а я правяраўся пасля застуды. Медсястра засланіла сабой экран апарата. Мне хацелася паглядзець на бацькаву грудную клетку, і я ціхенька абышоў асадзіста-тоўстую, бы ступа, жанчыну, уцяміўся вачыма ў экран і ўбачыў: акурат на лёгкіх чарнелі, усё роўна як шрацінкі-нулёўкі, дзве чорныя кропачкі... Калі бацька стаў адзявацца, я падышоў і крануў яго ў тым самым месцы, дзе «кропачкі», спытаў:
— Тата, тут во не баліць?.. I чаму ўрачыха як бы й не бачыла нічога? А медсястра — спрабавала загарадзіць ад мяне экран.
— Бо ты занадта дасужы, усё хочаш ведаць, — звёў на жарт мае роспыты бацька.
Па дарозе дамоў ён прызнаўся-такі, што ў лёгкіх у яго засталіся асколкі ад міны — іх немагчыма было дастаць пры аперацыі. Пры гэтым, праўда, папрасіў, каб дома нічога нікому не гаварыў.
Так, я маўчаў. Але заўсёды помніў аб тых шрацінках — яны блізка-блізка прайшлі каля сэрца. Яны ж маглі... Не! Яны абмінулі сэрца — і бацька застаўся жыць, вярнуўся да нас.
Прычыкільгаў на мыліцах крамнік. Нетаропка адамкнуў дзверы, расчыніў іх напята. Падышоў да рамы, пастаяў троху, думаючы аб нечым сваім, пацікавіўся:
— Як жа ты яе, Андрэевіч, прывалок? — пастукаў мыліцай па раме, яна глуха азвалася на ўдары.
— Ці ж я адзін? — Мы стаялі тут жа, усе тры сыны, не было толькі сярод нас Івана: ён адразу, як толькі выцягнулі раму на дарогу, паехаў дахаты. — Во маё войска!
Крамнік моўчкі, як загіпнатызаваны, глядзеў на дастаўлены металалом — прыкідваў, пэўна, колькі нам даць грошай.
I тут да магазіна пад'ехаў на матацыкле старшыня калгаса. Прыхінуў свой «мінскач» да вугла і, закасаўшы рукавы суконнай гімнасцёркі, ступіў да пажарнай бочкі. Прыгаршнямі выплеснуў засмяглую зелянкавую бросню, што сабралася споверх вады, і прыняўся старанна шараваць руку аб руку, трымаючы іх як не па локці ў бочцы. Доўга так шараваў, засяроджана.
— Нездагадлівы ты, Сямёнавіч. Падаў бы абмылак які... Ды самы той — падасі, як жа!.. — папракнуў ён крамніка, выціраючы рукі насоўкай. — Мог бы й рушнічок прапанаваць.
— Усяго, Змітравіч, не прадугледзіш. Да таго ж — у мяне тут не карчма, а крама. Магазін!
— Ну хопіць, не разыходзься — я ж усяго толькі пажартаваў. — Старшыня перавёў сваю ўвагу на раму. — Ого-го-о! Хто ж яе, такую, на машыну пагрузіць? Кран трэба!.. — Абышоў раму, стаў насупраць бацькі. — Твая, Герасім, работа? — спытаў ветліва, быццам зайздросцячы.
— Наша, — коратка адказаў бацька.
— А я галаву ламаю, чаго мой вартаўнік кімарыць ноччу — не дабудзіцца. А ён уходаецца вось так за дзень, то дзе ж яму ўначы бадрыцца!
— Так ужо і кімарыць, — узрушыўся бацька. — Ты, можа, скажаш, калі будзіў мяне, — паслухаю.
— Эйш, чаго захацеў! — Старшыня калыхнуў густымі, навіслымі над вачыма брывямі. — Калі й з бабай спіш, будзіць?
— Не, з бабай калі — табе ж нявырушна.
— Ну-ну, пажартуй... — Пагляд старшыні пастражэў. — I гэта хто ж табе, Андрэевіч, другую групу даў?.. Мужчына ты, па-мойму, у самым саку — дужы й спрытны, кемлівы, а што рукі няма, то многа такіх, аднарукіх... I рэдка хто з іх мае другую групу. Ты пасудзі сам: хату сабе, калі чэсна, добрую адкадрыў — лялька! Так? — Прыгнуў палец — сабраўся, як відаць, пералічваць, што бацька зрабіў для свае гаспадаркі. — Лазню ўзвёў не горшую за хату. — Другі палец прыгнуў. — Пуню... Ды яшчэ і дзяцей настругаў цэлую печ.
— Цябе, Змітравіч, паслухаць, дык выходзіць, што я сваіх дзяцей рубанкам настругаў. — Бацька цепнуў параненым плечуком, памаўчаў троху і не без іроніі дадаў: — Яшчэ не выпіў, а ўжо загаворваешся... Старайся, Змітравіч, больш слухаць, чым гаварыць.
Старшыня насупіўся.
— Які храбры, глядзі-тка!.. — сказаў ён уражана. — Гэта што ж: я, старшыня калгаса, павінен ісці ў вас на паваду? Мушу вас слухаць, а вы мяне абражаць будзеце? Што я сказаў не так?.. Гэта ж праўда: ты хоць і з адной рукой, а ў шапку не спіш!
Крамніку яўна не падабалася старшынёва карузлівасць, і ён уступіўся за бацьку:
— Разуйся, Змітравіч, бо на руках пальцаў не хопіць, каб далей лічыць, што мой сусед зрабіў.
— Ясна, усе вы тут адзін аднаго вартыя... Дык вось, я прашу паслухаць мяне ўважліва: Андрэевіч мог бы ў будаўнічай брыгадзе рабіць. Яго ўмельства калгасу патрэбна. Пацюкае маленька — адпачне, зноў бярэцца цюкаць... Гэта ж не дома, што як возьмецца — да вечара тапор з рукі не выпускае.
— Дома ж ніхто за яго не зробіць. А для будаўнічай брыгады здаравілаў хапае... Ай, Змітравіч, і не сорам? Ты ж ужо не які там сысунок-маладзён, старайся харашэнька ўглядацца ў людзей, — паўшчуваў старшыню крамнік.
— Я, от, і ўглядаюся.
— Не туды ўглядаешся. — Бацька нечага ажно захваляваўся. — У цябе — не думаў аб гэтым? — у начальніках цэлая брыгада... А чым, скажы, гэтыя ўсе твае прыломкі заняты сур'ёзным, каб толк ад іх быў калгасу? Нічым — падхалімнічаюць ды гарэлку жлукцяць!.. Так што, прашу парцействам сваім перада мной не казыраць — на мяне дужа не зыр вочы... Я, што магу, раблю.
— Але ж ты можаш і большабіць, хоць і з адной рукой... I табе тады не трэба будзе жалеззе з балота цягаць. Здаецца, так?