— Які?
— Дык ты не чуеш?
Жданец прынюхаўся:
— Смярдзіць дужа рыбай, што тут незвычайнага?
— Ат. Сцюдзёна сёння. Хутка холад пачнецца: шчупак бярэ прыманку толькі з глыбіні.
— Ага, — пагадзіўся Жданец і налёг на вясло.
***
З пачаткам жніўня ночы сталі даўжэйшымі. Ілля нарабіў гнілля, прынёс белыя ранішнія туманы і астудзіў хвалі рэк. У зялёных шатах дрэў прабіваліся залатыя косы, што нагадвалі пра хуткі прыход замаразкаў і надакучлівых дажджоў. Вецер зрываў жоўтае лісце, кружыў яго ў паветры і губляў на прагалах у лесе, налыгваючы на ігліцу ялінак. Нагуляўшыся ўдосталь, ён сціхаў, а залатыя пёркі плаўна апускаліся на ваду. Імклівая рачная плынь пасля несла іх за сабой, вірыла і тапіла хвалямі.
Вечарам дзед Тарас сядзеў каля вогнішча. Каля яго ляжалі прыгатаваныя на кошыкі драўляныя жэрдачкі і лазовыя пруты. Стары ўзяў адну жэрдку да сябе, пакруціў у руках, прыцэньваючыся, і пачаў габляваць з яе лыжку. Так доўга сядзеў маркотны і падкладваў сушняк у агонь. Зірнуўшы ўверх, ён ўбачыў самотны ветах, які дагараў на цёмным небе. "І я хутка... — падумаў стары. — Ад смерці няма зелля".
У гэты час затрашчала кустоўе, і з боку рэчкі вышлі два хлопцы. Абодва бялявыя, танклявыя, як маладыя клёнікі, але ў аднаго вочы шэрыя, як небасхіл увесну, а ў другога — зялёныя і з хітрынкай.
Сябры неслі ламачча да вогнішча.
— Ну што, ірадава племя, налавілі рыбы на вячэру? Добра, што не з пустымі рукамі да вогнішча прыйшлі.
Адзін хлопец наблізіўся да дзеда і паказаў яму торбу.
— Рукамі лавілі каля дуба ў траве, дзе рака з берагоў выйшла ў час залевы.
— Ух, ты! Малайцы. Застанешся, Васілька?
Хлопец матнуў галавой:
— Угу. Позна зараз ехаць, хутка чэрці на кулачкі пабяруцца.
— Тады і Жданец няхай застаецца. Каля вогнішча ўсім месца хопіць.
Сябры пачалі грэць далоні каля полымя. Васілька дастаў з торбы сліву і падаў старому.
— Дзед, бяры.
— Каля бору нарвалі? А вушы баба Волька не скруціла? Еш сам. Я да Спасу не ў рот, гэта вы, маладыя.
Ён перакрывіўся і дадаў:
— Зялёная ж яшчэ, кіслоцце.
Васілька паціснуў плячыма і пачаў збіваць бакі слівы аб тоўстую галіну. Потым укусіў і, крывячыся, высмактаў кіслы сок. Задраўшы галаву, хлопец зірнуў на зорнае неба, дзе гэтай ноччу густа падалі знічкі.
— Дзеду, — спытаў ён, — а чаго сёння цмокі на небасхіле разлёталіся?
— Ат, кадук іх бяры, табе не ўсё роўна? Нейкаму пану скарб носяць. Хціваму, напэўна, бо ніяк ён не здаволіцца.
У гэты час на небасхіле зноў успыхнула знічка і згасла.
— Глядзі! Цмок золата панёс. Ох, каб да мяне ў хату! — уздыхнуў Жданец.
— Чаму золата, можа срэбра?
— Не, золата, бо след жоўты.