I вось — Лёснаў усеўся на «Арляня», троху пакружыў вакол, пацешыўся і, пасмейваючыся, з шыкам развярнуўся і пакаціў дахаты.
Пакінуты мне «дарожнік» — гэта я адразу ўсёк — не сказаць каб зусім безнадзейны: знягеглае сядло прасілася ў рамонт, не хапала некалькі спіц у заднім коле, а што да педаляў і шатуноў, дык іх проста трэба памяняць на новыя — у продажы ёсць, на свае вочы бачыў. Грошы ў мяне былі — больш за трыццаць рублёў атрымаў за нарыхтаваную лазовую кару. Праўда, збіраўся набыць фотаапарат, але з ім і пачакаць можна.
Бацькі не звярнулі ўвагі на абмен, і гэта мяне канчаткова супакоіла. Два дні займаўся рамонтам. У школу не пайшоў. На раме і шчытках шмат дзе была злушчана фарба, і я зняў наждачкай іржавіну, акуратна адшліфаваў і старанна зафарбаваў парушаныя мясцінкі. У нядзелю як не паўдня займаўся абкаткай, а ў панядзелак бадай што з шыкам прыкаціў у школу на поўнасцю адрамантаваным веласіпедзе.
Пасля заняткаў, вяртаючыся дамоў, нагнаў Лёснава якраз на скрыжаванні, дзе яму трэба паварочваць. Кручком, нібы дзед, сядзеў ён на высока паднятым сядле і ўпарта круціў педалі, ледзь не б'ючы каленкамі сабе пад рукі.
— Ціхаход!.. — жартам выгукнуў я і наддаў спрыту. Назаўтра Лёснаў перастрэў мяне ў калідоры, затрымаў і стаў абурацца: маўляў, я схітраваў — пусціў яму пыл у вочы, надурыў. Калі выйшлі са школы, нават памкнуўся быў угаварыць мяне ўзяць назад «Арляня».
— Ну?.. Дзясятку даю за рамонт, — не зводзіў вачэй з ужо не свайго веласіпеда. — Мне гэты «школьнік» твой задужа малы... Нязручны.
— Ты бачыў, што браў.
— Я ўзяў пакатацца!
— Вось і катайся, — сказаў я спакойна і дадаў: — Пашукай у іншым месцы дурня.
Лёснаў па-даросламу мацюкнуў мяне, адышоўся і больш ужо не загаворваў са мною, дзе б мы ні сустракаліся. Не ведаю, што і як думаў ён пра мяне, крыўдаваў ці не, а я тым часам зразумеў адно: сяброў не выбіраюць — імі становяцца.
Неяк маці абмовілася, што, маўляў, толькі той з нас жыве правільна, хто не пакідае надоўга свой радзінны куток.
— У такім разе мне, выходзіць, трэба ў нашым Ходараве ўвесь час жыць? — не спытаў — хутчэй запярэчыў я.
— I што ў гэтым дрэннага?.. — маці не здзівілася пачутаму. — Яно ж, калі ўдумацца, дык на вырачэнца, куды б ён ні дапяў, глядзяць, як на чужака, прыблуду... Ат, калі некаму седні на сваёй зямлі няма, дык і нідзе ўжо не будзе, не знойдзе ён сабе па душы прытулле. Яны ж, усе гэтыя няўрымслівыя бегуны-няўседы, і каламуцяць свет. I гарады прыдумалі яны — праўдамі й няпраўдамі загналі людзей у камяніцы й пяклуюць няшчасных, здзекуюцца, а самі раскашуюць на дармаўшчы-не. Адсюль і няроўнасць: той, хто робіць, — нічога не мае, а хто правіць — у таго лайно ад тлушчу трасецца. «Правіцелі» сядзелі й сядзяць у людзей на гарбе ўвесь час: не косяць, не аруць, а ўсё лепшае сабе грабуць... З чужога жыруюць.
Я стоена-ўцешна лаўлю кожнае слова і думаю: «Во і не пагадзіся з маці — правільна разважае!» Тым не менш — кажу, што, маўляў, калі вывучуся, дык пры магчымасці пастараюся ў горадзе жыць. У вялікім горадзе.
— Горад — не радасць. — Маці проста агарошвае мяне сваім стаўленнем да гарадоў. — Я во тут, дома, хоць уволю малака свежанькага нап'юся. А ў горадзе малако скрозь зялеззе прапусцяць, усё ў ім выпалашчуць, то якое ж гэта малако? Бурда белая, пустая вада... I так — што ні вазьмі. З выгляду прыгожа, а ў рот возьмеш — нясмачнае, выплюнуць хочацца.
— Не, мама. Гарадскому чалавеку жывецца значна лягчэй, чым вяскоўцу. Ён карыстаецца бадай усімі выгодамі, што дае цывілізацыя: прыгажэй апранаецца, больш чуе, бачыць і, калі хочаце, смачней есць.
— А няхай іх, тыя гарадскія прысмакі!.. Тут я сама сабе гаспадыня: як зраблю, так і з'ем. А ў горадзе — усё куплёнае, усё з чужых рук. — Паднялася з услонца, прайшла да судніка, дала мне траячку. — Злётай-ка ў Прапойск, цукру вазьмі, а то ў краме нашай няма.
— Бачыце, пражыць без горада ўжо і немагчыма. Ці не так?
— Прапойск хіба горад?.. — пасміхнулася маці.
— Горад.
— I што з таго?.. Прапайчанам з Магілёва пруць усё, што там не трэба, лішняе, а яны — нам, у вёску, збываюць сваю непатрэбшчыну: абаранкі прэлыя, пернікі ды ўсякія плюшаўкі дапатопныя, боты кірзавыя, гумовікі... Гані, вёска, рублік за чэрствы бублік, а ўсё, што дабротна, возьме горад ахвотна. Бач, здавалася б, і не пісьменная, а як трапна і ў час умее закругляць размову!
Усе дванаццаць кіламетраў — дзесяць з іх па «варшаўцы» — круціў педалі неаціхна, хуткасці не зніжаў (трэніруюся), бо неўзабаве мусіць адбыцца раённы велакрос з удзелам школьнікаў, і маё прозвішча ў спісе прэтэндэнтаў таксама ёсць. Вяртаючыся назад, здорава ляцеў з той самай горкі, дзе я нарадзіўся па дарозе ў бальніцу. Гэта акурат пры ўездзе ў горад. Сарочка аддудурылася ззаду, вецер гуляе за спінай. Хораша!
Паводка сышла, Проня ўжо ў берагах. Маладая трава толькі пачала праклёўвацца, і зялёны дыван лугу яшчэ не такі варсісты й густы, каб маглі ў ім схавацца адасобленыя парачкі руплівых шпакоў.
На мосце ўбачыў дзяўчат-старшакласніц, якія вярталіся са школы. Былі яны чымсьці ўстурбаваныя. Адна з іх, сінявочка ў чырвоным берэціку, махнула мне рукой — папрасіла спыніцца. Вунь што — яна прыхінула веласіпед да парэнчы, яшчэ і не адышлася, як партфель з кнігамі саслізнуў з руля і ўпаў у ваду. На дно не пайшоў, цудам трымаецца на паверхні. Я спусціўся пад мост. Пакуль шукаў паленіну, якой можна было б падцягнуць партфель да берага, дзяўчаты спынілі матацыкліста.
— Дзядзечка, памажыце, — гучаў узбуджаны голас сінявочкі. — Кнігі тонуць!
Што яшчэ там за дзядзька?
Але ж і праўда — самы звычайны дзядзька, рыбак. Жалудкоў. Бацькі майго даўні знаёмец. У цяльняшцы, картовых штанах і ботах-кірзачах. Ён у мірг вока разуўся, штаны скінуў і лёгка, без пырскаў нырцануў у ваду. Пасля гучна фыркнуў раз, другі, бацнуў нагамі, грабянуў рукамі — і ўжо ля партфеля. Назад гроб адной рукой, няспешна і таксама без пырскаў, прыўзняўшы партфель над сабой.
Размаўляючы, мы падняліся на мост. Сінявочка ўзяла партфель, расшпіліла — унутры было суха. Узрадаваная, сказала да Жалудкова:
— Дзякуй вам, дзядзечка, выручылі... Вы так добра плава-еце! — Паказала на мяне, хіхікнула: — А ён во не ўмее.
Пасля, калі дзяўчаты паехалі, Жалудкоў спытаў: