***
Як толькі Васілька з’явіўся на двары, Адарка пацерла рукі: "Ну, зараз ачастую цябе бярозавай кашай!".
Хлопец нічога не заўважыў і панёс рыбу ў склеп, каб пастаяла ў холадзе і не сапсавалася за дзень, пакуль збярэцца пачысціць. Жанчына адламала некалькі сцяблін крапівы каля паркана і падышла да сына. Васілька ўжо паставіў сак у хлеў і зачарпнуў коўш вады з цэбра на заваліне. Шухрай павярнуўся, каб нешта сказаць, толькі замест гэтага разявіў рот і выпусціў яго з рук.
— А ну падымі! — загадала Адарка.
Васілька павольна пачаў нахіляцца да зямлі, але не адрываў вачэй ад крапівы. Ён намацаў рукой коўш і паклаў на заваліну.
— Мама, во рыбы налавіў, — прамармытаў ён. — Ды ракаў трохі.
Жанчына пагразіла яму крапівай.
— На рыбу ты са Жданцом увечары пайшоў, а вось што днём рабілі?
Хлопец не адказаў і схіліў галаву.
— Ну, чаго маўчыш?
Васілька заўважыў, што праз пералаз сярод бярвенняў за ім назірае Жданец. Гэта ён учора падбухторыў залезці ў гарох да пана, які жыў у Куліках. Адарка ж убачыла, што сын не збіраецца адказваць, і загаварыла сама.
— Сёння праязджаў чалавек і распавёў, што два хлопчыкі залезлі ў яго агарод.
Васілька зразумеў, што адпірацца няма чаго. Ён памкнуўся назад, абапёрся аб
паркан спінай і пачаў апраўдвацца.
— Мы толькі ў далоні нарвалі.
— Ат, чэрці лазатыя! Ды чаго вы туды наогул пацёгліся? Ці не казала надоечы табе, каб не хадзілі ў Кулікі?
Васілька гучна шмыгнуў носам і выцер рукавом кашулі слёзы. Адарка яшчэ больш раззлавалася, плюнула і сцебанула яго па нагах.
— Палезеш, я цябе навылет бачу. Зноў гэты гад печаны, Жданец твой, падбухторыць, а ты лупня заробіш!
— Мамка! — узмаліўся Васілька.
— Добра, — уздыхнула маці, — ідзі ў хату і паеш. Увечары зноў на рыбу пойдзеш?
Хлопец матнуў галавой. Ён адразу і не паверыў, што так лёгка ўсё абышлося і пакасіўся ў бок пералазу. Жанчына таксама заўважыла Жданца і прыгразіла:
— А ты што смяешся? Бягом дахаты, а то пакажу, дзе горкі перац расце! Няма на цябе добрага дубца!
За плеценню адразу пачуўся вэрхал, і Жданец кулём выляцеў адтуль.
Ужо ўвечары, сядзячы ў чоўне, яны абмяркоўвалі сваю вылазку і дубец Васількавай маці.
— Што, ногі не шчыпле? — пацікавіўся Жданец.
— А чаго ім? Звыклыя. Я вось заўчора на арэшыну лазіў, дык зваліўся ў маліннік, падзёр лыткі, а на наступны дзень хадзіў, быццам нічога і не было.
Ціха было навокал, лодка павольна плыла па вадзе.
— Каб яго чорт! — не вытрымаў Васілька. — Навошта ж гэты пан скардзіцца ездзіў?
— Скнара. Але добра яшчэ, што не пайшоў судзіцца ці не пабіў.
— Дык жа не такі багаты, каб за жменю гароху спрачацца. Такі пан, што ў саломе спіць, а зубамі блох б’е.