Васілька цяжка ўздыхнуў:
— Каб не тупік, то не дагнаў бы нас.
Тут каля лодкі гучна плюхнула хвастом рыбіна.
— От, гэрва, каб яе! Смяецца ж з нас!
Жданец схапіў падсачак і нахіліў да плыні.
— Пакладзі: сплыла даўно. Тое вадзянік здзекуецца.
— Юрась з Хомкам яго ўчора бачылі ў затонні, калі ўвечары купаліся.
— Маняць.
— А мо і не. Казалі, што скура блішчыць, пуза, як бочка, ногі качыныя, а барада доўгая-доўгая.
— Дурні. У наступны раз сустрэнеш — па вуху дай кожнаму. Не бачылі яны нікога.
— Што, можа, не падобны?
— Падобны, але жывымі не вярнуліся б: пасля захаду сонца вада адпачывае, таму нельга купацца, бо вадзянік гэтага не любіць.
— А можа, у яго і так тапельцаў хапала?
— Хапала ці не, але ўсё роўна не адпусціў бы. Ды і жыве ён пад млынам твайго бацькі, а не ў затонні.
— Ага, мне татка таксама казаў, — згадзіўся хлопец. — Сам бачыў, як ён перад Вадохрышчам на двары калёсы пераварочваў, абы вадзянік не ўзяў. Яму той патрэбны, каб дзетак сваіх звезці, пакуль крыж святы ў ваду не апусцілі, а то памруць.
— Можа твой бацька сябруе з ім? Стары Цімох бажыўся, што бачыў, як ён у час першых замаразкаў апускаў пад кола млына кавалак сала.
— Дык жа патрэбна, — пачаў апраўдвацца Жданец, — каб калёсы не рыпелі. А не дасі сала — усе замазкі з бурсаў і восяў павылізвае! Твой жа дзед — бортнік, дык таксама мог вадзяніку душу прадаць. Так пра ўсіх бортнікаў і млынароў гавораць.
— Адкуль мне ведаць, — Васілька паціснуў плячамі. — Добра, не сярдуй.
Жданец адвярнуўся і сядзеў мочкі, а Васільку карцела спытаць.
— Слухай, праўда тое, што твой бацька аднойчы на Купалу спёк хлеб, асвяціў у царкве і з’еў, а цяпер ніколі праз гэта не патоне?
— Не ведаю. Я аднойчы таксама спытаў у яго.
— Ну?
— Па шыі атрымаў.
— І нічога не расказваў?
— Трохі. Распавёў, што на Купалу ўсе вадзянікі каля млына збіраюцца, дурэюць, колы круцяць. Можа, пайсці калі паглядзець на іх?
— То можна. Толькі чаго раней не сказаў? Цяпер прыйдзецца наступнага лета чакаць.
Човен бязгучна плыў па рацэ. За апошнія дні вада паспела трохі сысці, і цяпер кустоўе па берагах было аблеплена ссохлай цінай.
Смярдзела рыбай і вільгаццю, але прысутнічаў і пах хуткай восені. Ён звычайна з’яўляўся нечакана і невядома адкуль. Лета пакідала зямлю незаўважна. Толькі тады можна было зразумець, што лета прайшло, калі нешта незвычайнае было ў паветры: ці то водар спелых яблыкаў у садзе, ці то холад з ночы, а, магчыма, проста блізкі подых зімы, якая неўзабаве хутка і восень зменіць.
Васілька дзівіўся, што ён можа адчуваць гэта, разумець нябачную сувязь, незаўважную нітачку штогадовых змен. Ён яшчэ раз увабраў паветра ў грудзі, паглядзеў на Жданца і спытаў:
— Адчуваеш пах?